У́ЗА,
рака ў Буда-Кашалёўскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 76 км, пл. вадазбору 944 км². Пачынаецца за 1,2 км на ПдЗ ад в. Бярозаўка Буда-Кашалёўскага р-на, вусце на ўсх. ускраіне в. Бабовічы Гомельскага р-на. Асн. прытокі: Хочамля і Іволька (справа). Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, найб. 1,5 км. Пойма ў вярхоўі і ніжнім цячэнні адсутнічае, у сярэднім цячэнні двухбаковая, шыр. 200—400 м, найб. 700 м. Рэчышча каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 0,8—3,5 м, месцамі больш. Замярзае ў сярэдзіне снежня, ледастаў 90 сут. Веснавы крыгаход у пач. 3-й дэкады сак., сярэдняя працягласць 11 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м³/с. На У. — г.п. Уваравічы.
т. 16, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАТАВО́ДЗЕЦ,
ваенна-марскі дзеяч, военачальнік, які паспяхова ажыццяўляе кіраўніцтва ВМФ (ВМС) дзяржавы або іх значнай часткай (звычайна флотам) у час вайны. Валодае якасцямі палкаводца, а таксама майстэрствам падрыхтоўкі і кіраўніцтва сіламі флоту пры вырашэнні стратэг. або аператыўна-стратэг. задач.
У часы грабнога флоту як Ф. праславіліся Фемістокл і Перыкл (Стараж. Грэцыя), Дуілій (Стараж. Рым). У эпоху паруснага флоту прызнанымі Ф. былі Лі Сунсін (Карэя), М.Ройтэр (Галандыя), Ф.Дрэйк і Г.Нельсан (Вялікабрытанія), Ф.Ф.Ушакоў і П.С.Нахімаў (Расія) і інш. Сярод Ф. эпохі паравога флоту С.В.Макараў (Расія), Х.Тога (Японія) і інш. Важкі ўклад у развіццё ваен.-марскога майстэрства ў гады 2-й сусв. вайны зрабілі сав. Ф. С.Г.Гаршкоў, І.С.Ісакаў, М.Г.Кузняцоў, В.П.Дрозд і інш., а таксама Ф. і палкаводцы саюзнікаў Д.Макартур, Ч.Німіц (ЗША), Д.Тові (Вялікабрытанія) і інш.
т. 16, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭНАЛО́ГІЯ [ад грэч. phrēn (phrenos) душа, розум, сэрца + ...логія],
вучэнне аб сувязі псіхічных асаблівасцей чалавека ці жывёлы з вонкавай формай чэрапа. Распрацавана аўстр. урачом і анатамам Ф.Галем. Асаблівае пашырэнне набыла ў 1-й пал. 19 ст. ў краінах Зах. Еўропы, дзе ў 1830—40-х г. ствараліся фрэналагічныя т-вы. Прыхільнікі Ф. лічылі, што кара галаўнога мозга складаецца з шэрагу цэнтраў, у якіх лакалізуюцца пэўныя здольнасці чалавека; пры моцным развіцці пэўнай здольнасці адпаведны цэнтр мозга таксама больш развіты, што нібыта адлюстроўваецца на канфігурацыі чэрапа («шышкі здольнасцей» да музыкі, паэзіі, жывапісу, «пагоркі» славалюбства, сквапнасці і інш.). Дасягненні ў фізіялогіі даказалі няслушнасць Ф., што надоўга дыскрэдытавала рацыянальнае ў вучэнні Галя — прынцып лакалізацыі вышэйшых псіхічных функцый, які атрымаў пацвярджэнне ў 1870-х г. (Г.Фрыч, Э.Гітцыг і інш.).
т. 16, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЙЛЬ (Heyl) Соня (н. 8.11.1952, Кропштэт, Германія),
нямецкі мовазнавец. Д-р філалогіі (1980). Скончыла Гумбальдскі ун-т (1975). Дацэнт Ін-та славістыкі Гумбальдскага ун-та (з 1981 выкладае ў ім бел. мову). У 1980—81 і 1987 стажыравалася на кафедры бел. мовы БДУ (даследавала праблемы ўтварэння сінтакс. норм бел. мовы ў канцы 19 — пач. 20 ст.). Аўтар навук. прац па бел. мовазнаўстве, рэцэнзій на кнігі бел. аўтараў В.Баркоўскага, П.Сцяцко, Л.Шакуна. М.Яўневіча, У.Сакалоўскага і інш. (на ням. і бел. мовах). Сааўтар зб-каў «Моўная палітыка і пісьмовыя мовы ў 2-й палове 19 ст.» (1989), «Міжславянскія і славяна-нямецкія моўныя паралелі» (1995), «Славянскі і германскі моўны свет» (1996). Пераклала на ням. мову творы В.Быкава, С.Яновіча і інш.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 16, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕРАШКО́Ў Аляксей Дзмітрыевіч (18.2.1893, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 18.3.1960),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейтэнант (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1922) і ўдасканалення каманднага саставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, баёў на Зах. фронце ў 1919—20 (камандзір роты, батальёна, палка), вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941 — камандзір брыгады, дывізіі, корпуса. Дывізія на чале з ім вызначылася пры абароне г. Тула ў 1941; 14.1.1945 стралк. корпус пад камандаваннем ген.-маёра Ц. прарваў абарону праціўніка на левым беразе р. Вісла (Польшча), фарсіраваў р. Варта, за 15 дзён з баямі прайшоў 400 км і ўступіў на тэр. Германіі. Да 1953 на камандных пасадах у Сав. Арміі.
т. 17, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІСЭ́ (Тысэ) Эдуард Казіміравіч
(13.4.1897, г. Ліепая, Латвія — 18.11.1961),
расійскі і латвійскі кінааператар; адзін з заснавальнікаў рас. аператарскай школы. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Латвіі (1947). З 1914 здымаў першыя латв. дакумент. фільмы, хроніку 1-й сусв. вайны, рэпартажы пра падзеі грамадз. вайны. З 1921 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1943 праф.). Рабіў дакумент. здымкі У.І.Леніна (1918—24); аператар фільмаў рэж. С.Эйзенштэйна «Стачка» (1925, з В.Хватавым), «Браняносец «Пацёмкін» (1925), «Кастрычнік» (1927), «Старое і новае» (1929), «Аляксандр Неўскі» (1938), «Іван Грозны» (2-серыйны, 1945; 2-я серыя з А.Масквіным). Інш. работы: «Сустрэча на Эльбе» (1949), «Кампазітар Глінка» (1952). Рэжысёр (з З.Аграненка) і аператар фільма «Бессмяротны гарнізон» (1956). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950.
Літ.:
Десять операторских биографий. Вып. 1. М., 1978.
т. 17, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЫШО́ВА ТЭА́ТРЫ,
1) бел. тэатральная трупа ў 18—1-й пал. 19 ст. Існавала ў рэзідэнцыі графа З.Р.Чарнышова ў г. Чачэрск Гомельскай вобл. да 1802, аркестр да 1828. Складалася з прыгонных спевакоў, хору, аркестра, мела спец. тэатр. памяшканне. Часам у спектаклях разам з прыгоннымі акцёрамі выступалі аматары-дваране (опера «Новая сям’я» Фрэйліха на лібрэта С.Вязміцінава, 1787).
2) Тэатральны будынак (арх. Брыгонзі) у г. Магілёў, узведзены паводле загаду Чарнышова ў 1780 каля ген.-губернатарскага палаца на Гандлёвай плошчы. Паказы ў тэатры пачалі італьян. опера («Фальшывы астраном», «Фраскатанка», «Апошняя палюбоўніца» Дж.Паізіела) і прыдворная капэла з Пецярбурга. Прыгонны аркестр Чарнышова (паводле складу малы сімфанічны) суправаджаў спектаклі, іграў на балях, прыдворных святах. Паводле некат. звестак, у 1789 была паказана камедыя Буасі «Французы ў Лондане».
т. 17, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́ЛА,
старажытная дзяржава на Пд Індыі і дынастыя, якая ў ёй правіла.
Вядома з 1 ст. н.э. Сталіцы: Пухар, Ганджур і Гангайкондачалапурам. Дзярж. мова — тамільская. У 9 ст. трапіла ў васальную залежнасць ад дзяржавы Палаваў. Узвышэнне Ч. пачалося, калі яе правіцель Адыцья I [871—907] знішчыў дзяржаву Палаваў і захапіў яе тэр. Найб. магутнасці дасягнула ў 10—12 ст., калі дынастыя Ч. падпарадкавала амаль увесь Пд п-ва Індастан, в-аў Шры-Ланка (Цэйлон), Мальдыўскія а-вы, нанесла некалькі паражэнняў дзяржаве Зах. Чалук’яў, здзейсніла паходы ў Бенгалію, на Суматру і ў Малаю. Высокага развіцця дасягнулі земляробства, рамесніцтва і гандаль, тамільская л-ра і мастацтва. З 2-й пал. 12 ст. пачаўся заняпад дзяржавы Ч., у 13 ст. яна стала васалам Хайсалаў і перастала існаваць. Дынастыя вядома да 18 ст.
т. 17, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́СТКА ПА́РТЫІ ў бальшавікоў,
праверка членаў Рас. (з 1925 Усесаюзнай) камуніст. партыі (бальшавікоў) у 1920—30-я г. з мэтай выдалення з парт. радоў палітычна пасіўных і апазіцыйна настроеных людзей пад выглядам пакарання за парушэнне парт. статута і норм камуніст. маралі. Праводзіліся ўсеагульныя (генеральныя) і частковыя чысткі. 1-я ген. Ч.п. адбылася ў 1921 пасля ўвядзення новай эканамічнай палітыкі (нэп): выключаны 24,1% складу партыі. 2-я ген. Ч.п. праведзена ў 1929—30 у сувязі са згортваннем нэпа і масавай калектывізацыяй: выключана 7,8% складу партыі. У час 3-й ген. чысткі (1933) выключаны 18,3% камуністаў і кандыдатаў у члены партыі. XVIII з’езд ВКП(б) у сак. 1939 пастанавіў адмовіцца ад Ч.п. як надзвычайных мерапрыемстваў і «чысціць» парт. рады ў звычайным парадку. Аб парт. «чыстках» у БССР гл. ў арт. Камуністычная партыя Беларусі.
т. 17, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЛЮ́СКІН Сямён Іванавіч (каля 1700 — пасля 1760),
расійскі палярны даследчык. З дваран Калужскай губ. Вучыўся ў Маскоўскай школе матэм. і навігацыйных навук (1714—26), скончыў Марскую акадэмію ў С.-Пецярбургу (1728), з 1733 у складзе аднаго з атрадаў 2-й Камчацкай экспедыцыі пад кіраўніцтвам В.В.Прончышчава, потым Х.П.Лапцева. Вясной 1741 прайшоў па сушы ад вусця р. Хатанга да вусця р. Пясіна і апісаў ч. зах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр, зімой 1741—42 — з Туруханска да вусця Хатангі і апісаў усх. і зах. ўзбярэжжа Таймыра да паўн. пункта мацерыка. З 1743 служыў на Балт. флоце. У гонар Ч. названы мыс і паўвостраў на Таймыры і параход «Чэлюскін».
Літ.:
Троицкий В.А. Географические открытия В.В.Прончищева, Х.П.Лаптева и С.И.Челюскина на Таймыре // Летопись Севера. М., 1975. Т. 7.
т. 17, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)