САПРАЛЕГНІЯ́ЛЬНЫЯ (Sapralegniales),

парадак грыбоў ааміцэтаў. Больш за 10 родаў і больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 17 відаў з 6 родаў. Найб. вядомыя роды афанаміцэс, ахлія, сапралегнія. Трапляюцца пераважна ў прэсных вадаёмах. Прымітыўныя віды — унутрыклетачныя паразіты водарасцей, водных грыбоў, рыб, жаб, ікры, планктонных арганізмаў; больш арганізаваныя — сапратрофы на трупах водных жывёл і субстратах расліннага паходжання.

Вегетатыўнае цела — талом (клетка) або несептаваны аднаклетачны міцэлій, які мае 2 віды гіфаў. Тонкія галінастыя (рызоідныя) гіфы прарастаюць у субстрат, тоўстыя растуць свабодна і нясуць органы бясполага і палавога размнажэння — зааспарангіі, аагоніі і антэрыдыі. Зааспоры двухжгуцікавыя. Вынік палавога працэсу — ааспора.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 2. Грибы. М., 1976.

С.​І.​Бельская.

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)