ФЛАБЕ́Р (Flaubert) Гюстаў (12.12.1821, г. Руан, Францыя — 8.5.1880),
французскі пісьменнік. Вучыўся ў Парыжскім ун-це (1840—43). Вядомасць набыў першым раманам «Мадам Бавары: Правінцыйныя норавы» (1857, неаднаразова экранізаваны), у якім рамант. мара гал. гераіні сутыкаецца з жорсткай рэчаіснасцю. Раман «Саламбо» (1862) пра барацьбу Стараж. Рыма з Карфагенам у 3 ст. да н.э. Аўтар раманаў «Выхаванне пачуццяў» (1869), «Бувар і Пекюшэ» (выд. 1881, незавершаны), аповесцей «Ірадыяда», «Легенда пра святога Юльяна Багамольца-прымальніка» і «Простае сэрца» (усе 1877), філас. драмы «Спакушэнне святога Антонія» (1874) і камедыі «Кандыдат» (паст. 1874), парадыйна-сатыр. «Лексікона прапісных ісцін» (апубл. 1910). Яго ў многім рэаліст. проза судакранаецца з рамантызмам і канцэпцыяй «мастацтва дзеля мастацтва», а таксама з філасофіяй пазітывізму і натуралізмам як яе маст. увасабленнем (безасабовасць аповеду, аўтарская «бясстраснасць», аб’ектывізм, дэталёвае ўзнаўленне «фізіялагічных» сцэн). У творах выкрываў маральную дэградацыю, крывадушнасць і ханжаства грамадства, гіст. і легендарна-міфалагічныя падзеі суадносіў з сучаснасцю; ім уласцівы стылёвая дасканаласць, строгая кампазіцыя, разнастайнасць сатыр. палітры. Значна паўплываў на эстэтыку Э.Заля, Г. дэ Мапасана. Паводле рамана Ф. «Саламбо» створаны аднайм. оперы Л.Рэера і М.Мусаргскага і балет на музыку А.Арэндса; на бел. мову гэты твор пераклаў В.Гардзей.
Тв.:
Бел.пер. — Ля сцен Карфагена. Мн., 1934;
Саламбо. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. М., 1983—84;
О литературе, искусстве, писательском труде. Т. 1—2. М., 1984.
Літ.:
Реизов Б.Г. Творчество Флобера. М., 1955;
Иващенко А.Ф. Гюстав Флобер: Из истории реализма во Франции. М., 1955;
Набоков В.В. Лекции по зарубежной литературе: Пер. с англ.М., 1998.