Бясколерная вадкасць з прыемным пахам, шчыльн. 1263 кг/м³ (20 °C), tкіп 46,24 °C. На святле часткова раскладаецца, таму жаўцее і пачынае смярдзець. Сумесь пары С. з паветрам (1,25—50% С. па аб’ёме) выбухованебяспечная (захоўваюць С. пад слоем вады). Дрэнна раствараецца ў вадзе; неабмежавана змешваецца з дыэтылавым эфірам, этанолам, хлараформам, добра растварае тлушчы, алеі, смолы, каўчукі, серу, фосфар, ёд. Пры награванні (t > 150 °C) раскладаецца вадой з вылучэннем серавадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем пары серы з метанам (прыродным газам) пры 500—700 °C у прысутнасці сілікагелю або з драўняным вугалем пры 750—1000 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскозы і фунгіцыдаў, для вулканізацыі каўчуку, як растваральнік, экстрагент. Атрутны, пашкоджвае нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы; ГДК у атм. паветры 0,005 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ПАД ЛЯСНО́Й 1708.
Адбылася ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж рас. і шведскімі войскамі 9-10.1708 каля в.Лясная (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Рас. войска (каля 11 тыс.чал.) пад камандаваннем Пятра I і А.Д.Меншыкава сустрэла каля Лясной шведскі корпус (каля 16 тыс.чал.) ген. А.Левенгаўпта, які з Рыгі ішоў на злучэнне з асн. сіламі арміі Карла XII. Бітва цягнулася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам з Крычава рас. атрада ген.-л. Р.Х.Баўра ход бітвы вырашыўся на карысць расіян. Шведы страцілі каля 9 тыс.чал. забітымі і параненымі, артылерыю і абоз. Бой пад Лясной Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі». У гонар 200-годдзя перамогі каля Лясной пастаўлены помнік і мемар. капліца, у якой створаны музей гісторыі бітвы. На брацкай магіле рас. воінаў — абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,
біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-т за кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл.Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважна арган.к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.А.Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЮ АКСІ́Д, гліназём,
хімічнае злучэннеалюмінію з кіслародам, Al2O3. Існуе ў крышт. мадыфікацыях, з якіх устойлівыя α-форма (tпл 2053 °C) і γ-форма (вышэй за 900 °C неабарачальна ператвараецца ў α-форму), і ў аморфным стане (гл.Алюмагель). У прыродзе α-Al2O3 — мінерал карунд і яго афарбаваныя разнавіднасці рубін, сапфір і інш. У вадзе нерастваральны, амфатэрны. α-форма хімічна больш актыўная, гіграскапічная. Атрымліваюць: α-Al2O3 перапрацоўкай баксітаў, штучны карунд (алунд) плаўкай баксітаў з вугалем, монакрышталі зоннай плаўкай; γ-Al2O3 награваннем гідраксіду ці соляў алюмінію да 600—900 °C. Выкарыстоўваюць: α-Al2O3 у вытв-сці алюмінію; алунд у эл.-тэхн. кераміцы, вогнетрывалых матэрыялах для металургічных і эл. печаў; карунд — абразіўны матэрыял; монакрышталі — рабочыя целы для лазераў, апорныя камяні дакладных і гадзіннікавых механізмаў, ювелірныя камяні; ніткападобныя крышталі — для арміравання металаў (Al, Ag); γ-Al2O3 — адсарбент у храматаграфіі, каталізатар, носьбіт каталізатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫРО́Л.
вінілбензол, фенілэтылен, арганічнае злучэнне, араматычны алкен, C6H5CH ═ CH2. Ёсць у стыраксе — араматычным бальзаме, што вылучаецца пры раненні ствалоў дрэў ліквідамбара, адсюль назва «С.» [грэч. styrax + лац. ol(eum) — алей].
Бясколерная вадкасць з саладкаватым пахам, шчыльн. 905,9 кг/м³, tкіп 145 °C. Добра раствараецца ў этаноле, эфірах, вуглевадародах, растварае многія арган. рэчывы і палімеры. З вадой утварае азеатропную сумесь (tкіп 34,8 °C). Здольны да хуткай тэрмічнай полімерызацыі ў полістырол, лёгка суполімерызуецца з большасцю вінілавых суманамераў (гл.АБС-пластык, Бутадыен-стырольныя каўчукі). У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай дэгідрагенізацыяй этылбензолу. Выкарыстоўваюць як манамер у вытв-сці полістыролу, АБС-пластыкаў, бутадыен-стырольных каўчукаў, тэрмаэластапластаў, як рэакцыйназдольны растваральнік поліэфірных і мадыфікатар алкідных смол, для сінтэзу іонаабменных смол. Таксічны: раздражняе слізістыя абалонкі верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, выклікае галаўны боль, пашкоджвае ц. н. с., ГДК 5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛО́ДНАЯ ЗВА́РКА,
спосаб зваркі матэрыялаў ціскам без іх нагрэву (пры хатняй т-ры і ніжэйшай за 0 °C). Робіцца за кошт пластычнага дэфармавання (цякучасці) паверхняў сутыкнення матэрыялаў пры іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей з пластычных металаў і сплаваў (у т. л. разнародных), пластмас і інш.Найб. пашырана Х.з. алюмінію. Халоднай называюць таксама дугавую зварку чыгунных дэталей без папярэдняга нагрэву.
Пры Х.з. дэталі з вял. зварным сячэннем сціскаюцца на прэсах (ціск 1 ГПа і больш), з невял. сячэннем — кляшчамі. Пры сцісканні матэрыялы цякуць (як вадкасць) уздоўж паверхні раздзелу, паверхневыя слаі разбураюцца, а наступныя чыстыя слаі ўтвараюць злучэнне. Х.з. зварваюцца металы з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай (алюміній, медзь, нікель, серабро), некаторыя пластмасы, смолы і інш. Х.з. разнародных металаў дае магчымасць пазбегнуць утварэння ў месцы злучэння крохкіх металідаў. Х.з. злучаюць правады, каркасы і абалонкі буйных канструкцый, танкасценныя алюмініевыя трубы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэннесял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́К,
1) прыстасаванне для запірання памяшканняў, ёмістасцей, скрынь, шафаў і інш. Вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Асірыя, Вавілон, Егіпет). Бываюць бессувальдныя (сакрэт забяспечваецца ў асн. профілем замочнай шчыліны), сувальдныя (з наборам рознафігурных рухомых пласцінак — сувальд, якім адпавядаюць выступы ключа), цыліндравыя (сувальды зроблены ў выглядзе штыфтоў), сакрэтныя (з літарным або лічбавым шыфрам); здымныя (у т. л. вісячыя) і нерухомыя (убудаваныя, уразныя, накладныя), а таксама спец. З. для ювелірных вырабаў.
2) Прыстасаванне, якое забяспечвае стопаранне рухомых частак машын і механізмаў. Напр., З. гаечны перашкаджае самаадкручванню гаек і інш. разьбовых дэталей пры рабоце машын.
3) Спец.злучэнне нерухомых частак драўляных канструкцый, зрубаў.
4) У агнястрэльнай зброі прыстасаванне для запальвання кідальнага снарада пры выстрале. Зброевыя З.: кнотавы (вядомы з 15 ст.), калясцовы (з вярчальным колам для высякання іскраў з крэменю, канец 15 — пач. 16 ст.), ударна-крамянёвы (16 ст.), ударнакапсульны (пач. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦУ АКСІ́ДЫ,
аксіды, якія ўтварае марганец. Вядомыя: монааксід MnO, сесквіаксід Mn2O3, аксід Mn(II, III) Mn3O4, дыаксід MnO2, аксід Mn (VII) ці марганцавы ангідрыд Mn2O7. Дыаксід — самае пашыранае ў прыродзе злучэнне марганцу. Для MnO2 вядомыя 5 крышт. медыфікацый; найб. устойлівая β-MnO2 — мінерал піралюзіт. Іншыя М.а. таксама трапляюцца ў выглядзе мінералаў: MnO — манганазіт, α-Mn2O3 — курнаіт, β-Mn2O3 — біксбііт, Mn3O4 — гаўсманіт.
М.а. — крышт. рэчывы (акрамя Mn2O7 — масляная зялёная вадкасць, tпл 5,9 °C, шчыльн. 2400 кг/м³), не раствараюцца ў вадзе. Пры награванні вышэйшых М.а. вылучаецца кісларод і ўтвараюцца ніжэйшыя (меншай валентнасці) М.а. (напр., аксід Mn(IV) MnO2 раскладаецца пры т-ры каля 600 °C з утварэннем аксіду Mn(III) Mn2O3). Найб. шырока выкарыстоўваюць MnO2: для атрымання марганцу і яго злучэнняў, сікатываў, як дэпалярызатар у сухіх элементах, кампанент рудога пігменту (умбры) для фарбаў, акісляльнік у гідраметалургіі цынку, медзі, урану, для асвятлення шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КЕРТ (Rickert) Генрых (25.5.1863, г. Гданьск, Польшча — 30.7.1936),
нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства. Праф. Фрайбургскага (з 1894) і Гайдэльбергскага (з 1916) ун-таў. Супрацьпастаўляў прыродазнаўчыя навукі як свабодныя ад каштоўнасцей, накіраваныя на вызначэнне агульных законаў, гіст. навукам, якія даследуюць непаўторныя з’явы і падзеі і адносяцца да сферы каштоўнасцей. Лічыў філасофію навукай пра каштоўнасці, якія ствараюць самаст. «свет трансцэндэнтнага сэнсу». Вызначаў 6 асн. катэгорый каштоўнасцей: ісціна, прыгажосць, безасобасная і асобасная святасць, маральнасць, шчасце. Распрацаваў анталагічную канцэпцыю свету, які разумеў як сукупнасць 4 сфер: фіз. і псіхічнага быцця; «інтэлігібільнага» быцця (свет каштоўнасцей і сэнсавых утварэнняў); неаб’ектывуемай суб’ектыўнасці (злучэнне каштоўнасцей і існага); «незямнога» быцця (супадзенне каштоўнасцей і існага, зразумелае толькі пры дапамозе рэліг. веры).
Тв.:
Рус.пер. — Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997;