геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.
Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,
1) вучэнне, паводле якога развіццё грамадства зводзіцца да канкурэнцыі расавых тыпаў; адна з антыгуманных біялагізатарскіх канцэпцый у антрапалогіі. Створана ў канцы 19 ст.франц. вучоным Ж.В. дэ Лапужам і ням. О.Аманам, якія спрабавалі даказаць, што псіхічныя асаблівасці брахікефалаў (кароткагаловых) больш нізкія ў параўнанні з доліхакефаламі (доўгагаловымі). Прадстаўнікі антрапасацыялогіі лічаць, што вышэйшыя псіхічныя якасці ўласцівыя толькі т.зв. арыйскаму — доўгагаловаму светлавалосаму тыпу, пашыранаму ў Паўн. і Цэнтр. Еўропе. Адкрыты Ч.Дарвінам прынцып барацьбы за існаванне паміж біял. відамі яны пераносілі на гісторыю чалавецтва, якую разглядалі як барацьбу асобных рас. Сцвярджэнне, што гісторыя чалавецтва падпарадкоўваецца не сацыяльным, а біял. законам, паўтарае і амер. вучоны, стваральнік сацыябіялогіі Э.Уілсан, які лічыць, што гуманітарныя і сац. навукі можна разглядаць як спецыялізаваныя раздзелы біялогіі.
2) Адзін з кірункаў у сацыялогіі. Узнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове тэорыі аб арыйцах як вышэйшай расе. Найб. развіццё атрымала ў Германіі. Новыя сацыялагічныя факты разглядае з пункту погляду антрапал. вучэння пра чалавека, яго цялесную арганізацыю і абумоўленыя антрапаметрыяй псіхічны стан, пачуцці, мысленне, волю, памяць, іх змены пад уздзеяннем культуры, індустр. тэхналогіі і ўласнай культуратворнай дзейнасці чалавека. Агульнатэарэт. пачатак антрапасацыялогіі — гэта фіксацыя адрознення чалавека ад жывёл. Неразвітасць у чалавека прыродных сродкаў самазабеспячэння стала ў прадстаўнікоў антрапасацыялогіі вядучым метадалаг. прынцыпам аналізу грамадскага жыцця. Сваю «недастатковасць» чалавек кампенсуе культурай, а адсутнасць прыроджаных генет. праграм паводзін папаўняе праграмамі сац. наследавання. Культура, паводле антрапасацыялогіі, гэта біялагічна неабходны працэс ператварэння знешняй прыроды ў жыццёвае асяроддзе. «Акультураная» прырода ўключае прылады працы, тэхніку, тэхналогію, сродкі камунікацыі і «сац. парадкі» (грамадскія ін-ты). Праблемамі антрапасацыялогіі з’яўляюцца таксама антрапал. змены сучаснага чалавека, што прынеслі з сабой тэхнізацыя, індустр. грамадства, навук.-тэхн. прагрэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,
цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.
рускі філосаф, гісторык-медыявіст; адзін з ідэолагаў еўразійства. Брат Т.П.Карсавінай. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906), з 1918 яго прафесар. У 1922 высланы за мяжу. Жыў у Берліне, Парыжы; з 1928 праф. ун-таў у Каўнасе і Вільні. У 1949 арыштаваны па абвінавачанні ў антысав. дзейнасці, прыгавораны да 10 гадоў зняволення. Памёр у лагерным шпіталі ў Комі АССР. Імкнуўся стварыць цэласную сістэму хрысц. светапогляду пад уплывам раннехрысц. вучэнняў і рус.рэліг. філасофіі 19 ст. Катэгорыю ўсеадзінства (уведзена У.С.Салаўёвым) дапоўніў паняццем трыадзінства (быццё як адлюстраванне боскай траістасці і адначасова як дыялектычны працэс: «першаадзінства» — «самараз’яднанне» — «самаўз’яднанне»). Падобны падыход характэрны і для яго вучэння пра асобу. Свет, паводле К., гэта ўсеадзіная сімфанічная асоба (уяўляе сабой адзінства індывід. быцця і іншабыцця), або іерархічнае адзінства сімфанічных асоб рознага парадку. Кожная сімфанічная сац. асоба (сям’я, народ, культура) — гэта недасканалае выражэнне вышэйшай боскай асобы. Сэнс і прызначэнне асобы бачыў у пераадоленні недасканаласці праз яднанне з боскай рэчаіснасцю як носьбітам адзінства. Сярод прац: «Каталіцтва» (1918), «Усход, Захад і руская ідэя» (1922), «Аб пачатках (Вопыт хрысц. метафізікі)» (1925), «Пра асобу» (1929). Як гісторык даследаваў еўрап. сярэдневякоўе; з’яўляецца адным з першых рус. папярэднікаў т. зв.гіст. антрапалогіі — кірунку ў сучаснай еўрап.гіст. навуцы: «Культура сярэдніх вякоў» (1914), «Асновы сярэдневяковай рэлігійнасці...» (1915), «Гісторыя еўрапейскай культуры» (т. 1—5, 1931—36).
Тв.:
Религиозно-философские сочинения. Т. 1. М., 1992;
Монашество в средние века. М., 1992;
Философия истории. СПб., 1993;
Малые сочинения. СПб., 1994.
Літ.:
В память о Л.П.Карсавине. Брюссель, 1990;
Историк-медиевист — Л.П.Карсавин (1882—1952). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАСНЫЯ І ДРУ́ГАСНЫЯ Я́КАСЦІ,
гнасеалагічныя паняцці для адрознення якасцей (уласцівасцей) рэчаў паводле прынцыпу аб’ектыўнасці. Распрацоўваліся ў філасофіі Дж.Лока і інш. прадстаўнікоў зах.-еўрап. навукі 17—18 ст. Вытокі праблемы — у антычнай філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў суб’ектыўныя веды «па меркаванні», якія звязаны з пачуццёвым успрыманнем, і веды «па ісціне» — аб’ектыўныя, якія грунтуюцца на мысленні. Пра якасці ў двух сэнсах разважаў Арыстоцель. Больш грунтоўнае ўяўленне аб першасных якасцях у працах Г.Галілея, Р.Дэкарта, Т.Гобса і Р.Бойля. Да першасных якасцей яны аднеслі механіка-геаметрычныя ўласцівасці цел. Лок ужо падзяліў усе якасці на першасныя і другасныя. Паводле яго, першасныя якасці прадметаў не залежаць ад суб’екта, гэта аб’ектыўныя якасці (працягласць, велічыня, фігура, становішча, колькасць і інш.). Другасныя якасці, наадварот, у многім залежаць ад суб’екта (колер, гук, пах, смак, цяпло, холад і інш.). Гэту праблему закраналі Дж.Берклі, Д.Юм, І.Кант і інш. філосафы. Берклі трактаваў яе ў суб’ектыўна-ідэалістычным кірунку; спрабаваў даказаць суб’ектыўнасць і другасных, і першасных якасцей. Юм і Кант таксама адкідалі аб’ектыўнасць першасных якасцей, бо не прызнавалі падабенства адчуванняў да ўласцівасцей знешніх аб’ектаў. Вытлумачаная ў суб’ектыўна-ідэалістычным духу гэта праблема стала перадумовай гнасеалогіі эмпірыякрытыцызму. З пункту гледжання дыялектыкі праблема П. і д.я. вырашальная, паколькі дыялектычны светапогляд зыходзіць з недапушчальнасці іх супрацьпастаўлення. І адны, і другія спасцігаюцца суб’ектам і з’яўляюцца суб’ектыўным вобразам аб’ектыўнай рэчаіснасці.
Літ.:
Беркли Дж. Три разговора между Гиласом и Филонусом: Пер. с англ. // Соч.М., 1978;
Локк Дж. Опыт о человеческом разумении: Пер. с англ. // Соч.М., 1985. Т. 1;
Нарский И. Джон Локк и его теоретическая система // Локк Дж. Соч.М., 1985. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,
умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл.Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб. яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1740.
Адбылося ў Быхаўскім старостве з-за злоўжыванняў мясц.феад. адміністрацыі і ўзмацнення рэліг. супярэчнасцей. Выклікана намерам М.Сапегі ператварыць у сваіх уладаннях на Быхаўшчыне правасл. цэрквы ва уніяцкія. Даведаўшыся пра гэта, сяляне і мяшчане мяст. Дашкавічы Аршанскага пав. ў крас. 1740 збілі уніяцкага святара і выгналі панскую адміністрацыю. Сяляне в. Сідаравічы аб’ядналіся з жыхарамі інш. вёсак і стварылі ўзбр. атрад у 200 чал. Узначалілі выступленне сяляне В.Ярашэнка, Г.Бушня, М.Казёл і В.Гетман. 27 крас. ў вёску рушылі быхаўскі намеснік Д.Стахоўскі з 2 святарамі ў суправаджэнні атрада з быхаўскага гарнізона. Каля вёскі сяляне зрабілі засаду і забілі некалькі чалавек, у т. л. Стахоўскага. У маі выступленне задушана, 6 сялян забіта, шмат паранена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Павел Мікалаевіч) (25.12.1910, г. Зайсан Усходне-Казахстанскай вобл. — 1937),
рускі паэт. З сям’і сямірэчанскіх казакаў. Працаваў на Д. Усходзе матросам, старацелем на залатых прыісках. Пра гэта ў кнігах нарысаў «У залатой разведцы» (1930) і «Людзі ў тайзе» (1931). У вершах і паэмах («Песня пра пагібель казачага войска», 1928—32; «Саляны бунт», 1933; «Хрысталюбаўскія паркалі», 1935—36) падаецца быт сямірэчанскага казацтва, узнаўляюцца падзеі грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Лета» (1932), «Жнівень» (1932—34), «Адна ноч» (1933), «Кулакі» (1936) і інш. Паэт ліра-эпічнага складу. Востраканфліктная, напоўненая сац. супярэчнасцямі свайго часу, паэзія Васільева адметная сілаю і выразнасцю вобразаў, страснасцю светаўспрымання, сакавітасцю мовы, блізкасцю да народна-песеннай творчасці. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЕ ГАНЬБАВА́ННЕ,
адзін з відаў крымінальнага пакарання ў праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД, а таксама мера ўздзеяння, якая выкарыстоўваецца камісіямі па справах непаўналетніх і таварыскімі судамі. Як мера пакарання заключаецца ў публічным выказванні судом грамадскага ганьбавання вінаватаму з давядзеннем пра гэта да ведама грамадскасці праз друк або інш. спосабам. Назначаецца судом як асн. мера пакарання за малазначныя злачынствы, і з’яўляецца мерай выхаваўча-папераджальнага ўздзеяння. Камісія па справах непаўналетніх можа вынесці грамадскае ганьбаванне бацькам і асобам, якія іх замяняюць, пры няправільных адносінах да дзяцей, злосным невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей, а таксама ў сувязі з правапарушэннямі іх непаўналетніх дзяцей. Таварыскі суд прымяняе грамадскае ганьбаванне да асоб, вінаватых у правапарушэннях і інш. правіннасцях, разгляд якіх аднесены да кампетэнцыі таварыскіх судоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЕ́РХНЯЯ ЦАРКВА́,
помнік мураванага дойлідства 14 — пач. 15 ст. Пабудавана на месцы Гродзенскай Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўлены ў 1931—37 Ю.Ядкоўскім у час археал. раскопак на тэр.Гродзенскага Старога замка; у 1939 перанесены ў асобны павільён.
Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане са зрэзанымі вугламі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. Унутры бакавых частак апсіды выяўлены аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Першапачаткова перакрыццё царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 Т.Андрыёнчык, у 1965 Абрамаўскас, у 1987 Ф.Селязнёў, Р.Сташкевіч, А.Трусаў.