ВІДЖАЯНА́ГАР,

феадальная дзяржава ў Паўд. Індыі ў 14—17 ст. Знаходзілася на Пд ад р. Крышна. Утварылася ў 1336 у выніку барацьбы мясц. феадалаў з Дэлійскім султанатам. Пры Дэвараі II [1422—46] Віджаянагар падначаліў усю Паўд. Індыю, яго войскі рабілі паходы на Цэйлон і ў Бірму, нанеслі паражэнне Бахманідскаму султанату. Найб. росквіту дасягнуў пры Крышнадэвараі [1509—29]. Віджаянагар пастаянна ваяваў з дзяржавай Бахмані, потым з утворанымі на яе тэр. султанатамі. Пацярпеў паражэнне ў 1565, прыйшоў у заняпад і да сярэдзіны 17 ст. распаўся на княствы.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІЁН (англ. dominion ад лац. dominium уладанне),

аўтаномнае ўладанне ў складзе Брытанскай імперыі. Дзяржава-Д. прызнавала сваім кіраўніком брыт. манарха, якога прадстаўляў генерал-губернатар, мела ўнутр. самакіраванне (уласныя парламент і ўрад). Суверэнітэт Д. канчаткова замацаваны паводле Вестмінстэрскага статута 1931. Статус Д. атрымалі Канада (1867), Аўстрал. Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афр. Саюз (1910), Ньюфаўндленд (1917), Ірландыя (1921, без Ольстэра), Індыя, Пакістан (абое ў 1947). У 1947—52 у сувязі са станаўленнем брыт. Садружнасці паняцце Д. заменена на «член Садружнасці».

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫЯ РА́НГІ,

службовыя званні работнікаў дыпламатычнай службы. Кожная дзяржава мае сваю сістэму Д.р. Паводле Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 24.4.1992 і Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.4.1995 для дыпламат. работнікаў Беларусі ўстаноўлены наст. Д.р.: надзвычайны і паўнамоцны пасол, надзвычайны і паўнамоцны пасланнік 1-га і 2-га класа, саветнік 1-га і 2-га класа, першы сакратар 1-га і 2-га класа, другі сакратар 1-га і 2-га класа, трэці сакратар, аташэ. Парадак прысваення Д.р. рэгламентуецца заканадаўствам.

Ю.​П.​Броўка.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕНАПАДЗЕ́ННЯ ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асноўных прынцыпаў міжнар. права, які азначае недапушчальнасць развязвання вайны або інш. выкарыстання ўзбр. сіл адной дзяржавы супраць другой па якіх бы то ні было меркаваннях эканам. або паліт. характару. Прытрымліваючыся Н.п., дзяржава практычна праводзіць палітыку мірнага суіснавання. Н.п. замацаваны Статутам ААН, які абавязвае ўсе дзяржавы — члены ААН устрымлівацца ў міжнар. адносінах ад пагрозы сілай або яе прымянення супраць тэр. недатыкальнасці або паліт. незалежнасці любой дзяржавы, так і якім-н. іншым спосабам, несумяшчальным з мэтамі міжнар. супольнасці.

І.​М.​Таніева.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЙО,

дзяржава народа іаруба на тэр. паўн.-зах. Нігерыі ў 14—19 ст. Да 2-й пал. 18 ст. падпарадкавала б.ч. інш. дзяржаў іаруба. Удзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі, кантралявала асн. шляхі вывазу рабоў з унутр. раёнаў кантынента. На чале О. стаяў алафін (правіцель), улада якога была абмежавана саветам знаці. З канца 18 ст. пачаўся заняпад О. У 1836 войскі халіфата Сакота разбурылі сталіцу О. — г. Ойо, пасля чаго яна існавала як невял. дзярж. ўтварэнне. У 1893 абвешчана брыт. пратэктаратам.

т. 11, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кіпр (дзяржава) 1/165, 166; 2/357; 4/71, 73; 5/574—575; 10/354

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (Organization of American States; ААД),

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Паўн., Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Створана ў 1948 на 9-й Міжамер. канферэнцыі ў Багаце (Калумбія). Уваходзяць 35 дзяржаў (акрамя Кубы; 1991). Асн. мэты — падтрымка міру ў зах. паўшар’і, забеспячэнне калект. бяспекі і мірнага вырашэння праблем; спрыянне эканам., сац. і культ. супрацоўніцтву; каардынацыя дзейнасці розных міжамер. арг-цый. У 1959 створаны Міжамер. банк развіцця. Вышэйшыя органы ААД — міжамер. канферэнцыя (збіраецца кожныя 5 гадоў), ген. асамблея міністраў замежных спраў, пастаянны савет (кожная дзяржава прадстаўлена паслом), ген. сакратарыят (знаходзіцца ў Вашынгтоне).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДРЫЧЫ, абадрыты,

саюз плямёнаў палабскіх славян на чале з аднайм. племем, якія жылі ў ніжнім цячэнні Лабы (Эльбы) у 8—12 ст. У сярэдзіне 10 ст. абкладзены данінай герм. імператарам Генрыхам I, але захавалі ўладу мясц. князёў і свае звычаі. Пры Атоне І увайшлі ў склад Герм. імперыі і сілай хрысціянізаваны; вызваліліся ў канцы 10 ст. Канчаткова землі бодрычаў заваяваў у час паходу на У герцаг Баварыі і Саксоніі Генрых Леў з роду Вельфаў, які ў 1170 стварыў тут Мекленбургскае герцагства. Гл. таксама Вендская дзяржава.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТАН, Эктан (Acton) Джон Эмерык Эдуард Дальберг (Dalberg; 10.1.1834, Неапаль — 19.6.1902),

англійскі ліберальны гісторык і паліт. дзеяч. У 1859—65 член парламента, лорд. Праф. (з 1895) Кембрыджскага ун-та. Католік па веравызнанні, Актан лічыў гал. у гіст. працэсе развіццё ідэй, якія засн. на рэліг. вераванні. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі і памяркоўных рэформаў. Працы па праблемах сярэднявечча і новай гісторыі аб’яднаны ў зб-кі «Гісторыя свабоды і іншыя эцюды», «Гістарычныя эцюды і даследаванні» (абедзве 1907), «Царква і дзяржава» (1953) і інш. Ініцыятар выдання шматтомнай «Кембрыджскай новай гісторыі».

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’Е́КТ ПРА́ВА,

пэўныя маёмасныя і немаёмасныя даброты і інтарэсы, паводле якіх адносіны рэгламентуюцца законам. Аб’ектам права з’яўляюцца паліт., працоўныя, гасп., сямейныя, зямельныя, маёмасныя і інш. адносіны. Прававыя нормы прадугледжваюць мадэль належных і магчымых паводзін членаў грамадства, правы і абавязкі дзярж. органаў, службовых асоб, грамадзян як удзельнікаў рэгулюемых грамадскіх адносін. З дапамогай прававых нормаў дзяржава прымушае іх выбіраць такі варыянт паводзін, які адпавядае інтарэсам грамадства. Не з’яўляюцца аб’ектамі права грамадскія адносіны неправавой прыроды — адносіны сяброўства, кахання, супрацоўніцтва і інш., што рэгулююцца нормамі маралі, рэлігіі, культуры і г.д.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)