РЫ́КЕРТ ((Rickert) Генрых) (25.5.1863, г. Гданьск, Польшча — 30.7.1936),

нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства. Праф. Фрайбургскага (з 1894) і Гайдэльбергскага (з 1916) ун-таў. Супрацьпастаўляў прыродазнаўчыя навукі як свабодныя ад каштоўнасцей, накіраваныя на вызначэнне агульных законаў, гіст. навукам, якія даследуюць непаўторныя з’явы і падзеі і адносяцца да сферы каштоўнасцей. Лічыў філасофію навукай пра каштоўнасці, якія ствараюць самаст. «свет трансцэндэнтнага сэнсу». Вызначаў 6 асн. катэгорый каштоўнасцей: ісціна, прыгажосць, безасобасная і асобасная святасць, маральнасць, шчасце. Распрацаваў анталагічную канцэпцыю свету, які разумеў як сукупнасць 4 сфер: фіз. і псіхічнага быцця; «інтэлігібільнага» быцця (свет каштоўнасцей і сэнсавых утварэнняў); неаб’ектывуемай суб’ектыўнасці (злучэнне каштоўнасцей і існага); «незямнога» быцця (супадзенне каштоўнасцей і існага, зразумелае толькі пры дапамозе рэліг. веры).

Тв.:

Рус. пер. — Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997;

Науки о природе и науки о культуре. М., 1998;

Философия жизни. Мн.;

М., 2000.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)