БЛІШЧ (Міхаіл Андрэевіч) (7.11.1917, в. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1966),
бел. мастак тэатра і жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—56). Сярод работ вылучаюцца дэкарацыі да опер «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і «Алека» С.Рахманінава (1949), «Марынка» Р.Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Жызэль» А.Адана (1953), «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955); да драм. пастановак «Пунсовая кветачка» І.Карнавухавай і Л.Браўсевіча (1952, т-р імя Я.Купалы), «Гады вандраванняў» А.Арбузава (1954, Гомельскі абл.драм.т-р). Дэкарацыям уласцівыя рамантычная ўзнёсласць, паэтычнасць, кампазіцыйная выразнасць. Ствараў эскізы касцюмаў для танц. і харавых калектываў. Аўтар насценнай размалёўкі «Дэман» (1958) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, карцін «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас «Аколіца» (1961), «Батлейка» (1962) і інш.
П.А.Карнач.
М.Блішч. Эскіз дэкарацыі да оперы «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БЫШАЎ (Міхаіл Паўлавіч) (19.11.1885, в. Пагарэлае Цвярской вобл. — 7.7.1964),
рускі тэатр. мастак і педагог. Нар. мастак Расіі (1961). Скончыў Вучылішча тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1907). Выкладаў у Ленінградскай АМ (з 1926, праф. з 1939), Маскоўскім маст. ін-це (1943—47). Створаныя ім дэкарацыі і касцюмы вылучаюцца тонкім пачуццём стылю, дэкар. графічнасцю. Сярод аформленых ім спектакляў: «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава ў Малым Петраградскім акад. т-ры (1923), «Рыгалета» Дж.Вердзі ў Оперным т-ры імя К.С.Станіслаўскага ў Маскве (1939), «Медны коннік» Р.Гліэра ў Ленінградскім т-ры оперы і балета і Вял. т-ры ў Маскве (1949), «Карсар» А.Адана ў Кіеўскім т-ры оперы і балета (1956). У Дзярж. т-ры оперы і балета БССР аформіў оперу «Князь Ігар» А.Барадзіна (1934), балеты «Капелія» Л.Дэліба (1935) і «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні (1936).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАБА́ТЫКА (ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),
1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сяродбел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.Колесава (1952), В.Бірукоў (1957), А. і М.Туманавы (1963), Л.Зданюк (1966—67), А.Базылеў (1974).
2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт. гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец.фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.
3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл.Акрабатычнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц.т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ДСКІ (Іосіф Аляксандравіч) (24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),
рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.Ахматавай, С.Маршака, Дз.Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТАЛІ́ЗМ (ад англ. brutal грубы),
неабруталізм, кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сяроднайб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.Лін, А.Сміт і інш.), лабараторыі А.Н.Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.Кан).
Літ.:
Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ.М., 1973.
Да арт.Бруталізм. Медыцынскія даследчыя лабараторыі Пенсільванскага універсітэта ў Філадэльфіі. Арх. Л.Кан. 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1950 у Брэсце. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 872 м²), 63 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Аддзелы: прыроды, гісторыі Брэстчыны, Вял.Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. і нумізматычныя калекцыі, зброя і даспехі воінаў 13—19 ст., рукапісныя і друкаваныя кнігі (трэбнік 1646, рукапісны «Апостал» 17 ст.), гербы і пячаткі стараж. Брэста, матэрыялы пра Брэсцкую арг-цыю РСДРП, пра арг-цыю КПЗБ і яе дзеячаў (В.З.Харужую, У.З.Царука і інш.), абарону Брэста і Брэсцкай крэпасці, партыз. і падп. рух на тэр. вобласці ў Вял.Айч. вайну, Герояў Сав. Саюза — землякоў, у т. л. С.І.Грыцаўца, П.І.Клімука і інш.; у аддзеле этнаграфіі муз. інструменты 18 ст., прылады працы і побыту сялян 19 ст.; у аддзеле прыроды экспанаты расліннага і жывёльнага свету Брэстчыны, агучаныя дыярамы «Белавежская пушча», «Палессе». Філіялы: Археалагічны музей «Бярэсце», Музей партызанскай славы, Камянецкая вежа, карцінная галерэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастыр св. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРМЕ́ЙСТАР (Уладзімір Паўлавіч) (15.7.1904, г. Віцебск — 5.3.1971),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Нар.арт.СССР (1970). Вучыўся ў Тэатр. тэхнікуме імя А.В.Луначарскага (1925—29, Масква). З 1930 у Муз. т-ры імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі (у 1941—60 і 1963—71 гал. балетмайстар). Сярод партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Алека («Цыганы» С.Васіленкі), Нікез («Саперніцы» на муз. П.Л.Гертэля). Тэмперамент і вынаходлівасць Бурмейстара-харэографа найб. выявіліся ў пастаноўках сучасных балетаў [«Лола» Васіленкі, «Бераг шчасця» А.Спадавекія (з І.Курылавым), «Жанна д’Арк» М.Пяйко, «Чырвоныя д’ябаляты» на муз. І.Дунаеўскага і В.Кнушавіцкага] і класічных балетаў («Эсмеральда» Ц.Пуні, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), харэагр. інтэрпрэтацый сімф. музыкі («Снягурачка» на муз. Чайкоўскага, «Апасіяната» на муз. Л.Бетховена і інш.). Ставіў балеты ў Парыжскай оперы («Лебядзінае возера», 1960), у Лондане («Снягурачка», 1961) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Wiener Staatsoper),
буйнейшы аўстр. оперна-балетны тэатр. Пачаў дзейнічаць у сярэдзіне 17 ст. (да 1918 наз. Венская прыдворная опера) пастаноўкамі італьян. опер пры венскім двары (першая — «Арыядна і Тэзей» Ф.Банакосі, пастаўлена ў 1641). З 2-й пал. 17 ст. оперныя спектаклі ў выкананні аўстр. прыдворнай трупы ішлі спачатку ў «Бургтэатры», з 1763 — у «Кернтнертортэатры». З сярэдзіны 18 ст., пасля опернай рэформы К.В.Глюка, ставяцца аўстр.нац. оперы (І.Умлаўфа, В.А.Моцарта, К.Дзітэрсдорфа і інш.). У 1794 адкрыўся т-р Венскай прыдворнай оперы (з 1869 у сучасным будынку). З канца 19 ст. павялічылася цікавасць да балета. У 19—20 ст. на сцэне т-ра пастаўлены лепшыя ням., аўстр., італьян., франц. оперы, а таксама балеты, у т. л. рускіх класікаў і сучасных кампазітараў. Сярод кіраўнікоў і дырыжораў т-ра — Г.Рыхтэр, Г.Малер, Р.Штраус, Г.Караян.
Літ.:
Die Wiener Oper. 350 Jahre Glanz und Tradition. Wien, 1986.