род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 42 віды. Найб. вядомыя М.: белы, або бялянка (L. pubescens), горкі, або гаркуха (L. rufus), грузд чорны (L. necator), ружовы, або ваўнянка (L. torminosus), скрыпіца (L. vellereus), смачны, або рыжык (L. deliciosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах, на ўзлесках і лугах, дзе ёсць карані дрэў. Утвараюць «ведзьміны кольцы».
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка белая, шэрая да ружавата-ліловай, карычневая. дыям. да 25 см, звычайна правільна-круглаватая з загорнутым ці апушчаным уніз краем, не аддзяляецца ад ножкі. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка шчыльная або рыхлая, часта ўнутры полая. Мякаць белая, палевая, з млечным сокам (сістэм. адзнака). Споры авальныя або шарападобныя, белыя ці жаўтаватыя. Усе віды ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛІ,
зборная група ніжэйшых раўнакрылых і разнакрылых матылёў, якія належаць да 3 падатрадаў (больш за 40 сям., каля 15 тыс. відаў). Вядомы з мелавога перыяду (каля 135 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі 11 сям.: М. зубатыя — Micropterygidae, М. сапраўдныя — Tineidae (27 відаў), М.-стракаткі — Gracilariidae, або LithocoUetidae (18 відаў), М. гарнастаевыя — Yponomeutidae, М. выемчатакрылыя — Gelechiidae, М.-чахланоскі — Psychidae (9 відаў), М.-малюткі — Nepticulidae, або Stigmellidae (7 відаў), М. вузкакрылыя — Momphidae, М.-блішчанкі. або М. кружковыя — Heliozelidae (2 віды), М.-мінёры — Tischeriidae (4 віды), М.-мяшочніцы — Talaeporiidae (3 віды).
Матылі дробных і сярэдніх памераў. размах крылаў да 70 мм. Лічынкі (вусені) паядаюць раслінныя і жывёльныя рэшткі, грыбы, лішайнікі; дарослыя не кормяцца. Сярод М. шмат шкоднікаў, напр., М. мэблевая і М. адзежная псуюць шэрсць і футра, М. зерневая, або свірнавая — збожжапрадукты, М. стракатка яблыневая і М. гарнастаевая яблыневая шкодзяць яблыні, М. пупышкава-парасткавая — хвоі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМО́Р (Amanita),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы. Растуць у лясах рознага тыпу пераважна ва ўмеранай зоне. Мікарызаўтваральнікі. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя М.: белы ці зялёны, або бледная паганка, пантэрны (A. pantherina), смярдзючы, або белая паганка (A. virosa), чырв. (A. muscaria). Трапляюцца з ліп. па кастрычнік.
Пладовае цела (шапка на ножцы) у маладых М. абкружана агульным пакрывалам, потым яно разрываецца і застаецца каля асновы ножкі ў выглядзе мешкападобнай похвы, а на шапцы — як белыя шматкі або лускавінкі. Шапка белая, зялёная, шэрая, шэра-фіялетавая, чырв. дыям. да 20 см. Пласцінкі белыя, жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная або булавападобная, уверсе бывае з кольцам ад частковага покрыва. Споры шарападобныя, бясколерныя. Ёсць ядомыя, напр., М. шэра-ружовы, цэзарскі грыб, смяротна атрутныя — бледная паганка і М. смярдзючы. Інш. віды маюць фізіял. актыўныя рэчывы (таксіны, галюцынагены і інш), якія ўздзейнічаюць на нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШЫ́НЫЯ, мышападобныя,
мышы (Muridae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 5 (6) падсям., 100—120 родаў, больш за 480 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у разнастайных прыродных і антрапагенных ландшафтах, у памяшканнях, стагах сена, саломы і інш. Актыўныя на змярканні і ноччу. Шкодзяць збожжавым, лясным і садовым культурам. Удзельнікі цыркуляцыі інфекц. хвароб. 8 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 роды, 7 відаў (пацукі чорны і шэры; мыш дамавая — Mus musculus; мыш жаўтагорлая — Apodemus flavicollis; мыш лясная — A. silvaticus; мыш-малышка — Micromys minutus; мыш палявая, або жытнік — A. agrarius).
Даўж. цела 5—50 см, хваста да 45 см. Морда выцягнутая, завостраная, вочы і вушы вялікія. Поўсць бурая або шэрая з рыжым ці чорным адценнем. Хвост голы. Кормяцца пераважна насеннем, некат. ўсёедныя. Нараджаюць да 22 дзіцянят, да 10 разоў за год. М. — корм для многіх звяроў, птушак, паўзуноў. Многія віды — аб’ект генетыка-папуляцыйных, фізіял. і эталагічных даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ІНТЭГРАВА́ННЕ,
раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады набліжанага вылічэння вызначаных інтэгралаў і набліжанага рашэння (інтэгравання) дыферэнцыяльных ураўненняў. Выкарыстоўваецца, калі дакладнае вылічэнне немагчыма або вельмі складанае.
Набліжанае вылічэнне вызначаных інтэгралаў выконваецца аналітычнымі і графічнымі (гл.Графічныя вылічэнні) метадамі, а таксама з дапамогай спец. прылад (планіметр, інтэгратар). Сярод аналітычных найб.пашыраны метады, заснаваныя на замене падынтэгральнай функцыі адрэзкам яе Тэйлара шэрагу, інтэрпаляцыйным паліномам (гл.квадратурная формула) і інш. Для многіх правіл інтэгравання складзены табліцы вузлоў і каэфіцыентаў квадратурных формул. Нявызначаныя інтэгралы зводзяць да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Кратныя інтэгралы вылічваюць як паўторныя, з дапамогай кубатурных формул або спец. метадамі, напр., Монтэ-Карла метадам. Для набліжанага рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў карыстаюцца пераважна лікавымі метадамі (Рунге—Кута, Эйлера, рознаснымі метадамі і інш.), якія дазваляюць даць рашэнне ў выглядзе табліцы. Аналітычнымі метадамі (напр., шэрагаў, Чаплыгіна, варыяцыйнымі) рашэнне выяўляецца ў аналітычным выглядзе; графічнымі метадамі — у выглядзе графіка. Існуюць таксама метады, заснаваныя на выкарыстанні аналагавых вылічальных машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ (Insectivora),
атрад млекакормячых. 7 сямействаў: кратовыя (гл.Краты), землярыйкавыя (гл.Землярыйкі), вожыкавыя (Erinaceidae), залатакратовыя (Chrysochloridae), скакунчыкавыя (Macroscelididae), тэнрэкавыя (Tenrecidae), шчыліназубыя (Solenodontidae), 52—63 роды, каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы. Пераважна начныя жывёлы, некат. вядуць падземны (залатакраты, краты) ці паўводны (куторы, хахуля, землярыйка выдравая) спосаб жыцця. Вядомы з мелавога перыяду мезазою (каля 130 млн. гадоў назад). На Беларусі 10 відаў з 4 сямействаў. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў.
Даўж. ад 3 см (белазубка карлікавая) да 44 см (гімнура); маса ад 1,2 г (белазубка карлікавая) да 1,6 кг (вожык звычайны). Вонкава нагадваюць грызуноў. Галава падоўжаная, нос выцягнуты накшталт хабатка. Цела ўкрыта кароткімі валасамі (краты, землярыйкі і інш.), шчаціннем (тэнрэкі), іголкамі (вожыкі). Найб. развітыя нюх і дотык. Маюць мускусныя залозы. Усёедныя, кормяцца пераважна насякомымі (адсюль назва). Нараджаюць 1—6 (некат. віды да 25) дзіцянят да 3 разоў за год. Краты і хахуля — аб’екты промыслу (футра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць неарган. галоўны ланцуг і не маюць арган. бакавых радыкалаў. Вядомы прыродныя і сінтэтычныя. Структурная класіфікацыя (паводле будовы макрамалекулы) адпавядае класіфікацыі арган. і элементаарган. палімераў (гл.Высокамалекулярныя злучэнні). У прыродзе найб.пашыраны сеткавыя Н.п., якія ў выглядзе мінералаў уваходзяць у склад зямной кары (напр., кварц). Такія Н.п. ў адрозненне ад арган. палімераў не могуць існаваць у высокаэластычным стане.
Найб. падобныя да арган. палімераў (паводле ўласцівасцей) лінейныя гетэраланцуговыя Н.п. (з атамаў розных элементаў), да якіх адносяцца поліфасфазэны (напр., поліфосфанітрылхларыд [—Cl2PN—]n — неарган. каўчук), палімерныя аксіды серы, фасфаты, сілікаты. Гомаапамныя ланцугі (з атамаў аднаго элемента) са ступенню полімерызацыі n≥100 утвараюць толькі вуглярод (лінейныя палімеры — кумулены =C=C=C=C... і карбін —C≡C—C≡C—..., а таксама кавалентныя крышталі: двухмерныя — графіт, трохмерныя — алмаз) і элементы VI групы — сера, селен, тэлур. Расплавы прыродных Н.п. у прысутнасці спец. дабавак для стабілізацыі сярэднеразгалінаваных структур перапрацоўваюць у шкло, валокны, сіталы, кераміку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.
Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СМІЙ (лац. Osmium),
Os, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 76, ат. м. 190,2, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродны складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 184, 186—190, 192; найб.пашыраны 192Os (41,1%) і 190Os (26,4%). У зямной кары 5∙10−6% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.Тэнантам, назва (ад грэч. osmē пах) абумоўлена непрыемным пахам аксіду OsO4.
Бліскучы серабрыста-блакітнаваты, вельмі цвёрды метал, tпл 3027 °C, 1кіп 5027 °C, шчыльн. 22 610 кг/м³. Хімічна вельмі ўстойлівы. Кампактны не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, нават з кіпячай царскай гарэлкай. Пры сплаўленні метал. О. са шчолачамі ўтвараюцца водарастваральныя солі — асматы (VI).
Дробнадысперсны пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі (напр., пры 250—300 °C з фторам утварае гексафтарыд OsF6, жоўтыя крышталі з tпл 33 °C), халькагенамі. фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент звышцвёрдых і зносаўстойлівых сплаваў (з ірыдыем, рутэніем і інш. металамі) для прыладабудавання, вырабу эталонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЯ́ЗКА,
комплекс сродкаў, якія накладваюць на цела хворага пры розных пашкоджаннях і захворваннях. Ахоўвае рану ад інфекцый, вонкавых раздражняльнікаў, падтрымлівае хворую ч. цела ў фіксаваным становішчы. У залежнасці ад функцыян. прызначэння адрозніваюць П. ўмацавальныя (для замацавання перавязачнага матэрыялу на ране), сціскаючыя (гамеастатычныя), якія накладваюць на вобласць пашкоджанага сасуда, каб спыніць крывацёк і імабілізуючыя (для ўтрымання пашкоджанай ч. цела ў вызначаным становішчы). Сярод умацавальных П. часцей ужываюць бінтавую, таксама безбінтавую — клеявую, лейкапластырную і інш. Умацавальная П. бывае кругавая (цыркулярная), крыжападобная, коласападобная і інш. Сціскаючыя П. робяць часцей з марлевага бінту. Імабілізуючыя П. падзяляюць на мяккія (спец. эластычныя прыстасаванні для дадатковай вонкавай фіксацыі суставаў пры пашкоджанні звязкавага апарату), зацвердзявальныя (для працяглай фіксацыі пры пераломах, дэфектах і пашкоджаннях, гнойных працэсах; найб.пашыраны гіпсавыя) і шынныя (для фіксацыі ўчасткаў цела хворых пры транспарціроўцы). Пры аказанні першай дапамогі ў якасці шын выкарыстоўваюць дошкі, рэйкі і інш. Робяць П. паводле правіл дэсмургіі.