верхні слой зямной кары з устойлівымі адмоўнымі тэмпературамі на працягу тысяч гадоў; частка крыясферы. Пашырана ў арктычным і антарктычным паясах, часткова ва ўмераным поясе, дзе існуе рэзка кантынентальны клімат. Развіта таксама пад покрыўнымі і горнымі ледавікамі. У зоне вечнай мерзлаты горныя пароды сцэментаваны замёрзлай вільгаццю. Магутнасць слоя з адмоўнымі т-рамі дасягае 4 км у Антарктыдзе, 1,5 км у Арктыцы. Пашырана на пл. каля 35 млн.км², у т. л. 11 млн.км² у Сібіры. На тэр. Беларусі існавала ў ледавіковыя эпохі. Слядамі вечнай мерзлаты з’яўляюцца крыягенныя тэкстуры, што захаваліся ў горных пародах, — псеўдамарфозы на месцы ледзяных кліноў і маразабойных шчылін, сляды цячэння і сціскання расталага грунту і інш. З часоў дэградацыі вечнай мерзлаты ў рэльефе захаваліся тэрмакарставыя западзіны і катлавіны азёр, псеўдатэрасы, валы і інш. Вечную мерзлату вывучае крыялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФТ (ад польск. haft вышываны ўзор, вышыўка),
1) ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі (шаўковымі, залатымі, сярэбранымі ніткамі, жэмчугам, каштоўнымі ці штучнымі камянямі, з 19 ст. — бісерам, мішурой і інш.) па шоўку, аксаміце, парчы і інш. тканінах. Існуюць разнастайныя тэхн. прыёмы гафту (гладзь, высокарэльефнае шыццё «па карце», «у прыкрэп» і інш.). Узор бывае плоскі, пукаты, ажурны, накладны. Вядомы са стараж.часоў у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі, Стараж. Рыме, з сярэдневякоўя — па ўсёй Еўропе. На Беларусі з 15—16 ст. гафтам аздаблялі літургічныя тканіны, шляхецкае адзенне і інш. Пераважалі раслінныя матывы, стылістыка адпавядала агульнаеўрап. маст. кірункам. У нар. побыце гафтаваннем называлі розныя віды ажурных швоў.
2) Машынная вышыўка белай гладдзю па белай тканіне. У сучаснай маст. прам-сці плоскім машынным гафтаваннем пераважна расліннага характару аздабляюць пасцельную бялізну, жаночае адзенне, тасьму, тканіны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЗЕВЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, дзе адным з асн.лек. фактараў з’яўляюцца гразі лячэбныя. Вытокі ў практыцы гразелячэння з часоўСтараж. Рыма і Усходу. У канцы 18 ст. гразевыя курорты з’явіліся ў многіх краінах Еўропы (Швецыя, Аўстрыя, Германія, Расія), мед. кантроль на іх пачаў уводзіцца ў 19 ст. Сучасныя гразевыя курорты спалучаюць функцыі гразевых, бальнеалагічных і кліматычных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ШЧАНКА (Міхаіл Міхайлавіч) (10.8.1895, г. Палтава, Украіна — 22.7.1958),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У гумарыстычных і сатыр. апавяданнях і фельетонах (першы зб. «Апавяданні Назара Ільіча, пана Сінябрухава», 1922) стварыў тыповы для тых часоў вобраз абывацеля-прыстасаванца. Камізм сітуацый падкрэслівае трагізм тагачаснага існавання ў аповесцях «Мішэль Сінягін» (1930), «Вернутая маладосць» (1933), «Гісторыя аднаго жыцця» (1934). Самааналізам і філасафічнасцю прасякнута аповесць-эсэ «Перад усходам сонца» (ч. 1. «Ключы шчасця», 1943, ч. 2 «Аповесць пра розум», апубл. 1972). За апавяданне «Прыгоды малпы» (1945) выключаны з Саюза пісьменнікаў (адноўлены ў 1953). Аўтар камедый «Небяспечныя сувязі», «Парусінавы партфель» (абедзве 1939), біягр. аповесцей «Керанскі» (1937) і «Тарас Шаўчэнка» (1939). Творы З. на бел. мову пераклалі Я.Скрыган, В.Рабкевіч і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. Л., 1986—87.
Літ.:
Старков А.Н. Михаил Зощенко: Судьба художника. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),
у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл.Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст.царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст. за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоўАтона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́Н ((Limon) Хасэ) (сапр. імя Аркадыо; 12.1.1908, г. Кульякан, Мексіка — 2.12.1972),
амерыканскі танцоўшчык і харэограф; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў амер. танца мадэрн. З 1915 у ЗША. З 1928 вучыўся танцу мадэрн у Д.Хамфры і Ч.Вейдмана (у 1930—40 у іх трупе), у 1945 — класічнаму танцу ў Э.Цюдара і інш. З 1945 кіраваў уласнай трупай (Трупа Лімона; да 1958 разам з Хамфры). У мужчынскім танцы выпрацоўваў энергічны, атлетычны стыль. Сярод пастановак: «Чакона ў рэ мінор» на муз. І.С.Баха (1940), «Павана Маўра» Г.Пёрсела і «Выгнаннікі» на муз. А.Шонберга (1949), «Імператар Джонс» Э.Вілы-Лобаса (1956), «Кароткая меса ваенных часоў» на муз. З.Кодая (1958; выканаў гал. партыю), «Крылатыя» Джонсана (1966), «Танцы для Айседоры» на муз. Ф.Шапэна (1971), «Арфей» на муз. Л. Бетховена (1972), «Не апетыя» (1970) і «Карлота» (1972) без муз. суправаджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́ЙСКАЯ МО́ВА, чараміская мова,
адна з фіна-угорскіх моў. Пашырана ў Рэспубліцы Марый Эл, Татарстане, Удмурціі, Башкортастане, Ніжагародскай, Кіраўскай, Свярдлоўскай, Пермскай абл. Расіі. Мае 4 гаворкі (лугавая, горная, усх., паўн.-зах.) і 2 літ. мовы (лугава-ўсх. і горна-марыйская). Развівалася пад уплывам цюркскіх (з 8 ст.) і рус. (з 13 ст.) моў, захоўваючы асн. фіна-угорскія рысы. У фанетыцы — палатальныя, звонкія фрыкатыўныя зычныя, ад 8 да 12 галосных (па дыялектах). У марфалогіі — некалькі паказчыкаў множнасці ў назоўнікаў, клас сумесных лічэбнікаў, формы цяперашне-будучага і 6 прошлых часоў дзеяслова, наяўнасць дзеепрыметнікаў адмоўнага і будучага часу. Словаўтварэнне шляхам суфіксацыі і словаскладання. Пісьменства з 18 ст. на аснове рус. графікі (з дадатковымі літарамі).
Літ.:
Современный марийский язык. Ч. 1—2. Фонетика. Морфология. Йошкар-Ола, 1960—61;
Казанцев Д.Е., Патрушев Г.С. Современный марийский язык: Лексикология. Йошкар-Ола, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁЎСКІ ((Maciejowski) Вацлаў Аляксандр) (1792, г. Кальварыя-Забжыдоўская Малапольскага ваяв., Польшча — 10.2.1883),
польскі славяназнавец, гісторык культуры і права. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, Вроцлаве, Берліне, Гётынгене. Праф. рымскага права Варшаўскага ун-та (1819—31). Удзельнік паўстання 1830—31. У 1836—49 праф. класічнай філалогіі ў рымска-каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Варшаве. У сваіх творах праводзіў ідэі агульнаслав. культ. адзінства. У працы «Гісторыя славянскіх заканадаўстваў» (т. 1—4, 1832—35; выд. перапрацавана, т. 1—6, 1856—65) даследаваў пытанні агульнасці слав. права. Выдаў зборнік крыніц па слав. праве «Помнікі гісторыі, пісьменства і заканадаўства славян» (т. 1—2, 1839). Аўтар прац «Пачатковая гісторыя Польшчы і Літвы...» (1846), «Польскія і літоўскія летапісы і хронікі» (1850), «Польскае пісьменства з найдаўнейшых часоў да 1830 г.» (т. 1—3, 1851—52), «Яўрэі ў Польшчы, Русі і Літве» (1878).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ МЕДЫЦЫ́НЫ, Рэспубліканскі музей гісторыі медыцыны Беларусі. Засн. ў 1990 у Мінску, адкрыты ў 1993. Збор экспанатаў пачаты Р.Р.Кручком у 1950-я г.Пл. экспазіцыі 120 м², каля 31,4 тыс. экспанатаў (1999). У музеі прадстаўлены матэрыялы пра асн. этапы развіцця медыцыны на Беларусі са стараж.часоў да пач. 20 ст., станаўленне мед.навук. школ, дзейнасць мед. работнікаў у Вял.Айч. вайну. Ёсць калекцыя аптэчнага посуду з археал. раскопак, фотаальбомы пра ўдзел бел. медыкаў у рус.-яп. вайне 1904—05, удзельнікаў 1-га з’езда ўрачоў Мінскай губ. ў 1908, рэдкія экзэмпляры мед. л-ры, рэчы з асабістых архіваў вучоных і практыкаў аховы здароўя, фотаздымкі выпускаў магілёўскіх цэнтр. фельч. школы (1905) і цэнтр. школы павітух (1911), земскіх урачоў, сясцёр міласэрнасці Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абшчын Чырв. Крыжа, мед. інструменты, узнагароды і інш. Выдае матэрыялы гісторыка-практычных канферэнцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СТАР ІСКАНДЭ́Р,
рускі пісьменнік 15 ст. Верагодны аўтар «Аповесці пра ўзяцце Царграда туркамі ў 1453 г.». У пасляслоўі аднаго са спісаў «Аповесці» ёсць імя аўтара — Н.І. Пра сябе ён паведамляе, што ў маладосці трапіў у палон да туркаў, прыняў іслам, удзельнічаў у многіх паходах. Ён запісваў усё бачанае у час аблогі і ўзяцця Канстанцінопаля султанам Мехмедам II, а таксама сабраў звесткі пра абарону горада. У «Аповесці» выкладзена гісторыя Канстанцінопаля ад часоў яго заснавання, асабліва падрабязна расказваецца пра аблогу візант. сталіцы туркамі і яе ўзяцце. Аўтар імкнецца паказаць непазбежнасць гібелі Канстанцінопаля, які ўвязнуў у граху, і адначасова ўслаўляе мужнасць яго абаронцаў. Твор спалучае шмат сапраўдных звестак і сюжэтны вымысел і ўяўляе сабой адзіны тэкст, які вызначаецца высокім літ. майстэрствам. На думку большасці даследчыкаў, «Аповесць» — пазнейшая апрацоўка запісаў Н.І.
Літ.:
Древнерусская литература: Источниковедение. Л., 1984. С. 84—96.