МЯРКУ́Р’ЕЎ (Васіль Васілевіч) (6.4.1904, г. Востраў Пскоўскай вобл., Расія — 12.5.1978),
расійскі акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1960). Скончыў Ленінградскі ін-тсцэн. мастацтваў (1926). На сцэне з 1920. З 1928 у Ленінградскім т-ры акцёрскага майстэрства пад кіраўніцтвам Л.С.Віўена, з 1937 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.С.Пушкіна. Вядомы пераважна як камедыйны, характарны акцёр. Яго выканальніцкае майстэрства вызначалася яркасцю, непасрэднасцю, мяккім гумарам, лірызмам, тонкай псіхалагічнасцю. Сярод роляў: Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Меншыкаў («Пётр I» А.Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Максімаў («За тых, хто ў моры» Б.Лаўранёва) і інш. Здымаўся ў кіно: «Нябесны ціхаход» (1946), «Глінка» (1947, Дзярж. прэмія СССР), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Ляцяць журавы» (1957), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛО́ГІЯ [ад грэч. us, ōtos вуха + rhis (rhinos) нос + larynx (laryngos) гартань + ...логія],
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае нармальную функцыю і хваробы вуха, носа, горла; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. У О. вылучаюць 3 кірункі: аталогія, рыналогія, фарынгаларынгалогія. Асобна вылучаюць сурдалогію (дэфекты слыху, іх лячэнне), фоніятрыю (дэфекты голасу і іх лячэнне) і отанеўралогію.
Агульныя ўяўленні пра будову, функцыі і захворванні вуха і верхніх дыхальных шляхоў вядомы ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса, Галена. У Расіі першая кафедра хвароб вуха, горла і носа адкрыта праф. М.П.Сіманоўскім у 1893 у Пецярбургскай ваенна-мед. акадэміі.
На Беларусі першая кафедра ЛОР-хвароб адкрыта ў Мінскім мед. ін-це (1925), якую ўзначальваў С.М.Бурак; кафедры О. ёсць у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах. Вядучыя спецыялісты: В.Я.Гапановіч, Р.Х.Карпілаў, М.П.Кніга, У.Дз.Мяланын, Г.М.Смердаў, П.А.Цімашэнка, М.Ц.Яўстаф’еў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Алег Канстанцінавіч) (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),
расійскі артыст цырка, клоун. Нар.арт.Расіі (1958). Нар.арт.СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВО́З,
лакаматыў, які прыводзіцца ў рух парасілавой устаноўкай. Складаецца з паравога катла, дзе награваннем вады атрымліваецца пара, паравой машыны, у якой энергія пары пераўтвараецца ў зваротна-паступальны рух поршня, экіпажнай часткі (рама з колавымі парамі) і тэндэра, у якім размяшчаюцца запасы вады, паліва і змазкі.
Створаны ў Вялікабрытаніі Р.Трэвітыкам у 1803 і Дж.Стэфенсанам у 1814 (практычна прыдатны П. «Ракета» выпрабаваны ў 1829). У Расіі П. стварылі Я.А. і М.Я.Чарапанавы ў 1833—34. Найб. развіццё паравозабудаванне атрымала з канца 19 ст. да 1950-х г. Магутнасць П. дасягала 4000 к.с. (2942 кВт), скорасць 130 км/гадз. З-за нізкай эканамічнасці (ккдз да 9%) выпуск П. у СССР спынены з 1956; заменены цеплавозамі і электравозамі.
Паравозы: а — Дж.Стэфенсана «Ракета» (1829; 1 — паравы кацёл, 2 — цыліндр, 3 — топка, 4 — паравы кацёл); б — Я.А. і М.Я. Чарапанавых (1833—34); в — грузавы тыпу 1—5—0 (1947).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМО́Н (Валянцін Мікалаевіч) (н. 18.4.1948, г. Брандэнбург, Германія),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1997, чл.-кар. 1991). Беларус. Скончыў Маскоўскі фіз.-тэхн. ін-т (1972). З 1977 у Ін-це каталізу Сібірскага аддз.Рас.АН (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1978 у Новасібірскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, фота- і радыяцыйнай хіміі. Распрацаваў тэорыю спектраў электроннага парамагн. рэзанансу стабільных бірадыкалаў, навук. асновы фотакаталітычных метадаў пераўтварэння сонечнай энергіі ў хім., радыяцыйна-тэрмічнага каталізу (новы кірунак у радыяцыйным каталізе). Пад яго кіраўніцтвам створаны першыя ў Расіі сонечныя каталітычныя рэактары, каталізатары на аснове аксідаў урану, якія спалучаюць функцыі ядз. паліва і каталізатараў для акумуляцый хім. энергіі.
Тв.:
Стабильные бирадикалы. М., 1980 (разам з А.І.Какорыным, Г.М.Жыдаміравым);
Фотокаталитическое преобразование солнечной энергии. Ч. 2. Молекулярные системы для разложения воды. Новосибирск, 1985 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЎДНЁВАРАСІ́ЙСКІ САЮ́З РАБО́ЧЫХ» 1875,
першая рэв.паліт.арг-цыя рабочых на Украіне і ў Расіі. Засн. ў пач. 1875 у г. Адэса Я.В.Заслаўскім. Налічваў 6 груп, 60 чл., каля 200 чал. спачувальных. У статуце «Саюза», складзеным пад уплывам статута Інтэрнацыянала 1-га сцвярджалася, што рабочыя здольны дамагчыся прызнання сваіх правоў «толькі пры дапамозе насільнага перавароту, які знішчыць усялякія прывілеі і перавагі і зробіць працу асновай асабістага і грамадскага дабрабыту». На погляды членаў «П.с.р.» моцна ўплывала народніцкая ідэалогія. «Саюз» прапагандаваў свае погляды сярод рабочых, удзельнічаў у арг-цыі 2 стачак у Адэсе, праводзіў штотыднёвыя сходкі рабочых і сходы прадстаўнікоў груп, імкнуўся пашырыць дзейнасць на гарады Мікалаеў, Харкаў, Таганрог, Севастопаль, Керч, Растоў-на-Доне, атрымліваў рэв. выданні з Лондана. У канцы 1875 — пач. 1876 «Саюз» разгромлены паліцыяй: 60 чал. арыштаваны, 15 чал., у т. л. Заслаўскі, асуджаны на розныя тэрміны катаргі, турмы і ссылкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., на мяжы мораў Карскага і Лапцевых, тэр.Расіі. Ад мацерыка аддзелена пралівам Вількіцкага. Пл. каля 37,6 тыс.км². Уключае 4 вял. астравы — Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Бальшавік, Камсамолец, Піянер — і шмат дробных. Берагі месцамі скалістыя і стромкія, парэзаны глыбокімі фіёрдамі. У рэльефе вылучаюцца прыледавіковыя плато, узвышаныя раўніны, тэрасаваныя прыбярэжныя раўніны. Каля 1/2пл. ўкрыта ледавіковымі купаламі і шчытамі (выш. да 965 м). Складзена пераважна з асадкавых (пясчанікі, сланцы, даламіты, мергелі) і вывергнутых (дыябазы, граніты) парод. Клімат суровы, арктычны. Сярэднія месячныя т-ры зімой ад -28 да -33 °C, летам 0,5—1,6 °C. Ападкаў 150—400 мм за год. Пераважае арктычная пустыня з плямамі мохава-лішайнікавай расліннасці. У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Лежбішча нерпы, грэнландскіх цюленяў, маржоў, бялухі. Птушыныя «кірмашы». Астравы адкрыты экспедыцыяй Б.А.Вількіцкага ў 1913, даследаваны экспедыцыяй Г.А.Ушакова і М.М.Урванцава ў 1930—32.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ ((Paszkiewicz) Генрык) (10.3. 1897, г. Лодзь, Польшча — 8.12.1979),
польскі гісторык. Чл.-кар. Польскай АН у Кракаве (1945), д-р габілітаваны (1927), праф. надзвычайны (1939). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це, з 1928 выкладаў у ім, адначасова ў 1934—39 выкладчык, пасля заг. кафедры сярэдневяковай гісторыі Вольнага польскага ун-та ў Варшаве. Удзельнік Польскай кампаніі 1939, да 1945 вязень канцлагера Мурнаў. З 1948 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У 1948—69 узначальваў кафедру сярэдневяковай гісторыі Польскага ун-та ў замежжы. Працы па гісторыі ВКЛ, палітыцы Польшчы ў адносінах да Літвы, Беларусі, Украіны і Расіі перыяду феадалізму: «Руская палітыка Казіміра Вялікага» (1925), «Ягелоны і Масква. Т. 1. Літва і Масква ў XIII і XIV ст.» (1933), «Утварэнне рускай нацыі» (1963) і інш. Склаў на лац. мове і выдаў «Рэгесты крыніц да гісторыі Літвы са старажытных часоў да уніі з Польшчай. Т. 1. Да 1315 г.» (1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.
Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс.чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал. даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел. мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.Смоліч, С.Некрашэвіч, М.Гарэцкі, І.Пятровіч, М.Доўнар-Запольскі, У.Ігнатоўскі, М.Мароз, М.Мялешка, Я.Дыла, Я.Ракаў, Д.Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАЎ (Мадэст Іванавіч) (14.2.1844, г. Кашыра Маскоўскай вобл. — 13.10.1905),
рускі акцёр, педагог, крытык. Муж П.А.Стрэпетавай. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). На сцэне з 1859, на прафесійнай — з 1867 у гарадах Расіі. З 1872 у Маскве, у т. л. ў Т-ры Корша, з 1885 у Александрынскім т-ры ў Пецярбургу. Выканаўца драм. роляў бытавога рэпертуару. Валодаў высокай тэатр. культурай, моцным тэмпераментам. Вял. ўплыў на яго творчасць зрабіў А.Астроўскі, найб. вызначыўся ў яго п’есах: Русакоў, Красноў, Нешчасліўцаў, Любім Тарцоў, Бальшоў («Не ў свае сані не садзіся», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Лес», «Беднасць не загана», «Свае людзі — паладзім»), Сярод інш. роляў: Ананій Якаўлеў («Горкі лёс» А.Пісемскага), Іван Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Равякін («Журба» І.Шпажынскага) і інш. Вёў пед. работу, пісаў крыт. артыкулы, у якіх падтрымліваў Астроўскага. Падрыхтаваў да выдання першы поўны збор твораў Астроўскага (т. 1—12,1904—09).