асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук.міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыі экасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.
Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс.га, ідэальная — да 250 тыс.га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ (Bucephala clangula),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны на вадаёмах лясной і часткова лесастэпавай зон Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца пераважна на таежных рэках і азёрах па поймах вял. рэк з лясістымі берагамі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду; гняздуецца ў паўн.ч. рэгулярна, у паўд. раёнах рэдка. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Нар. назвы вогаліца, гагаліца, вогаль.
Даўж. цела да 50 см, маса да 1,4 кг. Галава вялікая, шыя кароткая, тонкая. Самец белы з чорнай спінай і чорнай з зялёным адценнем галавой, на крыле вял. белае «люстэрка», каля дзюбы — круглаватая белая пляма. Самка драбнейшая, шэрая, з карычневай галавой і белым ашыйнікам. Гняздуецца ў дуплах высока над зямлёй. Займае і штучныя гнёзды — дуплянкі. Нясе 5—18 (часцей 8—9) яец. Добра лятае, плавае і нырае. Корміцца воднымі жывёламі, насеннем раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТЫ́ (Talpidae),
сямейства млекакормячых атр. насякомаедных. 14 родаў, 31 від. Формы: наземныя бегаючыя, падземнарыючыя (большасць відаў) і паўводныя плаваючыя. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. К. еўрапейскі жыве на ўмерана вільготных лугах, палях, агародах, парках, лясах у глебе на глыбіні 5—60 см. Гнездавыя камеры — на глыб. да 1,5 м. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі. Аб’ект промыслу (шкуркі). На Беларусі трапляецца паўднёварускі падвід К. еўрапейскага (Talpa europaea). У Чырв. кнізе МСАП 2 віды.
Тулава выцягнутае, валькаватае, канечнасці ўкарочаныя, прыстасаваныя для рыцця, плавання. На пальцах доўгія пляскатыя кіпцюры. Галава невял., з падоўжанай канічнай мордай. Валасяное покрыва кароткае, густое, мяккае, пераважна чорнае або чорна-бурае. Лінька тройчы за год. Вочы маленькія, у некаторых відаў закрытыя скурай. Вушных ракавін няма. Нюх і дотык добра развітыя. Кормяцца лічынкамі насякомых, дажджавымі чарвямі. Размнажаюцца 1 раз за год, прыплод пераважна 3—7 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАХАЛІ́ (Mergus),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (5 відаў), у тропіках Паўд. Амерыкі (1 від), на астравах Окленд (1 від, магчыма, вымерлы). Жывуць на рыбных рэках і азёрах. На Беларусі 3 віды: луток, К. вялікі (M. merganser) і К. даўгадзюбы (M. serrator). К. вялікі і даўгадзюбы гняздуюць у паўн.ч. Беларусі, луток — на Палессі. К. лускаваты (M. squamatus) і К. бразільскі (M. octosetaceus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП, К. вялікі і даўгадзюбы — у Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 80 см, маса да 2 кг. Дзюба доўгая, вузкая, з вострымі рагавымі зубцамі па краях. На патыліцы чубок. Кормяцца рыбай, воднымі насякомымі, малюскамі. Ныраюць на глыб. да 4 м. Гнёзды на зямлі, у расколінах скал, у дуплах. Нясуць да 15 яец. Аб’ектспарт. палявання.
Крахалі: 1 — вялікі; 2 — даўгадзюбы; 3 — луток (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПАДО́БНЫЯ (Galliformes),
атрад птушак. Вядомы з ніжняга эацэну. 2 падатр.: гаацыны і ўласна К., 7 сям. (6 сучасных: веліканогія куры, фазанавыя, індычыя, краксавыя, або гока, цецеруковыя, цацаркавыя), 108 выкапнёвых і 283 сучасныя віды. Наземныя або наземна-дрэвавыя птушкі. На Беларусі 7 відаў: глушэц, курапаткі белая і шэрая, перапёлка, рабчык, цецярук, фазан. У Чырв. кнізе МСАП — 26 відаў, 11 падвідаў. У Чырв. кнізе Беларусі — курапатка белая.
Даўж. ад 12 см (карлікавая перапёлка) да 235 см (чубаты аргус), маса ад 45 г (карлікавая перапёлка) да 10 кг (дзікі індык). Самцы буйнейшыя за самак. Палавы дымарфізм добра выражаны. Дзюба кароткая, моцная. Крылы шырокія. Ногі моцныя. Добра ходзяць, бегаюць, палёт непрацяглы. Кормяцца пладамі, насеннем, травой, лісцем, насякомымі, малюскамі, чарвямі. Пераважна палігамы, такуюць. Гнёзды на зямлі (акрамя гаацына і гока). Нясуць да 25 яец. Вывадкавыя птушкі. Банкіўскія куры (гл.Банкіўскі певень), індычыя і цацаркавыя — продкі свойскіх парод. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́ЦЫЯ (ад лац. locatio размяшчэнне, размеркаванне),
вызначэнне лакатарам месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’ектаў. Заснавана на аналізе адбітых аб’ектам сігналаў — гукавых або эл.-магн. хваль, якія генерыруе лакатар (актыўная Л., пры якой выкарыстоўваюцца імпульсныя і неперарыўныя сігналы), і хваль, якія стварае сам аб’ект (пасіўная Л.).
У залежнасці ад фіз. прыроды сігналаў адрозніваюць Л. гукавую (для назірання за аб’ектамі, што знаходзяцца на зямлі, у паветры і пад вадой; гл.Гідралакацыя), аптычную лакацыю, радыёлакацыю. Пры гукавой Л. ў імпульсным рэжыме адлегласць да аб’екта вызначаецца па часе спазнення адбітага рэхасігналу, пры неперарыўным рэжыме — па рознасці частот пасланага і адбітага частотна-мадуляваных сігналаў. Пасіўная Л. аб’ектаў, якія ствараюць шум, ажыццяўляецца з дапамогай вузканакіраваных прыёмнікаў гуку або з дапамогай карэляцыйных метадаў прыёму. На гукавых і ультрагукавых частотах працуюць гідралакатары, шумапеленгатары і рэхалоты. Уласцівасці Л. маюць многія жывёлы: яны здольныя вызначаць становішча любога аб’екта адносна сябе або сваё становішча ў прасторы (гл.Біялакацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ КАСМІ́ЧНЫЯ НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
спадарожнікавыя сістэмы вызначэння каардынат рухомага аб’екта, аснашчанага адпаведнай апаратурай. Рас. сістэма наз. ГЛАНАСС (ад ГЛАбальная НАвігацыйная Спадарожнікавая Сістэма), амерыканская GPS (ад Global Positioning System глабальная сістэма вызначэння каардынат).
Кожная з сістэм мае 24 штучныя спадарожнікі Зямлі (ШСЗ) на спец. арбітах і сетку наземных станцый вызначэння каардынат ШСЗ і інш. параметраў. Апаратура карыстальніка прымае навігацыйныя радыёсігналы ад 4 ШСЗ і аўтаматычна вызначае каардынаты, скорасць руху і дакладны час аб’екта на зямлі, моры ці ў паветры і на ўбудаваным дысплеі паказвае напрамак руху да зададзенага пункта на электроннай карце мясцовасці. Навігацыйная інфармацыя ад прыёмніка можа выкарыстоўвацца таксама для работы аўтапілота, радара ці інш. апарата. Другое прызначэнне М.к.н.с. — аўтам. сачэнне за месцазнаходжаннем рухомых аб’ектаў (напр., з мэтай бяспекі руху). У гэтым выпадку рухомы аб’ект дадаткова мае спец. апаратуру для перадачы навігацыйнай інфармацыі на дыспетчарскі цэнтр, напр., авіякампаніі, параходства, аўтамаб. ці аўтобуснага парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ ПРАЦЭ́НТ,
плата, якую атрымлівае крэдытор (банк) ад пазычальніка за карыстанне пазыкай. У яе можа быць уключана і плата за аказанне паслуг пры выдзяленні крэдыту. Памер і парадак выплаты працэнта па разменных відах пазыковых аперацый ўстанаўліваецца дыферэнцыравана паводле крэдытнага дагавора паміж банкам і пазычальнікам. Працэнтныя стаўкі за пазыку могуць быць фіксаваныя (цвёрдыя), «плаваючыя», базісныя (базавыя). Фінансавы П.п. — плата, папярэдне вызначаная і нязменная на працягу ўсяго тэрміну карыстання пазыкай. Выкарыстоўваецца пры кароткатэрміновых (да 30 дзён) пазыках. Базісныя стаўкі даюць магчымасць мяняць плату за карыстанне пазыкай. У гэтым выпадку П.п. можа пераглядацца банкам на працягу ўсяго тэрміну крэдытавання з абавязковым паведамленнем пазычальніка. На ўзровень П.п. ўплываюць: сярэдні ўзровень платы за прыцягнутыя рэсурсы, дэпазітны працэнт, расходы пазычальніка, аб’ект крэдытавання, плацежаздольнасць кліента, ступень рызыкі праекта, тэрмін пазыкі, узровень інфляцыі і інш. фактары, якія вынікаюць з грашова-крэдытнай палітыкі цэнтр. банка і ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел пазаатмасфернай астраноміі, які вывучае крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення з даўжынёй хвалі 0,01—10 нм.
Для даследавання касм. рэнтгенаўскага выпрамянення апаратуру выводзяць пры дапамозе касм. апаратаў за межы атмасферы Зямлі. Упершыню назіралася рэнтгенаўскае выпрамяненне Сонца ў 1948. Яго крыніцы — сонечная карона і храмасфера (рэнтгенаўская свяцільнасць Сонца — да 10−6—10−7 поўнай яго свяцільнасці). За межамі Сонечнай сістэмы рэнтгенаўскае выпрамяненне назіраецца з 1962. Крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення (больш як 103) падзяляюцца на галактычныя і пазагалактычныя. Невял. частка галактычных крыніц атаясамліваецца з аптычнымі і радыёаб’ектамі. Сярод іх: рэшткі ўспышак звышновых зорак, падвойныя зоркі, адным з кампанентаў якіх з’яўляецца кампактны аб’ект — белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра і інш. Пазагалактычныя крыніцы — некаторыя нармальныя галактыкі, скопішчы галактык, цэнтр. вобласці галактык, у якіх звышмасіўныя чорныя дзіры паглынаюць навакольны газ, радыёгалактыкі, квазары і інш.
Літ.:
Лонгейр М.С. Астрофизика высоких энергий: Пер. с англ.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗА́Н (Cyprinus carpio),
рыба сям. карпавых. 4 падвіды: амурскі, або амурска-кітайскі (C.c. haematoptenis), аральскі (C.c. aralensis), в’етнамскі (C.c. viridiviolaccus) і еўрапейскі (C.c. carpio). Пашыраны ў вадаёмах бас. Міжземнага, Чорнага, Азоўскага, Каспійскага і Аральскага м., у воз. Ісык-Куль, у бас. рэк зах. ўзбярэжжа Ціхага акіяна. У нізоўях рэк, што ўпадаюць у паўд. моры, утварае паўпрахадныя формы. На Беларусі трапляўся ў бас.р. Дняпро. У інш. вадаёмах акультураная форма — карп.
Даўж. да 60 (зрэдку да 100) см, маса да 4,5 (адзінкавыя экз. да 45) кг. У спінным і анальным плаўніках мае па вызубленым касцявым промні. Рот канцавы. На верхняй губе і ў кутках рота па пары вусікаў. Корміцца беспазваночнымі жывёламі і раслінамі. Аб’ект промыслу і развядзення.
Літ.:
Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;