РАМЗА́Й, Рэмзі (Ramsay) Уільям (2.10.1852, г. Глазга, Вялікабрытанія — 23.7.1916), англійскі хімік і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1888). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1913). Вучыўся ва ун-тах Глазга (1866—70), Гайдэльберга і Цюбінгена (д-р філасофіі; 1872). З 1872 ва ун-це Глазга, з 1880 праф. Брыстольскага, у 1887—1913 — Лонданскага ун-таў. Навук. працы па фізічнай, арган. і неарган. хіміі, гісторыі хіміі і фізікі. Адкрыў аргон (1894, разам з Дж. У.Рэлеем), неон, крыптон і ксенон (1898, разам з М.Траверсам). Вылучыў гелій з газаў клевіту (разнавіднасць уранавай смаляной руды; 1895). Вызначыў месца інертных газаў у перыяд. сістэме хім. элементаў (1900, адначасова з Дз.І.Мендзялеевым). Эксперыментальна назіраў самаадвольны радыеактыўны распад радыю і радону з утварэннем гелію (1903, разам з Ф.Содзі). Нобелеўская прэмія 1904.
Літ.:
Соловьев Ю.И., Петров Л.П. Вильям Рамзай, 1852—1916. М., 1971.