СЯРЖА́НТ (франц. sergent ад лац. serviens служачы),
воінскае званне малодшага каманднага (унтэр-афіцэрскага) саставу ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.
Званне С. з’явілася ў 15 ст. ў франц., потым у герм. і англ. арміях. У Расіі званне (чын) С. уведзена ў 17 ст. ў палках «новага строю»; у рэгулярнай арміі Рас. імперыі існавала ў 1716—98; у Чырв. Арміі — з 1940.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь званне С. уведзена ў 1992. Прысвойваецца курсантам, якія скончылі навучанне ў навуч. часці па праграме падрыхтоўкі С. з адзнакай «выдатна»; малодшым С., годным прысваення чарговага воінскага звання і прызначаным на пасады, дзе штатамі прадугледжана званне С. (старшы сяржант, старшына), або пры звальненні іх у запас. У карабельнага складу Узбр. Сіл (Пагран. войскі і інш.) званню С. адпавядае званне старшына 1-й стацці.
В.А.Сергіенка.
т. 15, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)