СЛАВА́ЦКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944, Славацкае паўстанне 1944, узброенае антыфашысцкае паўстанне ў жн.—кастр. 1944. План выступлення распрацаваў Славацкі нац. савет (СНС), які аб’ядноўваў усе партыі і арг-цыі, што ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення. Узбр. сілы СНС складалі партыз. брыгады (каля 15 тыс.чал.) і часці славацкай арміі, што перайшлі на бок паўстанцаў (у ходзе паўстання армія вырасла да 60 тыс.чал.). Сігналам да паўстання стала акупацыя Славакіі ням.-фаш. войскамі, якая пачалася 29.8.1944 са згоды славацкага марыянетачнага ўрада. У той жа дзень пачаліся баявыя дзеянні паўстанцаў і ўжо да 31 жн. яны кантралявалі 2/3тэр. краіны. 1.9.1944 у г. Банска-Бістрыца СНС прыняў дэкларацыю, у якой абвясціў пра шырокія дэмакр. пераўтварэнні. Створаны К-т абароны Славакіі і Гал. штаб партыз. руху. З мэтай дапамогі паўстанцам сав.ваен. камандаванне наладзіла дастаўку ім зброі, боепрыпасаў, прадуктаў, амуніцыі і інш. 8.9.1944 38-я армія 1-га Укр. фронту пачала Карпата-Дукельскую аперацыю. Наступленне разгарнулася ад г. Кросна (Польшча) на поўдзень, каб прабіцца цераз Дукельскі перавал у Славакію. Разам з сав. войскамі змагаўся сфарміраваны ў СССР 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус на чале з ген. Л.Свобадам. У паўстанні ўдзельнічалі сав. партызаны, у т. л. з Беларусі. Аднак у 2-й пал.кастр. вораг перайшоў у контрнаступленне і авалодаў асн. апорнымі пунктамі паўстанцаў, у т. л. і цэнтрам СНС г. Банска-Бістрыца. Частка паўстанцаў адышла ў горы, іх брыгады вялі баі да злучэння ў студз. 1945 з Чырв. Арміяй. С.н.п. стала пачаткам нац.-дэмакр. рэвалюцыі ў Чэхаславакіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́ЛІНСКАЯ СЯДЗІ́БА «МА́НЬКАВІЧЫ».
Існавала ў 18—1-й пал. 20 ст. ў б. сядзібе Радзівілаў у в. Манькавічы (цяпер у Столінскім р-не Брэсцкай вобл.). У пач. 18 ст. сядзібны комплекс уключаў жылыя дамы — 2 панскія (стары і новы), некалькі для прыслугі каля ўязной брамы, гасп. пабудовы і сад. У 2-й пал. 18 ст. пастаўлены дом аканома, гасп. пабудовы. У 1780-я г. ўзведзены драўляны палац, перабудаваны ў канцы 19 ст. паводле праекта арх. Вентцэля ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольны ў плане будынак пад гонтавым дахам. У пач. 19 ст. каля палаца пабудавалі драўляны флігель пад гонтавым дахам, дом для прыслугі, кухню, конна-валовы млын, 3 гумны з прыбудаванымі ў тарцах свірнамі, саладоўню і інш. Пры ўездзе ў сядзібу пастаўлена манум. брама — 1-павярховы з мансардамі і цокалем прамавугольны ў плане будынак, накрыты складаным дахам. Дамінантай кампазіцыі была гранёная вежа, завершаная купалам з барабанам і шатром над ім. У 1885 вакол палаца, які стаяў на насыпной тэрасе, закладзены парк пейзажнага тыпу пл. 50 га (цяпер 27,9 га). Фарміраваўся ён пры садзейнічанні Марыі Радзівіл, пра што сведчыць надпіс на закладным камені (устаноўлены на ўзлеску цэнтр. паляны). Тэраса абмежавана земляным валам выш. да 1,5 м з кветнікамі і дэкар. кустамі. Астатняя ч. на раўнінным рэльефе. Пры ўездзе ў парк з боку Століна пабудаваны павільён і каваныя вароты. У Вял.Айч. вайну палац згарэў, дрэвы парку моцна пашкоджаны, вывезены вароты. Расце больш за 35 відаў дрэў і кустоў, ёсць вадаём з фантанам і лебедзямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУС Анатоль Міхайлавіч (30.5.1910, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.9.1989),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), студыю БДТ-2 (1931). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа (да 1986). У сваёй творчасці працягваў і развіваў лепшыя традыцыі нац. сцэны. Адметны мастакоўскі тэмперамент спалучаў у сцэн. партрэтах сваіх герояў з псіхал. заглыбленасцю, выразным пластычным малюнкам, унутр. засяроджанасцю. Шырокі творчы дыяпазон, мастацтва пераўвасаблення давалі яму магчымасць выявіць сваю індывідуальнасць у разнапланавых ролях (лірычных і сац. герояў, драм., камед., вострахарактарных) у творах розных жанраў. Яркія прыклады рэаліст. і па-мастацку вобразнага раскрыцця змястоўных характараў і тыпаў пададзены ім у класічным і сучасным, у т. л.бел., рэпертуары: Старац («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Мацей («Несцерка» В.Вольскага), Бондараў («Проба агнём» К.Крапівы), Полаз, Шыковіч («Крыніцы», «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Крандзялёў («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Макаранка («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Андрэй Прозараў («Тры сястры» А.Чэхава), Ляпкін-Цяпкін («Рэвізор» М.Гогаля), Захар Бардзін, Басаў, Шышкін («Ворагі», «Дачнікі», «Мяшчане» М.Горкага), Пераяркаў, Пётр («Багна», «Лес» А.Астроўскага). Сярод інш. значных роляў: Макар («Востраў Алены» Я.Шабана), Гоша («Цудоўны сплаў» У.Кіршона), Месны («Фронт» А.Карнейчука), Карп Карпавіч («Не называючы прозвішчаў» В.Мінко), Яўмен Дыбенка («Праўда і крыўда» паводле М.Стэльмаха), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Маёр («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Эрнст фон Мюлер («Гарачае лета ў Берліне» паводле Дз.К’юсак).
Літ.:
Гутковіч А. Акцёр сцэнічнага натхнення (А.М.Трус) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЯЛЕ́НСКІЯ САБО́РЫ,
з’езды вышэйшага духавенства хрысціянскай царквы, на якіх абмяркоўваюцца і вырашаюцца пытанні багаслоўскага, царкоўна-паліт. і дысцыплінарнага характару. Вял. месца ў дзейнасці У.с. займала барацьба з ерасямі. Праваслаўная царква прызнае толькі 7 першых У.с., якія адбыліся да падзелу цэркваў і склікаліся рым. і візант. імператарамі. З 12 ст. папы рымскія склікаюць з’езды толькі вышэйшага духавенства каталіцкай царквы, але называюць іх У.с. і прысвойваюць ім адпаведна парадкавыя нумары. Назвы У.с. атрымліваюць ад месца, дзе адбыліся.
У.с.: 1) I Нікейскі, 325; 2) I Канстанцінопальскі, 381; 3) Эфескі, 431; у 449 скліканы новы Эфескі сабор, які, аднак, на наступным саборы быў аб’яўлены «разбойніцкім» і выключаны са спіса У.с.; 4) Халкідонскі, 451; 5) II Канстанцінопальскі, 553; 6) III Канстанцінопальскі, 680—81; у 692 у Канстанцінопалі скліканы У.с., які атрымаў назву Пяташостага, таму што яго рашэнні дапаўнялі рашэнні 5-га і 6-га У.с.; 7) II Нікейскі, 787; 8) IV Канстанцінопальскі, 869—70, на якім выявіліся вострыя супярэчнасці паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі цэрквамі; яго рашэнні, накіраваныя супраць канстанцінопальскага патрыярха Фоція, былі скасаваны на V Канстанцінопальскім саборы; 9) I Латэранскі, 1123; 10) II Латэранскі, 1139; 11) III Латэранскі, 1179; 12) IV Латэранскі, 1215 (санкцыяніраваў інквізіцыю); 13) I Ліёнскі, 1245; 14) II Ліёнскі, 1274, унія з правасл. царквой; 15) В’енскі, 1311—12; 16) Канстанцкі, 1414—18; 17) Базельска-Фларэнційскі, 1431—49; 18) V Латэранскі, 1512—17; 19) Трыдэнцкі, 1545—63; 20) I Ватыканскі, 1869—70; 21) II Ватыканскі, 1962—65. Гл. таксама Ватыканскія саборы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛЬМАГРА́ФІЯ (ад фільм + ...графія),
галіна ведаў, што вывучае метады і прынцыпы апісання фільмаў у даведачных работах. Існуе Ф. анатаваная, храналагічная, тэматычная, па жанрах, бягучая інфармацыйная, рэкамендацыйная і інш. Складаецца ў форме зборнікаў, даведнікаў, паказальнікаў, спісаў, аглядаў. Анатаваная Ф. ўключае вызначэнне тэмы, жанру, пераказ зместу, агульную ідэйна-маст. адзнаку і асн.вытв. звесткі (назва кінастудыі або фірмы, што выпусціла фільм, метраж і хронаметраж, колькасць частак, дату вытв-сці і выпуску на экран, склад здымачнай групы, пералік акцёраў, якія здымаліся ў фільме, атрыманыя ім узнагароды). Храналагічная Ф. паказвае агульны стан выпуску фільмаў у краіне, дае ўяўленне пра развіццё кінематаграфіі і работу асобных кінастудый, фірм, этапы творчай дзейнасці рэжысёра, сцэнарыста, акцёра і інш. удзельнікаў работы над пастаноўкай фільма. Тэматычная Ф. — матэрыял для вывучэння пытанняў, звязаных з распрацоўкай асобных тэм у кінамастацтве. Ф. мае вял. практычнае значэнне як аснова даследаванняў па пытаннях кінамастацтва і гісторыі кіно.
На Беларусі анатаваная Ф. прадстаўлена ў каталогу-даведніку «Усе беларускія фільмы» (т. 1—2, 1996—2000). Храналагічная Ф. бел.маст. і дакумент. фільмаў апублікавана ў кнігах «Гісторыя беларускага кіно» (т. 1—2, 1969—70), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» ў 4-х т. (т. 1, 2001), А.Красінскага «Фільмы. Героі. Час» (1975), зб-ках «Панарама беларускага кіно апошніх гадоў» (1998), «Беларускае кіно: Маладыя рэжысёры: Біяфільмаграфічны каталог» (1999). Выдаюцца тэматычныя і жанравыя каталогі дзеючага фонду маст., хранікальна-дакумент., навук.-папулярных, вучэбных і рэкламных фільмаў «Беларускія фільмы». У 2002 выдадзены каталог бел.дакумент. фільмаў «Беларуская культура і кіно». Інфарм. Ф. друкуецца ў газетах і часопісах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАБЕ́Р (Flaubert) Гюстаў (12.12.1821, г. Руан, Францыя — 8.5.1880),
французскі пісьменнік. Вучыўся ў Парыжскім ун-це (1840—43). Вядомасць набыў першым раманам «Мадам Бавары: Правінцыйныя норавы» (1857, неаднаразова экранізаваны), у якім рамант. мара гал. гераіні сутыкаецца з жорсткай рэчаіснасцю. Раман «Саламбо» (1862) пра барацьбу Стараж. Рыма з Карфагенам у 3 ст. да н.э. Аўтар раманаў «Выхаванне пачуццяў» (1869), «Бувар і Пекюшэ» (выд. 1881, незавершаны), аповесцей «Ірадыяда», «Легенда пра святога Юльяна Багамольца-прымальніка» і «Простае сэрца» (усе 1877), філас. драмы «Спакушэнне святога Антонія» (1874) і камедыі «Кандыдат» (паст. 1874), парадыйна-сатыр. «Лексікона прапісных ісцін» (апубл. 1910). Яго ў многім рэаліст. проза судакранаецца з рамантызмам і канцэпцыяй «мастацтва дзеля мастацтва», а таксама з філасофіяй пазітывізму і натуралізмам як яе маст. увасабленнем (безасабовасць аповеду, аўтарская «бясстраснасць», аб’ектывізм, дэталёвае ўзнаўленне «фізіялагічных» сцэн). У творах выкрываў маральную дэградацыю, крывадушнасць і ханжаства грамадства, гіст. і легендарна-міфалагічныя падзеі суадносіў з сучаснасцю; ім уласцівы стылёвая дасканаласць, строгая кампазіцыя, разнастайнасць сатыр. палітры. Значна паўплываў на эстэтыку Э.Заля, Г. дэ Мапасана. Паводле рамана Ф. «Саламбо» створаны аднайм. оперы Л.Рэера і М.Мусаргскага і балет на музыку А.Арэндса; на бел. мову гэты твор пераклаў В.Гардзей.
Тв.:
Бел.пер. — Ля сцен Карфагена. Мн., 1934;
Саламбо. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. М., 1983—84;
О литературе, искусстве, писательском труде. Т. 1—2. М., 1984.
Літ.:
Реизов Б.Г. Творчество Флобера. М., 1955;
Иващенко А.Ф. Гюстав Флобер: Из истории реализма во Франции. М., 1955;
Набоков В.В. Лекции по зарубежной литературе: Пер. с англ.М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАВА́НСКІЯ,
расійскі княжацкі род у 15—19 ст., прадстаўнікі якога займалі буйныя дзярж. і ваен. пасады. Паходзяць ад кн.Нарымонта (1294—1348), 2-га сына вял.кн.ВКЛГедзіміна. Сын Нарымонта Патрыкей у 1408 перайшоў на службу да Маскоўскага вял. князя Васілія I. Унук Патрыкея Васіль Фёдаравіч па празванні Хаванскі — непасрэдны родапачынальнік Х., з якіх найб. вядомыя:
Іван Андрэевіч Х. (?—1621), у час «Смуты» з 1607 актыўны ўдзельнік ваен. дзеянняў супраць Ілжэдзмітрыя II, ад прыхільнікаў якога ў 1609 вызваліў гарады Ржэў і Старыца; адзін з кіраўнікоў народнага апалчэння 1612; ваявода ў Яраслаўлі (1613—14) і Ноўгарадзе (1617—19); Іван Мікітавіч Х. (? — каля 1671), баярын, ваявода; кіраваў задушэннем Наўгародскага і Пскоўскага паўстанняў 1650, у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнік узяцця Смаленска (1654) і потым ваявода ў ім; Іван Андрэевіч Х. (мянушка Таратуй — пустамеля; ?—1682). баярын, ваявода; у вайну 1654—67 і рус.-швед. вайну 1654—57 ваявода ў Магілёве (з 1656) і Пскове (1657—61); у 1657 разбіў каля г. Гдоў швед. войска; у 1659—60 узначаліў рэйд царскіх войск па Беларусі, які суправаджаўся вял. спусташэннямі і забойствамі мірных жыхароў; у снеж. 1659 захапіў г. Гродна, у студз. 1660 — Брэст, пазней неаднаразова разбіты войскамі Рэчы Паспалітай; кіраваў падаўленнем Маскоўскага паўстання 1662; кіраўнік Маскоўскага паўстання 1682, т.зв. «Хаваншчыны», у час якога ўзначальваў Стралецкі прыказ; пакараны смерцю; Аляксандр Мікалаевіч Х. (1771—1857), сенатар, кіраўнік Дзярж. асігнацыйнага банка і экспедыцыі нарыхтоўкі каштоўных папер (з 1818); Мікалай Мікалаевіч Х. (1777—1837), ген. ад інфантэрыі, сенатар. чл.Дзярж. савета (з 1836); у 1823—37 бел. генерал-губернатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1621.
Адбылася ў вер.—кастр. 1621 каля замка Хацін на Днястры (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобл., Украіна) паміж войскамі Рэчы Паспалітай з аднаго боку, Турцыі і Крымскага ханства — з другога. Вайну пачала ў 1620 Турцыя з мэтай захопу ўкр. і польск. зямель. У вер.-кастр. 1620 туркі разбілі пад Цацорай польскае войска, у склад якога ўваходзілі ўкр. рэестравыя казакі. Вясной 1621 тур. войска (каля 150 тыс.чал.) накіравалася ў Малдову, да яго далучылася каля 60 тыс. крымскіх татар. Насустрач ім рушыла аб’яднанае войска Польшчы і ВКЛ (каля 30 тыс.чал., у т. л. з ВКЛ каля 11 тыс.чал.) пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ Я.К.Хадкевіча (гл. ў арт.Хадкевічы). У вер. 1621 Хадкевіч размясціў сваю армію ўмацаваным лагерам каля закінутага Хацінскага замка такім чынам, каб Днестр адрэзаў шляхі да адступлення. Да яго далучыліся ўкр. казакі (каля 40 тыс.чал.) пад камандаваннем гетмана П.Канашэвіча-Сагайдачнага. 2.9.1621 пад Хацін падышла тур. армія на чале з султанам Асманам II і адразу атакавала лагер. Штурмы паўтараліся на працягу месяца, найб. значныя адбыліся 2, 4, 7, 15, 28 верасня. Войскі Рэчы Паспалітай рабілі ўдалыя контратакі і вылазкі. 24.9.1621 Хадкевіч памёр. Перад смерцю камандаванне войскам ён перадаў С.Любамірскаму. У баях, якія доўжыліся да 3.10.1621, туркі панеслі вялізныя страты (да 80 тыс.чал.) і былі вымушаны прызнаць паражэнне. 9.10.1621 заключаны мір, які ўстанавіў граніцу па Днястры і гарантаваў Рэчы Паспалітай бяспеку ад турэцкіх і татарскіх нападаў.
Літ.:
Чарняўскі М. Правадыр крылатых вершнікаў.: Ян Кароль Хадкевіч. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РВЕНЬ,
горад, цэнтр Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл., на р. Чэрвенка (Ігуменка), каля аўтадарогі Мінск—Магілёў. За 62 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы. 10,8 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч., дрэваапр., лесанарыхтоўчай прамысловасці. Чэрвеньскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы: сав. воінаў, сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Свята-Мікольская царква, касцёл Узвіжання Святога Крыжа.
Вядомы з 1387 пад назвай Ігумен у складзе Мінскага пав.ВКЛ. У 1-й пал. 15 ст. мястэчка, уласнасць Кежгайлаў, з 1447 — віленскага біскупа, царк. мястэчка. У час войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай 1701—21 Ігумен разрабаваны і моцна разбураны. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 горад, цэнтр Ігуменскага павета (з 18.9.1923 Чэрвеньскага павета). 22.1.1796 горад атрымаў герб: на блакітным полі сярэбраны куст кветак і 5 залачоных пчол над ім. У вайну 1812 горад значна разбураны, у 1825 каля 900 ж., 263 дамы, 3 прадпрыемствы, 2 царквы, касцёл, 2 карчмы, 10 крам, рынак. Ў час паўстання 1863—64 тут дзейнічаў паўстанцкі атрад на чале з Б.Свентаржэцкім. У 1897 у Ігумене 4573 ж., у 1905—5121 ж., 664 жылыя дамы, вадзяны і паравы млыны, некалькі майстэрняў, 6 пач. школ, бальніца, аптэка і аптэчны магазін, штогод 6 кірмашоў. 18.9.1923 перайменаваны ў Ч. (ад назвы месяца). З 17.7.1924 цэнтр Чэрвеньскага р-на. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 7561 чал.; дзейнічалі падп. групы. Вызвалены 2.7.1944 воінамі 1-га і 2-га Бел. франтоў сумесна з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЙ ВЕТЭРЫНАРЫ́І ІНСТЫТУ́Тімя С.М.Вышалескага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
рэспубліканскае навук.-даследчае унітарнае прадпрыемства. Засн. ў 1930 на базе Бел.дзярж. ветэрынарна-бактэрыял. ін-та, які знаходзіўся ў Віцебску. Мае аддзелы: туберкулёзу і лейкозу, вірусных і прыродных інфекцый, мікрабіялогіі і калекцыі мікраарганізмаў, паразіталогіі, незаразных хвароб, экалогіі і вет. санітарыі, хвароб птушак, пчол і рыб; лабараторыі: культур клетак і пажыўных асяроддзяў, навук.-тэхн. інфармацыі і патэнтазнаўства. Аспірантура (з 1968), савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне заканамернасцей інфекцыйнага і эпізаатычнага працэсаў пры інфекц. захворваннях жывёл — дыягностыка, лячэнне, прафілактыка і ліквідацыя інфекц., паразітарных і незаразных хвароб с.-г. жывёл, птушак, рыб і пчол; забеспячэнне біял. бяспекі прадукцыі жывёлагадоўлі; устанаўленне прычын і прафілактыка бясплоддзя жывёл і падзяжу маладняку с.-г. жывёл. Ін-там атрымана 75 аўтарскіх пасведчанняў і 15 патэнтаў, укаранёна ў практыку больш за 300 навук. прапаноў, 13 дыягностыкумаў, 35 вакцын, 19 фармацэўтычных прэпаратаў. Выпускае перыяд.зб-кі «Ветэрынарная навука — вытворчасці» (з 1960) і «Дасягненні ветэрынарнай навукі і перадавога вопыту — жывёлагадоўлі» (з 1974). Выдаў больш за 100 кніг і манаграфій, у т. л. «Туберкулёз сельскагаспадарчых жывёл» М.К.Юскаўца (1963), «Даведнік па ветэрынарнай і медыцынскай паразіталогіі» Р.С.Чабатарова (1971), «Бруцэлёз буйной рагатай жывёлы і барацьба з ім» Г.А.Аб’едкава (1977), «Туберкулёз сельскагаспадарчых жывёл і птушак» Р.У.Тузавай (1983), «Шаленства жывёл» М.Р.Таршыса, М.А.Кавалёва і П.П.Кузняцова (1990), «Хваробы буйной рагатай жывёлы і свіней» (2003) і інш. У ін-це працавалі акадэмікі Нац.АН Беларусі Х.С.Гарагляд, Р.С.Чабатароў, М.К.Юскавец, працуе М.А.Кавалёў, 12 дактароў навук.