ЛЕ́НІНА,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе Слуцк—Капыль. Да 1921 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на 3 ад г. Слуцк, 131 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Морач. 505 ж., 213 двароў (1999).

Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць князёў Слуцкіх, у 1612—18 ст. — Радзівілаў. З 1638 мястэчка, 247 двароў, царква, 2 шпіталі, карчма. Моцна разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1718 атрымала прывілей на штогадовы кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі. 14.7.1812 каля мястэчка адбыўся бой казацкага корпуса ген. М.І.Платава з напалеонаўскімі войскамі Жэрома Банапарта і кн. Ю.Панятоўскага. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. У 1897 у Л. 1552 ж., 239 двароў, 2-класнае вучылішча, жаночая школа, 2 царквы, 2 капліцы, 2 яўр малітоўныя дамы, 9 крам, карчма. З 1924 цэнтр сельсавета Слуцкага р-на. У 1926 сяло, 1136 ж., 257 двароў, у 1972—676 ж., 230 двароў Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік на месцы бою 1812. На паўн. ускраіне вёскі гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі і перыяду Кіеўскай Русі. За 2 км на 3 ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Радзіма кампазітара У.В.Тэраўскага.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)