Гутаперча мае гуту (50—90%), прыродныя смолы, бялкі, вільгаць. Гута — транс-поліізапрэн (геам. ізамер макрамалекулы каўчуку натуральнага), малекулярная маса 35 000—50 000, шчыльн. 940—960 кг/м³. Гутаперча раствараецца ў араматычных вуглевадародах, серавугляродзе. Пры т-ры 50—70 °C размякчаецца і становіцца пластычнай. Вулканізуецца серай. Вулканізаты — добрыя дыэлектрыкі, устойлівыя да ўздзеяння вады (вільгацепаглынанне на працягу 2 гадоў не перавышае 0,2%), канцэнтраваных кіслот, у т. л. салянай і плавікавай. Выкарыстоўваюць для электраізаляцыі падводных і падземных кабеляў, у электра- і радыёпрамысловасці, вытв-сці кляёў і інш. Атрымліваюць сінт. гутаперчу — транс-поліхларапрэн, які па будове і тэхн. уласцівасцях аналагічны гутаперчы натуральнай. На Беларусі для атрымання гутаперчы доўгі час выкарыстоўвалі брызгліну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
група нерастваральных у вадзе фарбавальнікаў. Паводле хім. класіфікацыі К.ф. — пераважна поліцыклічныя і антрахінонавыя фарбавальнікі; асобная група К.ф. — індыгоідныя фарбавальнікі і тыяіндыгоідныя.
Пры фарбаванні К.ф. папярэдне аднаўляюць у асн. асяроддзі. У выніку рэакцыі аднаўлення ўтвараюцца водарастваральныя солі лейказлучэнняў. Атрыманы фарбавальны раствор наз. кубам (індыга, вядомы са старажытнасці, аднаўлялі ў чопах — «кубах», адсюль назва). Лейказлучэнні ў адрозненне ад зыходных К.ф. добра сарбіруюцца валакном, а пры наступным акісленні (кіслародам паветра або інш. акісляльнікамі) рэгенерыруюць К.ф. з утварэннем высокаўстойлівай афарбоўкі. К.ф. вырабляюць у выглядзе парашкоў у спалучэнні са значнай колькасцю дыспергатараў і пастаў (для суспензійнага фарбавання і друкавання тканін), некаторыя — у выглядзе кубазолей — растваральных у вадзе натрыевых солей гідрагенсульфатаў эфіраў лейказлучэнняў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўкі бавоўны, лёну, віскозных валокнаў і іх сумесей з поліэфірнымі валокнамі, а таксама футра ў шэры або руды колер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НІЙ (лац. Polonium),
Po, радыеактыўны хім. элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 84, ат. м. 208,9824. Вядомы 27 ізатопаў з масавымі лікамі 192—218. Найб. доўгажывучы штучны 209Po (T1/2 — перыяд паўраспаду 102 гады). Ізатопы з масавымі лікамі 210—218 уваходзяць у прыродныя радыеактыўныя рады, найб. устойлівы з іх 210Po (T1/2 138,3 сут; α-выпрамяняльнік). Вылучаны з уранавай смаляной руды П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры ў 1898; назва ад лац. Polonia — Польшча.
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 254 °C, tкіп 949 °C, шчыльн. 9136 кг/м³ (вылічаная). У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з растворамі кіслот. З вадародам утварае лятучы гідрыд PoH2. Атрымліваюць 210Po апрамяненнем метал. вісмуту нейтронамі, а таксама з адходаў перапрацоўкі уранавых руд. Выкарыстоўваюць для вырабу крыніц эл. энергіі на спадарожніках і ў пераносных прыстасаваннях, у сумесі з берыліем для атрымання лабараторных крыніц нейтронаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛУРГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізавана на атрыманні металаў з руды і інш. матэрыялаў, на змене хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў. Уключае чорную металургію і каляровую металургію. Вядзе здабычу і абагачэнне няруднай сыравіны для чорнай металургіі, вырабляе чорныя і другасныя каляровыя металы, трубы, метызы вытв. прызначэння, другасную апрацоўку чорных металаў, цвёрдыя сплавы тугаплаўкіх і гарачатрывалых металаў. На Беларусі найб. прадпрыемствы — Беларускі металургічны завод, Магілёўскі металургічны завод, Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Рэчыцкі метызны з-д. Сталь выплаўляюць таксама цэхі пераважна машынабуд. з-даў. У Мінску дзейнічае з-д па другаснай перапрацоўцы каляровых металаў. У 1997 М.п. уключала 19 прадпрыемстваў, на якіх занята 14 тыс.чал.; выраблена: чыгуннага ліцця 209 тыс.т, сталі 1220 тыс.т, гатовага пракату 1072 тыс.т, стальных труб 30,7 тыс.т (13 314 тыс.м), металакорду 40,4 тыс.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДЫЯ,
гістарычная вобласць, пазней дзяржава ў паўн.-зах. абласцях Іранскага нагор’я. Летапісныя звесткі пра мідыйцаў адносяцца да 2-й пал. 9 ст. да н.э., калі яны вялі ўпартую барацьбу з Асірыяй, якая захапіла частку іх зямель. З 770 да н.э. царства са сталіцай ў г. Экбатана. У часы праўлення Кіяксара [625 ці 624—584 да н.э.] — найвялікшая дзяржава Стараж. Усходу. Заваявала Мінейскае царства, у саюзе з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву, падпарадкавала Урарту і інш. землі. У М. вялася шырокая здабыча меднай руды (слова «Медзь» у слав. мовах паходзіць ад назвы гэтай краіны). У 550 ці 549 да н.э. заваявана персамі, у якасці сатрапіі ўвайшла ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У апошняй чвэрці 4 ст. да н.э. самастойнасць М. была адноўлена, але яна займала толькі частку б. тэрыторыі ў паўд. Азербайджане і называлася Малой М. (Мідыйскай Антрапатэнай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЗА́Й, Рэмзі (Ramsay) Уільям (2.10.1852, г. Глазга, Вялікабрытанія — 23.7.1916), англійскі хімік і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1888). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1913). Вучыўся ва ун-тах Глазга (1866—70), Гайдэльберга і Цюбінгена (д-р філасофіі; 1872). З 1872 ва ун-це Глазга, з 1880 праф. Брыстольскага, у 1887—1913 — Лонданскага ун-таў. Навук. працы па фізічнай, арган. і неарган. хіміі, гісторыі хіміі і фізікі. Адкрыў аргон (1894, разам з Дж. У.Рэлеем), неон, крыптон і ксенон (1898, разам з М.Траверсам). Вылучыў гелій з газаў клевіту (разнавіднасць уранавай смаляной руды; 1895). Вызначыў месца інертных газаў у перыяд. сістэме хім. элементаў (1900, адначасова з Дз.І.Мендзялеевым). Эксперыментальна назіраў самаадвольны радыеактыўны распад радыю і радону з утварэннем гелію (1903, разам з Ф.Содзі). Нобелеўская прэмія 1904.
Літ.:
Соловьев Ю.И., Петров Л.П. Вильям Рамзай, 1852—1916. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНАЯ ПЕЧ, трубчастая печ,
прамысловая гарызантальная або крыху нахіленая печ цыліндрычнай формы, якая верціцца вакол падоўжнай восі. Прызначана для награвання матэрыялаў з мэтай іх фіз.-хім. апрацоўкі. Бывае на пылаватым, кавалкавым, вадкім ці газавым паліве, з эл. нагрэвам. Даўж. да 230 м, дыяметр да 7,5 м, прадукцыйнасць да 150 т/гадз гатовай прадукцыі.
Сыравіна або вырабы награюцца ў печы (прамым нагрэвам, праз сценку муфеля або камбінаваным спосабам), перамяшчаюцца пры вярчэнні яе корпуса і выгружаюцца. У награвальных вярчальных печах метал. загатоўкі падрыхтоўваюць да коўкі і штампавання; у тэрмічных праходзяць тэрмічную апрацоўку; у абпальных абпальваюць клінкер, руды, нярудныя матэрыялы, жалезарудныя акатышы і інш. Вярчальныя печы выкарыстоўваюць ў металургіі (напр., вельц-печы), цэментнай і хім. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,
выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.
У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1780—1870 у мяст. Вішнева Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Засн. Храптовічам як мануфактура. Працаваў на мясц. балотнай рудзе і драўняным вугалі. У першыя гады выраблялася за год 352—368 т жалеза (з-д працаваў па 40 тыдняў у год). У 1794 каваў зброю для паўстанцаў А.Т.Касцюшкі. У 1828 дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, 2 вадзяныя молаты, 5 чыгунных кавадлаў і інш. Вырабляў сашнікі (5 тыс. штук у 1823), паласавое жалеза, адліўкі для с.-г. інвентару і пліт. У 1860 працавалі 2 домны, 3 вагранкі, 8 кавальскіх горнаў і інш., выраблена 160 т чыгуну; агульная колькасць апрацаванага металу каля 1 тыс.т. Працавалі ад 20 (канец 18 ст.) да больш за 200 (1853) рабочых. У сувязі з вычарпаннем радовішчаў мясц.руды і канкурэнцыяй у 1870 закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́Я А́ЗІЯ,
паўвостраў на З Азіі, складае большую частку тэр. Турцыі. Пл. каля 400 тыс.км². Даўж. з 3 на У 1000 км, шыр. 400—600 км. Абмываецца Чорным, Мармуровым, Эгейскім і Міжземным морамі, пралівамі Басфор і Дарданелы. Паўн. і паўд. берагі стромкія, малапарэзаныя, зах. — моцна расчлянёны бухтамі і залівамі. Амаль увесь паўвостраў заняты Малаазіяцкім нагор’ем, у сярэдзіне якога Анаталійскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (г. Эрджыяс, 3770 м). Па ўскраінах паўн.ч. паўвострава Пантыйскія горы, паўд. — горы Таўр. Па берагах мораў участкі нізін з міжземнаморскай расліннасцю. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, нафта, храміты, жал., марганцавая і інш.руды, сера, каменная соль. Клімат субтрапічны. Рэкі горныя, малаводныя. Найб.воз. Туз. На прыморскіх схілах ускраінных гор шыракалістыя лясы вільготных субтропікаў калхідскага тыпу і цвердалістыя міжземнаморскія лясы і хмызнякі. На ўнутр. схілах гор і пласкагор’ях паўпустыні і нагорныя стэпы. Горныя і пустынна-стэпавыя віды фауны.