БРУН
(Bruhn) Эрык [сапр. Эверс (Evers) Бельтан; 3.10.1928, Капенгаген — 1.4.1986], дацкі артыст балета, балетмайстар, педагог; адзін з самых вядомых прадстаўнікоў дацкай балетнай школы. Скончыў школу Каралеўскага дацкага балета (1947),
у 1947—51 у яго трупе. У 1947—72 выступаў у розных трупах Еўропы і Амерыкі. У 1967—71 маст. кіраўнік Каралеўскага швед. балета. Выконваў вядучыя партыі ў балетах класічнага і сучаснага рэпертуару. Сярод пастановак у Каралеўскім дацкім балеце: «Маленькі канцэрт» на муз. Г.Гулда (1953), новая рэд. «Жызэлі» А.Адана (з Н.Б.Ларсенам, 1959); у рымскай Оперы — «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера (1966), у Нац. балеце Канады — «Сільфіда» і «Капелія» Л.Дэліба (1975). Прапагандаваў стрымана-вытанчаную, але мужную манеру танца, уласцівую школе А.Бурнанвіля. Аўтар кн. «Бурнанвіль і балетная тэхніка» (з Л.Мур). Прэмія В.Ніжынскага (Парыж, 1968).
т. 3, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)