тэхніка мастацкай апрацоўкі металу (звычайна ліставога) чаканамі рознага профілю; від манум.-дэкар. і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ударамі чаканаў па вонкавым ці адваротным баку метал. ліста, пакладзенага на смалістую масу, гуму, падушачку з пяском, ствараюць пукатую ці ўвагнутую выяву. Мех. спосабам або хім. рэчывамі паверхні чаканеных вырабаў надаюць розныя адценні, часта ўпрыгожваюць эмалямі. Вядома са старажытнасці, асабліва была пашырана ў краінах Усходу, у Расіі, на Каўказе (шырока вядома ў стараж. і сучаснай Грузіі). На Беларусі вядома з 9—11 ст. у аздабленні ювелірных вырабаў, з 12 ст. ў аздабленні абкладаў кніг. Высокага ўзроўню дасягнула ў 16—17 ст. У многіх гарадах існавалі цэхі майстроў залатых і сярэбраных спраў, дзе працавала шмат чаканшчыкаў. З латуні, серабра, радзей золата выраблялі літургічнае начынне, абклады кніг і абразоў. У дэкоры пераважалі расл. матывы. Ч. нярэдка дапаўнялася гравіраваннем, чарненнем, залачэннем, эмалямі, устаўкамі з каштоўных камянёў. У 2-й пал. 17 ст.бел. майстры-чаканшчыкі С.Якаўлеў, Х.Абрасімаў, С.Захар’еў, Ф.Мікулаеў і інш. працавалі ў Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля, дзе выраблялі сярэбраны, медны, латунны гасп. і літургічны посуд. З 18 ст. чаканены дэкор набыў нар. трактоўку, пазней — рысы ракако і класіцызму. У 19 ст. Ч. нярэдка замянялася штампоўкай. З 1960-х г. пачалося адраджэнне маст. Ч. Дэкар. пано, рэчы сувенірнага і маст. прызначэння, манум.-дэкар. характару ў гэтай тэхніцы вырабляюць прафес. і самадз.бел. мастакі (Ю.Адамовіч, М.Бруй, Ю.Гаўрын, Б.Дрозд, Ю.Любімаў, В.Міхайлюк, А.Паўлаў, А.Сурскі, Я.Шыбнёў), майстры ф-к маст. вырабаў.
Літ.:
Высоцкая Н.Ф. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст: [Альбом]. Мн., 1984;