ДУДЗЮ́К (Зінаіда Іосіфаўна) (н. 29.3.1950, в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэтэса і драматург. Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы ін-т (1977). Працавала на будоўлі, тэхнікам, інжынерам. Друкуецца з 1967. У зб-ках вершаў «Праводзіны птушак» (1983), «Абрысы лета» (1988) роздум над праблемамі маралі, сучаснага духоўнага жыцця. Піша вершы і казкі для дзяцей. Аўтар п’есы для лялечнага тэатра «Канёк-Гарбунок» (1985, паводле казкі П.Яршова), аднаактоўкі «У абдымку вятроў» (1985), радыёп’есы «Дудка-самагудка» (паст. 1989), дзіцячай п’есы «Сінязорка» (1995), драмы «Заложнікі шчасця» (1997). На бел. мову пераклала п’есу Т.Амосавай і І.Пятровай «Славутае качаня Цім» (паст. 1990).
Тв.:
Так і не: Вершы. Мн., 1993;
Палоннікі жыцця: Аповесці, апавяданні. Мн., 1997.
Літ.:
Калеснік У. Зінаіда Дудзюк // Беларусь. 1985. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЛАВА (Вера Георгіеўна) (н. 27.1.1910, Масква),
расійская арфістка, педагог. Нар.арт. Расіі (1966), нар.арт.СССР (1976). Дачка скрыпача Г.Дулава. Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1920—22 у К.Эрдэлі, 1922—25 у М.Карчынскай), з 1943 выкладала ў ёй (праф. з 1958). У 1929—31 салістка Маскоўскай філармоніі, у 1932—84 — аркестра Вял.т-ра. З 1930-х г. гастраліравала, у т. л. за рубяжом. З яе ўдзелам напісана шмат твораў для арфы (у т. л. канцэрты С.Васіленкі, А.Масалова, санаціны Л.Кніпера, А.Балціна, «Усходні танец» А.Хачатурана). Аўтар апрацовак для арфы, у т. л. твораў франц. клавесіністаў і інш., кн. «Мастацтва ігры на арфе» (1975). Сярод вучняў Э.Масквіціна, Н.Шамеева. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НДЗІН (Мікалай Мікалаевіч) (н. 28.10.1950, в. Чырвоны Бор Чавускага Р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Адзін з заснавальнікаў творчага аб’яднання «Квадрат» (1987). Сярод асн. твораў: серыі «Ікар» (1975—77), «Гараскоп» (1985), «Індыйскі цыкл» (1989—95), «Хрысціянскі цыкл» (1989), «Час збіраць камяні» (1992—93), трыпціх «Веліч» (1993), дыпціх «Песня песняў Саламонавых» (1996) і інш. Пераважаюць філас.-метафарычныя і сімвалічныя вобразы, біблейскія і гіст. матывы, складаная архітэктоніка, спалучэнне рэальных і ўмоўных форм. Творам уласціва экспрэсіўнасць і чысціня колеру. Аўтар экспазіцый у Бярэзінскім запаведніку (1983), віцебскіх музеях, маст. афармлення Палаца шлюбаў у Барысаве (1996).
М.Л.Цыбульскі.
М.Дундзін. «Я прыйшоў у сад мой...» З дыпціха «Песня песняў Саламонавых». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРНАВО́ (Мікалай Мікалаевіч) (4.11.1876, Масква —27.10.1937?),
рускі мовазнавец. Чл.-кар.АНСССР (1924), акад.АНБССР (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1918 праф. Саратаўскага, Бел. і Маскоўскага ун-таў. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 высланы. Рэабілітаваны ў 1964. Даследаваў слав. мовазнаўства («Да пытання аб старажытнейшых перакладах на стараславянскую мову біблейскіх тэкстаў. Супрасльскі рукапіс», 1926, «Думкі і меркаванні аб паходжанні стараславянскай мовы і славянскіх алфавітаў» і «Да пытання аб распадзе агульнаславянскай мовы», 1929), дыялекталогію і гісторыю рус. мовы. Аўтар першага рус. слоўніка лінгвістычных тэрмінаў «Граматычны слоўнік» (1924). У навук. працах выкарыстоўваў факты бел. мовы, апублікаваў арт. «Увагі да беларускай фанетыкі» (1929), рэцэнзіі на бел. і ўкр. мовазнаўчыя выданні.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 2. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РВІЧ (Ісак Аронавіч) (Адольфавіч; 1860, Мінск — 1924),
удзельнік народніцкага і с.-д. руху на Беларусі і сацыяліст. руху ў ЗША, вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1891), прафесар. Скончыў Мінскую гімназію (1877). У час вучобы ў Пецярбургскім ун-це ў 1879 арыштаваны, пасля гадавога зняволення высланы ў Мінск. Удзельнічаў у стварэнні мінскай Друкарні «Чорнага перадзелу». У 1880 зноў арыштаваны і сасланы на 4 гады ў Сібір. З 1885 у Мінску. З 1889 у ЗША. Чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі. Выдаваў у Нью-Йорку на рус. мове газ. «Прогресс», удзельнічаў у стварэнні і рэдагаванні час. «The Class Struggle» («Класавая барацьба») і «The Revolutionary Age» («Рэвалюцыйная эпоха»). Аўтар прац па перасяленчым руху сялян у Сібір, развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТЭН ((Hutten) Ульрых фон) (21.4.1488, замак Бург-Штэкельберг, каля г. Шлюхтэрн, Германія — 29.8.1523),
нямецкі пісьменнік-гуманіст, публіцыст, ідэолаг рыцарства. З франконскага рыцарскага роду. У 1505—11 і пазней вучыўся ў шэрагу ням. і італьян. ун-таў. З 1519 прыхільнік рэлігійнай Рэфармацыі і М.Лютэра. Пісаў пераважна на лац. мове. Адзін з аўтараў антысхаластычнай і антыцарк. ананімнай сатыры «Пісьмы цёмных людзей» (1515—17). Аўтар памфлетаў, дыялогаў, пісем, у якіх стварыў ідэальны маст. вобраз Армінія, прапагандаваў ант. спадчыну, выступаў за рэформу імперыі (моцная вярх. ўлада імператара), адзінства Германіі, стварэнне незалежнай ад Рыма царквы, развіццё культуры на гуманіст. аснове і інш. Ідэйны правадыр рыцарскага паўстання 1522—23. Пасля яго паражэння ўцёк у Швейцарыю, дзе і памёр.
Тв.:
Рус.пер. — Диалоги. Публицистика. Письма. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ШЧА ((Huszcza) Ян) (24.12.1917, б. фальварак Загасцінне, Міёрскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.6.1986),
польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Віленскі ун-т (1939). Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне, потым у Маскве; з 1945 жыў у Польшчы. Аўтар кніг паэзіі («Балада пра падарожных», 1938; «Вершы і байкі», 1969), прозы («Мястэчка над Альшанкай», 1948; «З далёкіх дарог», 1957; «Кругі», 1964, і інш.). Складальнік анталогій «Беларускія вершы» (1971), «Анталогіі беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў на польскую мову большасць вершаў. Пераклаў творы М.Багдановіча (у зб. «Выбраныя вершы», 1974), кнігі У.Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), Я.Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). У зб. эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) апісаў сваё падарожжа па Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (6.6.1880, г. Мазыр — 18.8.1956),
савецкі вучоны ў галіне механікі. Чл.-кар.АНСССР (1946), д-ртэхн.н., праф. (1920). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1943). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). У 1922—49 у ВНУ Масквы. Адначасова ў 1937—53 у Ін-це машыназнаўства. Навук. працы па тэорыі механізмаў, дастасоўнай механіцы, кінематычнай геаметрыі. Распрацаваў класіфікацыю механізмаў, тэорыю сферычных і складаных зубчастых механізмаў. Аўтарнавуч. дапаможнікаў па матэматыцы, механіцы, тэорыі механізмаў і машын. Прэмія імя П.Л.Чабышова АНСССР (1946).
Тв.:
Теория механизмов. 2 изд. М., 1953.
Літ.:
Артоболевский И.И. Краткий очерк жизни и деятельности В.В.Добровольского // Тр. семинара по теории машин и механизмов. М.; Л., 1950. Т. 9, вып. 36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ (Сяргей Фёдаравіч) (н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.Глебаў, І.Лучанок, В.Іваноў, Л.Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎ, Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік рус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм. ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.Шміта і К.Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.Вержбіловіч, Г.Віган, А.Глен, В.Гутар.