СТЫРО́Л.
вінілбензол, фенілэтылен, арганічнае злучэнне, араматычны алкен, C6H5CH ═ CH2. Ёсць у стыраксе — араматычным бальзаме, што вылучаецца пры раненні ствалоў дрэў ліквідамбара, адсюль назва «С.» [грэч. styrax + лац. ol(eum) — алей].
Бясколерная вадкасць з саладкаватым пахам, шчыльн. 905,9 кг/м³, tкіп 145 °C. Добра раствараецца ў этаноле, эфірах, вуглевадародах, растварае многія арган. рэчывы і палімеры. З вадой утварае азеатропную сумесь (tкіп 34,8 °C). Здольны да хуткай тэрмічнай полімерызацыі ў полістырол, лёгка суполімерызуецца з большасцю вінілавых суманамераў (гл. АБС-пластык, Бутадыен-стырольныя каўчукі). У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай дэгідрагенізацыяй этылбензолу. Выкарыстоўваюць як манамер у вытв-сці полістыролу, АБС-пластыкаў, бутадыен-стырольных каўчукаў, тэрмаэластапластаў, як рэакцыйназдольны растваральнік поліэфірных і мадыфікатар алкідных смол, для сінтэзу іонаабменных смол. Таксічны: раздражняе слізістыя абалонкі верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, выклікае галаўны боль, пашкоджвае ц. н. с., ГДК 5 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 15, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)