палітычная арганізацыя, якая з кастр. 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да ліст. 1991 — у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Яе сац. база — рабочы клас і бяднейшае (потым калгаснае) сялянства, тэарэт. аснова — марксізм-ленінізм. Бярэ пачатак з Першага з’езда РСДРП (13—15.3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (30.7—23.8.1903, Брусель—Лондан). У бальшавізме сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. З канца 20-х г. ён стаў асаблівай якасцю, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла такія яго рысы, як крайні цэнтралізм, аднадумства тэарэт. дагматызм, радыкальныя формы рэв. барацьбы. Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (18—30.1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арг-цый РСДРП пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. 1-я Праграма партыі, прыпятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначылі бурж.-дэмакр. і сацыяліст. этапы рэв. барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, пабудова сацыяліст. грамадства — 1-й ступені камуніст.сац.-эканам. фармацыі. У ходзе рэвалюцыі 1905—07 у Расіі бальшавікі актыўна падтрымалі створаныя рэв. ініцыятывай іванава-вазнясенскіх рабочых Саветы рабочых дэпутатаў, выступілі за ператварэнне іх у органы ўзбр. паўстання, зародак новай рэв. улады. Памылкова спадзеючыся на рэв. ўздым, бальшавікі байкатавалі выбары ў 1-ю і 2-ю Дзяржаўную думу. З 1907 свой удзел у Думе яны разумелі як адну з форм выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Пазадумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На V з’ездзе РСДРП (13.5—1.6.1907, Лондан) замест Цэнтр.к-та (ЦК) і Цэнтр. органа (ЦО) выбраны толькі ЦК (з 12 членаў ЦК было абрана 5 бальшавікоў і 7 меншавікоў). Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У.А.Леніным, які выпускаў газ. «Пролетарий» (1906—09). У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газ. «Звезда». 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газ.«Правда». З пач. 1-й сусв. вайны (1.8.1914) бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыяліст. вайны ў грамадзянскую, да дэмакр. рэвалюцыі ў Расіі. Адсюль вынікаў тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жн. 1915 Ленін прапанаваў замяніць марксісцкае палажэнне аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталіст. краін новым палажэннем, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай капіталістычнай краіне». У пач. 1917 у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Бальшавікі мелі свае арг-цыі ва ўсерас. маштабе і адзіны цэнтр — Рус. бюро ЦК. Пасля перамогі 27 лют. (12 сак.) Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ўзніклі 2 улады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць склалі меншавікі. Вярнуўшыся з-за мяжы, Ленін на Красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах («Красавіцкія тэзісы»): пераход ад бурж.-дэмакр. да сацыяліст. этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Супраць выступілі Л.Б.Каменеў і А.А.Рыкаў. VII (Красавіцкая) Усерас. канферэнцыя РСДРП(б) [24—29.4(7—12.5).1917, Петраград] па прапанове Леніна прыняла курс на сацыяліст. рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзярж. улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. VI з’езд РСДРП(б)[26.7—3.8(8—16.8).1917, Петраград] пацвердзіў курс на сацыяліст. рэвалюцыю ў краіне праз узбр. паўстанне. 10(23) кастр. ў Петраградзе ЦК. прыняў рашэнне аб практычнай яго падрыхтоўцы. 16(29) кастр. пры Петраградскім Савеце быў створаны Ваен.-рэв. цэнтр з членаў ЦК. 24 кастр. (6 ліст.) Пецярбургскі к-т прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастр. (7 ліст.) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 перамагла. У звароце «Да грамадзян Расіі!» Ленін выклаў праграму: дэмакр. мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Сав. ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград) выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з Леніным, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды. VIII з’езд РКП(б) (18—23.3.1919, гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыяліст. вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуніст. рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прам-сці і с.-г. вытв-сці, пралетарскай дэмакратыі ў форме сав. улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) па ініцыятыве Леніна прыняў рашэнне аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. З’езд забараніў у РКП(б) фракцыйную дзейнасць. Погляды апазіцыі павінны былі падпарадкоўвацца рашэнню большасці. У крас. 1922 пленум ЦК выбраў Ген. сакратаром ЦК партыі І.В.Сталіна. 6.10.1922 пленум ЦК РКП(б) прыняў рашэнне «прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», які быў створаны 30.12.1922 на I з’ездзе Саветаў СССР. У адпаведнасці з пастановай XII з’езда РКП(б) (17—25.4.1923) у краіне ўсталёўвалася дыктатура партыі, а да 1929 — сістэма наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў. Апошняя стала ключавым звяном вяршэнства партыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. З 1925 парт. органы прыступілі да выканання пастаўленай XIV з’ездам ВКП(б) (18—31.12.1925) задачы сацыяліст.індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканам. самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. На ліпеньскім (1928) пленуме ЦКВКП(б) Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Гэты тэзіс стаў тэарэт. абгрунтаваннем масавых рэпрэсій палітычных, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У пач. 1930-х г. планавалася завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ліквідаваць кулацтва як клас. Парт. органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалаг. дыктат камуніст. дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР спынілі дзейнасць інш.паліт. партыі. Камуніст. партыя ператварылася ў ядро грамадскіх арг-цый і дзярж. улады, што было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936. XVIII з’езд ВКЛ(б) (10—21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства. У маі 1941 Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНКСССР. З першых дзён Вял.Айч. вайны парт. і дзярж. органы ўзначалілі барацьбу сав. народа супраць фаш. агрэсіі. Сакратар ЦКВКП(б) Сталін прызначаны і Старшынёй Дзярж.к-та абароны і Вярх. Галоўнакамандуючым. Больш за палову членаў партыі змагаліся з ворагам у дзеючай арміі, 140 тыс. — у партыз. атрадах і брыгадах. У краіне сфарміравалася скаардынаваная сістэма аб’яднанага парт., дзярж., гасп. і ваен. кіраўніцтва. На XIX з’ездзе партыі (5—14.10.1952) ВКП(б) перайменавана ў КПСС. На вераснёўскім (1953) пленуме ЦККПСС Першым сакратаром ЦК выбраны М.С.Хрушчоў. Па выніках даклада Хрушчова на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) «Аб кульце асобы і яго выніках» ЦККПСС 30.6.1956 прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦККПСС Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, першым сакратаром абраны Л.І.Брэжнеў. У 2-й пал. 1960-х г.КПСС прыняла і пачала праводзіць у жыццё эканам. рэформу, скіраваную на інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу. У пач. 1970-х г. было адзначана, што ў СССР пабудавана развітое сацыяліст. грамадства. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) аднавіў пасаду Ген. сакратара ЦККПСС, скасаваную ў 1953. У чэрв. 1977 Ген. сакратар ЦККПСС Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У ліст. 1982 Ген. сакратаром ЦК КЛСС выбраны Ю.У.Андропаў, у маі 1984 — К.У.Чарненка (з красавіка ён быў і Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У сак. 1985 Ген. сакратаром ЦККПСС абраны М.С.Гарбачоў. Па яго ініцыятыве КПСС пачала перабудовупарт., сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2—6.3.1986) прыняў новую рэдакцыю Праграмы партыі — праграму планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. 17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканам. метады кіраўніцтва, шырокую дэмакратызацыю грамадства. На XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28.6—1.7.1988) прынята рашэнне аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе паліт. сістэмы сав. грамадства. 25.5.1989 з’езд нар. дэпутатаў СССР выбраў Ген. сакратара Гарбачова Старшынёй Вярх. Савета СССР, а 15.3.1990 — Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд нар. дэпутатаў СССР (сак. 1990) выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро паліт. сістэмы СССР. У снеж. 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай паліт. арг-цыяй, у крас. 1990 адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прыняў пастанову аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. 25.7.1991 пленум ЦККПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. Пасля выступлення 19—21.8.1991 Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы Прэзідэнт РСФСР Б.М.Ельцын і Ген. сакратар ЦККПСС Гарбачоў 6.11.1991 выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне. Перастала існаваць як састаўная частка КПСС і Камуністычная партыя Беларусі. У далейшым у краінах СНД былі створаны камуністычныя партыі, якія лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі КПСС, у ліку іх КПБ, ПКБ, КПРФ, КПУ і інш.
Літ.:
История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;
Джилас М. Новый класс: Анализ коммунистической системы: Пер. с англ. Нью-Йорк. 1958;
История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т.Т. 1—5. М., 1964—82;
Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;
Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
Страницы истории КПСС: Факгы. Проблемы. Уроки. М., 1989;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Восленский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;
Рассел Б. Практика и теория большевизма: Пер. с англ.М., 1991;
История политических партий России. М., 1994;
Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НА (Францыск) (каля 1490, г. Полацк Віцебскай вобл. — каля 1551),
бел. і ўсх.-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык. Дакладная дата нараджэння невядома. Супастаўленне звестак пра паступленне ў Кракаўскі ун-т (1504) і абароны доктарскай дысертацыі ў Падуанскім ун-це (1512), дзе ён названы «маладым чалавекам», дае падставы прыняць 1490 як прыблізны год яго нараджэння (дапушчальна і 2-я пал. 1480-х г.). Звесткі пра сям’ю С. вядомы з канца 15 ст. Бацька С. — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе рас. пасольскіх прэтэнзій 1492 да полацкіх купцоў. Старэйшы брат С. Іван названы ў каралеўскім дэкрэце адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя С. Гіпотэза пра тое, што С. іменаваўся Георгіем, новымі дакументальнымі адкрыццямі не пацвярджаецца. У сваіх выданнях С. больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Франциск», зрэдку «Францишек». У актах ВКЛ на лац. мове яго імя называюць «Franciscus», на бел. мове «Франьцышак», «Франьцышъко». Першапачатковую адукацыю С. атрымаў, відаць, у Полацку. Тут або ў сталіцы ВКЛ Вільні прайшоў ён і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лац. мовай. У зімовы семестр 1504 С. паступіў у Кракаўскую акадэмію (ун-т) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. У Кракаве С. ўсвядоміў навуч. і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі. У 1506 ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе С. знаходзіўся ў 1507—12. Магчыма, ён скончыў ун-т і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш верагодна, што доктарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ун-та 9.11.1512 сведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» (?). Не пазней восені 1512 С. прыбыў у г. Падуя, каб набыць ступень доктара медыцыны. Можна меркаваць, што грунтоўную мед. адукацыю С. атрымаў у Кракаве або ў Падуі ці Балонскім ун-це. 9.11.1512 С. абараніў ступень доктара мед.навук. Пра дзейнасць С. ў 1513—16 дакумент. звесткі не выяўлены, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. У 1510-я г. С. наведаў Вільню, Полацк, інш. гарады ВКЛ і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць С. ў Празе ў 1517—19 дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516. 6.8.1517 С. выдаў сваю 1-ю кнігу — Псалтыр. На працягу наступных 2 гадоў ён выдаў 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі «Царстваў» за 4) Старога Запавету: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклесіяст», «Песня песняў», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некат. з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519, магчыма, надрукаваны ў 1520. У пач. 1520-х г. С. пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некат. часткі, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 у Вільні С. выдаў кн. Апостал. З сярэдзіны 1520-х г. С. служыў сакратаром віленскага біскупа Яна, займаўся і мед. дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з Маргарытаю, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вул., недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Як лічаць даследчыкі, у канцы 1520 — пач. 1530-х г. С. наведаў Маскву, каб распаўсюдзіць там свае выданні. У 1530 па нейкіх прычынах ездзіў у Кёнігсберг да герцага Альбрэхта. Відаць, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—30 у Прускім герцагстве пандэміі т.зв. англ. гарачкі. Паводле інш. меркаванняў, увагу герцага прыцягвала асветніцкая і выдавецкая дзейнасць С. У канцы 1520 — пач. 1530-х г. матэрыяльнае становішча С. пагоршылася: памерлі амаль усе апекуны яго выдавецкай дзейнасці (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік); пачаліся судовыя працэсы ў Вільні з-за маёмасці жонкі, як удзельнік гандлёвых аперацый нябожчыка брата Івана С. быў зняволены на некалькі месяцаў у пазнанскай турме; пажар 1530 знішчыў значную частку Вільні, магчыма, і яго друкарню; апякун С. віленскі біскуп Ян у 1536 пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць падтрымкі вымусілі С. пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.
У канцы 1530-х г., магчыма, і ў 1540-я г. С. працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Невядомы і дакладны час смерці С. Відаць, гэта здарылася каля 1551, бо ў студз. 1552 яго сын Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымаць спадчыну бацькі. Свае прэтэнзіі на маёмасць С. ў 1552 аб’явілі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік. Некат. даследчыкі лічаць, што С. памёр да 1541. Месца пахавання С. таксама невядома.
Заснаванне С. бел. кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найб. яскравым і выразным пралогам бел. Адраджэння. У друкаванай кнізе С. бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысц. маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрап. культурай. Ажыццяўленню яго плана спрыялі падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, Чэхія, Італія і інш.) і матэрыяльная падтрымка бел. мяшчан Вільні і Полацка. У адрозненне ад Польшчы, дзе друкарская справа была манапалізавана, а таксама духавенства і вярх. ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў, больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх планаў С. бачыў у Чэхіі. Менавіта ў Празе ён завяршыў пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лац., чэшскіх, стараж.-яўр. і царк.-слав. крыніц і ў 1517—19 выдаў 23 кнігі Старога запавету («Бівліі рускай»). Віленскія выданні 1520-х г. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай бел. і ўсх.-слав. кніжнасцю (за выключэннем некат. дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў С.) і выдаваліся на царк.-слав. мове. У Вільні С. меў сваю друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча і займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі. Бел. кнігадрукаванне пачалося адразу на высокім еўрап. узроўні. Рэнесансавыя выданні С. вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожаннем, шрыфтам і інш. кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце простым («паспалітым») людам. З гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царк.-слав. словы «рускай мовай». Інш. маргіналіі С. павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Св. пісання. З замежных, магчыма, славянскіх выданняў С. запазычыў падзел псалмоў на вершы. Кнігі С. зрабілі вял. ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні С. да 1652 выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай бел. друкарні — Віленскай брацкай друкарні і Еўінскай друкарні, а пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні на Украіне ў канцы 16 ст. На думку даследчыкаў, рэнесансавыя гравюры пражскіх выданняў С. выконвалі прадстаўнікі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога С. (партрэт С. да кніг «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні С., безумоўна, працавалі і бел. мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары. Маргінальныя запісы 16—18 ст. на кнігах С. сведчаць пра актыўнае іх выкарыстанне рознымі пластамі бел. і замежных чытачоў. Выданні С. з’яўляюцца выдатнымі помнікамі рэнесансавага пісьменства. Іх месца ў еўрап. і бел.культ.-гіст. працэсе вызначаецца гіст. ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсх.-слав. зямель ВКЛ. Біблія С. не адпавядае ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Св. пісання. Яна адыходзіць ад царк. традыцый не столькі складам і зместам, колькі агульнай накіраванасцю, свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нац.-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі.
Творы С. ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каменціруючых матэрыялаў, дастасаваных да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй арганічную цэласнасць. Асн. ролю адыгрываюць «предъсловия» і блізкія да іх «сказания». У пражскіх выданнях змешчаны 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых, сказанні бліжэй да пазнейшых бел. пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай. Кнігі С. былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаныя для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. Каб пазбегнуць спрошчанага ці памылковага ўспрыняцця Бібліі, С. імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гіст., побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асн. месца ў прадмовах і сказаннях С. займае т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога запавету. Комплекс прадмоў і сказанняў С. дапаўняюць калафоны — сціслыя ўступныя каментарыі да раздзелаў кожнай кнігі. У іх дасканалыя выяўл. сродкі, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гіст., філас., тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы Бібліі. Празаічныя творы С. ў «Малой падарожнай кніжцы» ўпрыгожвае і дапаўняе вял. гімнаграфічны цыкл, у т. л. аўтарскія гімны. Побач з аўтарскай прозай у прадмовах С. прасочваюцца прыкметы інш.літ. жанраў, якія пазней занялі значнае месца ў бел. л-ры і пісьменстве, у т. л. сілабічнае вершаскладанне (вольны пераклад дэкалога ў прадмове да кн. «Выхад» і інш). Спасылкі С. на стараж.-яўр., грэч., слав. і лац. пераклады, на багаслоўскія і каменціруючыя творы ант. і сярэдневяковых аўтараў сведчаць пра тое, што сваю дзейнасць ён разглядаў у рэчышчы айчынных, агульнаеўрап. і агульнахрысц. культ.-гіст. працэсаў як этап духоўнага прасвятлення, хрысціянізацыі, маральнага ачышчэння і ўдасканалення свайго народа. З тэалагічнымі і канкрэтна-біблейскімі каментарыямі С. арганічна звязаны аўтарскія разважанні, адступленні, трактоўкі, апісанні, пропаведзі, што дазваляе меркаваць пра яго грамадскія і інш. погляды.
Своеасаблівасць літ. і выдавецкай дзейнасці С. выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутр. структуры, перакладзе і каментарыях, маст., літ.-пісьменніцкіх, філас. і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці. Яскравым пацвярджэннем этнагіст. і патрыят. свядомасці С. з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняла яго любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і, жаданнем служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, на спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў. Звяртаючыся ў сваіх кнігах да ўсяго народа, С. заснаваў у бел. л-ры навук.-асветніцкую, маральна-дыдактычную, філас. публіцыстыку. Асн. метадам публіцыст. актуалізацыі біблейскай праблематыкі стала яе гуманіст. інтэрпрэтацыя, накіраваная на ўдасканаленне сац паліт., прававых і маральна-бытавых ін-таў грамадства. На думку С., кніга «Іоў» — люстэрка жыцця, лекі для збалелай душы. Аповесць пра подзвіг Юдзіфі — узор патрыятызму, самаахвярнасці, бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. Любоў да Радзімы — самае першае і высокае духоўнае пачуццё: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Важнае месца ў творчасці С. займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы. Каб надаць сваёй публіцыстыцы пераканаўчасць, ён карыстаўся рознымі выяўл. сродкамі красамоўства, стыліст. фігурамі, паўторамі, рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе спалучаны асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.
Літ.-эстэт. погляды С. адметныя кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам з характэрным для яго маральным рыгарызмам і рэнесансавым гуманізмам, арыентаваным на зямную гармонію і красу. Паняцце прыгожага ўжывалася С. у эстэт., этычных, утылітарна-практычных значэннях. Сінтэз фалькл. і хрысц. разумення гэтага паняцця выявіўся ў трактоўцы прыгажосці як жыватворнага пачатку зямнога быцця. Літаратурны, свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваецца ім у вызначэнні стараж. грэкаў як мудралюбцаў і красамоўцаў. Паняцце агіднага С. абазначаў тэрмінамі «прыкрость», «неуставичность», «мерзость». Катэгорыя ўзнёслага азначае ў яго не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека (узнёсла-гераічны вобраз Юдзіфі). Грамадзянска-патрыятычны аспект узнёслага — у скарынаўскіх тытулах «вялікіх», «вялікаслаўных» гарадоў Полацка, Вільні і Прагі. У прадмовах і анатацыях С. развіваў традыц.хрысц. і фалькл. дыялектыку ўзаемапераходу нізкага і высокага: не толькі Бог «возводить смиренныя на высокость и немощные приводить къ полному здравию» (кн. «Іоў»), але і мудрасць, духоўны подзвіг «узносіць паніжанага», паказваючы «высокость свою и славу» (анатацыя да кн «Ісус Сірахаў»). Катэгорыю трагічнага С. раскрывае тэрмінамі «беды і немоци». Разуменне трагічнасці жыцця, паводле яго канцэпцыі, уваходзіць у паняцце чалавечай мудрасці. У творах С. сінтэзаваліся ант. і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрап. Адраджэння, хрысц. гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю.
С. высока ацэньваў выдатных дзеячаў ант. свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта I. Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі С. яго апісанне стараж. правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш.Паліт. і сац. погляды С. складваліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ, Польшчы, інш.еўрап. краінах. Паліт. ідэалам С. была, відаць, моцная і асвечаная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысц. справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Увасабленне свайго ідэалу С. бачыў у дзейнасці стараж.-грэч. і рым. цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага С. да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным станам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сац. дыскрымінацыі, феад. анархіі, свавольства. Духоўная спадчына С. асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі выдатных бел. мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.
Жыццё і дзейнасць С. вывучае комплексная навук. дысцыпліна — скарыназнаўства. Імем С. названы праспект у Мінску, вуліцы ў Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку і інш., Гомельскі ун-т, Помнікі С. пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе. Уведзены дзярж. ўзнагароды Беларусі — медаль С. (1989) і ордэн С. (1995).
Каўка А. Тут мой народ: Францішак Скарына і бел.літ. XVI—пач. XX стст. Мн., 1989;
Тумаш В Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны, XVI—XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Франциск Скорина и его время: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Лойка А. Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае. Мн., 1990;
Яго ж. Скарына на Градчанах. Мн., 1990;
Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;
Франциск Скорина и традиции гуманизма в славянской культуре: Тез. докл. и сообщений на науч. конф., посвяш. 500-летию со дня рождения Ф.Скорины. Мн., 1990;
Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Бел. друкаваная літ. эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;
Яго ж. Скарынаўскі каляндар: (Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны). 2 выд.Мн., 1990;
Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990;
Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;
Чамярыцкі В.А. Беларускі тытан эпохі Адраджэння. Мн., 1990;
Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990;
Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пер. з чэш.Мн., 1991;
Франциск Скорина и Вильнюс: Сб. материалов Респ. науч. конф. Вильнюс, 1991;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. Нью-Ёрк. 1994. Кн. 21;
Яскевіч А.А. Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філас. погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995;
480 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1998;
Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999. Гл. таксама да арт.Скарыназнаўства.
Г.Я.Галенчапка, У.М.Конан.
Ф.Скарына.Ф.Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Псалтыра». Прага. 1517.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Бібліі» з кнігі «Быццё». Прага. 1519.Да арт.Скарына Ф. Пасляслоўе да «Малой падарожнай кніжкі». Вільня. Каля 1522.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Апостала». Вільня. 1525.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМСтаражытны
(лац. Roma),
найбуйнейшая антычная цывілізацыя са своеасаблівай дзяржаўнасцю і культурай у 8 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Горад Рым узнік у 753 да н.э. і на працягу 5—3 ст. да н.э. падпарадкаваў усе плямёны Апенінскага п-ва, а з канца 3 ст. да н.э. стаў цэнтрам міжземнаморскай дзяржавы, якая пазней уключала зах. і паўд.-ўсх. Еўропу, М.Азію, узбярэжжа Паўн. Афрыкі, Сірыю, Палесціну і інш.
Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю стараж.-рым. цывілізацыі на 3 перыяды: царскі (753—510 да н.э.), рэспубліканскі (510—31 да н.э.) і імператарскі (31 да н.э. — 476 н.э.). Паводле ант. традыцыі, у першы перыяд у Р. правілі 7 цароў, пачынаючы з Ромула. Пры царах Р. заняў дамінуючае становішча ў Лацыі. Стараж. гісторыкі сведчаць (пацверджана археал. звесткамі), што Р. узнік шляхам сінайкізму 3 плямён — лацінаў, сабінаў і этрускаў. Сац.-паліт. арганізацыя ранняга (архаічнага) Р. будавалася на кроўнароднасных і суседскіх прынцыпах. Як родаплемянное аб’яднанне Р. уключаў 300 родаў, 30 курый (брацтваў) і 3 трыбы (племені, пазней — акругі). Членаў кожнага роду аб’ядноўвалі агульныя найменне, рэліг. культ і зямельныя ўладанні. Рым. гентыльная абшчына была блізкая да суседскай, бо аб’ядноўвала ўсіх людзей, што жылі на яе тэрыторыі. Абшчынныя землі сталі асновай рым.дзярж. зямельнага фонду (агер публікус), які ўвесь час папаўняўся за кошт захопу зямель у італікаў. Самай малой гасп. і сац. адзінкай была вял. патрыярхальная сям’я. Даследчыкі адзначаюць неразвітасць дзярж. інстытутаў у царскім Р., структура якога складалася з выбарнага цара, савета старэйшын (сената) і нар. сходу. Цар сумяшчаў функцыі вярх. жраца, военачальніка, гал. суддзі і заканадаўцы. У сенат уваходзілі 300 старэйшын патрыцыянскіх родаў. Грамадства складалася з саслоўяў патрыцыяў, плебеяў і рабоў (гл.Рабства). Плебеі першапачаткова былі па-за грамадз. абшчынай. На аснове маёмаснай і сац. дыферэнцыяцыі складалася асобая форма сац. адносін — кліентэла. Ант. традыцыя прыпісвае Сервію Тулію (6 ст. да н.э.) рэформы, у выніку якіх плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа (populus romanus). Ён стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска (камплектавалася з коннікаў, цяжка- і лёгкаўзброенай пяхоты).
Сфарміраваныя ім 193 цэнтурыі былі і ваен. атрадамі і адзінкамі, што галасавалі на нар. сходах (цэнтурыяльных каміцыях). Рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці, гал. крытэрыем якой была зямля. Ваен. і цэнзавая рэформы аслабілі ўплыў родавай знаці. Рэшткі родавага ладу канчаткова ліквідаваны з увядзеннем новага адм.-тэр. падзелу, калі асн. структурнай адзінкай стала трыба (як акруга). Па трыбах праводзілася галасаванне на карпаратыўных сходах плебса. У царскі перыяд адбылося поўнае аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, узнік рэгулярны ўнутраны абмен. У выніку паўстання ў 510 да н.э. супраць Тарквінія Гордага царская ўлада скінута і ўзнікла рэспубліка. Для знешняй палітыкі ранняй рэспублікі (5—пач. 3 ст. да н.э.) характэрна барацьба Р. за ўладаранне ў Італіі, для ўнутр. — процістаянне плебеяў і патрыцыяў. З 5 ст. да н.э. Р. вёў войны з лацінамі, сабінамі, эквамі, вольскамі, этрускамі, грэкамі і інш. плямёнамі за пашырэнне сваёй тэрыторыі. Для гэтага ён заключаў часовыя саюзы з аднымі плямёнамі супраць другіх. Пераможаныя абшчыны Р. далучаў да сваёй паліт. структуры ці заключаў з імі саюз. Саюзнікі захоўвалі ўнутр. самакіраванне, але страчвалі права на самаст. знешнюю палітыку і павінны былі аказваць Р. ваен. дапамогу. На іх тэр. рымляне засноўвалі калоніі сваіх грамадзян. Так узнік рымска-італійскі саюз з розным прававым статусам яго членаў, з адзінай дзярж. мовай (латынь), звязаны сеткай брукаваных дарог у адзінае гасп. цэлае. Рым. дзяржава разам з саюзнікамі і калоніямі была падзелена на 35 трыб. Рым. грамадзянін меў права валодаць зямельнай маёмасцю, удзельнічаць у галасаванні ў каміцыях і быць абраным на дзярж. пасады. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. і агульнаіталійскага паўстання супраць Р. такія правы атрымалі ўсе італікі. Асновай унутр. развіцця рэсп. Р. была барацьба плебеяў за доступ да ўлады і фонду грамадскай зямлі. Тактыкай ваен. забастовак (сэцэсій) плебеі дамагліся прыняцця закону, які ўводзіў пасаду нар. трыбуна (з 494 да н.э.) з плебеяў.
У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пад іх націскам прыняты Законы XII табліц, якія рэгулявалі крымінальнае і сямейнае права, судаводства, прыватную ўласнасць; забараняліся асабістыя прывілеі; прыгавораны магістратам да пакарання смерцю меў права апеляваць да нар. сходу. Пазней плебеі былі дапушчаны да магістратуры і кансулату. Дазваляліся міжсаслоўныя шлюбы, забаранялася пазыковая кабала. У выніку змянілася сац. структура рым. грамадства, узнікла новая арыстакратыя — набілітэт. Ураўнаванне ў правах патрыцыяў і плебеяў прывяло да фарміравання грамадз. абшчыны, падобнай да грэч.поліса. Гэта была арыстакратычная рэспубліка, у якой улада належала нар. сходу і магістратам, пастаянным кіруючым органам быў сенат, члены якога прызначаліся пажыццёва. Магістратура дзейнічала калегіяльна і галосна. Выключэннем была надзвычайная магістратура — дыктатура на выпадак асабліва небяспечнай вайны. Вышэйшы магістрат (дыктатар, консул, прэтар) меў правы: камандаваць войскам, выконваць вышэйшую юрысдыкцыю, склікаць сенат і нар. сходы. У час рэспублікі каміцыі праходзілі па курыях, цэнтурыях і трыбах. Сфарміраваліся саслоўі сенатараў і коннікаў. У час дыктатуры Луцыя Карнелія Сулы [83—79 да н.э.] дзейнасць нар. трыбунаў і каміцый абмежавана, паўнамоцтвы вышэйшых магістратаў засяроджаны ў руках адной асобы. Экспансія Р. ў гэты час выйшла па-за межы Апенінскага п-ва. За панаванне ў Зах. Міжземнамор’і Р. змагаўся з Карфагенам. Пасля 3 Пунічных войнаў, якія скончыліся перамогай над Карфагенам, Р. у 2—1 ст. да н.э. заваяваў полісы Балканскай Грэцыі, Македонію, эліністычныя царствы і стаў найбуйнейшай Міжземнаморскай дзяржавай. Пры гэтым у Р. захоўвалася грамадз. абшчына з рэсп. выбарнай сістэмай кіравання. З-за адсутнасці пастаяннага дзярж. апарата ўзнікла форма водкупу на збор падаткаў. У якасці адкупшчыкаў (публіканаў) найчасцей выступалі рым. коннікі. Нар. сход як найважнейшы ін-т поліснай дэмакратыі перажываў крызіс з-за таго, што ў каміцыях маглі ўдзельнічаць толькі жыхары Р. і яго наваколля. На змену поліснаму апалчэнню стала фарміравацца прафес. армія.
У 1 ст. да н.э.рым. рэспубліка як полісная структура не магла ўжо эфектыўна вырашаць пытанні вял. дзяржавы. Публіканы і палкаводцы пачалі кіраваць усім паліт. жыццём Р. Паліт. крызіс выліўся ў грамадз. войны груповак знаці. У 60-я г. да н.э. ўзнік 1-ы трыумвірат (Юлій Цэзар, Гней Пампей і Марк Крас). У час грамадз. вайны была ўстаноўлена дыктатура Юлія Цэзара [48—44 да н.э.]. Пасля яго забойства склаўся 2-і трыумвірат (Марк Антоній, Актавіян і Лепід). Антоній атрымаў у кіраванне ўсх. правінцыі, Актавіян — Італію і зах. правінцыі. Аднак з-за збліжэння Антонія з егіп. царыцай Клеапатрай пачалася новая грамадз. вайна, у якой перамог Актавіян (гл.Аўгуст) і стаў аднаасобным правіцелем Рым. дзяржавы. З часу яго праўлення Р. ператварыўся ў імперыю. Яго гісторыю падзяляюць на раннюю імперыю (1—3 ст.н.э.) — прынцыпат і познюю (4—5 ст.) — дамінат. Сучасная гіст.л-ра вызначае Рым. імперыю як універсальную дзяржаву, у межах якой сістэма самастойных і часткова самастойных абшчын трансфармавалася ў адзіную паліт. структуру, аб’яднаную агульным заканадаўствам. У час ранняй імперыі яшчэ існавалі сенат і каміцыі, але імператар (прынцэпс — першы грамадзянін) выступаў як носьбіт сукупных паўнамоцтваў рэсп. магістратаў, абапіраўся на ўласныя казну (фіск), гвардыю (прэтарыянскія кагорты) і армію. Яго вярх. ўлада стала спадчыннай. Узніклі першыя дынастыі рым. правіцеляў: Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192], Севераў [193—235]. У часы іх праўлення сфарміраваўся цэнтралізаваны бюракратычны апарат, ведамствы якога займаліся і ўнутр. справамі, і справамі правінцый (гл.Рымскія правінцыі).
У 212 усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала правы рым. грамадзянства. Заканадаўства і вышэйшая юрысдыкцыя сталі прэрагатывай імператараў, асабістыя іх загады (канстытуцыі) набылі сілу закону. Сфарміраваўся імператарскі савет — кансісторыя (юрысты, вышэйшыя чыноўнікі, набліжаныя імператара). У часы прынцыпату да Р. далучаны Галія, Іспанія, Германія, Брытанія, Далмацыя, Мёзія, Панонія, Дакія. У 3 ст.Рым. імперыю ахапіў паліт. крызіс, якому спадарожнічалі анархія і палацавыя смуты, эпідэміі і эканам. разруха. За 235—284 у Р. змянілася больш за 2 дзесяткі «сенацкіх» і «салдацкіх» імператараў. На У саперніца Р. Парфія прэтэндавала на рым. ўладанні ў Сірыі і Месапатаміі. Каб процістаяць націску варварскіх плямён і прадухіліць распад імперыі, у яе межах была створана ваен.-бюракратычная манархія — дамінат. Яе стваральнікі Дыяклетыян і Канстанцін I правялі рэформы, накіраваныя на паліт. і эканам. стабілізацыю; правінцыі былі разбуйнены, грамадз. ўлада аддзелена ад ваеннай. З імем Канстанціна I звязана афіц. прызнанне хрысціянства нараўне з інш. рэлігіямі. Сталіца была перанесена ў г.Канстанцінопаль. Скарацілася праслойка вольных абшчыннікаў, землі якіх паглыналі буйныя маёнткі — латыфундыі, сальтусы і імператарскія дамены. Пашырылася сістэма каланату, пры якой сяляне ператвараліся ў калонаў — напачатку вольных, а потым залежных арандатараў. Цэнтр эканам. жыцця перамясціўся ў магнацкія маёнткі, у якіх развівалася шматгаліновая гаспадарка. У гэты час рэзка скараціўся гандаль, гарады прыходзілі ў заняпад. Адкрытае паліт. жыццё згортвалася, вольныя грамадзяне ператвараліся ў падданых імператара, узмацніўся падатковы ўціск, ішло рэзкае сац. размежаванне на саслоўі «высакародных» і «нізкіх». Працэс эканам. і паліт. дэцэнтралізацыі асабліва моцна праявіўся ў зах.ч. імперыі, тэрыторыю якой захоплівалі варварскія плямёны. З 4 ст.вял. пагрозай для яе сталі готы, якія разам з інш.герм. плямёнамі, іранскімі аланамі і азіяцкімі гунамі наносілі шматлікія ўдары па Р.
У 395 імперыя афіцыйна падзялілася на Усх. грэчаскамоўную і Зах. лацінамоўную. У 476 камандуючы імператарскай гвардыяй германец Адаакр скінуў апошняга імператара Ромула Аўгустула і заснаваў на тэр. Італіі сваю дзяржаву. Зах.Рым. імперыя спыніла існаванне. Гісторыю Усх.Рым. імперыі гл. ў арт.Візантыя.
Выхаванне і адукацыя. Старажытнарымская сістэма выхавання была арыентавана на падрыхтоўку моцных, валявых і дысцыплінаваных грамадзян. У ранні яе перыяд выхаванне і навучанне вяліся ў сям’і. Багатыя рымляне (нобілі) для хатняга навучання сваіх дзяцей запрашалі настаўнікаў-грэкаў. У 3—2 ст. да н.э. пачалі ўзнікаць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Элементарную адукацыю давалі трывіяльныя школы (найчасцей прыватныя), дзе вучылі пісьму, чытанню, лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, вывучалі асн.рым. законы. Яны мелі няпэўны тэрмін навучання, розныя праграмы, у іх вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі 6—11-гадовага ўзросту. Дзеці самых бедных рымлян не мелі магчымасці атрымаць такую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. У школах павышанага тыпу (граматычных) вывучалі гісторыю, філасофію, геаграфію, геаметрыю, музыку, астраномію, грэч. мову; вучыліся хлопчыкі (з I ст.н.э. і дзяўчынкі) 12—15-гадовага ўзросту. Напачатку школы былі грэчаскія, пазней — лац. і грэка-лацінскія. Для граматычных школ ствараліся спец. падручнікі і хрэстаматыі, якія змяшчалі ўрыўкі з твораў Гамера, Вергілія, Цыцэрона і інш. У рытарскіх школах вучыліся дзеці арыстакратыі, іх рыхтавалі да практычнай кар’еры. Настаўнікі рыторыкі вучылі найперш аратарскаму майстэрству (красамоўству), давалі таксама веды па філасофіі, гісторыі, праве і інш. Вучоба пачыналася звычайна ва ўзросце 14—15 гадоў, і працягвалася да 19, часам і пазней. У 1 ст.н.э.асн. лічыліся 9 навуч. дысцыплін: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, медыцына, архітэктура.
У 5 ст. паступова выключаны медыцына і архітэктура, т.ч. аформілася праграма «сямі вольных мастацтваў» (яны сталі асновай адукацыі эпохі сярэдневякоўя). Пазней школьны курс «сямі вольных мастацтваў» падзелены на 2 часткі — «трывіум» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У позні перыяд у Р. пачала фарміравацца хрысц. сістэма навучання і выхавання, у аснове якой былі біблейскія запаветы, ідэі любові да людзей, духоўнага самаўдасканалення, прыярытэт веры над ведамі і навукай, сувязь навучання з маральным рэліг. выхаваннем. Напачатку дзеці з хрысц. сем’яў вымушаны былі наведваць навуч. ўстановы ант. тыпу — грамат., рытарскія школы. У 2—3 ст. узніклі ўласна хрысц. школы, напр., катэхізіса, кафедральныя і епіскапскія школы, дзе асн. было вывучэнне Бібліі.
Міфалогія і рэлігія. Традыцыйна адносіны рымлян з багамі будаваліся на ўзор «фармальнага дагавору». Меркавалася, што калі людзі дакладна выконвалі ўсе рэліг. абрады і рытуалы, то багі зробяць усё, аб чым іх просяць. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх прызначаў вярх. жрэц — пантыфік. Асаблівасцю стараж.-рым. рэлігіі была наяўнасць багоў, якія ўвасаблялі абстрактныя і маральныя паняцці. Напр., багіня Фідэс увасабляла вернасць клятве, Канкордыя — згоду, Юстыцыя — справядлівасць, Фартуна — шчасце, Пакс — мір, Гонар — пашану, Віртус — доблесць, мужнасць. У стараж. рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Паводле найб. ранніх міфалагічных вераванняў, напачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увесь свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыўся Янус, які ў больш позні перыяд стаў увасабленнем усякага роду пачаткаў, у т. л. чалавечага жыцця, богам уваходаў і выхадаў, дагавораў і саюзаў. У яго гонар пабудавана мноства храмаў. Адным са стараж. багоў быў Сатурн (у грэкаў Кронас) — уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацый. У яго гонар праводзілася адно з самых улюбёных свят — Сатурналіі (адзначаліся 17—23 снежня), у час якіх людзі ладзілі баляванні, карнавалы, давалі падарункі, весяліліся.
Да паважаных і ўплывовых багоў належалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Дыяна, Венера, Меркурый, Нептун, Апалон, Веста і інш. Вярхоўным богам-царом, «бацькам багоў», уладаром неба, грому і маланкі быў Юпітэр. Яго жонкай і адначасова сястрой, а таксама ахоўніцай шлюбу, заступніцай жанчын і мацярынства, была Юнона. Багіняй вайны і дзярж. мудрасці, ахоўніцай Рыма, заступніцай рамёстваў і мастацтва лічылася Мінерва. На Капіталійскім узгорку ў Рыме быў пабудаваны храм 3 багоў — Юпітэра, Юноны і Мінервы (т. зв. Капіталійская трыяда). Бога вайны Марса лічылі бацькам заснавальнікаў Рыма — братоў-блізнят Ромула і Рэма. Было мноства т. зв. хатніх божастваў, найб. папулярнымі з іх былі пенаты, геніі, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Геніі спачатку лічыліся заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, пазней — духамі-ахоўнікамі людзей. Лары — божаствы-ахоўнікі сям’і і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Маны — духі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяраванні (віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак). Існавалі таксама багі «ўзроставыя» (дзяцінства, юнацтва), пэўных сітуацый і станаў (поспеху, надзеі, вернасці, страху і інш.). Рымскія багі апісаны ў творах ант. паэтаў Вергілія і Авідзія. У 1 ст.н.э. ва ўсх. правінцыях Рым. імперыі ўзнікла і пачало паступова пашырацца хрысціянства. Першыя хрысціяне цярпелі моцныя ганенні. У 4 ст. хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй Рым. імперыі, пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага (паганскага) мастацтва, забаронены Алімпійскія гульні.
Філасофія. Старажытнарымская філасофія фарміравалася ў 3—2 ст. да н.э. пад уплывам грэч. філасофіі. Тады ж склаліся розныя філас. кірункі, школы, у т. л.стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Найб. пашырэнне ў Р. атрымала філас. школа стаіцызму. Яе буйнейшыя прадстаўнікі (Сенека, Эпіктэт, імператар Марк Аўрэлій) разглядалі філасофію як вучэнне пра дасягненне маральнага ідэалу, унутр. духоўнай свабоды і шчасця. Для гэтага неабходна было змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад свецкіх спакус. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу. Яны прыкметна паўплывалі на станаўленне ранняга хрысціянства. У эпоху імператарскага Р. найб. пашыраны эпікурэізм (Лукрэцый, Гарацый, Цыцэрон і інш.). Лукрэцый Кар (99—55 да н.э.), імкнучыся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развіваў ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўляў чалавечы розум, вышэйшай мэтай жыцця лічыў дасягненне асалоды, заклікаў людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Неаплатанізм быў своеасаблівым сінтэзам вучэнняў Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсх. містыкі. Яго заснавальнікі і найб. вядомыя прадстаўнікі Плацін і Прокл прапаведавалі перакананне ў тым, што існуе найвышэйшае бязмежнае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце — вынік эманацыі (выцякання) гэтага непазнавальнага «Адзінага», таму дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і зліцца з «Адзіным». Хрысц. філасофія пачала фарміравацца ў Р. ў 2—3 ст.н.э. ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: з аднаго боку, яе адмаўлялі (Тэртуліян) як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога, з другога, наадварот, лічылі яе адным са шляхоў пазнання Бога. Стваральнікам уласна хрысц. філасофіі лічыцца Аўрэлій Аўгусцін (354—430), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства.
Прыродазнаўчыя навукі. Помнікаў навук. л-ры эпохі Рым. рэспублікі захавалася мала. З 1 ст. да н.э. тут узмацніўся ўплыў грэч. культуры, вял. аўтарытэтам карысталіся прыродазнаўчанавук. погляды Арыстоцеля; творам гэтага вучонага і яго школы быў нададзены той выгляд, у якім яны пазней вывучаліся і каменціраваліся ва ўсёй Еўропе. З 1 ст.н.э. развіваліся матэматыка і астраномія. Стараж.-грэч. астраном і матэматык Менелай Александрыйскі праводзіў сістэм. назіранні нябесных свяціл, напісаў кнігу па сферычнай геаметрыі і трыганаметрыі, Дыяфант — фундаментальную «Арыфметыку», Пталамей выклаў геацэнтрычную сістэму свету. Вядомы працы па механіцы і оптыцы, хаця яны, як і матэматыка, у рымлян мелі вузка прыкладны характар. Была пашырана астралагічная л-ра. Своеасаблівыя помнікі рым.навук.-тэхн. л-ры — творы па сельскай гаспадарцы (Катон Старэйшы, Варон і інш.). Вял. колькасць прац рым. аўтараў прысвечана архітэктуры, буд. справе, гідратэхніцы і ваен. тэхніцы. Развівалася апісальнае прыродазнаўства, асабліва батаніка, у т. л. вывучэнне лек. раслін. Дасягненні медыцыны абагульнены ў працах Галена. Прадстаўнікамі прыродазнаўства былі Сенека і Пліній Старэйшы. Характэрныя рысы рым. навукі — выкладанне навук. пытанняў у літ.-займальнай форме (творы Лукрэцыя, Вергілія і інш.) і стварэнне своеасаблівых энцыклапедый (Варон, Цэльс). Апошнім рым. вучоным можна лічыць Баэцыя. Пашырэнне Рым. дзяржавы спрыяла развіццю геагр. ведаў. Ваен. паходы і экспедыцыі, далёкія падарожжы купцоў прыносілі новыя геагр. звесткі. Больш канкрэтнымі сталі веды пра тэр.еўрап. краін, у т. л.тэр. сучаснай Беларусі, што ў асн. звязана з гандлем бурштынам, які паступаў у Рым з берагоў Балтыйскага мора. У «Геаграфіі» Страбона прыведзены звесткі пра ўсе вядомыя рымлянам краіны і народы, у «Геаграфіі» Пталамея выкладзены метады навук. картаграфавання, да яе былі прыкладзены 27 карт усіх вядомых на той час тэрыторый — ад Канарскіх а-воў да Кітая. Першы геагр. трактат на латыні стварыў Мела Пампоній. Шмат геагр., гіст. і этнагр, звестак у «Запісках...» Юлія Цэзара, у працах Плінія Старэйшага, Тацыта, Аміяна Марцэліна і інш.Геагр. кругагляд рымлян быў больш шырэй, чым у стараж. грэкаў: яны лепш за грэкаў ведалі Сярэднюю і Паўн. Еўропу, Зах., Паўд. і Усх. Азію, Афрыку да паўд. межаў Сахары.
Гістарычная навука ў Р. пачалася з пагадовых запісаў (аналаў), спісаў вышэйшых службовых асоб (фастаў) і сямейных хронік знатных родаў. На іх аснове ў 2 ст. да н.э. выдадзены 80 кніг «Вялікага летапісу», якія сталі першакрыніцай для рым. гісторыкаў-аналістаў. У ант. гістарыяграфіі спалучаліся і навук. (крытычны падыход да крыніц, расчляненне падзей па часе) і маст. (ідэалізацыя, займальнасць, вымысел) прыёмы. Найб. вядомае аналітычнае апісанне зрабіў Ціт Лівій у «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» (з 142 кн. цалкам захавалася 35). Раннія рым.гіст. працы напісаны на грэч. мове. Катон Старэйшы (234—149 да н.э.) першы выкарыстаў лац. мову ў творы «Пачаткі», дзе разглядаў паходжанне ўсіх плямён і гарадоў Італіі. Пачынальнікамі жанру гіст. манаграфіі сталі Салюстый (86—35 да н.э.) і Юлій Цэзар. Гіст. творы Салюстыя «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна» паўплывалі на гісторыкаў сярэдневякоўя і новага часу. Пазіцыя аўтара, як непасрэднага ўдзельніка падзей, выразна выявілася ў творах Юлія Цэзара «Запіскі пра гальскую вайну» (у 7 кн.) і «Запіскі пра грамадзянскую вайну» (у 3 кн.). Значную літ. спадчыну пакінуў Цыцэрон (гісторыка-філас. і паліт. трактаты, прамовы і лісты). Да самастойнага гіст.-літ. жанру можна аднесці яго перапіску (захаваліся 864 лісты) і прамовы (захавалася 58 поўных прамоў). У эпісталярнай і публіцыстычнай спадчыне Цыцэрона ёсць звесткі пра паліт. жыццё Р. 1 ст. да н.э. У часы імперыі вядучай формай рым. гістарыяграфіі заставалася аналістыка. Тацыт (55—120 н.э.) у «Гісторыі» (у 14 кн.) і «Аналах» (у 16 кн.) апісваў унутрыпаліт. праблемы перыяду прынцыпату.
Храналагічны паслядоўнік Тацыта ў часы дамінату Аміян Марцэлін (4 ст.н.э.) у кн. «Слаўныя ўчынкі» давёў апісанне рым. гісторыі да 378 н.э. Вядучымі прадстаўнікамі грэч.гіст. навукі ў Р. былі Палібій (200—120 да н.э.; «Усеагульная гісторыя» ў 40 кн.) і Плутарх (46—119 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»). Гісторык Светоній (каля 70 — каля 140; «Жыццё дванаццаці цэзараў») узняў біяграфію на ўзровень сур’ёзнага гіст. даследавання. Т.ч., для гіст. навукі характэрны рацыяналістычны і крытычны падыходы, выпрацоўка асн. жанраў гіст. апавядання, увядзенне ў гістарыяграфію храналогіі, поўнае і аб’ектыўнае адлюстраванне паліт., сац., і культ. жыцця Рым. дзяржавы.
Літаратура Р. на лац. мове мае пераемны характар: засвоіла грэч. міфалогію і л-ру (жанры, памеры, сюжэты, паэт. формы). Разам са стараж.-грэч. л-рай яна складае антычную л-ру. Далітаратурны перыяд (8—4 ст. да н.э.) вядомы па сведчаннях больш позніх аўтараў і па ўрыўках твораў, што захаваліся. Ён прадстаўлены абрадавымі песнямі, дыдактычным фальклорам, зачаткамі эпасу (у бяседных песнях) і драмы (у нар. жартоўных спевах — фесцэнінах і фарсавых сцэнках — атэланах), кнігамі жрацоў (аналамі), аратарскімі прамовамі, юрыд. тэкстамі (Законы XII табліц). Першы лац. празаік Апій Клаўдзій запісаў свае прамовы і склаў зборнік маральных сентэнцый у вершах. Рым. пісьмовая паэзія з’явілася ў перыяд росквіту і крызісу рэспублікі (3—2 ст. да н.э.). Лівій Андронік пераклаў на лац. мову «Адысею» Гамера, грэч. трагедыі і камедыі. Невій узбагаціў грэч. п’есы рым. тэматыкай, стварыў нац. эпапею «Песня пра Пунічную вайну». Эпічная паэма ў 18 кн. «Аналы» («Летапіс») пра гісторыю Рыма ад Энея да сучаснасці — гал. твор Энія, аўтара філас. прац, трагедый, эратычных вершаў, эпіграм, сатураў («мешаніны» — зб-каў кароткіх вершаў і празаічных твораў разнастайнага зместу). Камедыю з грэч. сюжэтам (паліяту) распрацоўвалі Плаўт і Тэрэнцый; з мясц. італійскім сюжэтам (тагату) — Тыцыній, Афраній, Ата; трагедыю на ўзор грэч. развівалі Пакувій і Акцый. Супраць грэч. ўплыву за рым. самабытнасць выступаў Катон Старэйшы — аратар і тэарэтык аратарскага мастацтва, пачынальнік рым. гістарыяграфіі. Жанр сатуры ўдасканальваў Луцылій.
З твораў гэтага перыяду поўнасцю захаваліся толькі камедыі Плаўта і Тэрэнцыя. У перыяд грамадз. войнаў і гібелі рэспублікі (сярэдзіна 2 ст. — 40-я г. 1 ст. да н.э.) лідзіравала красамоўства. Аратарскае мастацтва і філас.-рытарычныя працы Цыцэрона прынеслі яму славу стваральніка рым. класічнай прозы. Вядомым аратарам і пісьменнікам, аўтарам гіст. твораў быў Цэзар, заснавальнікам жанру гіст. манаграфіі — Салюстый. У тагачаснай паэзіі пераважаў настрой індыферэнтызму. Лукрэцый бачыў выратаванне ад грамадскага крызісу ў эпікурэйскай філасофіі (дыдактычная паэма «Аб прыродзе рэчаў»), Катул — у асабістым жыцці (лірычныя цыклы да Лесбіі, да сяброў). Перыяд станаўлення імперыі (2-я пал. 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст.н.э.) — «залаты век» рым. паэзіі. З усталяваннем міру пасля грамадз. войнаў і прыходам да ўлады прынцэпса Аўгуста роля паэзіі пабольшала, адбыўся зварот да класічнага стылю і гарманічнай формы (эпічныя паэмы «Энеіда» і «Георгікі» Вергілія, «Оды» Гарацыя). Склалася тэндэнцыя да ідэалізацыі і прапаганды ідэалаг. асноў новага ладу. Вергілій і Гарацый, што ўваходзілі ў літ. гурток Мецэната, апявалі доблесці старой рэспублікі, сцвярджалі імперскую місію Р. Больш незалежнымі ад паліт. жыцця заставаліся гурткі Месалы і Асінія Паліёта. У жанры элегіі, абмежаванай любоўнай тэматыкай, выступалі Гал, Тыбул, Праперцый і Авідзій — апошні вял. паэт эпохі Аўгуста. Вядучы пісьменнік-празаік — Ціт Лівій. У л-ры эпохі імперыі вылучаецца паслякласічны перыяд — «сярэбраны век» (1 ст.н.э. — пач. 2 ст.н.э.). «Новы стыль», адметны разнастайнасцю рытарычных прыёмаў, нечаканымі сентэнцыямі і цягай да афектацыі, увайшоў у творчасць Сенекі, Лукана (эпічная паэма «Фарсалія»), Персія (маралістычныя сатыры), Петронія. Эзопаўскія традыцыі працягваў рым. байкапісец Федр. Марцыял выкрываў заганы грамадства ў іранічных эпіграмах, Ювенал — у гнеўна-абвінаваўчых сатырах. Тыранічны рэжым імперыі адлюстраваў гісторык і пісьменнік Тацыт. Адыход ад «новага стылю», арыентацыя на класіцызм уласцівы творчасці тэарэтыка красамоўства Квінтыліяна і яго вучня Плінія Малодшага, паэтаў Стацыя, Сілія Італіка, Валерыя Флака. У перыяд позняй рым. л-ры (2—5 ст.н.э.) узмацнілася роля правінцый, адрадзілася грэч.л-ра, развіваліся архаічныя тэндэнцыі. У прозе выступілі гісторык Светоній, збіральнік цытат з твораў грэч. і рым. аўтараў Аўл Гелій, пісьменнік Апулей. У 3 ст.л-ра Р. заняпала. З 4 ст. вядучая роля належала хрысц. л-ры на лац. мове (Амвросій Медыяланскі, Аўгусцін, Іеранім), якая засвоіла тэхніку рым. рыторыкі і паэзіі. Апошнія рым. аўтары — паэты Аўсоній і Клаўдзіян, аратар Сімах, гісторык Аміян Марцэлін, філосаф Баэцый.
На працягу тысячагоддзя, да адкрыцця помнікаў стараж.-грэч. л-ры, л-ра Р. была адзінай крыніцай знаёмства з ант. культурай. Яна паўплывала на л-ру Адраджэння і класіцызму ў большай ступені, чым грэч.л-ра. Традыцыямі л-ры Р. жывілася лацінамоўная паэзія Беларусі (Я.Вісліцкі, Мікола Гусоўскі, С.Будны, М.Сарбеўскі і інш.). На бел. мову творы стараж.-рым. аўтараў перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік» Гарацыя, урыўкі з «Метамарфозаў» Авідзія), Л.Баршчэўскі (урыўкі з «Энеіды» Вергілія, з «Журботных элегій» Авідзія, байкі Федра), П.Бітэль («Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея), Ю.Дрэйзін («Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя), А.Жлутка (оды Гарацыя), У.Караткевіч (вершы Катула) і інш.
Тэатр. Узнікненне і развіццё тэатр. мастацтва звязана са святамі ўраджаю, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялогу (фесцэніны), быт. камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У 4 ст. да н.э. з’явілася нар.імправіз. камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць 4 пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У 1 ст. да н.э. пашырыўся інш. від нар. прадстаўленняў — мім. У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэч. арыгінала. З 2-й пал. 3 ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэч. узораў, якія паклалі пачатак нац. драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са стараж.-рым. гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вял. поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай ант. камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У 2 ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рым. грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. 1 ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне 1 ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам. Тэатр. прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзярж. свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з 3 бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны т-р у Р. пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э. У 3—2 ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў 1 ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У 1—5 ст.н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У 1—2 ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вял. ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэн. эфектам. Найб. папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драм. танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вял. поспехам карыстаўся мім, які да 5 ст. ператварыўся ў вял. імправізацыйную п’есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе інш. віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.
Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і інш. крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рым.тэатр. мастацтва да заняпаду.
Музыка. Стараж. Р. развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя быт.муз.-паэт. жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рым. калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У муз. жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю муз. жыцця (грэч. кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.). Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэт. творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). З муз. інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатр. прадстаўленні і інш.). У развіцці інстр. музыкі значная роля належала тэатр. пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам ў суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваен. легіёнах існавалі вял. духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш. З канца 1 ст.н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (засн. імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рым. імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. З 2 ст. вядомы звесткі пра раннехрысц. музыку.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Мастацтва Стараж. Р. належыць да найвышэйшых дасягненняў сусв. культуры. У сваім развіцці яно апіралася на багатую спадчыну Стараж. Грэцыі, традыцыі этрускаў і ўласныя. У стараж, перыяд развівалася ў рамках італійскіх археал. культур эпохі жалеза. У часы фарміравання ўласна стараж.-рым.маст. культуры (8—4 ст. да н.э.) этрускія асаблівасці храмавых пабудоў (3-часткавая цэла, подый, порцік і інш.) сталі характэрнымі рысамі рым. культавай архітэктуры (храм Юпітэра Капіталійскага). Ў 4 ст. да н.э. з’явіліся жылыя дамы з атрыем (закрытым унутр. дваром). Рым. архітэктар і інжынер Вітрувій стварыў трактат «Дзесяць кніг пра архітэктуру» — першую буд.-тэхн. энцыклапедыю (1 ст. да н.э.), што захавалася ад ант. часоў. У перыяд войнаў Р. з Карфагенам і позняй рэспублікі (3—1 ст. да н.э.) распрацавана горадабуд. сістэма планіроўкі горада з 2 перакрыжаванымі магістралямі на ўзор ваен. лагера. Цэнтр. плошча (форум) афармлялася грамадскімі будынкамі і храмамі (Рымскі форум, форум у Пампеях). Склаўся тып рым. храма з дакладнай восевай кампазіцыяй і вылучаным гал. фасадам і тып грамадскага збудавання (базіліка, тэатр, амфітэатр, цырк, тэрма, адэон). Жыллё арыстакратаў са шматлікімі памяшканнямі, вадаёмамі, дэкар, скульптурай і размалёўкамі («тэрасныя» дамы ў Геркулануме) кантраставала з забудовай гар. кварталаў 3—5-павярховымі дамамі для бедных — інсуламі. З вынаходніцтвам бетону ўзнікла новая тэхніка муроўкі сцен, у буд-ве пашырана канструкцыя аркі. Высокім майстэрствам вылучаліся інж. збудаванні — крапасныя сцены, акведукі, масты, дарогі. Пабудовы перыяду росквіту Рым. імперыі (20-я г. да н.э. — 2 ст.н.э.) вызначаюцца манум. пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкар. жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т. зв. ордэрная аркада — сістэма паярусных ордэраў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну (амфітэатр Рымскі калізей). Гал. віды мемар. збудаванняў — трыумфальная арка (арка Ціта) і трыумфальная калона (калона Траяна, арх. Апаладор з Дамаска), надмагіллі, у сярэдзіне 1 ст. ўзмацнілася імкненне да пышнай рэпрэзентатыўнасці арх. кампазіцыі (Рымскі пантэон; т. зв. Залаты дом Нерона, не захаваўся; палац Флавіяў на Палаціне). Планіроўка жылля спалучала атрыумны і грэч. перыстыльны тыпы дома. Для дойлідства перыяду крызісу імперыі (3—4 ст.) характэрны празмерныя маштабы збудаванняў, пышныя дэкар. эфекты, раскоша аддзелкі (арка Канстанціна). Вял. вынаходлівасці дасягнулі дойліды ў афармленні ўнутр. прасторы выдатных помнікаў архітэктуры — тэрмаў Каракалы і базілікі Максенцыя. Будавалі пераважна ў правінцыях (храмавыя комплексы ў Баальбеку, Пальміры, палац Дыяклетыяна ў Спліце). Рэльефамі на гіст. тэмы аздаблялі грамадскія будынкі, гар. брамы, храмы, алтары (т. зв. Алтар Даміцыя Агенабарба). Скульптура прадстаўлена работамі этрускіх майстроў («Капіталійская ваўчыца»). Важнае месца займаў скульпт. партрэт (бюст, статуя), які ў адрозненне ад грэкаў дакументальна ўвасабляў арыгінал. Захаваліся партрэты стараж. дзеячаў — Аўгуста, Траяна, Цыцэрона, Цэзара і інш. У эпоху позняй імперыі распаўсюджаны партрэтныя статуі (у т. л.стараж.-рым. тып статуі «тагатус», які ўвасабляў аратара ў тозе) і бюсты (галава бронз. статуі мужчыны — т.зв. Брут). У афіц. скульптуры ранняй імперыі ўзнікла тэндэнцыя да ідэалізацыі. Разам з тым у творы ўводзіліся святлоценявыя кантрасты, элементы руху, вытанчаная пластычная распрацоўка форм (напр., віртуозная перадача прычосак у жан. партрэтах эпохі Флавіяў, 60—90-я г.). Рэльефы набылі рысы жывапіснасці і напружанай дынамікі (рэльефы аркі Ціта). Ў часы Траяна склаўся тып шматфігурнага батальнага рэльефу (паласа рэльефаў, што абвівае калону Траяна). Пашыраным было капіраванне грэч. статуй. У познарым. скульпт. партрэце пластычныя аб’ёмы і знешнія рысы трактаваліся ўмоўна і схематычна. У размалёўцы жылых дамоў паслядоўна выкарыстоўвалі т. зв. інкрустацыйны і арх.-перспектыўны (1-ы і 2-і пампейскія) стылі дэкар. жывапісу (дом Лівіі на Палаціне). Развівалася мастацтва мазаікі з каляровага каменю і гліптыкі (гемы з цвёрдых парод паўкаштоўных камянёў). Да 60-х г. пераважаў т. зв. 3-і стыль: лёгкія графічныя ўзоры і невял. сюжэтныя карціны на фоне вял. свабоднай прасторы. Яго змяніў т.зв. 4-ы стыль, ці «стыль фантаст. архітэктуры» (2-я пал. 1 ст.н.э.; складаныя, ілюзорна-прасторавыя арх. кампазіцыі). Палітра мазаік узбагацілася смальтай розных адценняў, з 2 ст. пашырылася чорна-белая каменная мазаіка. У дэкар.-прыкладным мастацтве эпохі імперыі вылучаліся творы тарэўтыкі, гліптыкі, «чырвоналакавая» кераміка з рэльефным фігурным дэкорам, са шкла, медальернае мастацтва, мэбля з бронзы і дрэва і інш. Сярод маст. вырабаў вылучаліся партрэтная мініяцюра на залатой фользе, мармуровыя саркафагі з гарэльефнымі шматфігурнымі сюжэтнымі выявамі, у якіх з 3 ст. пашырылася хрысц. тэматыка. З хрысц. культам звязаны і размалёўкі рым. катакомбаў. Узоры дэкар. жывапісу (3-і і 4-ы пампейскія стылі) адлюстраваны ў фрэсках Пампеяў. Ўяўленне пра станковы жывапіс даюць т. зв. фаюмскія партрэты ў Егіпце. З пач. 4 ст. назіраецца адыход ад традыцый ант. мастацтва, пераход да сярэдневякоўя (рэльефы аркі Канстанціна, раннехрысц. саркафагі і інш.). Ант. помнікі Р. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
История Древнего Рима. СПб., 1999;
Гиббон Э. История упадка и разрушения Римской империи: Пер. с англ.: В 7 т. Т. 1—2. СПб., 1997;
Джеймс П. Римская цивилизация: Пер. с англ.М., 2000;
Утченко С.Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. М., 1969;
Нечай Ф.М. Образование римского государства. Мн., 1972;
Маяк И.Л. Рим первых царей: Генезис римского полиса. М., 1983;
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985;
Кнабе Г.С. Древний Рим — история и повседневность: Очерки. М., 1986;
Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990;
Кузищин В.И. Античное классическое рабстве как экономическая система. М., 1990;
Гиро П. Частная и общественная жизнь римлян: Пер. с фр. СПб., 1995;
Штаерман Е.М. История крестьянства в Древнем Риме. М., 1996;
Древний Рим: История. Быт. Культура. М., 1997;
Джонс А.Х.М. Гибель античного мира: Пер. с англ. Ростов н/Д;
М., 1997;
Сергеев И.П. Римская империя в III в. н.э.: Пробл. социально-полит. истории. Харьков, 1999;
Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000;
Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;
Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;
Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Мамардашвили М.К. Лекции по античной философии. М., 1997;
Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;
Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;
Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;
Бокщанин А.Г. Источниковедение Древнего Рима. М., 1981;
Немировский А.И. У истоков исторической мысли. Воронеж, 1979;
Историки и история: жизнь, судьба, творчество. Т. 1—2, М., 1997—98;
Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;
Из книги о римских историках: Пер. с лат.М., 1992;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. М., 1994;
Саллюстий Г.К. Соч.: Пер. с лат.М., 1981;
Тацит К. Соч.: Пер. с лат.Т. 1—2. М.; Л., 1969;
Записки Юлия Цезаря и его продолжателей: Пер. с лат. Ч. 1—2. М., 1991;
Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;
Лосев А.Ф. Античная литература. 5 изд. М., 1997;
Античные писатели. СПб., 1999;
Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;
Античная музыкальная эстетика. М., 1960;
Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;
Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966;
Соколов Г.И.: Искусство Древнего Рима. М., 1971;
Яго ж. Римский скульптурный портрет III в. и художественная культура того времени. М., 1983;
Bloch R. The Origins of Rome. New York, 1960;
Grant M. History of Rome. London, 1978;
Storia di Roma. Vol. 1—4. Toruno, 1988—93.
В.І.Ханкевіч (гісторыя, гістарычная навука), Э.С.Дубянецкі (выхаванне і адукацыя, міфалогія і рэлігія, філасофія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), К.А.Рэвяка (тэатр, архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Рым Старажытны. Рэльеф з выявай рымскай калясніцы.Да арт.Рым Старажытны. Базіліка Максенцыя (Канстанціна) у Рыме. 306—315.Да арт.Рым Старажытны. Патрыцый з партрэтамі продкаў. Канец 1 ст. да н.э.Да арт.Рым Старажытны. «Капіталійская ваўчыца».Да арт.Рым Старажытны. Арка Канстанціна.Да арт.Рым Старажытны. Саркафаг Канстанцыі. 340.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬШЧА (Polska),
Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, у басейне рэк Вісла і Одра. Мяжуе на З з Германіяй, на Пд з Чэхіяй і Славакіяй, на У з Літвой, Беларуссю і Украінай; на Пн абмываецца Балтыйскім м. і мяжуе з Калінінградскай вобл. Расіі. Пл. 312,7 тыс.км². Нас. 38,7 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — польская. Сталіца — г.Варшава. Падзяляецца на 16 ваяводстваў. Нац. святы — Дзень Канстытуцыі 1791 (3 мая), Дзень незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1997. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы (выбіраецца на 5 гадоў праз усеагульныя выбары), і Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — парламент, які складаецца з 2 палат: сейма і сената. Дэпутаты сейма (460 чал.) і сенатары (100 чал.) выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Судовая ўлада аддзелена ад заканад. і выканаўчай улад. Вышэйшая суд. інстанцыя П. — Вярхоўны суд.
Прырода. П. пераважна раўнінная краіна, нізіны і раўніны займаюць каля 75% плошчы. На Пн паласа ўзгорыста-марэннага рэльефу з вял. колькасцю азёр (Паморскае і Мазурскае Паазер’і). У цэнтр. раёнах з 3 на У працягваюцца нізіны (Велікапольская, Шлёнская, Мазавецка-Падляская), на Пд ад іх — Малапольскае і Люблінскае ўзвышшы. На Пд горы: Карпаты з масівам Татры (г. Рысы, 2499 м), на ПдЗ Судэты (г. Снежка, 1602 м). П. багатая каменным (геал. запасы 130 млрд.т да глыб. 1200 м) і бурым (геал. запасы 40 млрд.т) вугалем, серай, меднай і свінцова-цынкавымі рудамі, каменнай соллю. Ёсць барыт, жал. руда, фасфарыты, невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы і З каля -1 °C, у цэнтр. раёнах і на У -3 °C, ў гарах каля -6 °C. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C; у гарах халадней. Ападкаў за год на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 1200—1500 мм. Найб. рэкі Вісла з Наравам, Одра з Вартай. З азёр найб. Снярдвы (113,8 км²) і Мамры (104,4 км²) у Мазурскім Паазер’і. Лясы і хмызнякі займаюць 29% тэр. У лясах пераважае хвоя, у Судэтах — елка, у Карпатах — хвоя, елка, бук. Асн. масівы лясоў на Пн, З, у гарах. Жывёльны свет: зубр, сарна, буры мядзведзь, рачны бабёр (усе ахоўваюцца), высакародны алень, дзік, лось, барсук, воўк, рысь, зайцы; з птушак фазан (ахоўваецца), глушэц, цецярук, курапатка, вадаплаўныя. У краіне 22 нац. паркі (буйнейшыя з іх Татранскі, Бяшчадскі, Карканешскі, Белавежскі), 106 ландшафтных паркаў, якія займаюць 9,3% пл. краіны. Белавежскі нац. парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 97% складаюць палякі, 0,5% — украінцы (ПдУ), 0,4% — беларусы (пераважна Падляскае ваяводства, цэнтр — г. Беласток). Жывуць таксама немцы, славакі, рускія, літоўцы, чэхі і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 95%). Сярэдняя шчыльн. 123,8 чал. на 1 км²: найб. ў горна-прамысл. раёне на Пд — да 300—400 чал. на 1 км², найменшая на ПнУ і Пн — каля 50 чал. на 1 км². Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве каля 62% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Варшава — 1800, Лодзь — 1000, Кракаў — 850, Вроцлаў — 730, Познань — 660, Гданьск — 550, Шчэцін — 500. У прам-сці і буд-ве занята 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 26%, у абслуговых галінах — 44%.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з эпохі палеаліту (рэшткі найб.стараж. паселішчаў у паўд. раёнах краіны). Ў 4—3-м тыс. да н.э. тут жылі фіна-угры, аб чым сведчаць і некат. тапонімы, напр., назва р. Нараў. У 3-м тыс. да н.э. сюды з Прычарнамор’я прыйшлі плямёны культуры стужачнай керамікі, у пач. 2-га тыс. да н.э. з’явіліся плямёны шнуравой керамікі культуры. З 1-га тыс. да н.э.найб. вядомая лужыцкая культура (вучоныя рэканструявалі іх стараж. паселішча на Біскупінскім воз.). Лужыцкія плямёны гандлявалі са стараж. рымлянамі (пераважна бурштынам), пра што сведчыць і карта стараж. Еўропы, складзеная К.Пталамеем, дзе пазначаны г. Calissia (цяпер г. Каліш). У канцы 2 ст. да н.э. складвалася пшэворская культура, носьбіты якой — аснова фарміравання зах. славян.
У пач.н.э. землямі П. намагаліся авалодаць стараж.-герм. плямёны, але продкі славян адстаялі тэр. паміж рэкамі Вісла і Лаба (Эльба). Розныя ч. П. насялялі паморы (гл.Памаране), ругі, мазуры, куявы (гл.Куявія), віслякі, апаляне, слянзакі, палякі (паляцы), смаляне, якія кантактавалі з этнічна блізкімі палабскімі славянамі, продкамі чэхаў і славакаў. Найб. развітымі былі памаране і паўд. плямёны. У Памор’і ўзніклі першыя польск. гарады (Бялоград, Слаўна, Гданьск, Шчэцін, Волін). У паўд., або Малой Польшчы (гл.Малапольшча), узнікла княства з цэнтрам у Кракаве. Віслінскі князь падпарадкаваў ч. Галіцыі і Сілезіі. Але ў 2-й пал. 9 ст. Малая П. трапіла пад уладу Вялікамараўскай дзяржавы. З Маравіі ў П. прыйшло і хрысціянства, у Кракаве ўтварылася епіскапства паводле візант. абраду. Этнічна блізкія стараж.-польскія плямёны ўдалося аб’яднаць у дзяржаву племя палян, якое жыло ў цэнтры Вялікай Польшчы. Ад іх паходзіць назва краіны і нацыі (Польска, паляцы). У канцы 9 ст. ў палян на чале ўлады зацвердзілася дынастыя Пястаў, першымі прадстаўнікамі якой былі князі Земавіт, Лешак, Земамысл. Пісьмовая гісторыя П. пачалася з 4-га князя з дынастыі Пястаў — Мешкі I. Ён заснаваў першую сталіцу П. — г. Гнезна, герб Пястаў (белы арол) стаў дзярж. гербам краіны. У 960-я г. Мешка аб’яднаў б.ч.тэр. сучаснай П., у т. л. ў саюзе з Чэхіяй і з дапамогай яе войска падпарадкаваў Шчэцін і інш. гарады Зах. Памор’я. Ажаніўшыся з чэш. князёўнай, Мешка I у 966 прыняў хрысціянства паводле лац. абраду ад герм. епіскапаў, і з гэтага часу П. стала каталіцкай краінай. Аб’яднанне польск. зямель завяршыў старэйшы сын Мешкі — Баляслаў I Храбры, які ў 999 падпарадкаваў Малую П. з Кракавам, а яшчэ раней адабраў у чэхаў Сілезію; у 1000 Баляслаў заснаваў у Гнезне першую касцельную мітраполію на польскіх землях. Пры Пястах пачалося фарміраванне польск. народнасці (зацвердзілася яе агульная саманазва — палякі) і яе нац. самасвядомасці, адзінай польскай мовы.
У 11—13 ст. дынастыя Пястаў падзялілася на кланы і страціла кантроль над цэнтр. уладай у краіне, пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дзяржава распалася на шэраг удзельных княстваў. Сілезія трапіла пад уладу Чэхіі, а Зах. Памор’е — герм. князёў. Міжусобіцы спусташалі краіну. У 1180 вял.кн. Казімір II склікаў у г. Лянчыца ўсяпольскі з’езд князёў, знатных шляхціцаў (рыцараў) і епіскапаў. З’езд замацаваў прывілеі і імунітэты магнатаў і шляхты, іх права спадчынна валодаць княствамі, валасцямі, маёнткамі. Удзелам вял. князя прызнаваліся Кракаў і ч. Малой П. Знешнепаліт. становішча польскіх зямель пагоршылася ў сувязі з экспансіяй крыжацкага Тэўтонскага ордэна (пасля 1226) і набегаў мангола-татараў (1241, 1259, 1287). Нягледзячы на знешнюю пагрозу і ўнутр. міжусобіцы, у 13 ст. большасць польск. гарадоў атрымала магдэбургскае права. Але гар. самакіраванне ў П. ўскладнялася праблемай ням. міграцыі (б.ч. гандляроў і рамеснікаў была перасяленцамі з Германіі).
Пэўныя юрыд. нормы існавалі і на вёсцы, у т. л.мясц. самакіраванне і суд.Сял. сем’і валодалі надзеламі памерам ад 15 да 50 га. З канца 13 ст. ў П. разгарнулася барацьба за аб’яднанне польск. зямель, якую ініцыіравалі князі Малой П. і г. Кракаў (сталіца краіны ў 11—16 ст.). Значных поспехаў у гэтым дасягнуў Уладзіслаў I Лакетак, які ў 1320 каранаваны польск. каралём. Справу кансалідацыі польскіх зямель працягваў яго сын Казімір III. Пры ім П. знаходзілася ў дынастычнай уніі з Венгрыяй (1370—82). У 14 ст. ў склад П. не ўваходзілі Сілезія і Памор’е, да 1526 самаст. княствам заставалася Мазовія. Пагроза з боку Тэўтонскага ордэна абумовіла заключэнне з ВКЛКрэўскай уніі 1385. У саюзе з ВКЛ П. ў выніку Грунвальдскай бітвы 1410 паспяхова спыніла крыжацкую экспансію. Унія паступова выклікала ўнутр. супярэчнасці (канфлікт паміж Ягайлам і Вітаўтам, напружанасць паміж праваслаўнымі і католікамі з-за прывілеяванага становішча апошніх). Унія садзейнічала і ліквідацыі спадчыннай манархіі. Пасада караля стала выбарнай, а вышэйшая ўлада ў краіне перайшла да шляхецкага сейма (саслоўная манархія).
Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз П. з ВКЛ. З часоў падпісання каралём Казімірам IV Няшаўскіх статутаў 1454 у дзяржаве ўзмацнілася роля шляхты. У 15—16 ст. каралямі П. выбіраліся прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў. У выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66 з Ордэнам П. вярнула сабе Усх. Памор’е з гарадамі Гданьск, Торунь, Эльбланг, пазней (1526) мірным шляхам далучана Мазовія з Варшавай (пасля 1596 гэты горад стаў сталіцай П.). У пач. 16 ст. запрыгонены польскія сяляне. З 2-й пал. 16 ст. знешняя палітыка П. была скіравана пераважна на У. Вял. спусташэнні нанесла краіне Паўночная вайна 1655—60. Пасля працяглых перагавораў з ВКЛ ва ўмовах Лівонскай вайны 1558—83 заключана Люблінская унія 1569, паводле якой утварылася федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая. Гэта дзяржава мела агульных караля і сейм, але ВКЛ захоўвала аўтаномію (уласныя выканаўчая ўлада ў Вільні, заканадаўства, фінансы, войска). Паводле дзярж. ладу Рэч Паспалітая фактычна была шляхецкай рэспублікай, каралі выбіраліся таксама з прадстаўнікоў еўрап. каралеўскіх дамоў (Генрых III Валуа, Стафан Баторый, Сігізмунд III Ваза). Паміж уласна П. і ВКЛ была таксама заключана царкоўная унія (гл.Брэсцкая унія 1596). У 17 ст. Рэч Паспалітая ваявала са Швецыяй, Украінай, Расіяй, Турцыяй (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57, Польска-турэцкія войны 17 ст., Аліўскі мір 1660).
Унутры П. ўсё большую ўладу набывала шляхта (гл.Ліберум вета), што разам з крызісам фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадаркі вяло да паступовага заняпаду краіны. Значную ч.тэр. П. закранула Паўночная вайна 1700—21. Умяшанне ў справы аслабленай П. з боку Расіі (у т. л. з-за пытання аб дысідэнтах), а таксама Аўстрыі і Прусіі прывяло да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). У канцы 18 ст. ў П. мелі месца спробы ўнутр. рэформ (гл.Чатырохгадовы сойм 1788—92, Канстытуцыя 3 мая 1791). У 1793 Рас. імперыя і Прусія ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай, які быў змушаны зацвердзіць сейм, скліканы ў Гродне (гл.Гродзенскі сейм 1793). Акупацыя краіны выклікала паўстанне 1794, якое ўзначальваў ураджэнец Беларусі Т.Касцюшка (на бел. землях — Я.Ясінскі). Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795), у выніку якога П. на працяглы час (да 1918) страціла дзяржаўнасць, а польскія землі і народ былі падзелены паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Патрыят. сілы польскага грамадства не спынялі барацьбы за аднаўленне дзяржаўнасці, шукалі дзеля гэтага знешніх саюзнікаў, гуртаваліся ва ўмовах эміграцыі. Гэтай мэце павінны былі служыць легіёны польскія (каманд.ген. Я.Г.Дамброўскі), якія з 1797 ваявалі на баку Францыі. Частка польскай шляхты на чале з кн. А.Чартарыйскім арыентавалася на рас. імператара Аляксандра 1 у разліку на аднаўленне П., звязанай уніяй з Расіяй.
У час напалеонаўскіх войнаў утворана Варшаўскае герцагства (1807), у якім было скасавана прыгоннае права. Герцагства ўдзельнічала ў вайне 1812 супраць Расіі. Б.ч. гэтага васальнага ад Францыі дзярж. ўтварэння паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 была перададзена Рас. імперыі і склала Каралеўства Польскае.
Больш за 100 гадоў тры часткі П. (пад уладай Аўстрыі, Прусіі, Расіі) развіваліся паасобку. Цэнтрам нац.-вызв. руху заставалася Варшава. Але паўстанне 1830—31 і паўстанне 1863—64 таксама пацярпелі няўдачу. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўлады фактычна скасавалі аўтаномію Каралеўства Польскага (гл.Арганічны статут Каралеўства Польскага 1832). Нац.-вызв. паўстанні адбываліся і ў інш. частках П. — у Кракаўскай рэспубліцы (гл.Кракаўскае паўстанне 1846) і Пазнанскім вялікім княстве (гл.Пазнанскае паўстанне 1848). Пасля паўстання 1863—64 ад супрацоўніцтва з польскім нац.-вызв. рухам адышоў бел.нац.-вызв. рух. бо польскія патрыят. сілы сталі атаясамліваць паняцце «Рэч Паспалітая» толькі з П. На працягу 19 ст. ў П. фарміраваліся паліт. партыі і арг-цыі, у сувязі з пэўнай індустрыялізацыяй у польскіх землях актывізаваўся рабочы рух. У 1882 узнікла рабочая партыя «Пралетарыят», у 1893 — Польская сацыялістычная партыя (ППС) і Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы), у 1897 — Нацыянальна-дэмакратычная партыя (існавала да 1945), якая працяглы час мела вял. ўплыў у польскім грамадстве. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся магчымасці для аднаўлення дзяржаўнасці П. Гэтаму спрыялі дзейнасць польскай эміграцыі ў Парыжы (гл.Польскі нацыянальны камітэт), Ю.Пілсудскага, які абапіраўся на створаныя ім Польскія Легіёны, а таксама знешнія абставіны (паражэнне ў 1-й сусв. вайне Аўстрыі і Германіі, Кастр. рэвалюцыя 1917 у Расіі). 11—14.11.1918 ваен. і цывільную ўладу ў Варшаве ўзначаліў Пілсудскі. Пры ўрадзе І.Падарэўскага П. падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога незалежнасць краіны прызнала Антанта. Але ў склад адноўленай П. ўвайшлі не ўсе польскія землі, П. атрымала абмежаваны выхад да Балт. мора праз т.зв.«Польскі калідор». У выніку польска-сав. вайны 1919—20 (у час вайны адбылася буйная Варшаўская аперацыя 1920) і Рыжскага мірнага дагавора 1921 у склад П. ўключаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. Спрэчкі паміж П. і Літвой адносна дзярж. прыналежнасці Вільні і Віленскага краю выклікалі Віленскі канфлікт 1920—39.
17.3.1921 прынята канстытуцыя адноўленай П. (Другой Рэчы Паспалітай), што замацавала рэсп. лад краіны. Пры гэтым Другая Рэч Паспалітая (1918—39) была унітарнай дзяржавай, дзе, нягледзячы на фармальную юрыд. роўнасць, нярэдка парушаліся правы нац. меншасцей — беларусаў, украінцаў, яўрэяў і інш., якія разам складалі больш за 30% яе насельніцтва. Пасля дзярж. перавароту 12—14.5.1926 у П. ўстаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым». Да мая 1935 фактычным дыктатарам быў Пілсудскі, прэзідэнтам у 1926—39 з’яўляўся І.Масціцкі. У міжваен. перыяд П. рабіла захады па ўмацаванні сваёй бяспекі, у т. л. заключыла германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе. П. была першай краінай, у якую ўварваліся і развязалі гэтым 2-ю сусв. вайну ўзбр. сілы нацысцкай Германіі (гл.Польская кампанія 1939). Адначасова ў вер. 1939 у выніку паходу сав. войск і паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939Зах. Беларусь і Зах. Украіна далучаны да СССР (з-за гэтага польскі ўрад у эміграцыі да нападу Германіі на СССР лічыў сябе ў стане вайны і з СССР). У кастр. 1939 Сав. Саюз перадаў Віленскі край Літве. Нягледзячы на ўстаноўлены ў П. ням. войскамі жорсткі акупац. рэжым (дзейнічалі канцлагеры Асвенцім, Майданак і інш. «фабрыкі смерці», усяго за ваен. час загінула каля 6 млн. грамадзян П.), унутры краіны і па-за яе межамі разгортвалася вызваленчая вайна польскага народа 1939—45. У 1940 у СССР загінула некалькі тысяч інтэрніраваных там польскіх афіцэраў (гл.Катынь).
У гады 2-й сусв. вайны ў польскім руху Супраціўлення склаліся кірункі нацыянальны (узначальваў эмігранцкі ўрад, якому падпарадкоўваліся Армія Краёва, Андэрса армія і інш.) і камуністычны (абапіраўся на Гвардыю Людову, Саюз польскіх патрыётаў у СССР і інш. сілы). Прыкладамі антыфаш. супраціўлення і мужнасці грамадзян П. былі Варшаўскае паўстанне 1943 (паўстанне вязняў у Варшаўскім гета) і Варшаўскае паўстанне 1944. У ходзе вызвалення тэр. П. сав. войскамі, з якімі ўзаемадзейнічала Першая польская пяхотная дывізія імя Т.Касцюшкі, уладу ў краіне ажыццяўлялі Краёва Рада Нарадова (існавала ў 1944—47) і Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, што арыентаваліся на Сав. Саюз і не падтрымлівалі ўрад С.Мікалайчыка. Замацаванню знешнепаліт. арыентацыі П. на СССР садзейнічалі рашэнні Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945. Паводле рашэнняў гэтых канферэнцый устаноўлены і сучасныя межы польскай дзяржавы, у т. л. на польска-бел. сумежжы (гл.Савецка-польскі дагавор 1945). На працягу 1944—47 (поўнасцю землі П. вызвалены ад ням. войск да мая 1945) у П. ўстаноўлена фактычна аднапарт. сістэма (у 1948 засн.Польская аб’яднаная рабочая партыя; ПАРП) і разгорнуты эканам. пераўтварэнні на ўзор СССР (нацыяналізацыя буйной і сярэдняй прам-сці, спробы калектывізацыі вёскі і інш.). Насаджэнне сацыялізму ў П. выклікала стыхійныя выступленні рабочых у Познані супраць ваяводскіх улад, мясц.к-та ПАРП і службы бяспекі (1956). У 1956 новым кіраўніком партыі стаў У.Гамулка, які крыху лібералізаваў курс на пабудову ў П. сацыяліст. грамадства. У знешнеэканам. і знешнепаліт. адносінах П. была членам Савета эканамічнай узаемадапамогі (1949—91), Варшаўскага дагавора 1955 (да 1991, на тэр. П. размяшчалася Паўн. група сав. войск). Згажэліцкі дагавор 1950 з ГДР і дагавор ад 7.12.1970 аб нармалізацыі адносін з ФРГ пацвердзілі ўстаноўленыя пасля 2-й сусв. вайны межы П. з гэтымі краінамі. Сац. нестабільнасць і ідэалаг. ўціск з боку парт. і дзярж. органаў выклікалі антыўрадавыя выступленні моладзі ў Варшаве (1968), рабочых у Гданьску і Гдыні (1970), Шчэціне (1971) і інш. гарадах (1976, 1980), якія былі жорстка задушаны ўладамі. У 1970—80 лідэрам ПАРП быў Э.Герак. У сярэдзіне 1970-х г. незадаволенасць у грамадстве эканам. сітуацыяй выклікала забастоўкі і дэманстрацыі рабочых. У абарону рэпрэсіраваных рабочых выступілі каталіцкая царква і апазіц. групоўкі, скансалідаваныя пратэстамі супраць змен у канстытуцыі (у 1976 створаны К-т абароны рабочых, у 1977 Рух у абарону правоў чалавека і грамадзяніна). Вял. ўплыў на грамадскія настроі мела абранне ў 1978 польскага кардынала К.Вайтылы папам рымскім (гл.Іаан Павел II), які ў 1979 наведаў П. У 1980 на хвалі забастовачнага руху ўзнік незалежны прафсаюз «Салідарнасць» (яго старшынёй з 1981 быў Л.Валенса).
Ва ўмовах канфрантацыі з апазіцыяй улады П. ўвялі ў краіне ваен. становішча (дзейнічала ў 1981—83). У 1980-я г. партыю і ўрад узначальваў ген. В.Ярузельскі (у 1989—90 прэзідэнт П.). Пошукам шляхоў дасягнення нац. згоды ўнутры П. спрыялі і знешнія ўмовы (палітыка перабудовы ў СССР, дэмакр. змены ў дзяржавах Усх. Еўропы). Пасля правядзення «круглага стала» паміж прадстаўнікамі ўлад і апазіцыі (1989) у П. адбыліся паўсвабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамаглі апазіц. сілы. У пач. 1990 ПАРП самараспусцілася, ч. яе актыву (пераважна моладзь) утварыла Сацыял-дэмакратыю Рэспублікі П. У снеж. 1989 сейм прыняў сучасную назву дзяржавы — Рэспубліка П. (замест Польская Нар. Рэспубліка), дэнансаваў дагавор аб саюзе з СССР. Пры першым некамуніст. урадзе на чале з Ў.Мазавецкім (1989—90) пачалося ажыццяўленне праграмы радыкальных ліберальных пераўтварэнняў у гаспадарцы (т.зв. план Л.Бальцаровіча, або «шокавая тэрапія») з мэтай стварэння ў П. эфектыўнай рыначнай і сацыяльна арыентаванай эканомікі. У выніку першых свабодных прэзідэнцкіх выбараў (канец 1990) прэзідэнтам стаў Валенса, у 1995 яго змяніў А.Квасьнеўскі (перавыбраны ў 2000). У 1997 прынята сучасная канстытуцыя П., якая гарантуе і выкананне нац.-культ. правоў нац. меншасцей. У 1990-я г. краіна дасягнула значных сац.-эканам. поспехаў (утаймаванне інфляцыі і стабілізацыя курсаў нац. грашовай адзінкі — злотага, рэфармаванне сістэмы сац. абароны насельніцтва, стварэнне больш як 100 недзяржаўных ВНУ і інш.). У знешняй палітыцы П. імкнецца да інтэграцыі ў еўрап. рэгіянальныя і транснац. арг-цыі, умацавання гандл.-эканам. і культ. сувязей з суседнімі дзяржавамі, у т. л. з Беларуссю. Апошнія гады на чале ўлады знаходзіцца кааліцыя Уніі Вольнасці і Выбарчай акцыі Салідарнасці. П. — чл.ААН (з 1945), «Вішэградскай групы» (з 1990—91), Савета Еўропы (з 1991), НАТО (з 1999), асацыіраваны партнёр Зах.-еўрап. і Еўрап. саюзаў (абодвух з 1994). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 2.3.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Выбарчая акцыя Салідарнасць, Польская сял. партыя, Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі П., Саюз свабоды, Хрысц.-нац. аб’яднанне, Канфедэрацыя незалежнай П., Рух за адраджэнне П., Хрысц. дэмакратыя Трэцяй Рэчы Паспалітай, Нар.-дэмакр. партыя, і інш. Інтарэсы беларусаў у П. прадстаўляе Бел.дэмакр. аб’яднанне. Найбуйнейшыя прафес. аб’яднанні — Усяпольскае пагадненне прафес. саюзаў, Незалежны самакіравальны прафес. саюз «Салідарнасць», Агульнапольскі прафсаюз сялян, сял. аб’яднанняў і арг-цый.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. дзяржава з сярэднім узроўнем развіцця. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 263 млрд.дол., каля 6800 дол. на чалавека. 26,6% ВУП атрымліваюць у прам-сці, 5,1% — у сельскай гаспадарцы, 68,3% — у сферы паслуг. Пераход да рыначнай эканомікі ў П. быў параўнальна доўгі і складаны. Лібералізацыя эканомікі праведзена ў 1990, дадатныя зрухі пачаліся з 1992. У 1995—98 умовы для развіцця эканомікі былі вельмі спрыяльныя, штогадовы рост ВУП склаў 6—8%, узровень інфляцыі не перавышаў 10%. У гэты перыяд ажыццёўлена структурная перабудова ў прам-сці, доля сыравінных і энергаёмістых галін зменшылася, павялічылася доля перапрацоўчых галін. У буд-ве і гандлі прыватны сектар складае 90%, у прам-сці — 60%. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі. За 1989—99 іх аб’ём склаў 35,5 млрд. долараў. Створаны 17 свабодных эканам. зон з удзелам капіталаў ЗША і краін Еўропы. Ліквідаваны нярыначныя формы тавараабароту, сістэма цэнтралізаванага планавання. У прамысловасці развіты паліўна-энергет. комплекс, які базіруецца ў асн. на ўласных рэсурсах. Здабыча каменнага вугалю 111,9 млн.т (1999, Верхнесілезскі і Ніжнесілезскі басейны), бурага — 60,8 млн.т (басейны ў цэнтр. і зах. раёнах). Экспарт каменнага вугалю склаў 25 млн.т (1998, 2-е месца ў свеце). Нафта пераважна імпартная, каля 40% яе паступае з Расіі. Буйнейшыя нафтаперапр. з-ды ў Плоцку і Гданьску. Вытв-сць бензіну 3,9 млн.т, дызельнага паліва 6,1 млн.т, мазуту 4,7 млн.т (1999). Прыродны газ паступае з Расіі, здабыча ўласнага (Перадкарпацце і марскі шэльф) склала 4,7 млрд.м³ (1999). Вытв-сць электраэнергіі 140 млрд.кВт∙гадз. (1999), у т. л. 97% на ЦЭС, 3% на ГЭС. Чорная металургія прадстаўлена буйнымі камбінатамі «Катавіцы» ў г. Дамброва-Гурніча і «Нова-Гута» ў г. Кракаў. Сталь выплаўляюць таксама ў Варшаве, Сталёва-Волі, Чанстахове, Глівіцах і інш.Вытв-сць (1999) сталі 8,8 млн.т, пракату 6,3 млн.т. Жалезная руда паступае пераважна з Украіны, Расіі, Бразіліі, Швецыі. Каляровая металургія прадстаўлена ў асн. свінцова-цынкавай і меднай прам-сцю. Цэнтр здабычы свінцу і цынку — г. Бытам (Сілезска-Кракаўскі басейн), іх перапрацоўкі — гарады Глогаў і Лягніца. Здабыча медзі на ПдЗ краіны, вытв-сць з уласнай сыравіны 470 тыс.т (1999, 1-е месца ў Еўропе). Выплаўляецца серабро, кадмій, кобальт, ванадый, золата і інш. Выплаўка алюмінію — 46,7 тыс.т (1999). З інш. галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча серы (1,2 млн.т, 1999, цэнтр — г. Тарнобжаг), каменнай солі (каля 4—5 млн.т штогод, цэнтр — г. Інавроцлаў), барыту, буд. матэрыялаў.
Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (больш за 30% занятых у прам-сці); вылучаюцца транспартнае: вытв-сць (1997) легкавых (522 тыс.) і грузавых (60,2 тыс.) аўтамабіляў (Варшава, Люблін, Старахавіцы, Бельска-Бяла, Кельцы, Тыхы); марскіх і рачных суднаў (Гдыня, Гданьск, Шчэцін, Быдгашч, Тчэў); рухавікоў для суднаў (Познань, Гданьск), лакаматываў і вагонаў (Вроцлаў, Познань), авіятэхнікі (Варшава, Жэшаў, Свіднік), матацыклаў і веласіпедаў (Быдгашч, Свіднік) і інш. Развіта станкабудаванне (Варшава, Вроцлаў, Быдгашч, Познань, Лодзь, Катавіцы), вытв-сцьс.-г. і дарожнай тэхнікі. Вялікае значэнне мае вытв-сцьбыт. электратэхнікі (1999): пральных (352 тыс.) і швейных машын (58,7 тыс.), быт. халадзільнікаў (726 тыс.), пыласосаў (1,2 млн.), тэлевізараў (5,1 млн.) і інш.Хім.прам-сць вылучаецца выпускам прадукцыі неарган. хіміі на базе ўласнай сыравіны: сернай кіслаты, фосфарных і азотных угнаенняў, каўстычнай соды; гал. цэнтры — Гданьск, Тарнобжаг, Хожаў. Развіта вытв-сцьхім. валокнаў (85,8 тыс.т, 1999) у Торуні, Лодзі, Шчэціне і інш. У 1999 выпушчана 15,9 млн. шын для легкавых і грузавых аўтамабіляў і сельгастэхнікі. Вял. цэнтры шыннай і гумавай прам-сці — гарады Ольштын, Познань, Лодзь, Грудзёндз, Бялхатаў. Ёсць вытв-сць лакаў, фарбаў, лекаў. Развіта вытв-сць цэменту — 15,3 млн.т (1999). П. мае значную дрэваапр.прам-сць, асабліва вытв-сць мэблі. Вытв-сць (1999) піламатэрыялаў з хвойных парод 2,3 млн.м³, з лісцевых — 448 тыс.м³. Развіта лёгкая прам-сць, асабліва выпуск тканін (388 млн.м², 1997, 1/3 іх вырабляецца ў г. Лодзь), абутку (43,9 млн. пар, 1999), трыкатажу і швейных вырабаў. З галін харчасмакавай і харч. прам-сці вылучаюцца (1999) тытунёвая (94,6 млрд. папярос і цыгарэт), алейная (699 тыс.т алею), цукр. (1,8 млн.т цукру), малочная (133 тыс.т масла), вінна-гарэлачная (736 тыс. дэкалітраў гарэлкі), піваварная. Развіты шкляная, фарфора-фаянсавая, паліграф., парфумерная, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў прам-сць. Выраб муз. інструментаў (Лягніца, Каліш і інш.).
У сельскай гаспадарцы пераважае дробнатаварны ўклад.С.-г. ўгоддзі займаюць 18,5 млн.га, або 59,2% тэр. краіны, з іх 14,1 млн.га ворыва (1997). Прыкладна 50% апрацаваных зямель займаюць гаспадаркі пл. да 5 га. Асн.с.-г. культуры (пасяўныя пл., млн.га, 1999): пшаніца — 2,6, жыта — 2,3, ячмень — 1,2, авёс і трыцікале — па 0,6, зернебабовыя — 1,4. Валавы збор збожжа (1997) склаў 24,3 млн.т, ураджайнасць 28,7 ц/га, у т. л. пшаніцы — 8,2 млн.т, ураджайнасць 35,7 ц/га. Пад бульбай 1,3 млн.га, збор (1997) 27,2 млн.т, ураджайнасць 203 ц/га. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі — 16 млн.т (1997), ураджайнасць 392 ц/га, рапс, лён, тытунь. Валавы збор гародніны 5,3 млн.т, пладоў і ягад — 2,6 млн.т (1997). Сярод краін Еўропы П. вылучаецца значнай вытв-сцю хмелю і фасолі. Жывёлагадоўля мае мяса-малочны кірунак. Гадуюць (1999, млн. галоў): буйн. раг. жывёлу —6,1 (у т. л. кароў 3,3), свіней — 18,2, авечак і коз — каля 0,5. Вытв-сць (1997) мяса ў забойнай вазе 1,2 млн.т, малака 12,1 млн.т (сярэдні надой ад адной каровы 3506 л за год), яек — 7,7 млрд. штук, настрыг воўны — 2 тыс.т.
Транспарт — чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1998) чыгунак 24,3 тыс.км (каля палавіны электрыфікавана), аўтадарог 377 тыс.км, унутр. водных шляхоў 3,8 тыс.км, газаправодаў 17 тыс.км, нафтаправодаў 2,3 тыс.км. Гал. марскія парты Гданьск, Гдыня, Калобжаг, Шчэцін, Свінауйсьце; рачныя — Глівіцы, Варшава, Вроцлаў. У марскім флоце 61 карабель агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн.т (1998). У перавозках грузаў 58,9% прыпадае на аўтатранспарт, 29,6% — на чыгуначны, у перавозках пасажыраў 71,4% — на аўтатранспарт, 28,2% — на чыгуначны. У краіне 74 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Варшавы, Лодзі, Вроцлава, Кракава, Гданьска. У 1999 экспарт склаў 27,4 млрд.дол., імпарт — 45,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: каменны вугаль, сера, каляровыя металы, прадукцыя машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, лекі. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, сыравіна для чорнай металургіі, харч. тавары, разнастайнае абсталяванне, трансп. сродкі, хім. прадукты. Важнейшыя гандл. партнёры: Германія (32,9% экспарту, 24,1% імпарту), Італія (адпаведна 5,9 і 9,9%), Расія (8,4% і 6,3%), Францыя (4,4% і 5,9%), Вялікабрытанія, Украіна, Нідэрланды, ЗША і інш.Гандл. абарот Беларусі з П. склаў (1999) 422,3 млн. долараў, у т. л. экспарт 208,3 млн.дол. і імпарт 214 млн.дол. Беларусь пастаўляе хім. валокны і ніці, казеін, трактары, калійныя ўгнаенні, некат. віды сыравіны і тавары нар. ўжытку; атрымлівае з П. акумулятары, помпы, абутак, харч. тавары, лекі і інш. Значную ролю ў выраўноўванні гандл. балансу адыгрывае замежны турызм. П. ў 1998 займала 8-е месца ў свеце па колькасці замежных турыстаў — 18,8 млн.чал., даходы ад турызму склалі 8,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — злоты.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (205 тыс.чал., 2000) і ваенізаваныя фарміраванні (33 тыс.чал.), у т. л. войскі МУС і адміністрацыі (10 тыс.чал.), пагран. аховы (20 тыс.чал.), фарміраванні грамадз. абароны (каля 3 тыс.чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляе міністр абароны (цывільная асоба), аператыўнае кіраванне (баявая падрыхтоўка, тылавое забеспячэнне, мабілізацыйная работа) — нач.ген. штаба. Камплектаванне паводле закона аб усеагульнай воінскай павіннасці. Тэрмін абавязковай ваен. службы — 12 месяцаў. Тэр. П. падзелена на 2 ваен. акругі — Паўночную (Быдгашч) і Паўднёвую (Вроцлаў). У сухап. войсках 138 тыс.чал., 1 аэрамабільны корпус, 7 дывізій, у т. л. 5 механізаваных, 1 танкавая, 1 аховы ўзбярэжжа, а таксама 12 асобных брыгад, з якіх 2 горна-пяхотныя, 1 танк., 2 дэсантна-штурмавыя і інш. На ўзбраенні 50 пускавых установак аператыўна-тактычных і тактычных ракет, 1730 танкаў, 1440 баявых браніраваных машын, каля 1600 адзінак палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню, мінамётаў і інш. У ВПС і войсках ППА, якія з’яўляюцца (з 1989) адзіным відам узбр. сіл, 2 корпусы, 50 тыс.чал., 340 баявых самалётаў, да 245 пускавых установак зенітных кіроўных ракет, да 100 верталётаў і інш. У ВМС, якія ўключаюць флот, авіяцыю ВМС, камандаванні берагавой абароны і раёна базіравання ВМС на Балтыйскім м., 17 тыс.чал., 42 баявыя караблі (3 падводныя лодкі, 1 эсмінец, 1 фрэгат, 4 карветы, 24 тральшчыкі і інш.), 26 баявых катэраў, 39 дапаможных суднаў, 45 баявых самалётаў, 10 верталётаў. Асн. базы ВМС: Гдыня, Гэль, Свінауйсьце, Калобжаг і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў (2000). Смяротнасць 9,7 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 180 чал., урачамі — 1 на 436 чалавек. Узровень нараджальнасці — 10,6 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,089%. Дзіцячая смяротнасць у 1971 складала 29,7, у 1999—12,8 на 1 тыс. нованароджаных. Вядуцца рэформы з мэтай стварэння свабоднага рынку мед. паслуг. Дзярж. статут 1998 аб забеспячэнні аховы здароўя прадугледжвае пашырэнне самафінансавання, права свабоднага выбару хворым урача і бальніцы. Ствараюцца т.зв. Касы хворых (рэгіянальныя, галіновыя і інш.), якія з’яўляюцца ўстановамі самакіравання і фінансуюцца ў памеры 7,5% ад даходаў падаткаплацельшчыкаў. Існуе прыватная медыцына.
Асвета. Сістэма адукацыі П. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. З 1998/99 навуч.г. ў П. пачалася рэформа сістэмы адукацыі, паводле якой у агульнаадук. школе ўведзены 4 ступені адукацыі з 3-гадовым тэрмінам навучання на кожнай з іх. 1-я ступень — пач. школа для дзяцей з 7-гадовага ўзросту (інтэграванае навучанне); 2-я — базавая школа (блокавае навучанне); 3-я — гімназія (прадметнае навучанне выраўноўвання); 4-я — ліцэй (профільнае навучанне, якое заканчваецца дзярж. экзаменам і атрыманнем атэстата аб поўнай сярэдняй адукацыі). Пасля гімназіі можна атрымаць у прафес. школе рабочую прафесію або пасля дадатковага 2-гадовага курса — атэстат. Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, вышэйшыя школы. Званне ліцэнцыята можна атрымаць пасля 3—3,5 года навучання ў ВНУ, інжынера — 3,5—4, магістра — 5 гадоў прафес. падрыхтоўкі. У 1998/99 навуч.г. ў дашкольных установах 492,8 тыс. дзяцей; больш за 21 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. каля 40 бел., працуюць 2 бел. ліцэі (5551,3 тыс. дзяцей); 7660 сярэдніх спец.навуч. устаноў (1565,5 тыс. навучэнцаў); 120 ВНУ (1,2 млн. студэнтаў, у т. л. замежных 5541, з іх 693 з Беларусі). Найбуйнейшыя ВНУ: Ягелонскі універсітэт і Эканам. акадэмія ў Кракаве; Вроцлаўскі ун-т (з 1702); Варшаўскі універсітэт, Мед. акадэмія, Варшаўская палітэхніка, Вышэйшая гандл. школа (усе ў Варшаве); Ун-т імя А.Міцкевіча ў Познані (з 1919); Каталіцкі ун-т (з 1918) і Ун-т М.Кюры-Складоўскай (з 1944) у Любліне; Ун-т М.Каперніка ў Торуні (з 1945) і інш. Найбольшыя б-кі: Ягелонская (з 1364; выконвае функцыю нац. б-кі), Польская нацыянальная бібліятэка ў Варшаве (з 1928; 7 млн.экз.), Варшаўскага ун-та (з 1817; каля 2,5 млн.экз.), Ун-та імя А.Міцкевіча (з 1902), «Ossolineum» (з 1817 у Львове, з 1945 у Вроцлаве), Польск. АН у Варшаве і інш. Музеі: Нац. (з 1862; мае філіялы ў Вілянаве, Лазенках, Нябораве), Каралеўскі замак (з 1980) у Варшаве; экспазіцыя на Вавелі, Ягелонскага ун-та, археал., гіст., этнагр. музеі (усе ў Кракаве); Нац. музей у Вроцлаве (з 1948), Нац. музей у Познані (з 1857); Музей Ф.Шапэна ў Жалязова-Волі; кляштар на Ясна-Горы ў Чанстахове; Замкавы комплекс у Мальбарку (з 1961), каралеўскія замкі ў Пяскова-Скале і Любліне, Дзярж. музеі Асвенцім-Бжазінка (з 1947), Мазавецкі ў Плоцку (з 1821) і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў Польск. АН, н.-д. установах, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у П. больш за 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя штодзённыя газеты: «Gazeta Wyborcza» («Выбарчая газета», з 1989), «Rzeczpospolita» («Рэспубліка», з 1982), «Życie Warszawy» («Жыццё Варшавы», з 1944), «Kurier Polski» («Польскі кур’ер», з 1957), «Trybuna» [«Трыбуна»; у 1948—90 наз. «Trybuna Ludu» («Трыбуна народа»)], штотыднёвікі — «Nie» («Не», з 1990), «Polityka» («Палітыка», з 1957), «Wprost» («Супраць», з 1982). Бел.перыяд. выданні: штотыднёвік «Ніва» (з 1956), часопісы «Сустрэчы» (з 1987), «FOS» («ФОС», з 1989), «Czasopis» («Часопіс», з 1990), «Дыскусія» (з 1993) і інш.Інфарм. агенцтвы — Польскае агенцтва друку і Польскае інфарм. агенцтва (ПІА; у 1967—91 наз. Польскае агенцтва Інтэрпрэс). Працуюць службы «Польскае тэлебачанне AT» і «Польскае радыё АТ» (абедзве з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нац. савет па радыёвяшчанні і тэлебачанні (з 1992). Тэле- і радыёвяшчанне ўключае каналы агульнанац., асобных ваяводстваў і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. Дзейнічаюць 36 тэлецэнтраў, у т. л. 11 дзярж., і 167 радыёстанцый, у т. л. 17 дзяржаўных. Тэлебачанне з 1952 (рэгулярнае з 1953). Перадачы трансліруюцца па 3 дзярж. каналах (ТВП 1, ТВП 2, «Палонія»). З 1993 існуюць камерцыйныя каналы («Польсат», «Канал +», «РТЛ-7» і інш.). Радыёвяшчанне вядзе перадачы па 4 каналах, у т. л. на замежжа. З 1990 развіваецца камерцыйнае радыёвяшчанне (Радыё Зэт і інш.). У Беластоку працуе радыё «Рацыя» (з 2000 бел. праграмы трансліруюцца на Беларусь). Перадачы вядуцца таксама на англ., франц., ням., італьян., ісп., фін., швед., араб. і эсперанта мовах. П. належыць да еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі ЭУТЭЛСАТ (з 1990).
Літаратура. Развіваецца на польскай мове. Л-ра дахрысц. перыяду амаль не захавалася. Стараж. польская л-ра (966 — пач. 19 ст.) падзяляецца на некалькі перыядаў: сярэднявечча, Адраджэнне (Рэнесанс), барока, Асветніцтва. Л-ра сярэднявечча (11—15 ст.) развівалася на лац. мове пад уплывам каталіцтва. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 11 ст.Асн. жанры: казанні, малітвы, жыціі. Вял. ролю ў станаўленні польскай л-ры адыгралі летапісы і гіст. хронікі (Гал Ананім, Вінцэнты Кадлубак). Адметнай была «Велікапольская хроніка» Гадзіслава Башкі (?, 14 ст.), які выкарыстаў стараж.слав. паданне пра Леха, Чэха, Руса (прабацькоў палякаў, чэхаў і ўсх. славян) і зах.-еўрап. эпас. Важную ролю ў развіцці польскай культуры адыграў Кракаўскі ун-т. Найб. значны твор — 6-томная «Гісторыя Польшчы» Я.Длугаша. Разам з вучонай лац. л-рай узнікла л-ра на польскай мове: з сярэдзіны 13 ст.рэліг. зместу (пераклады, гімны), з 15 ст. — паўсвецкага і свецкага характару («Верш пра паводзіны за сталом» П.Слоты, дыялогі). У эпоху Адраджэння (16 ст.) пашырыліся ідэі гуманізму і Рэфармацыі. У цэнтры новай культуры — Кракаве — наладжана кнігадрукаванне перакладаў з лац., чэш. і ням. моў, першых падручнікаў па польскай арфаграфіі (Я.Паркашовіц) і граматыцы (П.Статорыус-Стаенскі). Працы М.Каперніка і А.Маджэўскага-Фрыча паўплывалі на развіццё сусв. навукі і грамадскую думку. Побач з лац. паэзіяй (К.Яніцкі) ствараліся арыгінальныя творы на польскай мове, дзе закраналіся паліт., сац., рэліг. і быт. праблемы. М.Рэй у «Кароткай гутарцы» (1543) і «Зярцале» (1568) адстойваў паліт. інтарэсы шляхты, але выступаў і ў абарону сялян, праслаўляў рэнесансавыя ідэалы. Буйнейшым паэтам польскага Адраджэння быў Я.Каханоўскі, які заклаў асновы нац. паэзіі. На мяжы 16—17 ст. росквіту дасягнула гарадская л-ра: творы прадстаўнікоў адукаванага, заможнага мяшчанства (С.Ф.Клёнавіч, Ш.Шымановіч) і т.зв. савізжальская, мяшчанска-плебейская л-ра (гумарэскі, песні, драм. сцэнкі, інтэрмедыі). 17 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд польскага барока. У выніку феад. анархіі, спусташальных войнаў, аслаблення ўплыву шляхты ў л-ры ўзмацніліся песімістычныя тэндэнцыі, уплыў мастацтва Іспаніі, Італіі, Францыі. Вядучае месца заняла творчасць прыдворных пісьменнікаў (тэарэтык М.Сарбеўскі, паэт і перакладчык Я.А.Морштын, драматург С.Любамірскі). Шляхецкую л-ру прадстаўлялі паэт В.Патоцкі, празаік В.Кахоўскі, мемуарыст Я.Х.Пасек. Л-ра эпохі Асветніцтва (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) адлюстравала працэс перабудовы грамадства, звязаны з ліберальнымі рэформамі. Узніклі літ.маст. і грамадска-паліт. часопісы, створаны публічная б-ка і нац.т-р (1765), актывізаваліся выдавецкая дзейнасць і кнігадрукаванне. Правадніком новых ідэй стала драматургія («бацька нацыянальнай сцэны» В.Багуслаўскі, Ю.У.Нямцэвіч). Пісьменнікі-класіцысты І.Красіцкі (стваральнік першага польскага асветніцкага рамана), А.Нарушэвіч, С.Трамбецкі, Ф.Заблоцкі, Т.К.Венгерскі ў сатыр. і іроікамічных паэмах, байках, камедыях, памфлетах выкрывалі абмежаванасць і заганы магнатаў, манаскія ордэны, прыхільнікаў старых парадкаў. Развівалася паэзія ракако і сентыменталізму (Ф.Д.Князьнін, Ф.Карпінскі). На мяжы 18—19 ст. з’явілася група пісьменнікаў-«псеўдакласікаў», якія знаходзіліся пад уплывам зах.-еўрап. л-ры (А.Фялінскі, К.Брадзінскі, Нямцэвіч).
Л-ра 19 ст. развівалася ва ўмовах нац. і сац. прыгнёту з боку рус. царызму, аўстр. і ням. манархій. На яе развіццё паўплывала паўстанне дзекабрыстаў (1825), нац.-вызв. паўстанні ў Польшчы, на Беларусі і Літве 1830—31, 1863—64. Рамант. кірунак у л-ры звязаны з творчасцю А.Міцкевіча, які ўвёў новага героя — простага чалавека з яго мовай, паэзіяй, ідэаламі. Творы паэта прасякнуты народнасцю, рэв.-вызв. ідэямі, лірычнымі ўспамінамі пра «малую айчыну» — Навагрудчыну. Вострым пачуццём трывогі за лёс Польшчы вызначалася паэзія Ю.Славацкага — заснавальніка рамант. драмы. Мальераўскія традыцыі развіваў А.Фрэдра, да гіст.хрысц. праблематыкі звяртаўся З.Красінскі, вылучалася інтэлектуальна багатая лірыка Ц.К.Норвіда. У цыкле раманаў пра айч. гісторыю Ю.А.Крашэўскага (заснавальніка польскай рэаліст. прозы), творах Ю.Кажанеўскага, У.Сыракомлі выявіліся антыпрыгонніцкія настроі. Пасля паражэння паўстання 1863—64 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: узмацніліся яе сувязі з грамадскім рухам. Л-ра зазнала ўплыў пазітывізму (прапагандавалася арган. праца і разважлівы стасунак да жыцця, увага да сац. праблематыкі, асветніцкая дзейнасць сярод сялянства). Гэта сцвярджала прынцыпы рэалізму і ўзмацняла ролю публіцыстыкі. З твораў Э.Ажэшкі пачаўся росквіт польскага рэаліст. рамана. Гал. тэма сац. паэзіі М.Канапніцкай — цяжкая доля народа; праблемам сац. расслаення грамадства прысвечана творчасць В.Пруса; майстрам гіст. эпікі з моцнай патрыят. тэндэнцыяй быў Г.Сянкевіч. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначыўся прынцыповымі зменамі ў развіцці польскай л-ры. Гэты перыяд вядомы пад назвай «Маладая Польшча». Актывізаваліся рэаліст. тэндэнцыі і прыёмы псіхалагізацыі, побач з імі ў складаным узаемадзеянні развіваліся мадэрнісцкія плыні. Гал. месца заняла паэзія (К.Тэтмаер, Я.Каспровіч, Б.Лесьмян). Аднавіў класіцыстычныя традыцыі Л.Стаф. Сац. завостранасцю і глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека вылучыліся творы С.Жаромскага. Пра разбуральныя ўплывы цывілізацыі, праблемы мастацтва і творцы пісаў В.Берант. Тэма сялянства і сац. расслаення вёскі — гал. ў творчасці У.Рэйманта, тэма рэвалюцыі — у творах А.Струга, З.Налкоўскай. Драмы С.Выспянскага, І.Міцінскага адметныя метафарычнасцю і глыбінёй філас. абагульненняў, перапляценнем сімволікі, фантастыкі і рэальнасці. Пасля атрымання П. незалежнасці (1918) у яе л-ры ішла вострая ідэалаг. барацьба. Частка пісьменнікаў выступала ў абарону новага ладу і імкнулася да актывізацыі сувязей з культурамі краін Зах. Еўропы. Уплывала на л-ру і каталіцтва. Аднак развіццё л-ры вызначалі дэмакр. і рэаліст. тэндэнцыі. У паэзіі 1920-х г. адбывалася ідэйна-эстэт. дыферэнцыяцыя. У абарону «класічных» традыцый пад лозунгам «паэзіі будзённасці» выступіла група «Скамандр» (Ю.Тувім, Я.Івашкевіч, А.Сланімскі). Авангардныя групоўкі прадстаўлены творчасцю Б.Ясенскага, Ю.Пшыбася, Т.Пэйпера. Вакол час. «Kultura robotnicza» («Рабочая культура») групаваліся прыхільнікі «пралетарскай культуры» (У.Бранеўскі, Ясенскі). У сац.-паліт. прозе з выкрывальнай накіраванасцю адлюстраваны складаныя праблемы пасляваен. жыцця (раманы Жаромскага, Налкоўскай, Струга, Ю.Кадэн-Бандроўскага). У драмах С.А.Віткевіча назіраліся гратэскава-сатыр. тэндэнцыі. Адметная рыса л-ры 1930-х г. — росквіт рамана: сац.-псіхалагічнага (М.Дамброўская, Налкоўская), псіхалагічнага (М.Кунцэвіч, А.Рудніцкі), гістарычнага Д.Кручкоўскі, Івашкевіч, З.Косак-Шчуцкая), рэв.-пралетарскага (В.Васілеўская, Кручкоўскі). Развівалася проза «малога рэалізму» і дакумент. (П.Гаявічынская, З.Унілоўскі). Блізкай да л-ры натуралізму была група «Прадмесце» (1933—37), прадстаўнікі якой паводле прынцыпаў «літаратуры факту» паказвалі жыццё пралетарыяту, сялянства, дэкласаванай часткі грамадства (Г.Багушэўская, Е.Карнацкі, Г.Марцінак). Ідэі катастрафізму выявіліся ў творчасці Віткевіча, Тувіма, Пшыбася, Бранеўскага, а таксама ў гратэскава-сатыр. прозе прадстаўнікоў маладога пакалення (В.Гамбровіч, Б.Шульц). У драматургіі назіраліся тэндэнцыі сімвалізму і псіхалагізму (Е.Шаняўскі, Налкоўская).
У гады 2-й сусв. вайны пераважалі канспіратыўныя перыяд. выданні, малыя формы дакумент. прозы і паэзія (К.К.Бачынскі, Стаф, М.Жулаўскі). У эміграцыі выдавалі свае творы Тувім, Бранеўскі, Сланімскі (на Захадзе), Васілеўская, Л.Шэнвальд, Е.Путрамант (у СССР). У першыя пасляваен. гады вядучая роля належала рэаліст. прозе пра вайну, акупацыю, барацьбу польскага народа супраць фашызму (творы Налкоўскай, В.Жукроўскага, Путраманта, Івашкевіча, Е.Анджаеўскага). Асобнае месца займала «лагерная» тэматыка (С.Шмаглеўская, Налкоўская, К.Жывульская, Т.Бароўскі). Вылучыліся творы, якія адлюстроўвалі складанасць жыцця ў гіст. і сац.-псіхал. аспектах (К.Брандыс, І.Неверлі, Дамброўская, В.Мах, Т.Голуй), цыкл раманаў-біяграфій пра дзеячаў польскай гісторыі і культуры (М.Яструн, Е.Брашкевіч). Развіццё паэзіі звязана з творчасцю К.Галчынскага, Бранеўскага, Пшыбася, Яструна. У драматургіі пераважала «лагерная» і антыфаш. тэматыка (Кручкоўскі, Голуй, С.Атвіноўскі), авангардная плынь прадстаўлена творамі Гамбровіча, Шаняўскага. Пасля 1956 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: адчувалася яе большая адкрытасць, цікавасць да пытанняў этыкі, палітыкі, гіст. і сац. абумоўленасці асобы. Барацьба са стэрэатыпамі мыслення і ўвага да ўнутр. свету чалавека спрыялі росквіту жанру эсэ (Т.Брэза, К.Брандыс, А.Рудніцкі). Узмацнілася інтэлектуалізацыя прозы, яе маст. і жанравае абнаўленне (Ю.Кавалец, Івашкевіч, Дамброўская). Багаццем фальклорна-алегарычных сродкаў адметныя творы Т.Новака, В.Мысліўскага, Э.Радлінскага. Да падзей 2-й сусв. вайны і яе трагічных вынікаў звярталіся Р.Братны, Б.Чэшка, М.Белашэўскі. Побач з творамі пра сучаснасць (Т.Канвіцкі) развіваецца гіст. і гісторыка-біягр. раман (Я.Бахенскі, Т.Парніцкі, У.Л.Тарлецкі, Л.Электаровіч, Я.Парандоўскі), папулярная філас. фантастыка С.Дема. Пашырылася развіццё эксперыментальнай (авангарднай) прозы: навелы М.Хласкі, раманы Л.Гамаліцкага, Маха, Анджаеўскага. Паэзія прадстаўлена новай тэматыкай і маст. пошукамі (Ч.Мілаш, Івашкевіч, Т.Ружэвіч, В.Шымборская, С.Граховяк, З.Герберт). У драматургіі развіваецца рэаліст. (Брашкевіч, Кручкоўскі, Івашкевіч) і алегарычна-метафарычны (С.Мрожак, Гамбровіч, Ружэвіч, І.Ірадынскі) кірункі. У галіне крытыкі выступаюць літ.-знаўцы К.Выка, С.Жалкеўскі, Г.Маркевіч, Р.Матушэўскі, М.Янён, Ю.Бахуж, М.Главінскі і інш.
Польска-бел. літ. сувязі на працягу стагоддзяў вызначаліся агульнасцю лёсаў, блізкасцю моў і культуры бел. і польскага народаў. Стараж.бел. мовай напісаны граматы польскага караля Уладзіслава II (Ягайлы), у т. л.кн. Скіргайлу 1387. На старабел. мову перакладзены з лац. арыгінала Вісліцкі статут 1347. Ягелонскі ун-т у Кракаве — alma mater для многіх пакаленняў бел. інтэлігенцыі (Ф.Скарына, С.Будны і інш.). У канцы 15 ст. ў Кракаве засн. друкарня (Ш.Фіёль), дзе выдаваліся кнігі кірыліцай, пераважна рэліг. зместу для правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны. З пачаткам кнігадрукавання ў 16 ст. на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пераклады папулярнай л-ры з латыні, чэш. і ням. моў. Пасля Люблінскай уніі 1569 П. і ВКЛ, у складзе якога была Беларусь, аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую; пашырылася польская культура, а з сярэдзіны 17 ст. польская мова стала пануючай. У 16—17 ст. на бел. мову перакладзены са шматлікімі паланізмамі польскія спісы «Александрыя», «Троя», «Гісторыя пра Атылу», польскія хронікі М.Бельскага, М.Стрыйкоўскага, «Аповесць пра Скандэрбега», «Вялікае зярцала», «Жыціі святых» П.Скаргі. У сваю чаргу з бел. на польскую мову перакладзены статуты ВКЛ, бел.-літ. хронікі і інш. творы. Бел. паэт А.Рымша — аўтар паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў... Крыштофа Радзівіла» (1585), перакладаў з лац. на польскую мову. Ананімны гіст.-мемуарны твор «Дзённік падзей, якія адносяцца да смутнага часу» напісаны бел. мовай. З Беларуссю звязаны творы пісьменнікаў, якія жылі на Беларусі (Сарбеўскі, Морштын). Аснову барока ў бел. л-ры закладваў Сімяон Полацкі, які развіваў традыцыі Каханоўскага, пісаў таксама вершы на польскай мове. З канца 17 ст.бел. мова пачала выцясняцца з афіц. ўжытку польскай і лац., было забаронена бел. кнігадрукаванне. Выкладанне ў Віленскай акадэміі і калегіумах Мінска, Брэста, Полацка, Навагрудка, Нясвіжа, Гродна і інш.бел. гарадоў вялося на лац. мове. Нешматлікія творы на бел. мове ствараліся ананімна і распаўсюджваліся пераважна ў рукапісах («Прамова Мялешкі»). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. асветніцкія ідэі праніклі і на Беларусь, дзе, як і ў П., асветнікі найперш выступілі супраць «сармацкага» абскурантызму, проціпаставіўшы яму ідэі ўсе.магутнасці розуму. У шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. польская мова займала адно з гал. месцаў. Пад уплывам польскай рэліг. песні «Прыбеглі ў Віфлеем пастухі» напісаны парадыйны бел. верш «Стары Восіп барадаты». 18 ст. — перыяд росту цікавасці да Беларусі, з ёю звязана жыццё і творчасць Князьніна, Карпінскага, Нямцэвіча. У 19 ст. ў прагрэс. л-ры Беларусі і П. паявіліся тыранаборчыя тэндэнцыі, узмацніўся пратэст супраць нац. прыгнёту.
На бел. і польскую л-ры паўплывала творчасць Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага. На аснове сабраных бел. песень Я.Чачот пісаў асветна-дыдактычныя вершы на бел. мове. На скрыжаванні польскай і бел. л-р складвалася творчасць Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, Сыракомлі, В.Каратынскага і інш. Пад уплывам польскіх нар.-вызв. ідэалаў узнікла першая падп.бел.газ.«Мужыцкая праўда». Упершыню ў П. надрукаваны зб-кі вершаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) Ф.Багушэвіча. Бел. тэматыка адлюстравана ў творах Ажэшкі, Канапніцкай. Сяброўскія адносіны звязвалі В.Дуніна-Марцінкевіча і Крашэўскага, Багушэвіча і Ажэшку, Я.Лучыну і Канапніцкую. Рэвалюцыю 1905—07 прагрэс. дзеячы культуры тлумачылі як агульную справу народаў, якія ўзняліся на барацьбу. У развіцці бел. л-ры значную ролю адыграла пашырэнне ў П. дзейнасці бел. кніжных выд-ваў. На бел. мове ў Кракаве апубл. творы Сянкевіча, у Вільні — творы Ажэшкі. У бел.газ. «Наша ніва» друкаваліся вершы Міцкевіча, Канапніцкай і інш. Да перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Канапніцкай, Бранеўскага звяртаўся Я.Купала. З 1929 у Мінску пачаў працаваць Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, з 1939 у Гродне — Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У гэты перыяд значную ролю ва ўзмацненні польска-бел. літ. сувязей адыгралі час. «Sygnały» («Сігналы»), «Kamena» («Камэна»), «Ruch Słowiański» («Славянскі рух»), у якіх надрукаваны вершы П.Труса, М.Чарота, Я.Пушчы, М.Машары, М.Васілька і інш., артыкулы пра бел. паэзію. У сваю чаргу польская рэв.л-ра была шырока вядома на Беларусі, яе папулярызавалі і перакладалі Я.Купала, Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, М.Танк і інш. У 1929 выдадзена анталогія польскай паэзіі «Мы ідзём» і зб. прозы «З нашых прац». На Беларусі выходзілі перыяд. выданні на польскай мове «Młot» («Молат»), «Orka» («Ворыва»), «Prawda» («Праўда») і «Prawda Polska» («Польская праўда»), «Sztandar wolności» («Сцяг свабоды»). Польскія пісьменнікі выступілі супраць фашызму і палітыкі польскіх улад (Налкоўская). У аб’яднанні прагрэс. сіл вял. ролю адыграў Антыфашысцкі кангрэс дзеячаў культуры 1936.
Якасна новы характар літ. ўзаемасувязі бел. і польскай л-р набылі пасля 1945.
Тэма 2-й сусв. вайны — адна з найб. важных тэм братніх л-р. На польскую мову перакладзены творы на ваен. тэматыку М.Лынькова, В.Быкава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, У.Калесніка, Я.Брыля і інш. Класічная бел.л-ра прадстаўлена асобнымі выданнямі выбр. твораў Я.Купалы, М.Багдановіча, Лынькова, Быкава, Я.Коласа, К.Крапівы. На польскай мове выдадзены творы Брыля, М.Танка ў перакладах Я.Гушчы, М.Канановіча, С.Яновіча, Э.Кабаца, І.Сікірыцкага і інш. Польскай зямлі прысвяцілі свае творы Я.Купала, Ц.Гартны, П.Пестрак, В.Вярба і інш.Бел.л-ра на польскай мове прадстаўлена і творамі І.Мележа, У.Караткевіча, І.Пташнікава, Д.Бічэль-Загнетавай і інш., анталогіямі бел. паэзіі, апавяданняў, казак, кн. «Беларускі фальклор» (1983). Сярод польскіх перакладчыкаў бел. л-ры Л.Рысінскі, Т.Хрусцялеўскі, А.Яворскі і інш. З даследаваннямі бел. л-ры выступаюць А.Баршчэўскі, Б.Белаказовіч, У.Монах, Ф.Няўважны, З.Скібінская-Харыла і інш. З 1956 працуюць кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і беларусазнаўчы аддзел у Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Бел. фальклор вывучаюць Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш. Польская л-ра на бел. мове прадстаўлена найб. значнымі творамі Міцкевіча, Норвіда, Крашэўскага, Ажэшкі, Пруса, Сянкевіча, Каспровіча, Стафа, Жаромскага, Лесьмяна, Тувіма, Івашкевіча, Лема, Мрожака, Шымборскай і інш., анталогіямі — апавяданняў («Гэля будзе трактарысткай», 1955; «Ад Буга да Одры», 1969; «Сад», 1982), паэзіі («Сучасная польская паэзія», 1955; «Горад мільённы і мы», 1972), гумарыст. і сатыр. твораў («Вясёлы калейдаскоп», 1979), нар. творчасці («Цудоўныя зярняты: Польскія народныя казкі», 1959; «Польскія народныя песні», 1962), зб-ках «Далягляды», перыяд. друку. На бел. мову творы польскіх пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць Брыль, П.Бітэль, Я.Бяганская, М.Валошка, М.Дубянецкі, У.Жылка, А.Клышка, Н.Мацяш, М.Машара, А.Мінкін, С.Мінскевіч, Б.Сачанка, Я.Семяжон, В.Сёмуха, М.Танк і інш. Даследавалі польскую л-ру і яе сувязі з бел. А.Лойка («Адам Міцкевіч і беларуская літаратура», 1959), М.Ларчанка («Славянская супольнасць», 1963), А.Мальдзіс («Творчае пабрацімства», 1966; «На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), Н.Перкін («У сям’і братніх літаратур», 1967), В.Гапава («Эліза Ажэшка», 1969; «Зменлівае і спрадвечнае», 1975), І.Саламевіч («Міхал Федароўскі», 1972), У.Казбярук («Ступені росту», 1974), К.Цвірка («Слова пра Сыракомлю», 1975), С.Мусіенка («Творчасць Зоф’і Налкоўскай», 1989), У.Мархель («Лірнік вясковы», 1983; «Крыніцы памяці», 1990; «Прадвесце», 1991; «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры», 1998) і інш. У 1989 у Гродзенскім ун-це адкрыта кафедра польскай філалогіі. Выдадзены зб-кінавук. прац «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (абодва 1995).
Архітэктура. Драўляныя святыні язычніцкім божаствам з 10 ст. паступова выцясняліся хрысціянскімі мураванымі збудаваннямі ў аскетычным перадраманскім стылі (капэла-ратонда Дзевы Марыі ў Кракаве). У 2-й пал. 11 ст. пад уплывам архітэктуры Саксоніі ў П. склаўся раманскі стыль: 3- і 5-нефавыя базілікі з трансептам, квадратнымі, круглымі, 8-граннымі вежамі (часткова захаваныя касцёлы ў Познані і Гнезне, касцёлы св. Анджэя ў Кракаве, Туме), часам з парталамі і міжнефавымі слупамі, укрытымі багатай разьбой (касцёл Марыі Магдаліны ў Вроцлаве). Выразнасцю і строгасцю форм вызначаюцца раманскія крыпты (св. Леанарда ў саборы на Вавелі ў Кракаве). У 12—1-й пал. 13 ст. раманскі стыль перажываў уздзеянне інтэрнац. цыстэрцыянскага кірунку з уласцівай яму строгасцю і канструктыўнасцю арх. вырашэнняў: прэсбітэрый сабора дапаўняўся капліцай, больш узнёслымі сталі крыжовыя скляпенні (касцёлы цыстэрцыянцаў у Вонхацку, Капшыўніцы; дойлід манах Сымон). З 1240-х г. ордэны францысканцаў і дамініканцаў пашырылі гатычны стыль. Элементы готыкі з’явіліся ў цыстэрцыянскіх саборах пры кляштарах у Сулееве, Янджэеве і інш. Развіццё гарадоў прывяло да ўтварэння лакальных тыпаў готыкі ў Малапольшчы і Сілезіі, Памор’і і Мазовіі, паўн.ч. Велікапольшчы. На Пд узведзены 3-нефавыя базілікальныя храмы з каменю і цэглы (прэсбітэрый сабора на Вавелі і касцёл Дзевы Марыі ў Кракаве, саборы ў Вроцлаве і Познані), на Пн — зальныя цагляныя касцёлы (Дзевы Марыі ў Гданьску). Яскравы ўзор готыкі 13 ст. — касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. Вонкавая строгасць гатычных храмаў у розных рэгіёнах П. дапаўнялася ўзорыстымі завяршэннямі парталаў і аконных праёмаў, дахаў у выглядзе аркатур, вежачак, нішаў. Позні перыяд польскай готыкі (канец 15 — пач. 16 ст.) вылучаўся нарастаннем дэкаратыўнасці, з’явіліся скляпенні з маляўнічай арнаментацыяй (касцёл у Пельпліне). Пабудавана шмат парафіяльных і кляштарных касцёлаў, камерных па памерах, у т. л.св. Крыжа ў Кракаве. Кампазіцыю каменных храмаў паўтаралі драўляныя з захаваннем традыцый нар. дойлідства: касцёлы ў Дэмбне (2-я пал. 15 ст.), Грывальдзе (каля 1500) і інш. Гарады ў 14—15 ст. забудоўваліся паводле рэгулярных планаў: іх абкружалі каменнымі сценамі з брамамі, вежамі, умацоўвалі барбаканамі (у Кракаве, Варшаве). Багаццем гатычнага дэкору адметныя грамадскія пабудовы — ратушы, бурсы, школы, склады-пакгаўзы, будынкі купецкіх і рамесніцкіх аб’яднанняў і інш. (гандл. рады «Сукеніцы», б. будынак Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У 15 ст. вежы набылі ратуша, касцёлы св. Тройцы, Яна, Кацярыны ў Гданьску, ратуша ў Вроцлаве. Замкі ў 14—15 ст. мелі на Пд нерэгулярны план (Бендзін), на Пн — прамавугольны (Цяханаў). На Пн захаваліся ўмацаваныя комплексы кляштараў крыжакоў (Мальбарк, 13—15 ст.). З пач. 16 ст. Кракаў стаў асяродкам рэнесансавай архітэктуры італьян. арыентацыі, якая ў П. спалучалася з познагатычнымі традыцыямі. У 1502—36 арх. Ф.Ф’ёрэнціна і Б.Берэчы перабудавалі сярэдневяковы замак на Вавелі ў рэнесансавую рэзідэнцыю з рэпрэзентатыўным дваром, 2-яруснымі аркадамі. У 1519—33 Берэчы пабудаваў капэлу Жыгімонта 1 Старога ў фларэнційскім стылі (адзіны прыклад класічнага рэнесансу па-за межамі Італіі). Рэнесансавыя капліцы прыбудоўвалі да гатычных сабораў, на фасадах палацаў і ратуш ствараліся лоджыі. Адначасова ў 16 ст. ўзводзіліся касцёлы паўн.-гатычнага тыпу з ажурным арх. дэкорам, крышт. скляпеннямі (касцёлы ў Бечу, Кентшыне і інш.). У жылых дамах і ратушах разам з лоджыямі, аркаднымі ўнутр. дварамі, ордэрнымі парталамі шырока выкарыстоўваліся дэкар. атыкі з урачыстай арнаментальнай разьбой (гандл. рады «Сукеніцы» ў Кракаве, 1558, арх. Дж.М.Падавана; ратуша з 3 паверхамі лоджый у Познані). У рэнесансавым арх. дэкоры акрэсліўся пачатак уплыву маньерызму. Ажыццёўлена рэгулярная рэнесансавая планіроўка г. Замасць (праект арх. Б.Маранда). У архітэктуры канца 16 — пач. 17 ст. адбілася моцнае ўздзеянне нідэрл. маньерызму (Вял. арсенал у Гданьску, дамы ў Казімежы-Дольным). З 2-й пал. 17 ст. пашырыўся стыль барока: урачыстая фасадная і інтэр’ерная кампазіцыя касцёла святых Пятра і Паўла ў Кракаве (арх. Дж.Трэвана, Я.Брыціус), манум. 2-вежавы фасад касцёла камедулаў на Бялянах (арх. А.Спеца), новы Каралеўскі замак у Варшаве з характэрнымі для ранняга барока буйнымі формамі гал. вежы, шматгранным унутр. дваром (арх. Я.Трэвана), замкі ва Уяздзе, Віснічу, палац біскупа ў Кельцах. Палацы канца 17 — пач. 18 ст.найб. арыентаваныя на франц. ўзоры, загарадныя рэзідэнцыі будаваліся з курданёрамі і рэгулярнымі паркамі: палацы ў Вілянаве (цяпер у межах Варшавы), Красінскіх у Варшаве, Браніцкіх у Беластоку. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. пад уплывам барока Венецыі і Рыма пашырыўся тып касцёла цэнтрычнай 8-граннай кампазіцыі з выразным купалам (касцёлы сакраментак у Варшаве, філіпінцаў у Гостыні). З Аўстрыі запазычаны авальныя ў плане пабудовы з падоўжнымі шматвугольнымі інтэр’ерамі (капэла Патоцкіх касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне, касцёлы ў Лондзе, Асечнай). Інтэр’еры аздаблялі ў стылі ракако (касцёл у Кабылцы пад Варшавай). У драўляным дойлідстве спалучаліся барочныя і гатычныя формы (касцёл у Алесне, царква ў Паўрожніку). З 1770-х г. фарміраваўся класіцызм з захаваннем элементаў барока (каралеўскі палац у Варшаве), які найб. вытанчана і камерна праявіўся ў палацава-паркавым комплексе Лазенкі ў Варшаве. У прыватных палацах і вілах. увасобіліся венецыянскія ўзоры 17 ст. (палацы Дзялынскіх у Познані, Патоцкіх у Кракаве).
Архітэктура 1-й пал. 19 ст. стала больш манум.-рэпрэзентатыўнай. Варшава набыла характар буйнога адм. і культ. цэнтра. Найб. вылучаюцца работы арх. А.Карацы (ансамблі цэнтр. плошчаў, палац Сташыца, Польскі банк, Вял.т-р), Я.Кубіцкага (палац Бельведэр). Своеасаблівую камерную плынь класіцызму прадстаўляюць шляхецкія 2-павярховыя палацы са строгім цэнтр. порцікам у паркавым асяроддзі (палацы ў Бялачаве, Бейсце). Рамант. плынь у архітэктуры 19 ст. звязана з гатычнымі рэмінісцэнцыямі. Перабудовы арх. помнікаў з элементамі гіст. стыляў (готыкі, барока, рэнесансу) характэрны Х.П.Айгнеру (палац Намесніка ў Варшаве, б. палац Радзівілаў). Фасадам касцёлаў надаваўся складаны познагатычны дэкор (перабудова касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве, арх. А.Ідзкоўскі). Касцёлы і палацы ў духу неаготыкі з ням. і англ.гіст. элементамі пабудаваны паводле праектаў ням.арх. К.Ф.Шынкеля. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацнілася гіст. эклектычнасць у гар. прыватных і грамадскіх пабудовах. Пашырыўся тып даходных дамоў з дварамі-«калодзежамі», добраўпарадкоўваліся прамысл. гарады (забудова вул. Пётркоўскай у Лодзі). На ўзор будынка Парыжскай оперы пабудаваны Тэатр імя Ю.Славацкага ў Кракаве. Будынку Крэдытнага і земскага т-ва ў Варшаве нададзены характар неарэнесансавага палаца. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў пошуках нац. стылю архітэктура арыентавалася на прыклады венскага сецэсіёну і парыжскага «ар нуво» (мадэрн): будынкі Т-ва сяброў выяўл. мастацтва і Старога т-ра ў Кракаве. На мяжы 19—20 ст.арх. С.Віткевіч стварыў т.зв. стыль Закапанэ, у якім апіраўся на традыцыі нар. архітэктуры. У Варшаве мадэрн быў больш рацыянальны і дэманстраваў ясную канстр. логіку (мост Панятоўскага, будынкі Банка каап. т-ваў, Польскага т-ра). У архітэктуры 1920—30-х г. тэндэнцыі неакласіцызму і функцыяналізму (будынкі т-ва «Прудэнтыяль» у Варшаве, Ягелонская б-ка ў Кракаве) суіснавалі з мадэрнісцкай стылізацыяй у духу нар. дойлідства (польскі павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы). Пасляваен. перыяд у П. звязаны з аднаўленнем разбуранай краіны (арх. Ш.Сыркус, Б.Пнеўскі, Б. і С. Брукальскія). Будынкі 1950-х г. узводзіліся ў духу канструктывізму (круглы гандл. дом у Познані, стадыён 10-годдзя ў Варшаве). 2-я пал. 20 ст. адметная наватарскімі пошукамі рэканструкцыі цэнтраў гарадоў, прамысл. аб’ектаў, развіццём функцыян. стылю ў прыватным буд-ве. Узніклі новыя гарады: Нова-Гута (цяпер у межах Кракава), Нове-Тыхы каля Катавіц і інш. Пабудовам 1970—80-х г. уласцівы функцыян. мэтазгоднасць планіроўкі, арыгінальнасць канстр. вырашэнняў (Дом студэнтак у Кракаве, магазін «Суперсам» у Варшаве). Гар. комплексы аздабляюцца скульптурай, мазаікай, вітражамі. Канец 1980—90-я г. адметныя пошукамі новай маст. стылістыкі. Культавая архітэктура набыла большую камернасць, эстэт.вытанчаны стыль (касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве, 1980—85, арх. М.Будзынскі; уніяцкі храм у Бялы-Боры на Зах. Памор’і, 1992—97, арх. Б.Катарба, абразы маст. Е.Навасельскага). Збудаванні камерцыйнага прызначэння набылі падкрэслена прадстаўнічыя формы (Бізнес-цэнтр у Варшаве, 1991—93; атэлі «Холідэй» у Варшаве, 1989, арх. Т.Спыхала, і «Радысан» у Шчэціне, 1993, арх. М.Думеньчыч, пабудаваны паводле міжнар. праектаў). З’явілася шмат аб’ектаў у духу постмадэрнізму і функцыяналізму (офісы, банкі, гандл. цэнтры). Сярод найб. значных грамадскіх пабудоў — б-ка Варшаўскага ун-та (з 1993, будуецца, арх. Будзынскі, З.Бадоўскі і інш.). Важнае значэнне надаецца рэканструкцыі і мадэрнізацыі гіст. раёнаў і цэнтраў гарадоў, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Ствараюцца новыя мікрараёны палепшанай планіроўкі, рэалізуецца шырокая праграма індывід.буд-ва ў гарадах і ваяводствах.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі выяўл. мастацтва на тэр. П. адносяцца да канца палеаліту (касцяныя наканечнікі дзідаў з зааморфнымі выявамі), неаліту (арнаментаваныя пасудзіны, статуэткі жанчын, бурштынавыя выявы птушак і звяроў) і бронзавага веку (вазы з зааморфным аздабленнем, урны з выявамі твару чалавека, кераміка, фібулы і інш.). У 9—10 ст. на язычніцкіх капішчах ставілі драўляныя і каменныя скульпт. выявы багоў, якія вызначаліся абагульненасцю і статычнасцю форм. Пасля прыняцця ў 966 хрысціянства пашырылася дэкар. аздабленне храмаў (пляцёнкавы арнамент на калонах Вавельскага кафедральнага сабора і інш.). З 2-й пал. 12 ст. ў мастацтве П. дамінаваў раманскі стыль. Пад уплывам франц. і ням. мастацтва развіваліся скульптура (рэльефы на тымпанах парталаў касцёлаў св. Тройцы ў Стшэльне і Дзевы Марыі «на пяску» ў Вроцлаве, на дзвярах касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне і інш.), манум. жывапіс (фрэскі ў касцёлах у Туме, Чэрвінску і інш.), кніжная мініяцюра. Унікальны твор дэкар.-прыкладнога мастацтва — каранацыйны меч «Шчэрбец» (1230), аздоблены гравіроўкай. Пад уплывам школы разьбяроў з Марбурга ствараліся статуі святых («Мадонна» з Вісліцы, 1280; «Саламея» з Глогава, 1290, і інш.), надмагіллі са скульпт. выявамі [Генрыха IV Пробуса ў касцёле св. Крыжа ў Вроцлаве, 1300—10; Казіміра III Вялікага ў Вавельскім саборы, 1370—82, і Уладзіслава II (Ягайлы) на Вавелі, 1440]. Драўляная скульптура развівалася ў рэчышчы «мяккага стылю» («Мадонны на льве» са Скальбмежа, 1370; «П’ета» з Вроцлава, 1384; «Укрыжаванне» з Шамотул, 1410, і інш.). Экспрэсіўнасцю вобразаў вызначаюцца фрэскі касцёлаў («Пакутніцтва св. Цэцыліі» і «Пакутніцы» ў Непаламіцах, 1360; «Разумныя дзевы» ў Лодзі, 1370; «Св. Матфей і св. Ядвіга» ў Тшэбуні, 1400, і інш.). На стылістыку гатычных размалёвак 15 ст. паўплываў візант. стыль (фрэскі віленскага майстра Андрэя ў каралеўскай капліцы ў Любліне, 1418; Свентакшыскай капліцы ў Кракаве, касцёлах у Сандаміры, Гнезне і інш.). У 2-й пал. 15 ст. дамінаваў «ломаны» стыль позняй готыкі, які вызначаўся сінтэзам ідэаліст. і натураліст. матываў (аўтар касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве, 1477—89; надмагілле Казіміра IV Ягелончыка на Вавелі, 1492; абодва скульпт. Ф.Штос). Алтарны жывапіс развіваўся пад уплывам нідэрл. і ням. мастацтва ранняга Адраджэння (алтар св. Барбары ў Вроцлаве, 1447; алтарныя кампазіцыі «Зняцце з крыжа» ў Вавельскім кафедральным саборы; «Аплакванне» ў касцёле ў Олькушы, мастак Ян Вялікі, 1485). У кампазіцыі насценных размалёвак уключаліся пейзажныя і жанравыя матывы. Познагатычнай вытанчанасцю форм і майстэрствам апрацоўкі вызначаюцца творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (карона Казіміра III Вялікага, чаша тынецкага абата, брамы ратушы ў Вроцлаве і інш.).
У канцы 15 — пач. 16 ст. са станаўленнем гуманіст. ідэй склалася культура Адраджэння. У скульптуры пашырыўся тып надмагілля-саркафага ў нішы з выявай памерлага на верхняй пліце (надмагілле Яна Ольбрахта ў Вавельскім кафедральным саборы, скульпт. Ф.Ф’ёрэнціна, 1505). Уплывамі фларэнційскай школы вызначаюцца надмагілле Жыгімонта I, статуі св. Пятра і св. Жыгімонта ў Жыгімонтаўскай капліцы на Вавелі (1519—33, майстар Б.Бярэчы), надмагілле Б.Тарноўскай у Тарноўскім кафедральным саборы (1536, скульпт. Дж.М.Падавана), маньерызму — надмагіллі Жыгімонта II Аўгуста ў Жыгімонтаўскай капліцы (1573, скульпт. С.Гучы), Стафана Баторыя (1595, скульпт. Гучы, усе на Вавелі). Рысы рэнесансу найб. яскрава выявіліся ў мініяцюры (ілюстрацыі да «Кодэкса Балтазара Бэхема» са статутамі кракаўскіх цэхаў, 1505, да малітоўніка Жыгімонта I, мастак С.Самастшэльнік). У алтарным жывапісе рысы позняй готыкі спалучаліся з рэнесансавымі тэндэнцыямі (паліпціх св. Яна ў касцёле св. Катажыны ў Кракаве, мастак І.Лібнаў). Дэкар. фрызамі з выявамі рыцарскіх турніраў і парадных шэсцяў аздоблены залы Вавельскага замка. Адзін з найб. ранніх узораў батальнага жанру — абраз «Бітва пад Оршай» (1515). Высокім маст. узроўнем вызначаліся вышыўка, ткацтва, кафлярства, злотніцтва. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся рэпрэзентатыўны парадны партрэт (партрэты Жыгімонта I, 1546, магчыма, майстар Андрэй; Стафана Баторыя, 1583, М.Кобер). У 1-й пал. 17 ст. маньерыстычныя традыцыі флам., ням. і італьян. школ спалучаліся са стылістыкай ранняга барока. Развіваліся манум. скульптура (калона Жыгімонта III Вазы ў Варшаве, 1644, К.Тэнкала, К.Молі, Д.Тым), дэкар. разьба па стука (Ж.Б.Фальконі, Б.Фантана, А.Шлютэр і інш.).
Жывапіс 17—1-й пал. 18 ст., звязаны з рухам контррэфармацыі, зазнаў уплывы венецыянскай і нідэрл. школ (Б.Штробель, І. ван дэн Блоке, Х.Ф. дэ Фрыз, С.Б.Вудка, Т.Далабела, Е.Коен, А.Мёлер, Ф.Найсер, В.Цяшынскі і інш.). У рэліг. сюжэты часта ўключаліся нар. тыпажы, элементы нац. адзення («Уваскрэсенне Петравіна» Т.Наваковіча; цыкл з жыцця св. Яцака ў касцёле дамініканцаў у Кракаве, мастак Далабела, 1619—25; абраз у Яснагорскім кляштары ў Чанстахове, 1622) і творы гіст. тэматыкі («Бітва пад Ляпана». мастак Далабела, 1620-я г.; «Уезд Ежы Асалінскага ў Рым», мастак С. дэла Бела, 1633). Пашырыліся тыпы сармацкага і пахавальнага партрэта (М.Альтмонтэ, А.Палоні, Е.Ф.Ругендас, Я.Трэтка і інш.). Манум. размалёўкі вызначаліся паветраным ілюзіянізмам (фрэска «Апошні суд» у капліцы св. Крыжа ў Любліне, 1654, мастак Т.Мушынскі). У графіцы пераважалі створаныя паводле жывапісных узораў партрэты, ілюстрацыі, абразкі. У дэкар. мастацтве стылістыка еўрап. барока спалучалася з рысамі ўсх. мастацтва. У скульптуры пач. 18 ст. пашырылася ракако (А.Асінскі, Я.Е.Плерш, Я.Е.Урбанскі, А.Францкевіч і інш.). У жывапісе пад уплывам мастацтва Саксоніі пераважалі рэпрэзентатыўныя партрэты (Ю.Кацяноўскі, А.Місеўскі, Л. дэ Сільвестр), рэліг. жывапіс (К.Д.Асам, К.Карлоне, Ф.А.Себасціні, К.Хандке, Ш.Чаховіч, А.Шэфлер). Высокім узроўнем вызначалася маст. ткацтва (выраб шпалер, «персідскіх» паясоў і інш. на мануфактурах у Варшаве, Кракаве, Бяла-Падлясцы, Станіслававе, Бродах, Алеску). 2-я пал. 18 ст. — перыяд Асветніцтва. У 1770-я г. ў каралеўскім замку ў Варшаве створана маст. майстэрня пад кіраўніцтвам М.Бачарэлі, якая стала першай польскай маст. школай. Быт. сцэны, падзеі паўстання 1794 адлюстроўвалі жывапісцы А.Арлоўскі, Я.П.Норблін, М.Плонскі; у жанры партрэта працавалі К.Вайнякоўскі, Ю.Фаворскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся класіцызм (скульпт. У.Аляшчынскі, Л.Каўфман, П.Малінскі, Я.Татаркевіч, мастакі А.Брадоўскі, А.Какуляр, Ю.Пешка, Ф.Смуглевіч, М.Стаховіч), які паступова змяніўся рамантызмам (А.Гротгер, П.Міхалоўскі і інш.). З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся гіст. жывапіс, які дасягнуў свайго апагею ў творчасці Я.Матэйкі. Рэв. сітуацыя 1860-х г. паўплывала на развіццё жанравага жывапісу, які звярнуўся да адлюстравання жыцця сялянства і гар. беднаты (творы В.Герсана, Ф.Кастшэўскага, А.Котсіса, Ю.Шармянтоўскага). У 1870—80-я г. тэндэнцыі дэмакр. рэалізму выявіліся ў творчасці М. і А. Герымскіх, Ю.Хелмонскага. Сац. праблематыцы проціпастаўляўся позні акадэмізм, часам з фальклорна-сімвалічнымі рысамі (Г.Семірадскі, В.Прушкоўскі і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыліся імпрэсіянізм (В.Базнанская, Л.Вычулкоўскі, Ю.Панкевіч, Я.Станіслаўскі), мадэрн (пераважна ў галіне сімвалізму; С.Выспянскі, В.Вайткевіч, Я.Мальчэўскі, Ф.Рушчыц). Новы ўздым адбыўся ў графіцы (гравюры Вычулкоўскага, А.Каменскага, кніжнае афармленне Выспянскага, плакаты Ю.Мехофера, К.Фрыча). У скульптуры спалучаліся рысы. рэалізму, мадэрну і імпрэсіянізму (К.Ф.Дунікоўскі, К.Ляшчка, В.Шыманоўскі і інш.). Абнавілася стылістыка дэкар.-прыкладнога мастацтва, адраджаліся нар.-маст. промыслы (кераміка, кавальства, ткацтва, набіванка, вышыўка, выцінанка). У 1-й пал. 20 ст. пад уплывам зах.-еўрап. культуры мастацтва П. развівалася пераважна ў рэчышчы мадэрнізму. У жывапісе пашырыліся каларыстычныя пошукі (З.Валішэўскі, Г.Рудзка-Цыбісова, Ю.Чапскі, Я.Цыбіс), кубізм і экспрэсіянізм (Т.Кантар, З.Пранашка, Т.Чыжэўскі, Л.Хвістак, М.Ярэма), лінеарны дэкаратывізм (Э.Зак, Р.Крамштык), супрэматызм, унізм, абстрактнае мастацтва (К.Кобра, У.Стшамінскі, Г.Стажэўскі). У галіне графікі працавалі Ф.Бартошак, Г.Краеўская, Ю.Краеўскі, Б.Лінке, У.Скачыляс, Т.Цяслеўскі і інш. У скульптуры пашырыліся стылізацыя ў духу нар. мастацтва (Я.Шчапкоўскі) і неакласічныя тэндэнцыі (В.Віціг, А.Замойскі). Своеасабліва спалучаў прыёмы кубізму і прымітывізму Ю.Т.Макоўскі. У 1950-я г.гуманіст.нац. традыцыі развіваліся ў скульпт. партрэце (Дунікоўскі, А.Карны), станковай графіцы і плакаце (Кулісевіч, Т.Трапкоўскі). У жывапісе захоўваліся традыцыі мадэрнізму пач. 20 ст. У сярэдзіне 1950-х—1970-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва, сюррэалізм, оп-арт, поп-арт. Сярод вядучых жывапісцаў Я.Тарасін, Е.Тхужэўскі, А.Урублеўскі, Ярэма, скульптараў М.Абакановіч, У.Гасёр, Г.Земла, М.Канечны, А.Шапачнікаў і інш. Росквіту дасягнула станковая і кніжная графіка, якая вызначаецца экспрэсіяй і дэкар. вытанчанасцю вобразаў, шматпланавасцю маст. прыёмаў. У 1980—90-я г. побач з традыц. актыўна развіваліся новыя маст. формы (інсталяцыя, перформанс, хэпенінг, відэаарт, бодыарт і інш.). Сцвердзілася новае пакаленне мастакоў: У.Бароўскі, З.Бяксінскі, Е.Берась, К.Вадзічка, М.Давідзюк, К.Казыра, М.Кіеўскі, А.Маеўскі, Ф.Маслюшчак, Я.Младажэнец, М.Пінінская-Берась, Ю.Рыбакоўскі, Л.Тарасевіч і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве пошукі сучасных форм спалучаюцца з традыцыямі нар. мастацтва.
Музыка. Нар. музыцы П. ўласцівы аднагалоссе, цесная сувязь песні з танцам. Папулярныя стараж.нар. танцы: кракавяк, мазурка, куявяк, абэрак, хадзоны — папярэднік паланэза і інш. У нар. інструментарыі з перыяду сярэднявечча да нашага часу захаваліся бубны, свістулькі, ляскоткі; смыкавыя — генсле, мазанкі; духавыя — лігаўкі, басуны; ударныя — клякоткі. З хрысціянізацыяй краю ў 9—10 ст. праніклі грыгарыянскія спевы (першыя запісы 11 ст.). У 11—12 ст. пачалі дзейнічаць касцельныя пеўчыя школы, дзе ў грыгарыянскі харал уводзілі інтанацыі нар. музыкі. Уплывы нар.муз. мастацтва праявіліся ў містэрыях (з 12 ст.), якія выконваліся семінарыстамі (на лац. мове), пацешнікамі (на польск. мове). Побач з царк. развівалася свецкая музыка. Узніклі прыдворныя капэлы, з 13 ст. — рыцарскія і пазалітургічныя духоўныя песні («Багародзіца»), раннія ўзоры секвенцый. Першы вядомы кампазітар — Вінцэнты з Кельцаў (2-я пал. 13 ст.). У 13 ст. зарадзілася вак. поліфанія, якая ў 15 ст. пранікла ў свецкую вак.-інстр. музыку (Мікалай з Радама). З 14 ст. ў гарадах ствараліся гільдыі, з 16 ст. — гільдыі і цэхі гарадскіх музыкантаў; ва універсітэтах выкладалася тэорыя музыкі (Себасцьян з Фельштына), друкаваліся зб-кі песень, нотныя выданні. У 16 ст. з пашырэннем Адраджэння і Рэфармацыі ўзмацніліся свецкія элементы, паявіліся песні тыпу мадрыгала (Мікалай з Кракава), развівалася інстр. музыка, узмацніліся ўплывы італьян. і нідэрл. поліфанічных школ. Сярод поліфаністаў Мікалай з Кракава, Вацлаў з Шамотул, М.Леапаліта, М.Гамулка, лютністы Д.Ката, В.Длугорай, майстры стр. інструментаў Гроблічы, Данкварты. Шырока распаўсюджвалася свецкая музыка (Ката, Длугорай, Я.Поляк). Сярод кампазітараў канца 16—17 ст., якія абапіраліся на ідэі барока, — М.Зяленскі (майстар шматхаравой тэхнікі), М.Мяльчэўскі (абодва ўвялі ў польскую музыку жанр канцэрта), А.Яжэмбскі (скрыпач і архітэктар), Б.Пенкель (аўтар першай польскай араторыі), Д.Стаховіч, А.Пашкевіч, С.С.Шажынскі, Г.Г.Гарчыцкі. Першыя оперныя спектаклі пастаўлены пры каралеўскім двары ў 1628 італьян. музыкантамі. З адкрыццём у 1765 Нац.т-ра ў Варшаве створаны першыя нац. оперы («Ашчасліўленая галота» М.Каменскага, 1778; «Кракаўцы і горцы» Я.Стафані, 1794). У 18 ст. напісаны першыя сімфоніі (Я.Шчуроўскі, А.Мільвід, Я.Ваньскі, В.Данкоўскі, Ю.Эльснер, Я.Галомбак), інстр. канцэрты (Ф.Яневіч, Я.Клячынскі). Першыя прадстаўнікі муз. рамантызму — М.Клеафас Агінскі, кампазітар і піяністка М.Шыманоўская. Значны ўклад у развіццё музыкі зрабілі кампазітар, дырыжор, выдавец і педагог Эльснер — заснавальнік і дырэктар Ін-та музыкі і дэкламацыі (пазней — кансерваторыя); кампазітар, дырыжор, педагог і муз. пісьменнік К.К.Курпінскі, які каля 30 гадоў кіраваў Варшаўскай операй (з 1833 Вял.т-р). Заснавальнік муз. фалькларыстыкі — О.Кольберг; яго традыцыі прадоўжыў Я.Карловіч. Да вял. дасягненняў польскай музыкі належыць творчасць Ф.Шапэна. Стваральнік нац. класічнай оперы С.Манюшка. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. працавалі: кампазітары В.Жаленскі, З.Наскоўскі (вучань Манюшкі), дырыжоры В.Бярдзяеў, П.Клецкі, Э.Млынарскі (кампазітар, скрыпач), А.Радзінскі, Г.Фітэльберг; выканаўцы браты Генрык (скрыпач) і Юзаф (піяніст) Вяняўскія, Апалінарый (скрыпач) і Антоній (піяніст) Концкія, С.Барцэвіч, У.Гурскі, П.Каханскі; скрыпачы К.Ю.Ліпінскі, І.Лота, Б.Губерман; піяністы І.Гофман, Р.Кашальскі, Т.Лешаціцкі, А.Міхалоўскі, Х.Я.Падарэўскі, А.Рубінштэйн, Ю.Турчынскі; спевакі А.Бандроўскі-Сас, А.Дзідур, Э. і Я. Рэшке, М.Зембрых і інш.
Вял. роля ў адраджэнні нац.муз. мастацтва П. ў пач. 20 ст. належала Варшаўскаму муз. т-ву, групе кампазітараў «Маладая Польшча» (Л.Ружыцкі, К.Шыманоўскі, Фітэльберг, А.Шалюта, М.Карловіч), якія імкнуліся аднавіць муз. мову, арыентуючыся на нац., у т. л. фальклорныя, традыцыі і на тагачасныя плыні еўрап. музыкі (позні рамантызм, імпрэсіянізм). Пасля 1918 у муз. жыцці П. найб. пашыраны быў неакласіцызм. У 1920—30-я г.вял. значэнне мела дзейнасць Шыманоўскага — стваральніка сучаснай нац. кампазітарскай школы. Узнікалі новыя муз. т-вы, аркестры, муз.навуч. ўстановы. Адбыліся першыя ў П. міжнар.муз. конкурсы. У першыя пасляваен. гады адной з гал. задач дзярж.культ. палітыкі была папулярызацыя музыкі, якая абапіралася на прынцыпы сац. рэалізму. Паліт: перамены ў 2-й пал. 1960-х г. спрыялі аднаўленню кантактаў з зах.-еўрап. краінамі і ўзбагачэнню музыкі новымі элементамі: узніклі дадэкафонія і блізкія да яе муз. тэхнікі (Т.Бэрд, К.Сяроцкі, В.Лютаслаўскі, А.Дабравольскі, К.Пендарэцкі). П. стала адным з цэнтраў сучасных муз. плыней. У 1970-я г. перанасычанасць авангардысцкімі тэндэнцыямі прывяла да таго, што многія творцы пачалі спрашчаць сваю муз. мову (Пендарэцкі, В.Кіляр, Г.М.Гурэцкі, М.Стахоўскі, З.Рудзінскі). Маладое пакаленне кампазітараў (Р.Аўгустын, К.Бацулеўскі, С.Круповіч, М.Малецкі, Л.Зялінская, П.Шыманскі) развівала розныя муз. жанры. Рэліг. музыку пісалі Пендарэцкі, А.Пануфнік, Гурэцкі, Р.Твардоўскі; у оперных т-рах ставіліся творы Пендарэцкага, Бэрда, З.Баргельскага, Р.Палестра, Зялінскай, Бацулеўскага і інш. Сярод прадстаўнікоў польскай музыкі 2-й пал. 20 ст. кампазітары Сяроцкі, Г.Бацэвіч, Б.Шабельскі, К.Сікорскі, В.Рудзінскі, П.Пяркоўскі, В.Шалёнак, А.Блёх, К.Меер, Стахоўскі, З.Рудзінскі, З.Буярскі, Э.Кнапік, дырыжоры З.Ляташэўскі, Б.Вадзічка, В.Равіцкі, С.Віслоцкі, Г.Чыж, Я.Крэнц, К.Корд, Е.Семкаў, Р.Сатаноўскі, Е.Максымюк, хар. дырыжор С.Стуліграш, піяністы З.Джавецкі, Г.Чэрны-Стафанская, К.Цымерман, Б.Гесе-Букоўская, П.Палечны, скрыпачы Я.Умінская, І.Дубская, К.А.Кулька, спевакі Б.Папроцкі, А.Хіёльскі, Б.Ладыш, В.Охман, М.Фолтын, Е.Подлесь, У.Крыгер.
У П. (1997) 9 оперных т-раў, 8 т-раў муз. камедый, 20 філармоній, 29 сімф.арк., ансамблі нар. песні і танца «Мазоўша» і «Шлёнск», 8 муз.ВНУ, у т. л.Муз. акадэмія імя Шапэна, кансерваторыі ў Варшаве (з 1946 Вышэйшая муз. школа), Катавіцах, Познані і інш. Праводзяцца Міжнар. конкурсы: піяністаў імя Шапэна (з 1927, Варшава), скрыпачоў імя Вяняўскага (з 1935, Варшава; з 1952, Познань; з 1956 — таксама кампазітараў, з 1957 — скрыпічных майстроў), міжнар.муз. фестывалі «Варшаўская восень» (з 1956), аратарыяльнай музыкі «Wratislavia Cantans» (з 1966, Вроцлаў), стараж. музыкі краін Усх. Еўропы (Быдгашч), джазавай музыкі «Джаз джамборы» (з 1958, Варшава), эстраднай песні (Сопат); фестываль сучаснай песні (Зялёна-Гура) і інш. У 1945 створаны Саюз польск. кампазітараў.
Многія польск. музыканты былі звязаны з Беларуссю. У 16 ст. пры двары М.Радзівіла Чорнага працавалі і друкавалі свае муз. творы ў Брэсце дзеячы польск. муз. адраджэння Ц.Базылік і Вацлаў з Шамотул. У канцы 18 ст. дырыжорам Нясвіжскага т-ра быў аўтар вядомай камічнай оперы «Агатка» Я.Д.Голанд. У 19 ст. на Беларусі жылі кампазітары М.Клеафас Агінскі, Ф.С.Міладоўскі, С.Манюшка, які паставіў у Мінску свае першыя вадэвілі і камічныя оперы (сярод іх «Сялянка» на бел. і польск. мовах, з шырокім выкарыстаннем бел.муз. фальклору). Бел. фальклорныя мелодыі ўключаў у свае сімф. творы Карловіч, хар. апрацоўкі бел. песень рабілі Д.Шалігоўскі, С.Казура, Рудзінскі. Сярод удзельнікаў Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні (1910-я г.) кампазітар Л.М.Рагоўскі. піяністка М.І.Кімант-Яцына. Уклад у збор і вывучэнне бел.муз. фальклору зрабілі этнографы Кольберг, Карловіч, К.Машынскі, М.Федароўскі. Ураджэнцамі Беларусі былі многія вядомыя польск. музыканты (Манюшка, Міладоўскі, Карловіч, скрыпач К.Горскі, дырыжор Бярдзяеў і інш.).
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва ў нар. абрадах, ігрышчах, у творчасці вандроўных акцёраў-франтаў. Асн. формы сярэдневяковага т-ра — літургічная драма, містэрыя. У 15—16 ст. у рэліг. сюжэты часам уключаліся свецкія нар. матывы («Гісторыя пра слаўнае Уваскрэсенне Гасподняе» Мікалая з Вільковецка, каля 1570—80). Пашырыліся лялечны т-р шопка і школьны т-р. У 1633 у каралеўскім замку ў Варшаве адкрыта першае пастаяннае тэатр. памяшканне. Пры каралю Станіславе Аўгусце Панятоўскім, тэатр. мецэнаце, у Варшаве пабудаваны т-р «У апельсінавай аранжарэі» (1788), амфітэатр «На востраве» (1790). З 2-й пал. 18 ст. на ўзор прыдворных ствараліся т-ры ў магнацкіх сядзібах. У 1765 у Варшаве адкрыўся публічны пастаянны «Тэатр Нарадовы». Сярод яго акцёраў К.Аўсінскі, Л.Дмушэўскі, А.Жулкоўскі-бацька, Ю.Ледухоўская, К.Б.Свяжаўскі, Т. і А. Трускаляскія, М.Шыманскі. Рух за перадавое дэмакр. мастацтва ўзначаліў стваральнік нац.прафес.т-ра В.Багуслаўскі, які садзейнічаў арганізацыі і станаўленню т-раў у Кракаве, Вільні, Познані і інш. На развіццё т-ра 19 ст. значна ўплывала драматургія А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Фрэдры, З.Красінскага. У 1829 як філіял «Тэатра Нарадовага» адкрыўся т-р «Размаітосці» (зліўся з ім у 1836; першы кіраўнік Б.Кудліч, акцёры А.Жулкоўскі-сын, Л.Гальперт, Я.Круглікоўскі, Ю.Рыхтэр і інш.). З канца 1860-х г. вядучую ролю адыгрываў Кракаўскі т-р, трупа якога (кіраўнік С.Козьмян, акцёры Ф.Бэнда, А.Гофман, В.Рапацкі, пазней А.Зельвяровіч, Г.Маджаеўская, Л.Сольскі і інш.) сфарміравала т.зв. кракаўскую школу, што вызначалася рэаліст. скіраванасцю і псіхалагізмам. На мяжы 19—20 ст. ставіліся сац.-значныя творы С.Выспянскага, С.Жаромскага, Г.Запольскай. Рэаліст. традыцыі развівалі рэжысёры Ю.Катарбінскі, Т.Паўлікоўскі, Л.Шылер, акцёры К.Адвянтовіч, Ю.Астэрва, А.Венгерка, С.Высоцкая, С.Ярач. Лепшыя ўзоры польск. і сусв. драматургіі прапагандаваў «Тэатр Польскі» (засн. ў 1913 у Варшаве). Значны ўплыў на развіццё т-ра П. зрабіла мастацтва Маскоўскага маст.акад.т-ра (т-р «Рэдута», 1919—39). У 2-ю сусв. вайну ўсе польскія т-ры закрыты. У 1940 у Варшаве створана падп. «Тэатральная рада» (кіраўнікі Э.Вярцінскі, Б.Кажанеўскі, Шылер), якая распрацоўвала праграму адраджэння т-ра пасля вызвалення. Дзейнічалі падп.тэатр. групы студыйнага характару, з 1941 у Кракаве — «Тэатр Рапсадычны» (кіраўнік М.Катлярчык) і «Тэатр Незалежны» (кіраўнік Т.Кантар). У 1944—45 адкрыліся т-ры ва ўсіх буйных гарадах П. Значным дасягненнем гэтага часу сталі пастаноўкі Астэрвы, Вярцінскага, Шылера, рэж. дэбюты Э.Аксера і Кажанеўскага. У рэпертуары — п’есы Б.Брэхта, Ф.Дзюрэнмата, А.Мілера, Ж.П.Сартра, М.Фрыша, польскіх аўтараў Е.Брашкевіча, Э.Брыля, Л.Кручкоўскага, С.Мрожака, Т.Ружэвіча, Е.Юрандата і інш. З канца 1940-х г. дзейнасць т-раў П. падпарадкавана прынцыпам сац. рэалізму. У 1955—56 змены ў паліт. і культ. жыцці П. абумовілі новы ўздым тэатр. жыцця. Пашырыліся пастаноўкі сусв. і нац. класікі, з’явіліся авангардысцкія творы зах.-еўрап. аўтараў (С.Бекет, Ж.Жэнэ, Э.Іанеска) і польскіх драматургаў міжваен. перыяду (С.І.Віткевіч, В.Гамбровіч, Т.Пэйпер). Высокі маст. ўзровень т-ра П. вызначыла творчасць рэжысёраў Аксера, А.Вайды, Е.Гратоўскага, К.Дэймека, Кантара, Л.Рэне, К.Свінарскага, К.Скушанкі, Г.Тамашэўскага, А.Ханушкевіча, Е.Яроцкага, акцёраў Д.Альбрыхскага, Н.Андрыч, Э.Баршчэўскай, Я.Вашчаровіча, М.Войта, Р.Вільгельмі, Г.Галоўбека, К.Яндрусік, Я.Крэчмара, Т.Ламніцкага, Г.Махаліцы, Г.Мікалайскай, М.Паўлікоўскага, Я.Свідэрскага, Т.Фіеўскага, М.Цвіклінскай, І.Эйхлера, сцэнографаў О.Аксера, З.Вярховіч, У.Дашэўскага, Т.Рашкоўскай, А.Стопкі, З.Стшалецкага і інш. У 1990-я г. ў П. працавалі 87 драм. і 32 лялечныя т-ры (1995), найб. значныя — «Тэатр Нарадовы», «Тэатр Драматычны» (з 1956), «Тэатр Вспулчэсны» (з 1945), «Тэатр Польскі», «Атэнэум» (з 1929) у Варшаве, «Тэатр імя Ю.Славацкага» ў Кракаве (з 1893), «Тэатр Новы» ў Лодзі (з 1949), «Тэатр Людовы» ў Нова-Гуце (з 1955) і інш. Сярод найб. значных рэжысёраў Т.Брадэцкі, М.Вайтышка, Е.Гжэгажэўскі, Б.Гусакоўскі, К.Залескі, Р.Зёла, К.Люпа, М.Прус, А.Стшалецкі, М.Энглерт, сярод акцёраў — М.Апаня, Я.Гаяс, З.Запасевіч, М.Камароўская, К.Кольбергер, М.Кондрат, А.Лапіцкі, О.Лукашэвіч, П.Махаліца, Б.Паўлік, Ф.Печка, Е.Радзівіловіч, А.Сяверын, Е.Трэля, П.Франчэўскі, А.Ханушкевіч, Я.Энглерт, К.Янда, сярод сцэнографаў — П.Дабжыцкі, К.Захватовіч, З. дэ Інэс, М.Калодзей, А.Кілян, А.Маеўскі, К.Панкевіч, А.Садоўскі і інш.
Тэатр. сувязі паміж П. і Беларуссю існуюць здаўна. На агульных асновах развіваліся бел. лялечны т-р батлейка і польская шопка. У 1802—09 рэж. С.Дэшнер арганізавала ў Гродне пастаянны т-р. У канцы 18—19 ст. на Беларусі выступалі Варшаўскі т-р В.Багуслаўскага, трупы М.Кажынскага, К.Камінскага, А.Руткоўскага, Я.Хелмікоўскага і інш. У 1925—29 у Гродне гастраліраваў т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1913 у Варшаве гастраліравала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1920 — пач. 1940-х г. на Беларусі дзейнічалі Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі т-р лялек БССР (кіраўнік У.Ярэма), у т-рах Беларусі ставіліся п’есы Запольскай, Т.Кажушніка, Мрожака, Славацкага, А.Фрэдры, П.Хайноўскага, І.Юргелевіч, інсцэніраваліся творы Э.Ажэшкі, С.Жаромскага. У т-рах П. пастаўлены бел. п’есы В.Вольскага, К.Крапівы, А.Макаёнка і інш.
Кіно. З 1897 у П. здымалі рэпартажы і навук.-папулярныя фільмы (Б.Матушэўскі, К.Прушынскі). У 1902 створана студыя «Плеограф», якая здымала і распаўсюджвала кароткія фільмы з удзелам польскіх тэатр. акцёраў. Першы польскі ігравы фільм — «Вяртанне гулякі» (1902). У 1908—18 з утварэннем кінафірм («Сфінкс» і інш.) пачаўся рэгулярны выпуск фільмаў, пераважна экранізацый твораў нац. л-ры: «Гісторыя граху» паводле аповесці С.Жаромскага (рэж. А.Бяднарчык), «Суд Божы» паводле драмы С.Выспянскага «Суддзі» (рэж. С.Кнаке-Завадзкі), «Меір Езафовіч» паводле Э.Ажэшкі (рэж. Ю.Астоя-Сульніцкі; усе 1911) і інш. Здымаліся таксама меладрамы і камедыі («Антось першы раз у Варшаве», 1908, рэж. Е.Меер). У 1918—25 кінавытв-сць заняпала, выпускаліся фільмы прапагандысцкага характару. У 1926—30-я г. адбыўся пэўны ўздым кінематографа, з 1933 здымаліся гукавыя фільмы. Прапагандай эстэт. каштоўнасці кіно займалася авангардная група «Старт» (1930—34). У 1937—39 дзейнічала Т-ва кінааўтараў. Экранізаваліся творы У.Рэйманта («Зямля запаветная» 1927, рэж. А.Герц, З.Гняздоўскі), А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», 1928, рэж. Р.Ардынскі), Жаромскага («Прадвесне», 1928, рэж. Г.Шара; «Верная рака», рэж. Л.Бучкоўскі; «Ружа», рэж. Ю.Лейтэс, абодва 1936), С.Пшыбышэўскага («Моцны чалавек», рэж. Шара), Г.Запальскай («Паліцмайстар Тагіеў», рэж. Ю.Гардан, абодва 1929), Г.Сянкевіча («Янка-музыкант», 1930, рэж. Ардынскі), П.Гаявічынскай («Дзяўчаты з Наваліпак», 1937), З.Налкоўскай («Мяжа», 1938; абодва рэж. Лейтэс) і інш. Пашырыліся фільмы гіст.-патрыятычнай тэматыкі («У Сібір», 1930; «Дзесяцёра з Павяка», 1931, і інш.). Сярод акцёраў Э.Баршчэўская, З.Бода, Ю.Венгжын, А.Дымша, А.Зельвяровіч, Б.Ляшчынскі, Я.Смасарская, Е.Піхельскі, І.Эйхлер, С.Ярач і інш. У гады ням.-фаш. акупацыі 1939—44 польскае кіно было забаронена. У 1944 кінахранікёры на чале з А.Багдзевічам канспіратыўна здымалі эпізоды Варшаўскага паўстання. З канца 1940-х г. у фільмах пашырылася тэма лёсу польскага народа ў час 2-й сусв. вайны, уздымаліся праблемы асобы і гісторыі: «Забароненыя песенькі» (1947, рэж. Бучкоўскі), «Апошні этап» (рэж. В.Якубоўская), «Стальныя сэрцы» (рэж. С.Урбановіч, у сав. пракаце «Начны выбух»; абодва 1948) і інш. Ставіліся фільмы на тэмы тагачаснага жыцця: «Скарб» (у сав. пракаце «Мой скарб», 1949, рэж. Бучкоўскі), «Першыя дні» (1952, рэж. Я.Рыбкоўскі), «Здарэнне на Марыенштаце» (1954, рэж. Бучкоўскі) і інш. У 1948 створана Вышэйшая кінашкола ў Лодзі (цяпер Вышэйшая школа т-ра, кіно і тэлебачання імя Л.Шылера). Творчасць яе выпускнікоў стала асновай станаўлення польскай школы кіно, якая вызначалася ідэйнай і эстэт. палемікай з метадам сацыяліст. рэалізму, неарамантызмам, экспрэсіўнай эмацыянальнасцю сродкаў выражэння, імкненнем да ўслаўлення або крытыкі нац. характару, адчуваннем ірацыянальнасці бунту і абсурднасці лёсу чалавека ў сутыкненні з катаклізмамі гісторыі, раскрыццём псіхал. стану героя ў канфліктных і драм. сітуацыях, часта з дамешкам іроніі і сарказму: «Зімовыя прыцемкі» (рэж. С.Ленартовіч), «Пятля» (рэж. В.Е.Хас), «Вольны горад» (рэж. С.Ружэвіч), «Канал», «Попел і дыямент» (рэж. А.Вайда), «Героіка» (усе 1958) і «Касавокае шчасце» (1959), «Пасажырка» (1963; абодва рэж. А.Мунк), «Маці Іаанна ад Анёлаў» (1961, рэж. Е.Каваляровіч) і інш. Вядучыя акцёры гэтага перыяду Т.Ламніцкі, З.Цыбульскі, Л.Вініцкая, Г.Галоўбек, Б.Кабеля, Б.Крафт, Э.Кшыжэўская, Л.Немчык, А.Паўлікоўскі, Т.Янчар і інш. У 1960-я г. дэбютавалі рэж. К.Занусі, Р.Палянскі («Нож у вадзе», 1961), Е.Скалімоўскі («Апісанне», 1964) і інш. Сярод лепшых экранізацый «Крыжакі» (1960, рэж. А.Форд), «Пан Валадыеўскі» (1969) і «Патоп» (1974, абодва рэж. Е.Гофман) паводле Сянкевіча, «Фараон» (1965, рэж. Каваляровіч), «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» паводле Я.Патоцкага (1965), «Лялька» паводле Б.Пруса (1968; абодва рэж. Хас), «Зямля запаветная» (1975, рэж. Вайда) і інш. Сярод вядучых акцёраў Д.Альбрыхскі, Б.Брыльская, В.Голас, М.Камароўская, А.Лапіцкі, С.Мікульскі, Я.Навіцкі, П.Ракса, Б.Тышкевіч і інш. У 1970—80-я г. ўзнікла т.зв. кіно маральнага неспакою, якое характарызавалася нязгодай з рэчаіснасцю, што дэградавала асобу чалавека: фільмы Вайды («Чалавек з мармуру», 1979; «Чалавек з жалеза», 1981), Занусі («Ілюмінацыя», 1973; «З далёкага краю», 1981), К.Кеслёўскага («Дэкалог», 1988), А.Голанд («Правінцыяльныя акцёры», 1979; «Гарачка» паводле А.Струга, 1980). З’явілася новае пакаленне акцёраў: К.Кольбергер, М.Кондрат, Е.Радзівіловіч, Е.Штур, К.Янда і інш. Здымаліся меладрамы і забаўляльныя фільмы: «Ва-банк 1» (1982), «Ва-банк II» (1985, рэж. абодвух Я.Махульскі), «Знахар» (паводле Т.Далэнгі-Мастовіча, 1982, рэж. Гофман) і інш. З 1989 у выніку паліт. змен пашырылася плынь «звядзення рахункаў», якая запаўняла т.зв. белыя плямы ў гісторыі краіны: «Уцёкі з кіно «Свабода» (рэж. В.Марчэўскі), «300 міль да неба» (рэж. М.Дэйчар, абодва 1989), «80 мм да Еўропы» (1993, рэж. М.Дазінскі), дакумент. фільмы пра Катынь, лёс палякаў у Сібіры, Казахстане і інш. У 1990-я г. ў кінематографе П. значную ролю адыгрывала творчасць новага пакалення рэжысёраў, якія выяўлялі свае адносіны да хуткіх перамен у жыцці грамадства: «Кроль» (1991), «Псы» (1992), «Псы-2» (1994, усе рэж. В.Пасікоўскі), «Чалавек з...» (рэж. К.Шалайскі), «Кантраляваныя размовы» (рэж. С.Хенцінскі), «Лепш быць прыгожай і багатай» (рэж. Ф.Баян, усе 1993) і інш. Агульначалавечая праблематыка ўздымаецца ў фільмах «Падвойнае жыццё Веранікі» (1991), «Тры колеры: Сіні. Белы, Чырвоны» (1992—93, рэж. усіх Кеслёўскі), «Дотык рукі» (1992), «Жыццё як смяротная хвароба, што перадаецца палавым шляхам» (2000, рэж. абодвух Занусі) і інш. Здымаліся фільмы на гіст. тэматыку («Эскадрон», 1992, рэж. Ю.Махульскі). Экранізаваліся творы Міцкевіча («Пан Тадэвуш», рэж. Вайда), Сянкевіча («Агнём і мячом», рэж. Гофман, абодва 1999). Сярод вядучых акцёраў А.Бяджынская, Я.Гаяс, Б.Лінда, О.Любашэнка, Ц.Пазура, А.Ферэнцы і інш. Праводзяцца Усяпольскія фестывалі кароткаметражных (з 1961) Ί маст. (з 1974) фільмаў, Міжнар. фестываль кароткаметражных фільмаў (1964) у Кракаве.
Беларусы ў Польшчы. Бел.-польскія кантакты вядомы з часоў Кіеўскай Русі (гандл. сувязі, дынастычныя шлюбы, ваен. сутыкненні і г.д.), бел. прысутнасць у П. і абмен насельніцтвам пачаліся ў час ВКЛ. Продкі беларусаў часта траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Напр., калі ў 1325 вял.кн.ВКЛ Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына Уладзіслава I Лакеткі, з П. ў ВКЛ была вернута пэўная колькасць ваеннапалонных, а ў складзе світы Альдоны ў П. накіраваны выхадцы з ВКЛ. Умоўна лічыцца, што ў сярэдзіне 14 ст. ў П. жыло каля 40 тыс. продкаў беларусаў. У выніку Люблінскай уніі 1569 беларусы і палякі амаль да канца 18 ст. былі ў адзінай федэратыўнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай. Пасля 3 падзелаў Рэчы Паспалітай пэўная колькасць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Рас. імперыі. Паводле перапісу 1897 у Прывіслінскім краі беларусы складалі 6,7% усяго насельніцтва (каля 30 тыс.чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губернях. Пасля 1-й сусв. вайны, калі была адноўлена незалежная польская дзяржава, на яе землях засталася частка этн. беларусаў. Павелічэнне тут колькасці беларусаў адбылося за кошт Заходняй Беларусі, якая да вер. 1939 знаходзілася ў складзе П. Паводле падлікаў стат. органаў СССР лічылася, што ў П. засталося 3250 тыс. беларусаў. Паводле польск. перапісу насельніцтва ад 30.9.1921 у краіне налічвалася 1035 тыс. беларусаў, але перапісчыкі не ўлічвалі бел. жыхароў Віленшчыны, запісвалі палякамі беларусаў-католікаў і інш. Вынікі перапісу насельніцтва ад 9.12.1931, які ахопліваў усю тэр. П., таксама не былі дасканалымі: паводле моўнага крытэрыя беларусамі лічылася 990 тыс.чал. (3,1% насельніцтва П.). Розныя даследчыкі вызначаюць колькасць беларусаў у П. ў гэты перыяд ад 1,2 да 2 млн.чал. (ад 4,3 да 6% усяго насельніцтва П.). Па падліках польск. гісторыка А.Жарноўскага, у П. жыло каля 1,7 млн. беларусаў, а паводле Е.Тамашэўскага, — 1,95 млн., у т. л. ў Палескім ваяв. 654 тыс., Навагрудскім 616 тыс., Віленскім 407 тыс., Беластоцкім 269 тыс.чал. Беларусы былі трэцяй па колькасці нац. меншасцю ў П. (пасля ўкраінцаў і яўрэяў). Паводле польск. даследчыкаў Г.Халупчака і Т.Браварака, у П. ў гэты час жыло каля 1,9 млн. беларусаў (5,9% ад усяго насельніцтва П.), у т. л. ў Палескім ваяв. яны складалі 43,4%, Навагрудскім — 39,1%, Віленскім — 22,7% і Беластоцкім — 16,3% насельніцтва. Да 1938 колькасць беларусаў у П. павялічылася да 2750 тыс.чал. Пры гэтым з-за мала- і беззямелля, беспрацоўя, адм. праследаванняў частка беларусаў эмігрыравала ў краіны Зах. Еўропы, Паўн. і Паўд. Амерыкі (з 1921 па 1939 каля 145 тыс.чал., а паводле бел. даследчыка А.А.Ракава — каля 190 тыс.чал.), У Зах. Беларусі — адносна адсталай агр. ускраіне П. — абс. большасць насельніцтва складалі сяляне (каля 90%), 7% — наёмныя рабочыя (да 20 тыс.чал.). Малалікімі былі бел. інтэлігенцыя і памешчыкі (апошнім належала толькі 4,1% маёнткаў). Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў. Як і інш.нац. меншасці, беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баях пач. 2-й сусв. вайны (гл. ў арт.Польская кампанія 1939), уваходзілі ў Андэрса армію, Армію Краёву, Першую польскую пяхотную дывізію імя Т.Касцюшкі і інш. антыфаш. ваен. фарміраванні. У канцы 2-й сусв. вайны паводле сав.-польск. пагадненняў аб мяжы ад 26.7.1944 і 16.8.1945 улады СССР перадалі П. са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. У ходзе дэмаркацыі мяжы паміж П. і БССР і ўзаемнай рэпатрыяцыі насельніцтва з Беларусі ў П. (пераважна на Беласточчыну) у 1944—48 пераехалі больш за 270 тыс.чал. (паводле ўмоў рэпатрыяцыі беларусы-католікі дэкларавалі сябе палякамі). З-за тэрору польск. нацыяналіст. падполля, неспрыяльнага эканам. становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданьска і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і інш. гарадах. Да 1948 улады П. афіцыйна не прызнавалі існаванне бел.нац. меншасці ў краіне. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў, якая пачалася тут у канцы 1940-х г. з аднаўлення бел. школьніцтва, актывізавалася ў 1956, калі ў П. створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і інш. З 1956 выдаецца газ.«Ніва», з 1957 — «Беларускі каляндар», з 1958 дзейнічае літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», створаны бел. ліцэі ў гарадах Бельск-Падляскі і Гайнаўка (Беласточчына). Паводле сац. статуса да канца 1950-х г. большасць беларусаў у П. былі сялянамі. У 1970-я г. і ў час ваен. становішча 1981—83 з-за абмежаванняў з боку польскіх улад назіраўся спад грамадска-культ. актыўнасці беларусаў. У 1980-я г. ўзніклі Бел. аб’яднанне студэнтаў (1981, зарэгістравана ў 1988), Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры, шэраг бел. выд-ваў і перыяд. выданняў. Уліку этнічнага складу насельніцтва П., у т. л. беларусаў, у сучасных перапісах не вядзецца. Да канца 1980-х г. у П., на думку польск. даследчыка К.Падляскага, жыло ад 250 да 400 тыс. беларусаў, паводле звестак Польск. аўтакефальнай правасл. царквы — 290 тыс. беларусаў (1/3 яе вернікаў), а паводле статыстыкі выбараў у сейм 1989 па Беласточчыне беларусы складалі тут 30% насельніцтва (206,8 тыс.чал.), у т. л. ў Беластоку 25% (65,5 тыс.чал.), Бельску-Падляскім і Гайнаўцы па 65% (адпаведна 17,2 і 15,1 тыс.чал.). У 1990-я г. зарэгістраваны Рада бел. арг-цый у П., Саюз гмін усх. Беласточчыны, Зьвяз бел. моладзі, Бел.гіст.т-ва (кіраўнік А.Латышонак), Асацыяцыя бел. журналістаў і інш. Створаны Згуртаванне варшаўскіх беларусаў, бел.культ.-асв.т-ва ў Гданьску «Хатка» (з 1992), бел. гурток у Ольштыне. З 1992 у Варшаве працуе бел. рэдакцыя Польск. радыё. У 1995 бел. мова выкладалася ў 44 школах і 2 ліцэях Беласточчыны. З 1997 у Беластоку існуе ун-т (б. філіял Варшаўскага ун-та), дзе ёсць кафедра бел. культуры. У 1997 у сейм выбраны кіраўнік БГКТ Я.Сычэўскі. Гісторыю, культуру, побыт бел. дыяспары ў П. адлюстроўваюць даследаванні А.Глагоўскай, А. і Я. Мірановічаў, Ю.Туронка і інш. польск. гісторыкаў бел. паходжання; выдаюцца літ. творы А.Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, С.Яновіча, В.М.Шведа і інш.бел. пісьменнікаў П. Абароне правоў і інтарэсаў бел.этн. супольнасці ў П. служаць Дэкларацыя аб бел.-польск. адносінах (падпісана ў кастр. 1990), пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мін-вам нар. адукацыі П. і Мін-вам адукацыі Беларусі (сак. 1992), бел.польскі Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 23.6.1992 і пагадненне аб магчымасці ўзаемнага працаўладкавання і сац. абароны грамадзян абедзвюх краін.
Літ.:
Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;
Samsonowicz H. Historia Polski do roku 1795. 5 wyd. Warszawa, 1990;
Kieniewicz S. Historia Polski 1795—1918. Warszawa, 1987;
Roszkowski W. Najnowsza historia Polski 1918—1989. Warszawa, 1991;
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000;
История польской литературы. Т. 1—2. М., 1968—69;
Горский И.К. Польский исторический роман и проблема историзма. М., 1963;
Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40—70-х г. XIX в. М., 1971;
Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;
Лойка А.А., Перкін Н.С. Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963;
Адам Міцкевіч і сусветная культура. Т. 1—5. Гродна etc., 1998—2000;
Literatura polska: Przewodnik encyklopedyczny. T. 1—2. Warszawa, 1984—85;
Słownik literatury staropolskiej. Wrocław, 1990;
Słownik literatury polskiej XIX wieku. Wrocław, 1991;
Słownik literatury polskiej XX wieku. Wrocław, 1992;
Тананаева Л.И. Польское изобразительное искусство эпохи Просвещения: Живопись. Рисунок. М., 1968;
Яе ж. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;
Łoziński J.Z. Pomniki sztuki w Polsce. T. 1—2. Warszawa, 1985—92;
Kębłowski J. Dzieje sztuki polskiej. Warszawa. 1987;
Miłobędzki A. Architektura ziem Polski. Kraków, 1994;
Z dziejów polskiej kultury muzycznej. T. 1—2. Kraków, 1958—66;
Baculewski K. Polska twórczośćl kompozytorska, 1945—1984. Kraków, 1987;
Bartkowski B. Polskie śpiewy religijne w żywej tradycji: Style i formy. Kraków, 1987;
Шидловский Р. Театр в Польше. Варшава, 1972;
Dzieje teatru polskiego. T. 1—5. Warszawa, 1977—93;
Almanach sceny polskiej. T. 1—28. Warszawa, 1961—94;
Рубанова И.И. Польское кино: Фильмы о войне и оккупации, 1945—1965. М., 1966;
Соболев Р.П. Встреча с польским кино. М., 1967;
Кушевский С. Современное польское кино: Пер. с пол. Варшава, 1978;
Historia filmu polskiego. T. 1—6. Warszawa, 1966—44;
Encyklopedia kultury polskiej XX wieku: Film. Kinematografia. Warszawa, 1994;
Podlaski K. (Skaradziński B.). Białorusini, Litwini, Ukraincy. Białystok, 1990;
Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;
Mironowicz E. Białorusini w Polsce, 1944—1949. Warszawa, 1993;
Яго ж. Białorusini // Mniejszości narodowe w Polsce: Państwo i społeczeństwo polskie a mniejszości narodowe w okresach przełomów politycznych (1944—1989). Warszawa, 1998.
Герб і сцяг Польшчы.Да арт.Польшча. Вуліца Маршалкоўская ў Варшаве.Да арт.Польшча. Цэнтральная частка г. Катавіцы.Да арт.Польшча. Горад Закапанэ ў перадгор’ях Карпат.Да арт.Польшча. Ландшафт у цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Польшча. Спуск на ваду новага судна на верфі ў г. Шчэцін.Да арт.Польшча. Курган Т.Касцюшкі ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. 13 ст.Да арт.Польшча. Бізнес-цэнтр у Варшаве. 1991—93.Да арт.Польшча. Інтэр’ер ратушы ў Познані.Да арт.Польшча. Плошча Рынак у г. Замасць.Да арт.Польшча. Замак у Віснічу.Да арт.Польшча. Гандлёвыя рады «Сукеніцы» ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве. 1980—85.Да арт.Польшча. Я.Матэйка. Партрэт дачкі Беаты з канарэйкай. 1882.Да арт.Польшча. С.Выспянскі. Аўтапартрэт. 1902.Да арт.Польшча. Я.Мальчэўскі. Смерць Эленаі. 1907.Да арт.Польшча. Г.Стажэўскі. Фактурная кампазіцыя. 1930—31.Да арт.Польшча. Т.Цяслеўскі. Фантастычная Варшава. 1926.Да арт.Польшча. Вялікі тэатр у Варшаве.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Попел і дыямент» А.Вайды 1958.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Зямля запаветная» А.Вайды. 1975.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Патоп» Е.Гофмана. 1974.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Эскадрон» Ю.Махульскага. 1992.Да арт.Польшча. Калектыў «Каласкі» з Беластока ў час выступлення на V агульнапольскім фестывалі «Беларуская песня-98».Да арт.Польшча. Выданні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. 1960-я г.