КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),
рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў» «паэтаў-неатэрыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.Караткевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЙСТУТАВІЧЫ,
княжацкі род ВКЛ у 14—15 ст., адгалінаванне Гедзімінавічаў. Паходзяць ад аднаго з сыноў Гедзіміна, кн.ВКЛКейстута (? — 1382), які меў 6 сыноў. З іх Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч былі вял. князямі ВКЛ. Іншыя сыны Кейстута: Пацірг (1325?—65?), старэйшы сын. Разам з бацькам удзельнічаў у бітвах з крыжакамі, у 1365 бараніў ад іх Гародну, дзе быў намеснікам. Затым быў пераведзены ў адзін з унутраных удзелаў і больш у крыніцах не згадваецца. Бутаўт (Бутаў, у хрышчэнні Генрых; 1330? — пасля 1381), другі сын Кейстута. У 1365 арганізаваў змову супраць бацькі, пасля яе ўцёк да крыжакоў і жыў у Германіі. Войдат (1335? — 81?) пры жыцці бацькі самастойнай ролі не адыгрываў. Таўцівіл у хрышчэнні Конрад (1355?—90) быў актыўным паплечнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам за ўладу. Загінуў у гэтай барацьбе ў час аблогі Вільні. Пасля смерці Міхаіла Жыгімонтавіча (1385—1452), які не пакінуў нашчадкаў, род К. па мужчынскай лініі перарваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЖЫ,
востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.
У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНША́СА (Kinshasa),
горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім.вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з-д). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац.ун-т. Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.
Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ ЗЯМЛІ́ (КаЗ),
сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе зямельныя адносіны на тэр. Беларусі. Прыняты Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 11.12.1990, уведзены ў дзеянне 1.1.1991 і дзейнічае з пазнейшымі дапаўненнямі і зменамі. Складаецца з прэамбулы, 16 раздз., 17 глаў, 141 артыкула. Рэгулюе зямельныя адносіны і накіраваны на стварэнне ўмоў для рацыянальнага выкарыстання і аховы зямель, аднаўленне ўрадлівасці зямлі, захаванне і паляпшэнне навакольнага асяроддзя, для раўнапраўнага развіцця ўсіх форм гаспадарання. У ім сфармуляваны агульныя палажэнні, што замацоўваюць права краіны на зямлю, вызначаны склад зямель, кампетэнцыя Саветаў дэпутатаў на прадастаўленне зямель ва ўладанне і карыстанне, рэгулююцца правы і абавязкі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначаны нормы па землеўладанні грамадзян і землекарыстанні, вызначаны прававы рэжым асобных катэгорый зямель. Кодэкс рэгулюе пытанні пакрыцця страт, нанесеных землеўладальнікам ці землекарыстальнікам, вырашэння зямельных спрэчак і адказнасці за парушэнне зямельнага заканадаўства і інш. У сувязі з тым, што многія палажэнні КаЗ устарэлі, падрыхтаваны новы праект кодэкса, які ў бліжэйшы час будзе разгледжаны парламентам краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НАН (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 23.4.1934, в. Вераскава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. філосаф, гісторык, літ. крытык. Д-рфілас.н. (1982). Скончыў БДУ (1959). З 1962 у ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1991 заг. аддзела Нац.навук.-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэт. думкі, пытанні фалькларыстыкі і літ.-знаўства Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за цыкл работ па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).
Тв.:
Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Демократическая эстетика Белоруссии (1905—1917 гг.). Мн., 1971;
Адам Бабарэка: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1976;
От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАСЕ́ЛЬСКІ АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,
група археал. помнікаў каменнага і бронзавага вякоў (шахты па здабычы крэменю, крэменяапрацоўчыя майстэрні, стаянкі, могільнік), селішча жал. веку і сярэдневякоўя каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. і суседніх з ім вёсак. Гэты рэгіён заселены ў раннім мезаліце (9-е тыс. да н.э.); найб. колькасць помнікаў належыць да неаліту і бронзавага веку. У К.а.к. захавалася больш за 80 шахтавых выпрацовак. У адной з шахт знойдзена пахаванне шахцёра шнуравой керамікі культуры. На комплексе выяўлены таксама рэшткі крэменеапрацоўкі і крамянёвыя прылады працы, кераміка арэнбургскай культуры, позняга этапа нёманскай культуры, тшцінецкай культуры, зарубінецкай культуры, фрагменты ганчарнага посуду эпохі Стараж. Русі, позняга сярэдневякоўя, рэшткі паўзямлянкі 9—12 ст. і інш. На могільніку культуры шарападобных амфар (3-е тыс. да н.э.) знойдзены рэшткі пахавання чалавека і свойскай жывёлы, гліняны посуд, касцяныя наканечнікі стрэл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЧКІ (Sternidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. 10 родаў, 43 віды. Пашыраны ўсюды. Жывуць на водмелях, вадаёмах, якія зарастаюць, некаторыя трапічныя К. (роды Anous і Cygis) — на кустах і дрэвах. К. палярная (Sterna paradisaea) робіць самыя далёкія сярод усіх вандруючых жывёл міграцыі — з Арктыкі ў Антарктыду і пакрывае двойчы за год адлегласць каля 20 тыс.км. На Беларусі 6 відаў; найб. пашыраная — К. чорная (Chlidonias nigra), самая вял.па памерах — К. чаграва (Hydroprogne caspia), К. белашчокая (Ch. hybridus), К. белакрылая (Ch. leucoptera), К. рачная (S. hirundo), К. малая (S. albifrons). 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП, К. малая — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. да 55 см, размах крылаў да 135 см, маса да 700 г. Крылы доўгія, вузкія. хвост вілападобны. дзюба доўгая, простая. Ногі кароткія Афарбоўка ў асн. белая, з шызай мантыяй і чорнай шапачкай, некаторыя цалкам або зверху бурыя. Трымаюцца чародкамі. Кормяцца дробнымі жывёламі. Гняздуюцца калоніямі. Нясуць да 4 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПСКАЯ (Ульянава) Надзея Канстанцінаўна
(26.2.1869, С.-Пецярбург — 27.2.1939),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, педагог. Жонка У.І.Леніна. Ганаровы чл.АНСССР (1931), д-рпед.н. (1936). Бацька К. належаў да арг-цыі Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Скончыла гімназію (1887), вучылася на вышэйшых Бястужаўскіх жаночых курсах. У 1891—96 настаўнічала ў Пецярбургу, адначасова (з 1890) займалася рэв. дзейнасцю, за што ў 1896 арыштавана; адбывала ссылку ў с. Шушанскае (Краснаярскі край; з 1898 разам з Леніным) і г. Уфа (1900—01). З 1901 у эміграцыі, дапамагала Леніну ў выданні газет «Искра» і «Вперед» (1901—05), «Пролетарий» і «Социал-демократ» (1907—11). З крас. 1917 зноў у Расіі. Удзельніца Кастр. рэвалюцыі 1917. Чл. калегіі Наркамасветы, з ліст. 1920 старшыня Галоўпалітасветы пры Наркамасветы РСФСР, з 1929 нам.нар. камісара асветы РСФСР. З 1924 чл.ЦКК, з 1927 чл.ЦКВКП(б). Распрацоўвала прынцыпы сав. сістэмы нар. асветы, метадалагічных і метадычных асноў навучання і выхавання. Аўтар прац па педагогіцы і ўспамінаў пра Леніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.