вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАВА,
геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НКІНА (Трыпалітава) Зінаіда Міхайлаўна
(1861, г. Калуга, Расія — 10.1.1888),
рускі бібліёграф. Скончыла Бястужаўскія курсы (1885, Пецярбург). Аўтар бібліягр. паказальнікаў «Руская бібліяграфія марской справы за 1701—1882 год уключна» (1885), «Бібліяграфічныя матэрыялы па чыгуначнай справе... 1876—1883 г.» (1888), краязнаўчага паказальніка «Палессе. Бібліяграфічныя матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, этнаграфіі і эканамічным стане Палесся» (1883), які ахоплівае л-ру за 1855—80 пра Мінскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Валынскую і Кіеўскую губ. Асаблівую цікавасць у ім маюць рубрыкі «Апісанне побыту народаў Паўночна-Заходняга краю», «Помнікі народнай творчасці» і раздзел «Звесткі пра Палессе, што заключаюцца ў творах пра губерні, якія ўваходзяць у склад Палесся».
Літ.:
Назаревский Н.А. З.М.Пенкина — первая русская женщина-библиограф // Сов. библиогр. 1961. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКІЯ ПАСЕ́ЛІШЧЫ,
населеныя пункты (вёскі, пасёлкі і інш.) па-за гарадскімі тэрыторыямі. Паводле колькасці жыхароў С.п. ўмоўна падзяляюцца на малыя (да 100), сярэднія (100—500) і буйныя (больш за 500 чал.). Найб. пашыраны с.-г. паселішчы, дзе жыхары заняты ў сельскай гаспадарцы; існуюць С.п. з іншай занятасцю (абслугоўванне чыг. станцый, лячэбных і сан.-курортных устаноў, у лясной гаспадарцы і інш.) і змешаныя. На Беларусі паводле перапісу насельніцтва 1999 існуе 23 459 С.п. (3084 тыс.чал.), у т. л. малых вёсак — 16 774, сярэдніх — 5311, буйных — 1374. Дробныя С.п. найб. пашыраны на ПнЗ, буйнанаселеныя на Пд, у палескай зоне. Гл. таксама Сельскае насельніцтва.
Дз.М.Кудзелка.
Да арт.Сельскія паселішчы. Вёска Гуменаўшчына ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛОДААГАРО́ДНІННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая перапрацоўвае агародніну, садавіну, ягады. Вырабляе плодаагароднінныя кансервы (у т. л. для дзіцячага і дыетычнага харчавання), сушаную гародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты, мочаную і засоленую гародніну, пладова-ягаднае віно; перапрацоўвае дзікарослую сыравіну (чарніцы, журавіны, грыбы). На Беларусі П.п. сфарміравалася ў сав.час. У 1940 дзейнічалі асобныя цэхі, выраблена 3 млн. ўмоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў і 700 т сушанай гародніны і бульбы. У 2000 працуюць 262 прадпрыемствы і вытворчасці, большасць з якіх аб’ядноўваюцца ў канцэрны «Белгасхарчпрам» і «Белкаапсаюз». Найб.з прадпрыемстваў: Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Клецкі кансервавы завод, Кобрынскі кансервавы завод, Мінскі харчовы камбінат, Пінскі кансервавы завод, Слуцкі кансервавы завод, а таксама кансервавыя з-ды ў Глыбокім, Хойніках, Ляхавічах, Гродне, Гарыні (Столінскі р-н), Красным (Маладзечанскі р-н), гароднінасушыльны з-д у Солах (Смаргонскі р-н) і інш., вырабляюць прадукцыю больш за 300 найменняў. У многіх саўгасах і калгасах працуюць з-ды ці цэхі (больш за 40) невял. магутнасці. Выкарыстоўваецца сыравіна мясц. і прывазная (памідоры, вострыя прыправы), вытворчасць мае сезонны характар. На долю П.п. прыпадае 3,8% агульнай прадукцыі харч. прам-сці, ч. прадукцыі экспартуецца (асабліва з дзікарослай сыравіны). Перспектыўная для Беларусі галіна, але развіта недастаткова з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў (страты сыравіны дасягаюць 30—40%).
Найб. развіта П.п. у ЗША, Канадзе, краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (асабліва ў Італіі), сярод краін Усх. Еўропы — у Польшчы (буйнейшы ў свеце пастаўшчык канцэнтраванага яблычнага соку, замарожанай клубніцы).
Т.Л.Казакова.
Вытворчасць плодаагародніннай прадукцыі на Беларусі
Віды прадукцыі
1985
1990
1995
1999
I. Кансервы плодаагароднінныя, млн. умоўных слоікаў, з іх
432,6
482,5
163,0
272,7
1. Агароднінныя
164,8
143,9
67,6
86,1
2. Памідорныя
36,6
37,4
23,0
36,5
3. Пладовыя, у т.л.
231,2
301,2
72,4
101,9
а. Павідла, варэнне, джэмы
34,7
44,4
7,4
22,2
б. Сокі
98,7
180,2
43,0
63,5
II. Сушаная садавіна, т
117
7
19
112
III. Пладова-ягаднае віно, млн. дэкалітраў
9,9
0,1
5,1
22,2
Да арт.Плодаагароднінная прамысловасць. Харчовы камбінат Белкаапсаюза: 1 — цэх канцэнтраваных сокаў; 2 — прадукцыя камбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕВА,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад г. Валожын, 98 км ад Мінска, за 7 км ад чыг. ст. Багданаў, на аўтадарозе Валожын—Ашмяны. 537 ж., 211 двароў (1996).
З 14 ст. ў складзе Крэўскага княства. З 15 ст. ўласнасць Гедыголдавічаў, Гальшанскіх, Пацаў, Гаштольдаў, з канца 17 да канца 19 ст. — Храптовічаў. У 1583 мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. дзейнічала школа базыльян. У 1780—1870 у Вішневе працаваў Вішнеўскі металургічны завод. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1865 дзейнічалі шкляная гута, цагельна-ганчарны з-д, сукнавальня, спіртзавод, вадзяны млын, царк.-прыходская школа, нар. і яўр. вучылішчы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1919—20 і 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв.З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на. Зчэрв. 1941 да 6.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 2060 жыхароў. У Вішнева жыў і памёр бел. асветнік С.Будны, жылі і пахаваны бел. паэтэса К.Буйло, мастак Ф.Рушчыц.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Вішнеўскі касцёл Марыі і Казьмадзям’янская царква (1865).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
гарадскі пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у вярхоўі р. Сэрвач. На аўтадарозе Баранавічы—Навагрудак. За 25 км ад г. Баранавічы, 2,5 тыс.ж. (1996).
У сярэдзіне 13 ст. Гарадзішча ў складзе ВКЛ, з 2-й пал. 15 ст. велікакняжацкі двор. У 1494 тут заснаваны касцёл. З канца 15 ст. ў розны час уладанне кн. Сямёна Бельскага, вял. княгіні Алены Іванаўны, Няміравічаў, Давойнавічаў, Карыцкіх, Гастомскіх, Хадкевічаў, Каменскіх, Зяновічаў, Л.Паца, Бухавецкіх. З 1793 мястэчка ў Рас. імперыі, з 1795 цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1798 у Гарадзішчы уніяцкая царква, касцёл, якія ў 1839 і 1864 пераўтвораны ў правасл. цэрквы. У 1893 у Гарадзішчы 747 ж., сельскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, 5 яўр. малітоўных дамоў, багадзельня, цагельня, 12 крам, 2 кірмашы штогод. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Гарадзішчы больш за 4 тыс.чал.З 1962 у Баранавіцкім р-не. У 1989 у Гарадзішчы 2,9 тыс.ж.
Прадпрыемствы харч. прам-сці, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1764), касцёл (18 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАВА,
горад у Гродзенскай вобл., цэнтр Дзятлаўскага р-на, на р. Дзятлаўка. За 165 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. Аўтадарогамі злучана са Слонімам. Лідай, Навагрудкам. 8,6 тыс.ж. (1997).
Упершыню згадваецца ў 1440—50-я г. пад назвай Здзяцел. У 1498 вял.кн.літ. Аляксандр падараваў воласць Здзяцел літ. гетману кн. К.І.Астрожскаму. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў Трокскім ваяв., у 1566 мястэчка Слонімскага пав.Зпач. 17 ст. належала Сапегам, Палубенскім, Радзівілам, Солтанам, з 1831 дзярж. ўласнасць. З 1795 у Рас імперыі, мястэчка Слонімскага пав У 1897—3155 ж., 479 будынкаў, 2 школы, царква, касцёл, 4 яўр. малітоўныя дамы, шпіталь. 2 дрэваапр. ф-кі. 2 медаварні, больш за 40 майстэрняў. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, да 1945 і з 1965 цэнтр Дзятлаўскага раёна. З 30.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням.-фашыстамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 4716 чал., дзейнічала Дзятлаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле. У 1962—65 Дз. ў Слонімскім р-не. У 1971—4,5 тыс.ж.З 1990 горад.
Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Дзейнічае Дзятлаўскі музей народнай славы. Помнікі архітэктуры — Дзятлаўскі касцёл Успення Багародзіцы (1624—46), Дзятлаўская сядзіба (1751), капліца (1813). Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе Слуцк—Капыль. Да 1921 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на З ад г. Слуцк, 131 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Морач. 505 ж., 213 двароў (1999).
Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць князёў Слуцкіх, у 1612—18 ст. — Радзівілаў. З 1638 мястэчка, 247 двароў, царква, 2 шпіталі, карчма. Моцна разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1718 атрымала прывілей на штогадовы кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі. 14.7.1812 каля мястэчка адбыўся бой казацкага корпуса ген. М.І.Платава з напалеонаўскімі войскамі Жэрома Банапарта і кн. Ю.Панятоўскага. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. У 1897 у Л. 1552 ж., 239 двароў, 2-класнае вучылішча, жаночая школа, 2 царквы, 2 капліцы, 2 яўр малітоўныя дамы, 9 крам, карчма. З 1924 цэнтр сельсавета Слуцкага р-на. У 1926 сяло, 1136 ж., 257 двароў, у 1972—676 ж., 230 двароў Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік на месцы бою 1812. На паўн. ускраіне вёскі гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі і перыяду Кіеўскай Русі. За 2 км на З ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Радзіма кампазітара У.В.Тэраўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАВА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл.За 23 км на З ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.
Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войска ВКЛз кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст.дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв.З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».