рака на У ЗША. Даўж. 520 км, пл. басейна каля 35 тыс.км². Пачынаецца з ледавіковых азёр гор Адырондак, цячэ ў Апалачах, у глыбокай даліне з шматлікімі парогамі і вадаспадамі; упадае ў бухту Лоўэр-Бей Атлантычнага ак.; утварае эстуарый глыб. ад 3,5 м да 14 м. Падводная даліна, т.зв. Каньён Гудзона, працягваецца ў глыб. акіяна на 200—250 км. Марскія прылівы на 240 км ад вусця да плаціны г. Трой. Жыўленне снега-дажджавое. Макс. веснавое разводдзе ў сак.—красавіку. Сцёк зарэгуляваны плацінамі. Сярэдні расход вады каля 630 м³/с. Суднаходства ад г. Трой. Суднаходнымі каналамі злучана з азёрамі Эры (канал Эры), Антарыо і Шамплейн (водны шлях да р.Св. Лаўрэнція). У бас. Гудзона буйныя ГЭС (Шэрман-Айленд, Спайр-Фолс і інш.). На Гудзоне гарады Трой, Олбані, Хадсан, Кінгстан, Пакіпсі, у вусці — г. Нью-Йорк. Названа ў гонар англ. мараплаўца Г.Гудзона, які адкрыў у 1609 вусце ракі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗО́Н, Хадсан (Hudson) Генры (каля 1550, Вялікабрытанія — 1611), англійскі мараплавец. У пошуках паўн. марскога шляху з Атлантычнага ак. ў Ціхі здзейсніў 4 плаванні ў арктычных морах, арганізаваныя лонданскімі і амстэрдамскімі купцамі, якія шукалі новыя шляхі ў Кітай і Індыю. У 1607 імкнуўся прайсці ў Ціхі ак. праз Паўн. полюс, падняўся да 80°23 паўн. ш., адкрыў в-аў Ян-Маен. У 1608 няўдала спрабаваў знайсці праход паміж а-вамі Шпіцберген і Новая Зямля. У 1609 накіраваўся ў Баранцава м., а адтуль да берагоў Паўн. Амерыкі для пошукаў Паўн.-Зах. праходу, абследаваў частку ўзбярэжжа мацерыка, адкрыў вусце ракі (пазней названа яго імем) і падняўся па ёй на 250 км. У 1610 прайшоў на З пралівам паміж Лабрадорам і Бафінава Зямлёй і адкрыў вял. заліў (пазней названы яго імем). У яго паўд.ч. (зал. Джэймс) карабель Гудзона зазімаваў. У чэрв. 1611 на зваротным шляху каманда ўзбунтавалася. Гудзон з сынам і 7 маракамі былі высаджаны з карабля ў шлюпку і прапалі без вестак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫМА́,
рака на ПнУ Азіі, у Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2129 км, пл.бас. 643 тыс.км². Утвараецца ад зліцця рэк Кулу і Аян-Юрах. Упадае ў Калымскі зал. Усх.-Сібірскага м., утварае дэльту. У вярхоўі праразае хр. Чэрскага, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні даліна шырокая. У нізоўі цячэ па Калымскай нізіне. Асн. прытокі: Каркадон, Амалон, Вял. Анюй (справа), Ясачная, Ажогіна, Седэдэма (злева). Жыўленне пераважна снегава-дажджавое. Ледастаў з пач.кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой наледзі. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 3900 м³/с. Прамысл. рыбы: рапушка, муксун, сіг, нельма, омуль. Суднаходная на 2000 км ад вусця. На К. знаходзіцца г. Сярэднекалымск. К. наз. таксама залатаносную тэр. у бас.ракі К. (сучасная Магаданская вобл. і суседнія раёны). У перыяд масавых рэпрэсій (1930—50-я г.) там былі засяроджаны лагеры прымусовай працы (гл.ГУЛАГ), дзе ў выніку цяжкіх умоў існавання загінула больш як 4 млн. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕСК,
у старажытнабеларускай міфалогіі злы волат-чараўнік. Паводле падання, ён выйшаў з лесу да безыменнай ракі і застаўся тут жыць. М. запрудзіў раку вялізнымі валунамі, пабудаваў з іх вадзяны млын і прымусіў навакольных жыхароў малоць збожжа толькі на гэтым млыне. Тых, хто адмовіўся, М. забіў, а ўсім астатнім пачаў малоць збожжа разам з камянямі і людскімі душамі. Тых, хто не мог заплаціць грошы за памол, ён пакідаў у сябе работнікамі. Калі работнікі гублялі сілы ад цяжкай працы, М. позіркам ператвараў іх у камяні. Разам з сябрамі і дружынай М. бязлітасна рабаваў наваколле. Людзі паклікалі на дапамогу добрага чараўніка. Той позіркам ператварыў М. ў малога хлопчыка, які знік назаўсёды, разбурыў млын і запруду. На месцы, дзе жыў М., узнікла паселішча (пазней горад) і ад імя гэтага волата атрымала назву Менеск, якая ў далейшым трансфармавалася ў Менск (сучасны Мінск).
Літ.:
Міншчына: Назвы насел. пунктаў паводле легендаў і паданняў. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РАЧ,
рака ў Слуцкім, Клецкім і Салігорскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Случ (бас.р. Прыпяць). У верхнім цячэнні рака наз.Копанка. Даўж. 150 км. Пл. вадазбору 2030 км².
Пачынаецца каля в. Вошкаты Капыльскага р-на на Капыльскай градзе, цячэ па паўд.-зах.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны і паўн.ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Удава, Мажа, (справа), Волка, Вызенка (злева). Даліна на вял. працягу невыразная, месцамі трапецападобная, шыр. 400—800 м. У месцах, дзе даліна выразная, пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. 100—200 м. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. яго да в. Морач Капыльскага р-на 2—4 м, ніжэй 20—25 м, каля Чырвонаслабодскага вадасховішча (плаціна за 50 км ад вусця ракі) 40—50 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 5 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,7 м³/с. М. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ДКА,
параўнальна кароткачасовае і неперыядычнае рэзкае падняцце ўзроўняў і сцёку ракі ад вял. дажджоў, раставання снегу і ледавікоў. У адрозненне ад разводдзя П. можа быць у кожную пару года і не звязана з сезонам. Вял. П. выклікаюць навадненні, менш значныя таксама прычыняюць шкоду сельскай гаспадарцы. На рэках Беларусі найб. вышыню і працягласць маюць П. ў канцы лета і восенню, калі ідуць зацяжныя дажджы. У асобныя гады на некаторых рэках узроўні П. часам перавышаюць веснавое разводдзе на 1—1,5 м. Працягласць летне-асенніх П. звычайна 20—30 сутак. Яны здараюцца 1—2 разы за лета і восень, у бас.р. Нёман да 5—6 разоў. Найбольшыя дажджавыя П. былі ў 1962, катастрафічныя, якія здараюцца прыблізна раз у 100 гадоў, — увосень 1974 у бас. рэк Зах. Буг і Прыпяць. Зімовыя П. часцей бываюць на З і ПдЗ Беларусі. За зімовы перыяд адбываюцца 1—2 падняцці ўзроўняў, у асобныя гады — 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ВІЧ (Альберт Францавіч) (11.11. 1875, Мінск — 17.3.1951),
бел. паэт-гумарыст, драматург. Скончыў 4-класнае гар. вучылішча ў Мінску (1894). Працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Жыў у Мінску. З 1932 у Маскве, на Урале, з 1945 у Курску. Займаўся жывапісам, вышываў дываны. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 19 ст., у бел. друку выступіў у 1907 (газ. «Наша ніва»), Друкаваўся ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка» і інш. Выдаў зб. вершаў «Снапок» (1910), драму «Васількі» (1919). У лірычных вершах гучалі патрыят. матывы. Творчасць П. цесна звязана з фальклорам. Найб. вядомымі і папулярнымі былі яго вершаваныя гумарыст. апавяданні, жартоўныя сцэнкі, пераказы бел.нар. анекдотаў («Пан і акуляры», «Ракі», «Шчодрая ахвяра», «Маладая гаспадынька» і інш.). Аўтар арт. «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», 1925), «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча на мінскай сцэне» (1929). На бел. мову перакладаў творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКІ́ДВАННЕ СЦЁКУ,
тэрытарыяльнае пераразмеркаванне водных мас з паверхневых водных крыніц (рэкі, азёры, вадасховішчы) у інш. раёны ці басейны праз каналы ці трубаправоды з мэтай арашэння, водазабеспячэння прам-сці і насельніцтва, рэкрэацыі, паляпшэння ўмоў суднаходства, выпрацоўкі электраэнергіі і інш. Адрозніваюць П.с. ўнутрыбасейнавыя, або лакальныя (у межах бас. адной ракі), міжбасейнавыя (унутрыландшафтныя і міжландшафтныя) і міжрэгіянальныя, або міжзанальныя. На Беларусі першыя П.с. (канец 18—пач. 20 ст.) ажыццяўляліся для жыўлення водна-трансп. злучэнняў (напр., вод з азёр Арэхаўскае і Белае па Арэхаўскім і Белаазерскім каналах у Дняпроўска-Бугскі канал). З мэтай водазабеспячэння Мінска і воднага добраўпарадкавання прыгараднай зоны і горада створаны Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.
П.с. можа аказваць адмоўны ўплыў на бас. рэк-донараў пераасушэнне поймы, дэградацыя поймавых лугоў і лясоў, знішчэнне ці памяншэнне плошчы нерасцілішчаў і нагульных угоддзяў, пагаршэнне ўмоў гнездавання вадаплаўных птушак і інш. Для прадухілення негатыўных з’яў. звязаных з П.с., рэкамендуецца пакідаць у вадаёмах-донарах пэўную колькасць прыродаахоўнага сцёку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧАў Віцебску.
Ансамбль плошчы сфарміраваўся ў 1970-я г. (аўтары праекта забудовы арх. А.Бельскі, В.Данілаў, З.Конаш, З.Озерава, А.Расейкін, А.Фрыдман, Ю.Шпіт, праекта планіроўкі і добраўпарадкавання — А.Данілава, З.Даўгяла, Р.Княжышча, інж.-азеляніцель Л.Нячай). Прастора прамавугольнай у плане плошчы (380 × 190 м) абмежавана Маскоўскім праспектам, вул. Жасткова і набярэжнай Зах. Дзвіны. Плошча мае функцыян. і арх.-маст. значэнне для грамадскага цэнтра і горада ў цэлым. З’яўляецца цэнтрам вял. новага раёна забудовы, мемар. ансамблем, комплексам абслугоўвання і месцам адпачынку. Своеасаблівае аблічча плошчы ствараецца горадабудаўнічымі і ландшафтнымі ўмовамі, цэласнасцю арх.-маст. задумы, падпарадкаванай тэме Вял.Айч. вайны. Кампазіцыйны цэнтр ансамбля — Помнік вызваліцелям на беразе ракі. У аснове азелянення плошчы ландшафтны прынцып, пераважае зялёны газон з маляўнічымі групамі кустоў і невысокіх дрэў. Ён дапаўняецца «альпійскімі горкамі», групамі натуральнага каменю, дэкар. тэматычнай скульптурай і інш. малымі арх. формамі, у цэнтры — фантан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
вытворнае або другаснае значэнне, якое слова набывае ў працэсе яго моўнага ўжывання. У адрозненне ад прамога значэння П.з.с. заўсёды матываванае. Перанос значэнняў адбываецца на аснове пэўных кантэкстуальных ці асацыятыўных сувязей, якія ўзнікаюць паміж асобнымі прадметамі ці з’явамі рэчаіснасці («крыло птушкі» — «крыло самалёта», «акно хаты» — «акно ў прыроду», «лясная дарога» — «дарога да бацькоў»). Гэтыя сувязі могуць абумоўлівацца падабенствам прадметаў паводле іх вонкавай формы, колеру, месцазнаходжання ці размяшчэння ў прасторы, характару руху, функцыі ці прызначэння («нос лодкі», «свінцовыя хмары», «падэшва гары», «рукаў ракі», «галава калоны», «гняздо слоў», «дворнікі аўтамабіля»); тоеснасці прадметаў па якіх-н. знешніх ці ўнутр. праяўленнях, дзеяннях, адносінах ці адчуваннях («лагодны ветрык», «цёплае пачуццё», «кіслая ўсмешка», «шэпча лес», «дыхае зямля», «спіць рака», «дрэмле поле»); суаднесенасці прадметаў ці асоб па месцы і родзе заняткаў, па якіх-н. найб. характэрных для іх адметнасцях («уважлівая аўдыторыя», «здольны клас»). П.з.с. звязаны з асн. значэннем адносінамі метафарычнай ці метанімічнай залежнасці, суаднесенасцю назваў цэлага і яго частак (гл.Метафара, Метанімія, Сінекдаха).