У́ЗА,

рака ў Буда-Кашалёўскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 76 км, пл. вадазбору 944 км². Пачынаецца за 1,2 км на ПдЗ ад в. Бярозаўка Буда-Кашалёўскага р-на, вусце на ўсх. ускраіне в. Бабовічы Гомельскага р-на. Асн. прытокі: Хочамля і Іволька (справа). Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, найб. 1,5 км. Пойма ў вярхоўі і ніжнім цячэнні адсутнічае, у сярэднім цячэнні двухбаковая, шыр. 200—400 м, найб. 700 м. Рэчышча каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 0,8—3,5 м, месцамі больш. Замярзае ў сярэдзіне снежня, ледастаў 90 сут. Веснавы крыгаход у пач. 3-й дэкады сак., сярэдняя працягласць 11 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м³/с. На У. — г.п. Уваравічы.

т. 16, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)