СІЦЫЛІЯ́НА (італьян. siciliana літаральна — сіцылійская),

вакальная ці інстр. муз. п’еса, якая паходзіць, верагодна, ад сіцылійскага нар. танца або танц. песні. Муз. памер ​6/8 ці ​12/8, тэмп умераны. Мае пераважна светлы, ідылічны характар. З 17—18 ст. пашырана ў еўрап. прафес. музыцы. Развівалася пераважна ў 2 кірунках: сузіральным (пастаральным; гл. Пастараль у музыцы) і засмучана-элегічным, які ў прафес. музыцы ўяўляе сабой псіхал. насычэнне, характарызуецца мноствам няўстойлівых гукаў у мелодыі. Пашырана ў творчасці І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, Л.​Бетховена, уласціва творам Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, С.​Рахманінава, П.​Хіндэміта, А.​Анегера, І.​Стравінскага, Г.​Свірыдава, Дз.​Шастаковіча, К.​Караева, Ю.​Шапорына. Рытмічная арганізацыя, блізкая да С., сустракаецца і ў бел. музыцы (напр., фінал 3-й «Сімфоніі ў стылі барока» і вак. цыкле А.​Мдывані на вершы Г.​Апалінэра).

А.​У.​Валадковіч.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКЕПТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,

крытычны кірунак у рас. гістарыяграфіі 1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — М.​Т.​Качаноўскі. Да «С.ш.» належалі В.​М.​Бадзянскі, С.​М.​Строеў, блізкія погляды мелі П.​М.​Строеў і інш. Прадстаўнікі «С.ш.» крытыкавалі канцэпцыі афіц. гісторыкаў, асабліва М.​М.​Карамзіна, даказвалі неабходнасць параўнальна-гіст. вывучэння мінулага Расіі, крытычных адносін да крыніц, праверкі сапраўднасці тэкстаў і аналізу зместу выкладзеных у іх падзей. Яны лічылі, што рус. летапісы 11—12 ст., Руская праўда, «Слова аб палку Ігаравым» і інш. стараж. помнікі не могуць служыць гіст. крыніцамі пры вывучэнні Кіеўскай Русі, бо ўзніклі, на іх думку, значна пазней за перыяд яе існавання і выключна пад уплывам замежных літ. і дакумент. крыніц. Выступалі супраць нарманскай тэорыі, падзялялі погляды І.​Эверса пра хазарскае паходжанне Русі. Нягледзячы на спрэчнасць яе канцэпцый, «С.ш.» — важны этап у фарміраванні рас. гістарыяграфіі.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РЦАВЫ,

рускія архітэктары 2-й пал. 17 ст. Дзмітрый Міхайлавіч С. Будаваў (з 1671) гасціны двор у Архангельску, удзельнічаў у надбудове Троіцкіх варот Маскоўскага Крамля. Восіп Дзмітрыевіч С. (? — пасля 1714), сын і вучань Дзмітрыя Міхайлавіча. Працаваў у Маскве. Адзін з вядучых майстроў апошняга этапу развіцця стараж.-рус. дойлідства, у традыц. арх. формы ўводзіў багаты дэкор з выкарыстаннем паліванай шматкаляровай кафлі, разных белакаменных дэталей. У 1677—80 дабудоўваў трапезную Сіманава манастыра; у 1681—82 перабудоўваў цэрквы пры Церамным палацы ў Крамлі, аб’яднаўшы Верхаспаскі сабор (Спас за Залатой рашоткай), цэрквы Уваскрэсення Славушчага і Укрыжавання агульным карнізам і дахам з 11 купаламі. Пабудаваў церамок на Святых варотах Круціцкага падвор’я (1693—94, з Л. Кавалёвым), царкву Мікалая Цудатворца на Балванаўцы (1697—1712; дэкор у духу маскоўскага барока).

Да арт. Старцавы. В.​Дз.​Старцаў. Царква Мікалая Цудатворца ў Маскве.

т. 15, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЖА́НТ (франц. sergent ад лац. serviens служачы),

воінскае званне малодшага каманднага (унтэр-афіцэрскага) саставу ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.

Званне С. з’явілася ў 15 ст. ў франц., потым у герм. і англ. арміях. У Расіі званне (чын) С. уведзена ў 17 ст. ў палках «новага строю»; у рэгулярнай арміі Рас. імперыі існавала ў 1716—98; у Чырв. Арміі — з 1940.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь званне С. уведзена ў 1992. Прысвойваецца курсантам, якія скончылі навучанне ў навуч. часці па праграме падрыхтоўкі С. з адзнакай «выдатна»; малодшым С., годным прысваення чарговага воінскага звання і прызначаным на пасады, дзе штатамі прадугледжана званне С. (старшы сяржант, старшына), або пры звальненні іх у запас. У карабельнага складу Узбр. Сіл (Пагран. войскі і інш.) званню С. адпавядае званне старшына 1-й стацці.

В.​А.​Сергіенка.

т. 15, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛА́Ш Васіль Ісакавіч (25.12.1844, в.Белка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.8.1946),

народны герой, удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. 1918—20 і Вял. Айч. войны. У 1919 у час акупацыі польск. войскамі Мазырскага пав., дзе жыў Т., разведчык 417-га палка Чырв. Арміі, арганізаваў і ўзначаліў партыз. атрад (300 чал.), які выбіў ворага з в. Навасёлкі і захапіў вял. трафеі. Узнагароджаны ордэнам Чырв. Сцяга. З 1921 старшыня Навасёлкаўскага с/с. У Вял. Айч. вайну дапамагаў партызанам, за што арыштаваны акупантамі; пасля вызвалення супрацоўнічаў з Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. У пач. 1943 з партыз. аэрадрома Зыслаў перапраўлены ў Маскву, дзе выступаў перад рабочымі, воінамі, якія адпраўляліся на фронт. Узнагароджаны ордэнам Айч. вайны 1-й ступені. У г. Петрыкаў яму пастаўлены помнік. Прататып дзеда Т. ў аповесці Я.​Коласа «Дрыгва». У в. Навасёлкі Талаша дзеда дом-музей.

В.І.Талаш.

т. 15, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛО́ЧКА Уладзіслаў (8.2.1887, г. Гродна — 13.11.1942),

бел. рэлігійны і культурна-асветны дзеяч. У 1909—14 вывучаў тэалогію і філасофію ў каталіцкім ін-це ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 святар у Вільні. Адзін з першых пачаў публічна ўжываць бел. мову ў набажэнствах. У 1915—18 адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага к-та дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1917 быў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, у яе друкаваным органе газ. «Krynica» («Крыніца») змяшчаў артыкулы культ.-адраджэнскай і рэліг. праблематыкі. Удзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы. У міжваен. дваццацігоддзе адзін з вядучых публіцыстаў час. віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileriski» («Віленскі агляд»). З 1920-х г. праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. 15.12.1938 як «нядобранадзейная асоба» выселены ў Беласток. На пач. 2-й сусв. вайны вярнуўся ў Вільню.

т. 15, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́БА (італьян. і лац. tuba труба),

шырокамензурны духавы муштуковы аркестравы муз. інструмент самага нізкага рэгістра. З’явілася ў Еўропе ў 1820—40-я г. Уяўляе сабой доўгую састаўную шматразова сагнутую метал. трубку з раструбам і вентыльным механізмам. Валодае мяккім, выразным, аб’ёмным тэмбрам, кантрастнай дынамікай. Асн. яе разнавіднасці: басовая, клавікор, вял. басовая («кайзербас»), паходная, валторнавая («вагнераўская»), гелікон, сузафон. У сімф. і духавых аркестрах выконвае пераважна функцыю басовага голасу, а таксама кантрапункт, сольныя фрагменты і творы. Найб. пашыраны Т.-бас і Т.-кантрабас. На Беларусі вядома з 2-й пал. 19 ст. ў духавых аркестрах: Мінскім гарадскім, Мінскага вольна-пажарнага т-ва, Мінскага рэальнага вучылішча, ваен. аркестрах і інш. Выкарыстана ў творах бел. кампазітараў А.​Багатырова, С.​Бельцюкова, Э.​Казачкова, У.​Каральчука.

Літ.:

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

Туба.

т. 16, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́БЕЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА Існавала ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. ў б. фальварку Манюшкаў Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Вядома па гравюры Н.​Орды 1872. Уключала сядзібны дом, капліцу-пахавальню, гасп. пабудовы, парк. Цэнтр кампазіцыі — драўляны сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам, завершаны высокім паўвальмавым дахам. Спалучаў традыцыі нар. дойлідства і элементы класіцызму. Цэнтр мансардавага гал. ўвахода быў вылучаны 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам. Сцены звонку вертыкальна ашаляваны, аконныя праёмы прамавугольныя. Перад домам быў невял. партэр з круглым у плане кветнікам, за ім — пейзажны парк з капліцай-пахавальняй — цэнтрычным 2-ярусным збудаваннем пад шатровым дахам, гасп. пабудовы. Захаваліся фрагменты парку над р. Волма. У 1819 ва У.с. нарадзіўся кампазітар С.​Манюшка. У 1966 у парку пастаўлены абеліск, прысвечаны Манюшку (на ім нотны запіс з яго оперы «Галька»).

Ю.​А.​Якімовіч.

Убельская сядзіба.

т. 16, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЗА́РСКІ КАГАНА́Т,

дзяржаўнае ўтварэнне, створанае хазарамі ў 7 ст. Напачатку сталіцай каганата быў г. Семендэр у Дагестане, пасля яго разгрому арабамі ў 735 — г. Ітыль на ніжняй Волзе. У час свайго росквіту ў 8—9 ст. уключаў Паўн. Каўказ, Прыазоўе, б.ч. Крыма, стэпавыя і паўстэпавыя тэр. да р. Дняпро; многія ўсх.-славянскія плямёны, у т. л. радзімічы, севяране, вяцічы, былі вымушаны плаціць Х.к. даніну. З 1-й пал. 8 ст. ў Х.к. пачалося пашырэнне іудаізму, які ў канцы 8 — пач. 9 ст. абвешчаны дзярж. рэлігіяй. У канцы 9 ст. Паўн. Прычарнамор’е захапілі печанегі, у выніку чаго пачаўся заняпад каганата. У 960-я г. кіеўскі князь Святаслаў Ігаравіч зрабіў паход на Волгу і зруйнаваў найважн. цэнтры Х.к. Да канца 10 ст. каганат спыніў існаванне.

Літ.:

Артамонов И.И. История хазар. 2 изд. СПб., 2001;

Гумилев Л.Н. Открытие Хазарии. М., 2001.

т. 16, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧАЛАВЕ́К І БІЯСФЕ́РА»

(The Man and the Biosphere, MAB),

міжнародная праграма па каардынацыі навук. даследаванняў узаемасувязей паміж чалавекам і навакольным прыродным асяроддзем. Прынята ў 1970 на 16-й сесіі Ген. канферэнцыі ЮНЕСКА як працяг Міжнароднай біялагічнай праграмы. Удзельнічае каля 90 краін, у т. л. Беларусь. Асн. мэта — распрацоўка навук. асновы для рацыянальнага выкарыстання і захавання рэсурсаў біясферы і глабальнага паляпшэння адносін паміж чалавекам і асяроддзем, для прагназіравання магчымых у будучым вынікаў сённяшняй дзейнасці чалавека і павелічэння яго магчымасцей эфектыўна кіраваць прыроднымі рэсурсамі планеты, не змяншаючы іх патэнцыялу. Праграма ўключае асобныя праекты, прысвечаныя вывучэнню ўплыву дзейнасці чалавека (землекарыстанне, інж.-Тэхн. работы, выкарыстанне энергіі) на асн. тыпы біёмаў Зямлі (тундры, лясы, саванны, стэпы, пустыні і інш.); прадугледжвае стварэнне сістэмы біясферных запаведнікаў, у якую з 1978 уваходзіць і Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Эмблема міжнароднай праграмы «Чалавек і біясфера».

т. 17, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)