СО́ТНЯ,

1) грамадская і ваенная арг-цыя ў германцаў і шэрагу інш. народаў Еўропы ў перыяд пераходу ад першабытнаабшчыннага ладу да феадалізму. Нар. сходы С. пад старшынствам выбарнага сотніка вырашалі адм., суд. і інш. пытанні, з пачаткам вайны вылучалі пэўныя сілы і сродкі для апалчэння. У краінах кантынент. Еўропы зніклі ў працэсе феадалізацыі; у Англіі паступова падпарадкаваны каралеўскай уладзе ў асобе яе прадстаўніка і ў якасці адм.-тэр. адзінкі (некалькі С. складалі графства) з абмежаванымі адм.-паліцэйскімі функцыямі захоўваліся да канца 19 ст. 2) Вайсковае падраздзяленне, арганізац. і баявая адзінка, якая звычайна налічвала 100 чал. У войску Кіеўскай Русі і шэрагу інш. княстваў, у т. л. на Беларусі, С. ствараліся з гар. і сельскага апалчэння. У рус. раці С. дзейнічалі ў складзе палка або самастойна. У 16—17 ст. 5 С. складалі полк стралецкага войска. У казацкіх палках Рас. імперыі конная С. колькасна адпавядала эскадрону рэгулярнай кавалерыі, пешая — пяхотнай роце.

3) Частка гарадской абшчыны ў феад. Беларусі, вылучаная з вайск. і фіскальнымі мэтамі. Соценны падзел у гарадах Беларусі адпавядаў вечавой арг-цыі гар. самакіравання ў дамангольскі перыяд. У ліку гал. абавязкаў членаў С. былі работы на замкавых аб’ектах і іх абарона ад нападаў праціўніка. Соценны падзел у некат. гарадах Беларусі існаваў да пач. 18 ст. 4) Адм.-тэр. і вайск. адзінка на Украіне ў 16—18 ст. Узнікла ў сувязі з утварэннем войска рэестравых казакоў і складала частку палка. У 1648—54 палкавое і соценнае ўладкаванне пашырылася на ўсю Украіну. З зацвярджэннем у 1781 палажэння аб губернях С. як адм.-тэр. адзінка скасавана.

5) Саслоўна-карпаратыўная арганізацыя купецтва і гандлёва-рамеснага насельніцтва на тэр. Стараж. Русі, Расіі, Украіны, Беларусі і інш. ў 11—18 ст. (гл. Сотні).

т. 15, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЮЖЭ́Т (ад франц. sujet прадмет),

у літаратуры — сістэма дзеяння ў творы. Вызначаецца канфліктам, які з’яўляецца рухавіком дзеяння. Цесна звязаны з кампазіцыяй. Дзеянне твора праяўляе сябе ў знешніх і ўнутр. сувязях герояў з жыццём. Знешнія сувязі (ствараюцца ўчынкамі, размовамі-дыялогамі персанажаў) матэрыялізуюць дзеянне і, па сутнасці, з’яўляюцца адзіным чыннікам С. ў творах драм. жанраў. Унутр. сувязі (у драме вынікаюць са знешніх) выяўляюцца найб. у падтэксце. У драм. творах С. звычайна вельмі выразны, вонкава актыўны, фабульны (Фабула — частка С.). Для С. эпічных твораў характэрна спалучэнне знешніх (фабульных) і ўнутр. (псіхалагічных) сувязей. У іх пераважае адзін пэўны тып С., што дыктуецца індывід. аўтарскім стылем. Нават у творах аднаго пісьменніка-эпіка розныя ідэйна-эстэт. задачы, матэрыял, манера пісьма вызначаюць розны характар сюжэтных сувязей. Своеасаблівасць С. тлумачыцца і інтэнсіўнасцю дзеяння. У лірыцы С. ствараецца плынню перажыванняў, настрояў лірычнага героя; яго своеасаблівасць залежыць ад характару і сілы лірычнага перажывання, дыктуецца светаадчуваннем аўтара.

У С. функцыянуюць усе элементы зместу твора, у т. л. прадметныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі і інш. кампаненты, што выглядаюць статычнымі паводле матэрыялу. Сюжэтна функцыянальныя розныя ўстаўныя элементы (паданні, казкі. прытчы), назва твора, эпіграф, часта прысвячэнне — кампаненты, якія ўскосна, асацыятыўна падключаны да дзеяння ў творы. Пазасюжэтныя элементы — апісанні, што маюць толькі факталагічнае, інфармацыйна-пазначальнае значэнне і становяцца такім чынам бязвобразнымі ў маст. сістэме твора. Некат. літ.-знаўцы разглядаюць С. як сістэму знешняга дзеяння ў творы.

У выяўленчым мастацтве — падзея ці сітуацыя, адлюстраваная ў творы фігуратыўнага мастацтва і часта пазначаная ў яго назве. У адрозненне ад тэмы ўяўляе сабой канкрэтнае, дэталёвае, вобразна-апавядальнае раскрыццё маст. ідэі. Асаблівая складанасць С. характэрна для твораў быт. і гіст. жанраў.

Літ.:

Кожинов В. Сюжет, фабула, композиция // Теория литературы: Основные пробл. в ист. освещении. М., 1964;

Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар. Мн., 1981.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура).

т. 15, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТРЭЦЯЧЭ́РВЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ»,

пашыраная ў гіст. л-ры назва паліт. рэжыму ў Расійскай імперыі пасля падзей 3(16).6.1907 (роспуск 2-й Дзярж. думы, новае выбарчае заканадаўства, якое істотна абмежавала выбарчыя правы рабочых, сялян і жыхароў нац. ускраін), якія многія гісторыкі разглядаюць як дзярж. пераварот і канец рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1907 — пач. 1917 у Расіі працягвала фарміравацца канстытуцыйна-дуалістычная манархія, дзе заканад. ўлада належала імператару і двухпалатнаму (Дума і Дзярж. савет) парламенту, вышэйшая выканаўчая — імператару і адказным перад ім міністрам, вышэйшая суд. і кантрольная — Сенату. Аднак паводле заканадаўства 1906 («Збор асноўных законаў Расійскай імперыі») імператар заставаўся носьбітам самадзяржаўнай (абсалютнай) улады. Пытанне аб дзярж. форме кіравання ў Расіі ў 1907 — лют. 1917 застаецца дыскусійным. Напр., паводле класіфікацыі рас. правазнаўца В.​Чыркіна, Расія ў той час валодала сегментарнай дзярж. формай, якая дапускала пэўны падзел функцый паміж рознымі дзярж. ін-тамі пры ажыццяўленні паліт. улады, але пры адсутнасці сістэмы стрымліванняў і проціваг галін улады фактычна дамінавала выканаўчая ўлада ў асобе імператара. Пры правядзенні праз Думу розных па сац. накіраванасці законаў урад звычайна апіраўся на блокі найб. шматлікай, праваліберальнай фракцыі акцябрыстаў з памяркоўна-правымі дэпутатамі або, наадварот, з леваліберальнай фракцыяй кадэтаў (тактыка банапартызму). Урад П.А.Сталыпіна (1906—11) праводзіў агр. і інш. рэформы, рашуча і жорстка змагаўся з рэв. рухам. Ва ўмовах 1-й сусв. вайны ўлада імператара ўзмацнілася, 16.9.1915 прыпынена дзейнасць Дзярж. думы. Працяглы ўрадавы крызіс 1915—17 (змяніліся 4 старшыні ўрада, шмат міністраў) непасрэдна папярэднічаў Лют. рэвалюцыі 1917, якая паклала канец «Т.м.».

Літ.:

Чиркин В.Е. Элементы сравнительного государствоведения. М., 1994. С. 22—24;

Сташкевіч М. Перадумовы і працэс стварэння палітычных партый на Беларусі (канец XIX ст.—люты 1917 г.) // Бел. гіст. часоп. 1999. № 4.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 16, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМІНАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, які змяшчае сістэматызаванае на аснове пэўных прынцыпаў апісанне тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, вытв-сці, дзейнасці, мастацтва і інш. Напр., лінгвістычны слоўнік, слоўнік электратэхн. тэрмінаў, слоўнік па металургічнай вытв-сці, слоўнік бібліятэчных і бібліягр. тэрмінаў, слоўнік муз. тэрмінаў. У Т.с. побач з алфавітнай пашырана арганізацыя тэрмінаў на аснове сістэмы паняццяў пэўнай галіны навукі («Слоўнік славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі», т. 1, Прага, 1977, змяшчае таксама і бел. частку). Т.с. бываюць уласна тэрміналагічныя, г.зн. уключаюць тэрмін і яго азначэнне («Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў», 1995), і перакладныя («Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі» Н.​А.​Ганчаровай і М.​Г.​Антанюк, 2000), а таксама могуць змяшчаць і перакладную (двух- або шматмоўную) і тлумачальную часткі («Тлумачальны руска-англа-беларускі слоўнік па інфарматыцы», 1994). Часам Т.с. уключае тэрміны не адной вузкай галіны ведаў, а некалькіх, звычайна сумежных, галін («Руска-беларускі слоўнік па цеплатэхніцы і санітарнай тэхніцы» В.​М.​Капко і Б.​М.​Хрусталёва, 1995; «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік», т. 1, 1997). Тлумачальная частка можа ўключаць строга навук. азначэнне (дэфініцыю) або больш шырокае апісанне тэрміна, набліжаючыся да слоўніка энцыклапедычнага тыпу, слоўніка-даведніка («Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік», «Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі», абодва 1992). Па глыбіні і паўнаце ахопу паняццяў і паводле прызначэння існуюць школьныя Т.с. («Геаграфічны слоўнік школьніка» І.​П.​Галай, С.​І.​Сідор, 1986; «Экалагічны слоўнік», 1993), Т.с. для сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў («Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П.​У.​Сцяцко, М.​Ф.​Гуліцкага, Л.​А.​Антанюк, 1990) і акад., фундаментальныя слоўнікі, якія змяшчаюць вычарпальна поўную сістэму паняццяў на сучасным узроўні развіцця адпаведнай галіны і прызначаны для спецыялістаў («Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музычны слоўнік руска-беларускі», 1999). Гіст. тэрміналогія часткова фіксуецца ў гістарычных слоўніках («Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874).

Л.​А.​Антанюк.

т. 16, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАГУКАВА́Я АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка матэрыялаў, вырабаў або рэчываў уздзеяннем ультрагуку (звычайна з частатой 15—50 кГц). Выконваецца з дапамогай электраакустычных (пераважна магнітастрыкцыйных і п’езаэл.) выпраменьвальнікаў (гл. Электраакустычныя пераўтваральнікі), апаратаў у выглядзе свісткоў і сірэн.

У.а. цвёрдых матэрыялаў уключае ультрагукавую зварку металаў, пластмас і сінт. тканін; абразіўна-імпульсную апрацоўку крохкіх матэрыялаў; У.а. металаў ціскам (штампоўка, валачэнне, прасаванне, коўка і інш.); размерную апрацоўку дэталей на ультрагукавых станках; луджэнне і пайку металаў; рэзанне металаў, керамікі, шкла і інш.; ачыстку дэталей і матэрыялаў, зняцце задзірын і інш. У.а. выкарыстоўваюць таксама для дыспергавання цвёрдых парашкападобных матэрыялаў, эмульгавання вадкасцей, якія не змешваюцца, атрымання аэразоляў, полімерызацыі (або дэструкцыі) высокамалекулярных злучэнняў, дэгазацыі расплаваў металаў і інш. вадкасцей, для экстрагавання, хемасорбцыі, дыфузіі, разбурэння біял. аб’ектаў (напр., мікраарганізмаў). У.а. падвяргаюць сыпкія, порыстыя і інш. матэрыялы пры іх сушцы, розныя газы пры ачыстцы ад цвёрдых часцінак і аэразоляў. У.а. часта выкарыстоўваецца ў спалучэнні з інш. відамі апрацоўкі для паскарэння або актывізацыі многіх тэхнал. працэсаў (хім. або электрахім. траўлення і асаджэння матэрыялаў, насычэння порыста-капілярных матэрыялаў і інш.). Гл. таксама Электрахімічная апрацоўка.

Літ.:

Вероман В.Ю., Аренков А.Б. Ультразвуковая обработка материалов Л., 1971;

Ультразвуковая технология. М., 1974;

Попилов Л.Я. Электрофизическая и электрохимическая обработка материалов: Справ. 2 изд. М., 1982;

Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Прокатка и волочение с ультразвуком. Мн., 1970;

Іх жа. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;

Клубович В.В., Тявловский М.Д., Ланин В.Л. Ультразвуковая пайка в радио- и приборостроении. Мн., 1985;

Прохоренко П.П., Пугачев С.И., Семенова Н.Т. Ультразвуковая металлизация материалов. Мн., 1987.

У.​У.​Клубовіч, А.​В.​Сцепаненка.

Ультрагукавая апрацоўка: а — схема атрымання адтулін (1 — дэталь. у якой робіцца адтуліна; 2 — інструмент; 3 — зерні абразіву; 4 — хвалявод; 5 — пераўтваральнік; 6 — процівага); б — схема ультрагукавога паяльніка (1 — наканечнік; 2 — магнітастрыкцыйны выпрамяняльнік; 3 — абмотка. злучаная з ультрагукавым генератарам; 4 — абмотка для награвання наканечніка; 5 — прыпой; 6 — месца пайкі).

т. 16, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАКА́НКА мастацкая,

тэхніка мастацкай апрацоўкі металу (звычайна ліставога) чаканамі рознага профілю; від манум.-дэкар. і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ударамі чаканаў па вонкавым ці адваротным баку метал. ліста, пакладзенага на смалістую масу, гуму, падушачку з пяском, ствараюць пукатую ці ўвагнутую выяву. Мех. спосабам або хім. рэчывамі паверхні чаканеных вырабаў надаюць розныя адценні, часта ўпрыгожваюць эмалямі. Вядома са старажытнасці, асабліва была пашырана ў краінах Усходу, у Расіі, на Каўказе (шырока вядома ў стараж. і сучаснай Грузіі). На Беларусі вядома з 9—11 ст. у аздабленні ювелірных вырабаў, з 12 ст. ў аздабленні абкладаў кніг. Высокага ўзроўню дасягнула ў 16—17 ст. У многіх гарадах існавалі цэхі майстроў залатых і сярэбраных спраў, дзе працавала шмат чаканшчыкаў. З латуні, серабра, радзей золата выраблялі літургічнае начынне, абклады кніг і абразоў. У дэкоры пераважалі расл. матывы. Ч. нярэдка дапаўнялася гравіраваннем, чарненнем, залачэннем, эмалямі, устаўкамі з каштоўных камянёў. У 2-й пал. 17 ст. бел. майстры-чаканшчыкі С.​Якаўлеў, Х.​Абрасімаў, С.​Захар’еў, Ф.​Мікулаеў і інш. працавалі ў Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля, дзе выраблялі сярэбраны, медны, латунны гасп. і літургічны посуд. З 18 ст. чаканены дэкор набыў нар. трактоўку, пазней — рысы ракако і класіцызму. У 19 ст. Ч. нярэдка замянялася штампоўкай. З 1960-х г. пачалося адраджэнне маст. Ч. Дэкар. пано, рэчы сувенірнага і маст. прызначэння, манум.-дэкар. характару ў гэтай тэхніцы вырабляюць прафес. і самадз. бел. мастакі (Ю.​Адамовіч, М.​Бруй, Ю.​Гаўрын, Б.​Дрозд, Ю.​Любімаў, В.​Міхайлюк, А.​Паўлаў, А.​Сурскі, Я.​Шыбнёў), майстры ф-к маст. вырабаў.

Літ.:

Высоцкая Н.Ф. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст: [Альбом]. Мн., 1984;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Чаканка мастацкая. Абклад абраза. Веткаўская школа. 18—19 ст.

т. 17, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ МАДЭ́ЛІ,

мадэлі эканам. аб’ектаў, працэсаў, пры апісанні якіх выкарыстоўваецца матэматычнае мадэліраванне.

Гістарычна першая такая мадэль — эканам. табліца Ф.Кенэ з абгрунтаваннем працэсаў стварэння, узнаўлення і пераразмеркавання грамадскага даходу (1758). Першую агульную мадэль эканомікі для знаходжання максімальна магчымага тэмпу эканам. росту і адпаведных гэтаму росту прапорцый і цэн сканструяваў Дж.Нейман (1937). У СССР вопыт Э.-м.м. выкарыстоўваўся для планавання і прагназіравання ўсіх звёнаў і ўзроўняў эканомікі.

Адрозніваюць дэскрыптыўныя і аптымізацыйныя Э.-м.м. Дэскрыптыўныя растлумачваюць пэўныя эканам. з’явы і працэсы, напр., мадэлі эканам. росту, канкурэнтнай эканам. раўнавагі. Да іх адносяць і прагнозныя мадэлі для розных частак эканомікі, якія грунтуюцца на матэм. статыстыцы, у прыватнасці карэляцыйны аналіз. Аптымізацыйныя, аптымальныя мадэлі — сістэмы ўраўненняў, роўнасцей і няроўнасцей, якія акрамя абмежаванняў (умоў) уключаюць і асобага роду ўраўненне (функцыянал, або крытэрый аптымальнасці). З дапамогай такога крытэрыя знаходзяць найлепшае рашэнне па якім-н. паказчыку, напр., мінімум затрат на матэрыялы пры зададзеным аб’ёме прадукцыі, або максімум прадукцыі (ці прыбытку) пры зададзеных абмежаваннях па рэсурсах і г.д. Аптымізацыйныя мадэлі звычайна адносяць да тыпу мадэлей лінейнага праграмавання. Э.-м.м., у якіх апісваецца момантавы стан аб’екта, наз. статыстычнымі, а тыя, што паказваюць развіццё аб’екта — дынамічнымі. Вылучаюць таксама аналітычныя мадэлі (у выглядзе формул функцыянальнай залежнасці розных паказчыкаў), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у форме табліц), сеткавыя (у форме сеткавых графікаў). Прынята падзяляць Э.-м.м. на 2 групы: мадэлі, якія адлюстроўваюць пераважна вытв. аспекты эканомікі і мадэлі, якія адлюстроўваюць сац. аспекты эканомікі.

Літ.:

Немчиков В.С. Экономико-математические методы и модели. 2 изд. М., 1963;

Канторович Л.В., Горстко А.Б. Оптимальные решения в экономике. М., 1972;

Иванилов Ю.П., Лотов А.В. Математические модели в экономике. М., 1979;

Вилкас Э.И., Майминас Е.З. Решения: теория, информация, моделирования. М., 1981.

М.​І.​Холад.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЛЕКТЫ́ЗМ (ад грэч. eklektikos які выбірае) у архітэктуры і выяўленчым мастацтве, спалучэнне элементаў розных маст. стыляў. Узнікае звычайна ў перыяды заняпаду буйных маст. кірункаў; спрыяе зруйнаванню стэрэатыпаў, пашырэнню арсенала творчых прыёмаў і з’яўленню новых маст. кірункаў (мадэрн, разнастайныя плыні авангарду).

Э. вядомы ў познім стараж.-рым. мастацтве (камбінацыі мясц. вырашэнняў з элементамі, запазычанымі ў Грэцыі, Егіпце). Да Э. імкнуліся прадстаўнікі балонскай школы, якія лічылі, што могуць дасягнуць дасканаласці спалучэннем лепшых бакоў творчасці вял. майстроў Адраджэння. Значнае месца ў гісторыі мастацтва займае Э. архітэктуры сярэдзіны — 2-й пал. 19 ст. Выкарыстанне рознастылявых форм у Э., як правіла, носіць некрытычны характар, што выяўляецца ў неадпаведнасці аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка і яго маст. вобраза функцыян. прызначэнню, канстр. аснове. У выяўл. мастацтве Э. найб. тыповы для салоннага мастацтва. Эклектычныя тэндэнцыі пашырыліся з сярэдзіны 20 ст. ў зах.-еўрап. і амер. культуры ў сувязі са станаўленнем постмадэрнізму і модай на «рэтраспектывізм», які капіраваў розныя стылістычныя кірункі мінулага.

У архітэктуры Беларусі Э. панаваў з сярэдзіны 19 ст. З’явіліся новыя тыпы будынкаў, канстр. прыёмы і буд. матэрыялы ва ўмовах, калі маст. прыёмы класіцызму былі практычна вычарпаны. Вырашэнні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў характарызаваліся дэкаратыўнасцю, спалучэннем рознастылявых (готыка, барока, мадэрн, неабарока і інш.) форм і элементаў. Сярод помнікаў Э.: Віцебскі Варварынскі касцёл, Галавічпольская сядзіба, Добрушская папяровая фабрыка, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Чырвонабярэжская сядзіба, Петрапаўлаўскі касцёл у в. Мядзведзічы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., палац у в. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Эклектычнасцю арх. вырашэнняў вызначаюцца горадабуд. структуры канца 19 — пач. 20 ст.: забудовы вуліц Леніна і Савецкай у Гомелі, Ажэшкі ў Гродне і інш. Архітэктура 1940—50-х г. арыентавалася на традыц. прыёмы рэнесансу і класіцызму (забудова ч. праспекта Ф.​Скарыны ў Мінску). Э. часткова закрануў катэджнае буд-ва канца 1980 — пач. 1990-х г.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Эклектызм. Будынак папяровай фабрыкі ў г. Добруш Гомельскай вобл.

т. 18, кн. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТА (ад лац. veto забараняю),

1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш. дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.

2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ ВЫЗНАЧЭ́ННЕ ПО́ЛУ,

фарміраванне арганізмаў пэўнага полу ў залежнасці ад камбінацый генетычных фактараў, лакалізаваных у храмасомах. Пры гэтым мае значэнне і пэўны набор палавых храмасом, і дзеянне генаў, размешчаных у іх, а таксама ў аўтасомах. Палавыя храмасомы XX і XY, якія генетычна вызначаюць пол, фарміруюцца ў невял. колькасці двухдомных раслін (эладэя, смолка, некаторыя імхі), яны ёсць у чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл (трапляюцца як выключэнне ў рыб і земнаводных) і ў многіх членістаногіх, павукападобных, насякомых і інш.

У чалавека звычайна вылучаюць некалькі ўзроўняў палавой дыферэнцыяцыі. Адзін з іх звязаны з наяўнасцю Y-храмасомы, прысутнасць якой неабходна для дыферэнцыяцыі палавых залоз (ганад) паводле мужчынскага тыпу. У мужчын фарміруецца 2 тыпы сперміяў: з X-храмасомай (23,X) і Y-храмасомай (23,Y). У яйцаклетак набор храмасом у норме 23,X. Апладненне яйцаклеткі сперміем 23,X прыводзіць да развіцця зародка жаночага полу (з наборам храмасом 46,XX), апладненне сперміем 23,Y вядзе да ўзнікнення зародка мужчынскага полу (46,XY). Фарміраванне полу плода першапачаткова залежыць ад тыпу спермія, які апладніў яйцаклетку (т.ч. за вызначэнне полу дзіцяці «адказвае» мужчына). Наяўнасць Y-храмасомы з’яўляецца першым фактарам, неабходным для фарміравання полу плода. Далейшае развіццё полу адбываецца пад кантролем H-Y антыгена, які кантралюецца Y-храмасомай. Калі H-Y антыген не ўтвараецца, ідзе развіццё паводле жаночага тыпу. Разам з тым і Y-храмасома, і H-Y антыген вызначаюць толькі генетычную дэтэрмінацыю полу, але не адказваюць за фарміраванне вонкавых палавых органаў, якія ў мужчын утвараюцца з вольфавых, а ў жанчын — з мюлеравых праток. Важная роля належыць гармонам, што выпрацоўваюцца клеткамі эмбрыянальных яечак. Парушэнні на храмасомным, антыгенным або гарманальным этапах вядуць да развіцця паводле жаночага тыпу. Зрэдку бываюць анамаліі псіхасексуальнай арыентацыі паводле полу (гл. Гомасексуалізм, Трансвестызм). Існуе мноства захворванняў (крыптархізм, манархізм, дысгенезія ганад і інш.), калі пад уплывам парушэнняў храмасом, генаў або знешніх фактараў развіццё палавых органаў індывіда адхіляецца ад звычайнага. Прагноз і лячэнне ў такіх выпадках залежаць ад характару захворвання.

т. 5, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)