ГАЗНЕВІ́ДЫ,

дынастыя цюркскага паходжання, якая правіла ў 10—12 ст. у Газневідскай дзяржаве на Сярэднім Усходзе (на тэр. Індыі і сучаснага Афганістана). Засн. ў 962 саманідскім палкаводцам Алп-Тэгінам. Найб. магутнасці дзяржава Газневідаў дасягнула ў часы Себук-Тэгіна [977—997], які ўвёў спадчыннасць улады, павялічыў дзяржаву за кошт Пешавара на Пд і Харасана на Пн, і яго сына Махмуда [998—1030]. Махмуд пашырыў тэр. дзяржавы ад Ірана і Каспійскага м. да р. Ганг і ад Аральскага м. да Раджпутаны, пры ім значнага росквіту дасягнулі навука і культура. Пры Масудзе І [1030—41] пачаўся распад дзяржавы Газневідаў. У канцы 1180-х г. Газневіды ліквідаваны Гурыдамі.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)