КАМЮНІКЕ́ (франц. communiqué ад лац. communico паведамляю),

афіцыйнае паведамленне пра падзеі міжнар. характару. Можа мець характар інфарм. паведамлення пра міжнар. падзеі, удзельнікам якіх з’яўляецца дзяржава, што публікуе дадзенае К. (напр., пра ход бягучых ваен. дзеянняў). Сумеснае К. мае характар афіц. паведамлення пра вынікі міжнар. перагавораў паміж паўнамоцнымі прадстаўнікамі суб’ектаў міжнар. права або іх органаў і афіцыйна публікуецца звычайна адначасова ў кожнай краіне — удзельніцы дадзеных перагавораў. К. можа фіксаваць абавязацельствы бакоў аб адпаведным характары і спосабе іх дзеянняў і паводзін, сумесных намаганнях у дасягненні пэўных мэт. У гэтых частках К. можа насіць міжнар.-прававы характар і мець міжнар. прававое значэнне.

т. 7, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)