САЛЬЕ́РЫ ((Salieri) Антоніо) (18.8.1750, г. Леньяга, Італія — 7.5.1825),
італьянскі кампазітар, дырыжор, педагог. З 1766 у Вене, прыдворны клавесініст, кампазітар, дырыжор; з 1778 кіраўнік опернага т-ра і прыдворнай капэлы. З 1817 дырэктар заснаванай у Вене кансерваторыі. Стварыў больш за 40 опер, у т. л. опер-буфа «Венецыянскі кірмаш» (паст. 1772), «Школа раўнівых» (паст. 1778), міфалагічных, героіка-трагічных, у т. л. «Данаіды» (паст. 1784); зрабіў значны ўклад у развіццё ням.зінгшпіля («Камінар», паст. 1781). Сярод твораў 4 араторыі, кантаты, 5 мес, рэквіем, творы для арк. і інш. Сярод вучняў Л.Бетховен, Ф.Ліст, Ф.Шуберт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАГА́Т ((Saragat) Джузепе) (19.9.1898, г. Турын, Італія — 11.6.1988),
італьянскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Турынскі ун-т. З 1922 у італьян.сацыяліст. руху, адзін з лідэраў яго правага крыла. Заснавальнік (1947), ген. сакратар (1949—54, 1957—64, 1976), старшыня (з 1984) Італьян.с.-д. партыі (да 1951 Сацыяліст. партыя італьян. працоўных). Неаднаразова (з 1944) міністр, у 1947—49 і 1954—57 нам. прэм’ер-міністра ўрада. Прэзідэнт Італіі ў 1964—71. Праводзіў левацэнтрысцкі ўнутрыпаліт. курс, у знешняй палітыцы імкнуўся падтрымліваць добрыя адносіны і з краінамі НАТО, і з СССР. З 1971 пажыццёвы сенатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕ́СТАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна прам-сці буд. матэрыялаў, аб’ядноўвае горнаабагачальныя камбінаты, якія ажыццяўляюць здабычу і вытв-сць таварнага азбесту.
Фарміраванне азбеставай прамысловасці пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Італія, Канада), калі шырокае развіццё атрымала вытв-сць тэрмастойкіх азбеставых вырабаў і азбестацэментных буд. матэрыялаў. Сучасная азбеставая прамысловасць выпускае больш за 3 тыс. розных матэрыялаў і вырабаў. Асноўныя запасы азбесту сканцэнтраваны ў Канадзе і Расіі (па вытв-сці азбесту б.СССР займаў 1-е месца ў свеце). Агульныя запасы азбеставага валакна ацэньваюцца ў 123 млн.т (без б.сацыяліст. краін). Большая іх частка (88%) належыць прамыслова развітым краінам, пераважна Канадзе (77%, правінцыя Квебек). Вытв-сць азбеставага валакна ў свеце складае больш за 4 млн.т у год, у т. л. ў Канадзе і Рас. Федэрацыі каля 2 млн.т у кожнай. У Расіі азбеставая прамысловасць сканцэнтравана на камбінатах «Уралазбест», «Туваазбест», «Арэнбургазбест» і інш. Запасы разведаны на 28 радовішчах, пераважна на Сярэднім і Паўд. Урале і ПдУсх. Сібіры. Азбеставая прамысловасць развіта ў Казахстане, дзе пабудаваны камбінат «Кустанай-азбест» на базе Джэтыгарскага радовішча. Буйныя вытворцы азбесту таксама ПАР, Зімбабве, Італія, Аўстралія, ЗША, Кітай. Здабываюць азбест пераважна адкрытым спосабам (у кар’ерах), у невял. аб’ёмах — падземным. Абагачальныя ф-кі — высокамеханізаваныя і аўтаматызаваныя прадпрыемствы з абагачальным абсталяваннем і ўстаноўкамі ачысткі паветра сярэдняй магутнасцю 330 тыс.т азбесту за год. Буйнейшыя пастаўшчыкі азбеставага валакна на сусв. рынак — Канада, Расія, ПАР, Зімбабве. Гал. імпарцёры прадукцыі — ЗША, Японія, ФРГ, Францыя, Вялікабрытанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЁСТА ((Ariosto) Лудовіка) (8.9.1474, горад Рэджа-нель-Эмілія, Італія — 7.1533),
італьянскі паэт і драматург эпохі Адраджэння. Пісаў на лацінскай і італьянскай мовах. Асноўны твор — героіка-рамантычная паэма ў актавах «Неўтаймаваны Раланд» (1516), у якой перапляліся матывы сярэдневяковага эпасу і куртуазнага рыцарскага рамана; працяг паэмы «Закаханы Раланд» М.Баярда. Твор Арыёста з гуманістычным зместам і дасканалай мастацкай формай — узор культуры позняга італьянскага Адраджэння. Паэт па-язычніцку паўнакроўна адлюстраваў прыгажосць і радасці зямнога жыцця. Вытанчаная іронія надае паэме жартаўлівы характар. Стваральнік італьянскай «вучонай камедыі» («Шкатулка», 1508; «Зводніца», 1529, і іншыя).
Тв.:
Рус.пер. — Неистовый Роланд: Песни I—XXV. М.,1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРУГЕ́ТЭ (Berruguete),
сям’я іспанскіх мастакоў 15—16 ст. Нарадзіліся ў г. Парэдэс-дэ-Нава (Іспанія).
Педра (каля 1450—1504), жывапісец. У 1475—82 працаваў у г. Урбіна (Італія), з 1483 — у Іспаніі. У сваіх карцінах (сцэны з жыцця св. Фамы) сумяшчаў навук. перспектыву і ўважлівае назіранне з сярэдневяковай статычнасцю позаў, а часам і з рознамаштабнасцю фігур.
Алонса (каля 1486—13.9.1561), скульптар, архітэктар, жывапісец. Сын і вучань Педра. Прадстаўнік ісп. Адраджэння. Каля 1504—17 вучыўся ў Італіі ў Мікеланджэла, з 1518 працаваў у Іспаніі. Яго скульптуры (пераважна алтарныя) адметныя экспрэсіяй і павышанай эмацыянальнасцю («Святы Себасцьян», 1526—32; «Ператварэнне», 1543-48).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДЖЭ́ЛІКА, Фра Анджэліка,
Беата Анджэліка (Angèlico, Fra Angelico, Beato Angèlico; сапр.Гвіда ды П’етра; Guido di Pietro; каля 1400, г. Вік’ё, прав. Фларэнцыя, Італія — 18.2.1455),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнцінскай школы. Як мастак склаўся пад уплывам познагатычнага жывапісу, у далейшым выкарыстаў рэалізм Мазачыо. Наіўнае і глыбока рэліг. мастацтва Анджэліка прасякнута светлым лірызмам і мяккай паэтычнасцю: «Каранацыя Марыі» (каля 1434—35); фрэскі б. манастыра Сан-Марка ў Фларэнцыі (1438—45), «Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам» (1445), капэлы Мікалая V у Ватыкане (1445—48) і інш.
Фра Анджэліка. Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам. 1445.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АНТЫКАМІНТЭ́РНАЎСКІ ПАКТ»,
дагавор паміж Германіяй і Японіяй, заключаны 25.11.1936 у Берліне на 5 гадоў. Пад знакам барацьбы з Камінтэрнам аформіў блок 2 дзяржаў, якія імкнуліся да гегемоніі ў свеце. Сакрэтнае пагадненне да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» прадугледжвала сумесную барацьбу супраць СССР. Да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» далучыліся Італія (6.11.1937), Венгрыя і марыянетачная «дзяржава» Маньчжоў-Го (24.2.1939), Іспанія (27.3.1939). Пакт садзейнічаў развязванню 2-й сусв. вайны і ў 1939—40 ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Пасля пралангацыі пакта 25.11.1941 на 5 гадоў да яго далучыліся яшчэ некалькі краін. Перамога краін Антыгітлераўскай кааліцыі ў 2-й сусв. вайне спыніла існаванне «Антыкамінтэрнаўскага пакту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́НІ ((Bruni) Леанарда) (празваны Арэціна; Aretino; 1369, г. Арэца, Італія — 8.3.1444),
італьянскі гуманіст, пісьменнік, гісторык. У 1410, 1427—44 канцлер Фларэнцыі. У паліт. памфлетах выступаў супраць тыраніі, абараняў рэсп. лад, адстойваў ідэю ўсебаковага развіцця асобы і асуджаў аскетызм. Філас. і эстэт. погляды выклаў у творах, напісаных на лац. мове (трактат «Уводзіны ў навукі пра мараль», дыялог «Спрэчка пра высакароднасць» і інш.). Найбольш вядомыя яго гіст. творы («Гісторыя Фларэнцыі», «Запіскі аб падзеях майго часу»). Аўтар біяграфій Дантэ, Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо на італьян. мове. Перакладаў з грэч. Платона, Арыстоцеля, Плутарха; кн. «Аб правільным перакладзе» — адна з першых спроб стварыць тэорыю перакладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗА́РЫ ((Vasari) Джорджа) (30.7.1511, г. Арэца, Італія — 27.6.1574),
італьянскі архітэктар, жывапісец, гісторык мастацтва; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў Фларэнцыі ў Б.Бандынелі. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам Мікеланджэла. У пабудовах (Палацца дэі Кавальеры ў Пізе, 1562; уласны дом, 1542; Палацца дэле Лоджэ, 1573—81 у Арэца; ансамбль Уфіцы ў Фларэнцыі, 1560—73) эклектычна спалучаў элементы рэнесансавай і маньерыстычнай архітэктуры. Сярод жывапісных работ: фрэскі ў Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (з 1555), у Зале Рэджа ў Ватыкане (1571—73). Аўтар «Жыццеапісанняў найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550 (рус.пер., т. 1—5, 1956—71) аб жыцці і творчасці італьян. мастакоў эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЁЦІ ((Viotti) Джавані Батыста) (12.5.1755, г. Фантанета-да-По, Італія — 3.3.1824),
італьянскі скрыпач, кампазітар. Вучань Г.Пуньяні. Папярэднік Н.Паганіні. Працаваў у Парыжы (у 1782—91 і 1819—22 узначальваў Парыжскую оперу), Лондане (1794—98 і з 1802) і інш. Аўтар канцэртаў для скрыпкі з аркестрам, у якіх узмацніў ролю сольнай партыі, павялічыў склад аркестра, канчаткова зацвердзіў для 1-й ч. форму санатнага алегра, а таксама тып фінальнага ронда. Зрабіў уплыў на развіццё скрыпічнага мастацтва 19 ст. і фарміраванне т.зв. парыжскай школы. Сярод яго вучняў М.Казімір Агінскі і М.Клеафас Агінскі. З 1950 у г. Верчэлі праводзіцца міжнар. конкурс музыкі і танца імя Віёці.