ФЛАВАНО́ІДЫ (ад лац. flavus жоўты + грэч. eidos выгляд),
фенольныя злучэнні, якія ўтрымліваюцца ў вышэйшых раслінах (кветках, пладах, каранях, лісці, насенні, драўніне), радзей — у мікраарганізмаў і насякомых. Вядома каля 2 тыс. Ф. Многія з іх — пігменты, якія надаюць афарбоўку розным органам раслін (напр., антацыяны). Некат. валодаюць Р-вітаміннай актыўнасцю (напр., руцін).
Крышт. рэчывы белага, жаўтаватага (катэхіны), жоўтага (напр., флавоны), аранжавага (халконы), чырв., сіняга і фіялетавага (антацыяны) колераў. Ахоўваюць расліны ад ультрафіялету, драўніну ад хваробатворных грыбкоў. У чалавека і жывёл валодаюць процізапаленчым, антыаксідантным, проціпухлінным і інш. дзеяннем. Выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці, для прыгатавання фарбавальнікаў, харч. антыаксідантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́РМЫ ІСНАВА́ННЯ МО́ВЫ,
варыянты мовы, існаванне і пашыранасць якіх абумоўлены гіст., сац., культурнымі фактарамі. Вышэйшая Ф.і.м. — літаратурная мова. Ф.і.м. адрозніваюцца паміж сабой сац. статусам, структурнымі ўласцівасцямі, складам моўных адзінак. Многія з сучасных развітых нац. моў захоўваюць Ф.і.м.: тэрытарыяльныя дыялекты, наддыялектныя моўныя ўтварэнні (кайнэ), розныя сац. дыялекты (прафес. маўленне, арго), прастамоўе, слэнг, гутаркова-размоўнае маўленне. У сукупнасці ўсе Ф.і.м. ўтвараюць агульнанар. мову.
Літ.:
Общее языкознание: Формы существования, функции, история языка. М., 1970;
Степанов Г.В. Типология языковых состояний и ситуаций в странах романской речи. М., 1976;
Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. 2 изд. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУЗА́РЫУМ (Fusarium),
род недасканалых грыбоў гіфаміцэтаў. Каля 60 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя Ф.: аўсовы (F. avenaceum), бузінавы (F. sambucinum), вастраспоравы (F. oxysporum), паслёнавы (F. solani), снежны (F. nivale). Сапратрофы ў глебе і на расл. рэштках, многія віды паразітуюць на наземных і падземных органах раслін, выклікаюць фузарыёзы, завяданне раслін (вілт). Некат. ўтвараюць таксіны, антыбіётыкі, фітагармоны (гіберэліны).
Міцэлій шматклетачны, паветраны, павуціністы, белы ці розных адценняў чырв. і жоўтага колеру. Канідыяносцы простыя або разгалінаваныя, адзіночныя ці сабраныя ў падушачкі. Канідыі 2 тыпаў. Некат. віды здольныя ўтвараць хламідаспоры, на міцэліі — склероцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛЬЦЫ́ДЫ (Chalcidoidea),
надсямейства паразітычных перапончатакрылых насякомых з групы наезнікаў. Паводле розных сістэм 19—27 сям., некалькі дзесяткаў тысяч відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. пашыраны віды з роду трыхаграма.
Даўж. цела 0,2—10 мм. Афарбоўка зялёная, жоўтая або чорная з метал. адлівам. Жылкаванне крылаў рэдукаванае. Ёсць бяскрылыя формы. Вусікі каленчатыя, складаюцца з асобных членікаў (не больш за 16). У самак на канцы брушка яйцаклад. Лічынкі Х. бязногія, большасць з іх паразітуюць на інш. насякомых, некат. развіваюцца ў расл. тканках: утвараюць галы, пашкоджваюць костачкі сліў і вішань. Многія Х. выкарыстоўваюцца ў біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЙЛІ (Hailey) Артур (н. 5.4.1920, г. Лутан, Вялікабрытанія),
амерыканскі пісьменнік. Дэбютаваў як сцэнарыст. Аўтар серыі «вытворчых» раманаў з жыцця дзелавой Амерыкі, адметных надзённасцю і дынамічным сюжэтам: «Канчатковы дыягназ» (1959), «Атэль» (1965), «Аэрапорт» (1968), «Мянялы» (1975), «Перагрузка» (1979), «Моцнадзейны сродак» (1984) і інш. У іх праблемы сацыяльна-эканам. арг-цыі грамадства, расавай дыскрымінацыі, існавання чалавека ў святле тэхн. прагрэсу. Вострасюжэтны раман «Вячэрнія навіны» (1990) пра амер. тэлебачанне і інтэрнацыянальны тэрарызм. Большасць яго раманаў трапілі ў лік бестселераў, многія экранізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХОЛАБАЗІДЫЯМІЦЭ́ТЫ (Holobasidiomycetidae),
падклас базідыяльных грыбоў (па класіфікацыі, заснаванай на марфалогіі базідый). 2 групы парадкаў (гіменаміцэты, гастэраміцэты), 600 родаў, больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 160 родаў, больш за 1,2 тыс. відаў. Пераважна глебавыя сапратрофы (напр.вясёлка, порхаўка, рагацік), мікарызаўтваральнікі (напр.падасінавік, падбярозавік, труфель), дрэваразбуральнікі (напр.гняздоўка, губавыя грыбы, дамавыя грыбы), паразіты раслін (напр. апенька восеньская, танатэфорус агурковы). Многія ўтвараюць буйныя пладовыя целы, у т. л. ядомыя (напр.баравік, грыбная капуста, шампіньён). Характэрная асаблівасць — наяўнасць цэльнай, аднаклетачнай, цыліндрычнай або булавападобнай базідыі з 4, радзей 2 спорамі на верхавінцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЦЬЕ́НЫ, Эсцьены (Etienne, Estienne, лац. Stephanus),
сям’я французскіх выдаўцоў і друкароў. Фірма Э. існавала ў 1502—1664 у Парыжы, Ліёне, Жэневе. Заснавальнік фірмы Анры I (каля 1460—1520), які выдаў каля 130 кніг. Прадстаўнікі: Рабер I (1503—59), склаў і выдаў «Скарбніцу лацінскай мовы» (т. 1—2, 1531), лац.-франц. і франц.-лац. слоўнікі; Анры II (1528 ці 1531—98), склаў «Скарбніцу грэчаскай мовы» (т. 1—6, 1572—73), выдаў многія каменціраваныя творы лац. і грэч. аўтараў; Поль (1566 — каля 1627). Э. выпусцілі каля 1600 кніг, увялі выдатны грэч., т.зв. каралеўскі, шрыфт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НА СФО́РЦА (Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),
каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял. князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многіядзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр. рэформы ў ВКЛ (гл.Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.
Літ.:
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;
Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБНАЎЛЕ́НЦЫ,
апазіцыйны рух у рус.правасл. царкве ў 1920—40-я г. Узніклі пасля Кастр. рэвалюцыі. Выступалі за «абнаўленне царквы», за яе лаяльныя адносіны да Сав. дзяржавы; мелі на мэце змяніць традыц. формы рэліг. дзейнасці, не закранаючы асновы веравучэння і культу. Змагаліся супраць кіраўніцтва афіц.рус. царквы, якое ў пач. 1920-х г. займала антысав. пазіцыі.
Асн. групы абнаўленцаў: «Жывая царква», «Царкоўнае адраджэнне», «Саюз абшчын старажытнаапостальскай царквы». З пераходам кіраўніцтва патрыяршай царквы на шлях лаяльнасці рух абнаўленцаў пачаў затухаць. Многія з іх парвалі з рэлігіяй, некаторыя вярнуліся ў старую царкву. Пасля смерці аднаго з лідэраў абнаўленства А.І.Увядзенскага (1946) рух спыніўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,
хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многіяінш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.