ГАЛАСЕ́КА
(Golasecca),
археалагічная культура эпохі жалеза (каля 900—15 да н.э.) на тэр. П’емонта і Ламбардыі, у вярхоўях р. По (Італія). Назва ад могільніка каля г. Мілан. Вядома па грунтавых могільніках тыпу палёў пахавальных урнаў культур. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога ссыпаліся ў урну, часам абкладзеную камянямі, ці камеру з каменных пліт. У большасці пахаванняў бедны інвентар, сустракаюцца серыі метал. вырабаў (наканечнікі коп’яў, посуд, вазы з характэрным арнаментам, конская збруя, калясніцы і інш.). На познім этапе культуры трапляюцца надмагільныя стэлы з надпісамі этрускага пісьма (магчыма, гэта італьян. мова, якая зведала значны кельцкі ўплыў).
А.В.Іоў.
т. 4, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)