ЖРЭ́ЦТВА (ад стараслав. жрьти — прынесці ў ахвяру),
грамадская група, якая займалася выкананнем рэліг. культаў у стараж. рэлігіях (ахвярапрынашэнні, малітвы і г.д.). Складала вузка карпаратыўную касту, валодала багаццем і вял. уладай, у т. л. палітычнай. Члены касты (жрацы) павінны былі строга выконваць прадпісаныя ім адпаведныя правілы паводзін і заставацца «валадарамі» сіл прыроды; пры першых жа прыкметах слабасці цара-жраца ўмярцвялі, яго месца займаў маладзейшы. Ж. было цесна звязана з ін-там дзярж. улады і складала яго неад’емнае арганічнае звяно. Напр., брахманы. якія паходжаннем належалі да старажытнейшага саслоўя жрацоў, былі на працягу многіх стагоддзяў адной з самых высокіх кастаў у інд. грамадстве, валодалі зямлёй, вырашалі дзярж. пытанні. У адрозненне ад Стараж. Індыі ў Стараж. Грэцыі і Стараж. Рыме Ж. не было замкнёным, вузка карпаратыўным саслоўем і не адыгрывала такой значнай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. У Грэцыі жрацоў і жрыц выбіралі на нар. сходах. Толькі ў Дэльфах, пры храме Апалона, існавала калегія жрацоў. Своеасаблівую арганізаваную супольнасць складалі і жрацы бога Асклепія, асн. абавязкам якіх было лячэнне хворых у асклепіях (свяцілішчах). Паводле Плутарха, пасада вярх. жраца (пантыфіка) у Рыме была ўстаноўлена царом Нумам Пампіліем. Вярхоўнага жраца выбіралі грамадзяне Рыма, ім мог стаць кожны свабодны грамадзянін. Вярх. жрэц узначальваў калегію пантыфікаў (гл. Пантыфікат), куды ўваходзілі вышэйшы жрэц (свяшчэнны цар), які ведаў ахвярапрынашэннямі, і тры старэйшыя фламіны (жрацы Юпітэра, Марса і Квірына). Старэйшых фламінаў таксама выбіралі з прадстаўнікоў знатных патрыцыянскіх родаў. Малодшыя фламіны, якімі маглі стаць і выхадцы з плебсу, у калегію пантыфікаў не ўваходзілі. Вярх. пантыфік узносіў малітвы, кіраваў урачыстымі ахвярапрынашэннямі. Яго памочніцамі былі жрыцы багіні Весты (вясталкі). У Кітаі Ж. (даосы) не адыгрывала вядучай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. Гэтую ролю выконваў культ канфуцыянства. З паяўленнем монатэістычных рэлігій (хрысціянства, ісламу, ламаізму і інш.) Ж. як сац. ін-т знікла і на змену яму прыйшло духавенства. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны абрады ахвярапрынашэння, але Ж. як самастойнага ін-та не існавала. Захавалася ў некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі.
Літ.:
Винничук Л. Люди, нравы и обычаи Дренней Греции и Рима Пер с пол. М., 1988;
Фрэзер Дж.Дж. Золотая ветвь: Исслед. магии и религии: [Пер. с англ.]. М., 1980.
Т.І.Адула.
т. 6, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)