СЛУ́ЦКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18—сярэдзіне 19 ст. Назва ад г. Слуцк Мінскай вобл., дзе яны вырабляліся на Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. Напачатку С.п., як і нясвіжскія, капіравалі ўзоры, што прывозілі з Б.​Усходу, потым сталі ўключаць у арнамент нац. матывы, кветкі мясц. флоры — васількі, незабудкі і інш. З 1750-х г. у Нясвіжскай, пасля ў Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар Я.​Маджарскі (гл. ў арт. Маджарскія), які распрацаваў новы тып пояса — слуцкі, назва якога стала сінонімам усіх доўгіх шаўковых паясоў. Сувязь з усх. ўзорамі паступова страчвалася. С.п. мелі гарманічныя суадносіны частак, выпрацавалася выразная ўстойлівая структура арнаменту. Бел. майстры перанялі і творча перапрацавалі ўсх. рамяство, надалі яму мясц. характар. Ткалі С.п. даўжынёй 2—4,5 м з шаўковых, залатых, сярэбраных нітак (т.зв. літыя паясы, правы бок іх быў цалкам затканы залатой ніткай, якая закрывала шаўковую аснову). Рабілі паясы аднабаковыя (з адваротным бокам), 2-баковыя (абодва бакі правыя ці адзін двухбаковы і адзін адваротны) і 4-баковыя (па ўсёй даўжыні былі падзелены на палавіны з утком рознага колеру). Пояс складаўся з сярэдніка, аблямоўкі і 2 канцоў. Сярэднік арнаментаваўся папярочнымі гладкімі ці ўзорыстымі палосамі, радзей узор быў сеткавы, у гарошак і інш. Па краях пояса ішла арнаментальная аблямоўка (шлячок). Канцы мелі складаную арнаментоўку, найчасцей з 2 матывамі. Найб. тыповыя матывы: авал, абкружаны лісцем са сцяблінкамі і кветкамі; кветкі на доўгі сцябле з галінкамі, якія выходзяць з зямлі ці з ваз; букеты кветак з хвалепадобным абрамленнем. На рагу пояса з абодвух бакоў ткалася метка на стараслав. ці лац. мовах («Слуцк», «У горадзе Слуцку», «Зроблена ў Слуцку»). Канцы пояса часта абшывалі махрамі. Шаўковыя паясы на ўзор слуцкіх выраблялі таксама ў Гродне, Нясвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкове і Кабылках пад Варшавай, а таксама ў Францыі.

Літ.:

Якуніна Л.І. Слуцкія паясы. Мн., 1960.

Дз.​С.​Трызна.

Слуцкія паясы.

т. 15, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЬМАШО́НАК (Сцельмашонак) Уладзімір Іванавіч

(н. 6.2.1928, Мінск),

бел. мастак, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Нар. маст. Беларусі (1988). Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна ў Ленінградзе (1957). У 1957—2000 выкладаў у Бел. АМ. Старшыня праўлення Саюза мастакоў Беларусі (1965—68, 1987—89). Працуе ў станковым жывапісе (пераважна ў жанры партрэта) і манументальна-дэкар. мастацтве. Жывапісным творам уласцівы арыгінальнасць кампазіцыйных вырашэнняў, гарманічныя суадносіны элементаў пластычнай формы, дэкар. выразнасць колераў, манументалізацыя вобразаў. Сярод работ: «Студэнтка» (1953), партрэты В.​Сядых і К.​Гарулі (1958), нар. паэта Беларусі Я.​Коласа (1967), нар. арт. СССР Р.​Р.​Шырмы (1968), «Народныя камісары БССР. Дз.​Ф.​Жылуновіч, А.​Ф.​Мяснікоў, В.​Г.​Кнорын, І.​А.​Адамовіч, А.​Р.​Чарвякоў» (1971), Героя Сав. Саюза і Героя Сац. Працы К.​П.​Арлоўскага (1975), «Словы паэта» (1981), партрэты М.​Гарэцкага (1983), П.​А.​Жалезняковіча, групавыя партрэты Герояў Сац. Працы калгаса «Аснежыцкі» (усе 1984—4(6), «Славутасці Беларусі. Вялікія князі літоўскія» (1993), партрэты Ф.​Скарыны, Я.​Купалы (абодва 1990), трыпціх «Сыны Радзімы» (1970), серыі партрэтаў «Радзівілы» (1980—2001), «Інбелкульт», «Міцкевіч. Музы Міцкевіча» (абедзве 1999—2000), «Радня» (2001—01), «Ганаровыя грамадзяне Мінска» (2001) і інш. Выканаў вітражы: «Я.​Купала» ў Літ. музеі Я.​Купалы (1972) і Доме літаратара (1976), «Свята зямлі Беларускай» у Доме мод № 2 (1980—81, з В.​Даўгалам) у Мінску, «Мінск і мінчане» і «Мінск» для рэстарана «Мінск» у г. Патсдам (Германія, 1976—77), на станцыі метро «Плошча Перамогі» (1979—82, з Даўгалам), размалёўку «Беларускі канцэрт» у Палацы культуры хімікаў у г. Светлагорск, сграфіта «Рабінка» і «Беларускі матыў» у санаторыі «Беларусь» у г. Місхор (Украіна; усе 1972), фларэнційскую мазаіку на станцыі метро «Маскоўская» ў Мінску (1979—82, з Даўгалам).

Літ.:

Дарский Э. Владимир Стельмашонок. М., 1983;

Частнова Р.П. Уладзімір Стальмашонак. Мн., 1983.

Л.​Ф.​Салавей.

У.І.Стальмашонак.
У.Стальмашонак. Славутасці Беларусі. Вялікія князі літоўскія. 1993.

т. 15, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАДЫНА́МІКА (ад тэрма... + дынаміка),

навука аб найб. агульных уласцівасцях макраскапічных фіз. сістэм, што знаходзяцца ў стане раўнавагі тэрмадынамічнай, і працэсах пераходу паміж гэтымі станамі. Адрозніваюць фенаменалагічную Т. (даследуе тэрмадынамічныя сістэмы без уліку ўласцівасцей і характару руху іх часціц) і статыстычную Т. — асн. частку статыстычнай фізікі. Ахоплівае комплекс навук. дысцыплін — агульную (фіз.) Т., тэрмадынаміку хімічную, тэхн. Т. (дастасаванні законаў Т. да цеплатэхнікі), тэрмадынаміку нераўнаважных працэсаў і інш.

Грунтуецца на фундаментальных прынцыпах, устаноўленых на падставе шматлікіх даследаванняў (гл. Першы закон тэрмадынамікі, Другі закон тэрмадынамікі, Трэці закон тэрмадынамікі), якія выконваюцца незалежна ад прыроды цел, што ўтвараюць фіз. сістэму. Заканамернасці і суадносіны паміж фіз. велічынямі Т. маюць універсальны характар, з’явы разглядаюцца з энергет. пазіцый. Т. дае поўнае колькаснае апісанне абарачальных працэсаў, для неабарачальных працэсаў устанаўлівае пэўныя няроўнасці і паказвае напрамак іх працякання. Метадамі Т. ўстанаўліваюць сувязі паміж непасрэдна назіранымі (макраскапічнымі) характарыстыкамі сістэм (ціскам, аб’ёмам, т-рай і інш.) у розных тэрмадынамічных працэсах. У Т. распрацаваны тэорыя хім. раўнавагі і тэорыя фазавай раўнавагі, напр., раўнавагі паміж рознымі агрэгатнымі станамі і пры расслаенні на фазы сумесей вадкасцей і газаў. Для працэсаў устанаўлення раўнавагі істотны абмен часціцамі паміж рознымі фазамі і для фармулёўкі раўнавагі карыстаюцца паняццем хімічнага патэнцыялу, пастаянства якога замяняе ўмову пастаянства ціску, калі вадкасць (газ) знаходзіцца ў полі знешніх сіл. Законы і метады Т. выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, макраскапічнай электрадынаміцы, пры вывучэнні хім. працэсаў, працэсаў пераносу і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Т. вядуцца ў Ін-це цепла- і масаабмену, Аб’яднаным ін-це энергетычных і ядз. даследаванняў, Ін-це фізіка-арганічнай хіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН, БДУ, Бел. Нац. тэхн. ун-це і інш.

Літ.:

Кубо Р. Термодинамика: Пер. с англ. М., 1970;

Гиббс Дж.В. Термодинамика: Статистич. механика: Пер. с англ. М., 1982;

Базаров И.П. Термодинамика. 4 изд. М., 1991.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФІЯ ПАЛІ́ТЫКІ,

адзін з раздзелаў філасофіі, які даследуе фундаментальныя праблемы палітыкі, законы паліт. развіцця грамадства, прынцыпы функцыянавання ўлады, адносіны паміж яе суб’ектамі і аб’ектамі, яе ўзаемаадносіны з грамадствам. Тэрмінам «Ф.п.» карыстаюцца таксама для абазначэння паліт. поглядаў асобы, партыі, класа і інш. (напр.: «Ф.п. кабінета торы», «Ф.п. новага пакалення» і інш.).

Узнікла ў ант. часы ў Еўропе і Стараж. Кітаі як роздум філосафаў аб чалавеку і свеце, уладзе, справядлівасці, няроўных адносінах паміж людзьмі і з’яўлялася адначасова аналізам, павучаннем і маральнай пропаведдзю. Аўтарамі найб. ранніх філас. прац пра палітыку былі Платон і Арыстоцель. У эпоху Адраджэння і ў Новы час распрацаваны філас. тэорыі ўлады і дзяржавы, канцэпцыі паліт. канфліктаў і рэвалюцый, раздзялення маралі і палітыкі (Н.​Макіявелі), натуральных правоў (Т.​Гобс, Дж.​Лок, Б.​Спіноза), раздзялення ўлад, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы (Дж.​Лок, Ш.​Мантэск’ё), асн. кірункі паліт. ідэалогіі — лібералізм і кансерватызм. Ням. класічная філасофія даследавала этнічныя асновы права і дзяржавы (І.​Кант) і ў цэлым філасофіі права (Г.​Гегель).

Сучасная Ф.п., у працяг класічных традыцый, увяла ў паліт. ўжытак вывучэнне праблем сац.-эканам. развіцця соцыумаў, палітыка-прагнастычныя тэорыі, сістэматызацыю паліт. ведаў, але асновай застаюцца эмпірычныя веды, іх абагульненне і выкарыстанне ў паліт. практыцы. Яна ўзаемадзейнічае з паліт. сацыялогіяй, псіхалогіяй і інш. навук. дысцыплінамі. Умоўна Ф.п. падзяляюць на палітычную анталогію (вучэнне аб паліт. жыцці, прыродзе і сутнасці паліт. сусвету), палітычную антрапалогію (вывучае спецыфіку паліт. творчасці асобы ў параўнанні з яго сацыяльнай дзейнасцю), палітычную эпістэмалогію (аналізуе суадносіны рацыянальнага і ірацыянальнага ў палітыцы), палітычную праксеалогію (вывучае асн. заканамернасці палітыкі), палітычную аксіялогію (вывучае паліт. каштоўнасці філас.-паліт. асновы грамадства), палітычную ідэалогію (абгрунтоўвае месца розных сац. груп у паліт. сістэме грамадства).

Літ.:

Гобозов И.А. Философия политики. М., 1998;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІЯ ў музыцы,

1) сістэмна арганізаваныя сродкі муз. выразнасці, якія грунтуюцца на заканамерным аб’яднанні тонаў у сугуччы і заканамернай сувязі сугуччаў. Пад сугуччам у сучаснай тэорыі музыкі разумеюць лагічна дыферэнцыраваныя гукавыя спалучэнні, якія маюць у муз. кантэксце пэўную маст. выразнасць. У паслядоўнасці сугуччаў і іх суадносінах выяўляецца значэнне кожнага з іх у ладзе (ладавая функцыя), абумоўленае заканамернасцямі пэўнай ладава-гарманічнай сістэмы. Кожнае сугучча ў залежнасці ад яго інтэрвальнага (гл. Інтэрвал) складу, падваення тонаў, іх размяшчэння, рэгістра, дынамікі і інш. мае спецыфічны характар гучання — фанізм. Асн. тып сугучча — акорд. У падзеле акордаў на кансанансы і дысанансы, устойлівыя і няўстойлівыя адлюстраваны 2 бакі адной з’явы — акустычны і ладавы. Паміж кансанантнасцю і ўстойлівасцю, дысанантнасцю і няўстойлівасцю ў класічнай гармоніі існуе прынцыповая сувязь, якая абумоўлівае існаванне лада і функцыянальнасць акордаў. Гармонія ахоплівае таксама суадносіны танальнасцей і ладоў. Рух галасоў (голасавядзенне) падпарадкаваны пэўным правілам, выпрацаваным у шматгалосай музыцы гамафоннага і поліфанічнага складу. Функцыянальна і каларыстычна асэнсаваная паслядоўнасць акордаў, танальнасцей, ладоў, рытм іх змены (адхіленні, мадуляцыі, кадэнцыі, секвенцыі, гарманічнае вар’іраванне і інш.) — адна з неабходных умоў формаўтварэння ў музыцы (гл. Форма музычная). Вобразна-маст. значэнне гармоніі раскрываецца ва ўзаемадзеянні з мелодыяй, метрарытмам і інш. кампанентамі муз. мовы, з якімі гармонія ўтварае пэўны муз. стыль (эпохі, кірунку, кампазітара, асобнага твора і інш.). На гармонію ўплывае таксама інтанацыйны склад пэўнай нац. музыкі, вызначаючы яе нац. характэрнасць. Сутнасць і ўспрыняцце гармоніі эвалюцыяніруе ў працэсе творчай практыкі.

2) Навуковая і навуч. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю вучэнняў пра гармонію, класічныя і сучасныя яе сістэмы, прадугледжвае практычнае авалоданне тэхнікай гарманізацыі і інш. сродкамі выразнасці, уласцівымі гармоніі.

Літ.:

Шевалье Л. История учений о гармонии: Пер. с фр. М., 1931;

Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966;

Скребков С.С. Гармония в современной музыке: Очерки. М., 1965;

Холопов Ю.Н. Очерки современной гармонии: Исслед. М., 1974;

Яго ж. Гармония: Теорет. курс. М., 1988;

Гуляницкая Н.С. Введение в современную гармонию. М., 1984.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТО́НІКА (ад грэч. architektonikē будаўнічае мастацтва),

мастацкае выяўленне заканамернасцяў будовы, уласцівых канструкцыйнай сістэме будынка, круглай скульптуры, аб’ёмным творам дэкар. мастацтва; у шырокім сэнсе — будова маст. твора (карціны, сімфоніі, кінафільма, рамана і г.д.), якая абумоўлівае суадносіны яго гал. і другарадных элементаў.

У архітэктуры выяўляецца ў суразмернасці, супадпарадкаванасці, прапарцыянальнасці, маштабнасці, рытмічнасці ўсіх элементаў будынкаў і збудаванняў. Садзейнічае цэласнаму эстэт. ўспрыманню арх. твора, у якім арганічна спалучаюцца яго лагічная функцыян.-канструкцыйная аснова, кампазіцыя, дэкор і інш. Кожны арх. стыль надае своеасаблівасць архітэктоніцы пэўнай эпохі. У ант. архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма найб. дасканалая і гарманічная была архітэктоніка класічнага арх. ордэра, заснаванага на маст. перапрацоўцы стоечна-бэлечнай сістэмы. У готыцы і ў эпоху Адраджэння маст. выразнасць будынкаў грунтавалася на архітэктоніцы арачных канструкцый. У архітэктуры барока архітэктоніка найчасцей грунтавалася на апасродкаваным выяўленні з дапамогай ордэрных элементаў дэкору дынамікі канструкцый. У эпоху класіцызму архітэктоніка базіравалася на выразных гарманічных прапорцыях, сіметрыі, ураўнаважанасці аб’ёмаў, выкарыстанні класічных ордэрных кампазіцый. Дасканаласць архітэктонікі нар. драўлянага дойлідства ў непарушным адзінстве шматвяковага развіцця яе арх. формы і функцыян.-канструкцыйнага зместу.

У літаратуры — агульная будова літ. твора, якая выяўляецца ў спалучэнні яго частак і элементаў, у сродках гарманічнага афармлення і структурнай арганізацыі твора як адзінага маст. цэлага. Своеасаблівасць архітэктонікі залежыць ад ідэйнай задумы твора, жанравых законаў, індывід. аўтарскага стылю. Падзел твора на часткі і раздзелы мае творчы, змястоўны характар, а паслядоўнасць іх чаргавання, узаемасувязі вызначаюцца яго ўнутр. будовай — кампазіцыяй. Некаторыя вял. эпічныя творы складаюцца з «кніг» («Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака — з 2, «Мінскі напрамак» І.​Мележа — з 3). Твор з некалькіх самастойных кніг, аб’яднаных сюжэтнай пераемнасцю, набывае форму дылогіі, трылогіі і г.д. У паэзіі архітэктоніка выяўляецца ў сістэме строф, якія ў буйным творы злучаюцца ў раздзелы ці часткі. Цвёрдая страфа (санет, трыялет, рандо і інш.) складае закончаны твор. У драматургіі змест падзяляецца на дзеі (акты), апошнія — на карціны (з’явы).

А.​М.​Кулагін, А.​М.​Пяткевіч.

Да арт. Архітэктоніка. Нервюрнае скляпенне інтэр’ера сабора ў г. Эксетэр (Вялікабрытанія). 1300−99.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАРЫ́Т, ксілаграфія,

гравюра па дрэве; адзін з найб. стараж. відаў пукатай гравюры, у якой адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай. Бывае абразны (падоўжны) і тарцовы. У абразным Д. друкарская форма (клішэ) ствараецца на дошцы, распілаванай уздоўж валокнаў драўніны мяккіх парод. Лініі і плямы, што ўтвараюць малюнак, абразаюць нажом, свабодныя ад выявы месцы паглыбляюць долатам. Гэтаму віду Д. ўласцівы абагульненасць малюнка, кантрастныя суадносіны белага і чорнага колераў. Клішэ тарцовага Д. выконваюцца на брусках цвёрдых парод драўніны, распілаваных упоперак валакна. Тонкія штрыхі малюнка праразаюцца штыхелем. Спалучэнні штрыхоў даюць магчымасць ствараць тоны рознай насычанасці, што часта выкарыстоўваецца для рэпрадуцыравання жывапісных твораў і танальнага малюнка.

Д. вядомы з 6—7 ст. (Кітай), у Еўропе з’явіўся ў 14—15 ст. У 19 ст. шырока выкарыстоўваўся для друкавання ілюстрацый і рэпрадуцыравання жывапісу і малюнкаў. У 20 ст. пашыраны гал. чынам у станковай і кніжнай гравюры.

На Беларусі першыя Д. (абразныя) з’явіліся ў пач. 16 ст. ў выданнях Ф.​Скарыны («Псалтыр», «Кніга Іова», «Кніга Ісуса Сірахава», усе 1517, кн. «Выхад», 1519). Кніжны Д. дамінаваў да пач. 17 ст. Склаліся рэгіянальныя школы бел. Д. (Віленская школа гравюры, Куцеінская школа гравюры, Магілёўская школа гравюры і інш.). У кніжнай графіцы працавалі П.​Мсціславец, М. і В.​Вашчанкі, Ф.​Ангілейка і інш. У 18 ст. пашырыўся станковы Д., у т. л. народны лубок. Д. бел. старадрукаў адметны высокім узроўнем тэхнікі гравіравання і маст. якасцей. У 19 ст. Д. заняпаў. У 1-й пал. 20 ст. ў тэхніцы Д. працавалі М.​Сеўрук, І.​Гембіцкі, Я.​Мінін, С.​Юдовін, А.​Тычына, А.​Зайцаў і інш. У апошні час Д. саступіў месца інш. відам гравюры (афорт, літаграфія, лінарыт і інш.).

Т.​М.​Карэліна, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Дрэварыт. Дачка фараона і Майсей. Гравюра з тытульнага ліста кнігі «Выхад» Ф.​Скарыны. 1519.
Да арт. Дрэварыт. М.​Сеўрук. Вяртанне з працы. 1938.
Да арт. Дрэварыт. А.​Зайцаў. Партрэт Л.​Стрыгалёва. 1983.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ.

сонечнае выпрамяненне, электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне Сонца; асноўная крыніца энергіі для ўсіх працэсаў і з’яў, што адбываюцца ў біясферы. Электрамагнітная радыяцыя распаўсюджваецца ў касм. прасторы і дасягае атмасферы Зямлі ў выглядзе эл.-магн. хваль са скорасцю каля 300 тыс. км/с. С.р. адносіцца да кароткахвалевай радыяцыі. Каля 47% яе энергіі прыпадае на бачную частку спектра (0,4—0,76 мкм), 44% — на інфрачырвоную (0,76—4 мкм) і 9% — на ультрафіялетавую радыяцыі (0,01—0,39 мкм). С.р. праходзіць праз атмасферу, часткова адбіваецца ў космас, часткова паглынаецца і рассейваецца малекуламі газаў і аэразолямі, зменьвае сваю інтэнсіўнасць і спектральны састаў. Радыяцыя, што дасягае зямной паверхні ў выглядзе пучка паралельных прамянёў непасрэдна ад Сонца, наз. прамой, а радыяцыя, якая паступае з усяго небасхілу, — рассеянай. Агульны прыход прамой і рассеянай радыяцыі — сумарная радыяцыя. Частка яе, якая паглынаецца паверхняй (глебай, расл. покрывам, вадой, будынкамі і інш.), наз. паглынутай радыяцыяй, а тая, што адбіваецца воблакамі і зямной паверхняй — адбітай радыяцыяй. Суадносіны паміж паглынутай і адбітай радыяцыямі залежаць ад колеру, рэльефу і вільготнасці паверхні. Зямная паверхня і атмасфера выпраменьваюць даўгахвалевую радыяцыю (4—100 мкм). Рознасць паміж выпрамяненнем Зямлі і сустрэчным выпрамяненнем атмасферы наз. эфектыўным выпрамяненнем; рознасць паміж паглынутай радыяцыяй і эфектыўным выпрамяненнем — радыяцыйны баланс, прамянёвая энергія якога на зямной паверхні пераўтвараецца ў цяпло. Частка цяпла перадаецца на глыбіню глебы або вадаёма, частка ў атмасферу, на выпарэнне вады, невял. доля ідзе на ўтварэнне хім. сувязей пры фотасінтэзе расл. покрыва. Агульны прыход і расход энергіі на зямной паверхні наз. цеплавым балансам. Карпускулярная радыяцыя складаецца пераважна з пратонаў (рухаюцца са скорасцю 300—1500 км/с), якія поўнасцю паглынаюцца магнітасферай Зямлі. С.р. характарызуецца імгненнымі значэннямі (энергет. асветленасць, кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (КДж/м², МДж/м²). На Беларусі колькасць сумарнай С.р. за год зменьваецца ад 4100 МДж/м² на Пд да 3500 МДж/м² на Пн, каля 55% яе прыпадае на рассеяную радыяцыю. Гадавыя сумы радыяцыйнага балансу ад 1500 МДж/м² на ПнУ да 1800 МДж/м² на ПдЗ.

П.​А.​Каўрыга.

т. 15, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРАСКАПІЯ І ЛЮМІНЕСЦЭНЦЫЯ

Даследаванні ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі на Беларусі пачалі інтэнсіўна развівацца ў пач. 1950-х г. у АН Беларусі і БДУ па ініцыятыве А.​Н.​Сеўчанкі і Б.​І.​Сцяпанава. У наш час даследаванні вядуцца ў ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, агульнай і неарганічнай хіміі, фотабіялогіі Нац. АН Беларусі; на кафедрах і ў НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах. У гэтай галіне фізікі сфарміраваліся вядомыя навук. школы М.​А.​Барысевіча, М.​А.​Ельяшэвіча, А.​Н.​Сеўчанкі і Б.​І.​Сцяпанава. Многія вынікі, дасягнутыя ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі ў 1950-я г., сталі асновай хуткага развіцця на Беларусі лазернай фізікі.

У галіне малекулярнай спектраскапіі М.​А.​Барысевічам і яго вучнямі (А.​П.​Блахін, В.​У.​Грузінскі, Г.​А.​Залеская, У.​А.​Павядайла, Г.​Б.​Талстарожаў, В.​А.​Таўкачоў, С.​А.​Ціхаміраў і інш.) устаноўлены заканамернасці фарміравання спектральна-люмінесцэнтных характарыстык малекул у газавай фазе і працякання працэсаў унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў, суадносіны паміж спектрамі люмінесцэнцыі і паглынання, квантавым выхадам і працягласцю люмінесцэнцыі; распрацаваны метады вызначэння фотафізічных і тэмпературных характарыстык узбуджаных станаў малекулярных асяроддзяў; адкрыта з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул; атрыманы важныя звесткі аб кінетыцы звышхуткіх рэлаксацыйных працэсаў у газавай і кандэнсаванай фазах, а таксама ва ўмовах струменнага ахаладжэння і інш.

Б.​І.​Сцяпанавым і яго вучнямі (П.​А.​Апанасевіч, В.​П.​Грыбкоўскі, А.​П.​Казачэнка, А.​С.​Рубанаў, А.​М.​Рубінаў, А.​М.​Самсон і інш.) развіты эфектыўныя метады разліку і прааналізавана структура спектраў паглынання і люмінесцэнцыі малекулярных асяроддзяў з улікам вымушанага выпрамянення і цеплавога фону; дадзена фізічна абгрунтаваная класіфікацыя другаснага выпрамянення; устаноўлены універсальныя суадносіны паміж спектрамі паглынання і люмінесцэнцыі (універсальныя суадносіны Сцяпанава); развіта спектраскапія адмоўных светлавых патокаў, выяўлены заканамернасці дзеяння магутнага выпрамянення на спектральныя характарыстыкі асяроддзяў.

Пад кіраўніцтвам А.​Н.​Сеўчанкі выкананы даследаванні па спектраскапіі уранілавых (Л.​В.​Валадзько, А.​І.​Камяк, Дз.​С.​Умрэйка і інш.) і рэдказямельных (В.​В.​Кузняцова, Г.​Я.​Малашкевіч, В.​С.​Хаменка) злучэнняў у крышталях і растворах; устаноўлена сувязь спектральна-люмінесцэнтных уласцівасцей са структурай гэтых злучэнняў і створаны асновы спектральна-структурнага аналізу каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў; распрацаваны антыстоксавы візуалізатары інфрачырвонага выпрамянення. Вяліся даследаванні па палярызаваным узбуджэнні люмінесцэнцыі, у т. л. двухфатонным узбуджэнні (В.​А.​Гайсёнак, А.​М.​Саржэўскі і інш.). Выкананы цыкл работ па даследаванні спектральнымі метадамі флуктуацый мікраструктуры і фотафізікі раствораў складаных арганічных злучэнняў (Б.А.

Бушук, Я.​С.​Варапай, В.​А.​Гайсёнак, І.​М.​Гуліс, А.​М.​Рубінаў, У.​І.​Томін).

А.​Н.​Сеўчанкам і Ц.​М.​Годневым закладзены асновы даследаванняў па фатоніцы біялагічна важных злучэнняў тыпу хларафілу, гему і іх аналагаў (парфірынаў і металапарфірынаў). Устаноўлены шляхі перадачы паглынутай светлавой энергіі, сувязі спектраскапічных уласцівасцей з малекулярнай структурай і асаблівасці фотахімічных і цемнавых пераўтварэнняў; выяўлена і вывучана з’ява «выпальвання» спектральных правалаў (Г.​П.​Гурыновіч, Б.​М.​Джагараў, К.​М.​Салаўёў, М.​П.​Цвірка). М.​А.​Ельяшэвіч стымуляваў выкарыстанне метадаў радыёспектраскапіі і разам з вучнямі (Б.​І.​Бяляеў, Л.​І.​Грачыхін, Л.​І.​Кісялеўскі, Л.​Я.​Мінько, У.​Я.​Плюта, В.​М.​Снапко, У.​Дз.​Шымановіч і інш.) развіў спектральныя метады даследавання плазмы і дыягностыкі зямных аб’ектаў з касмічных апаратаў. Атрыманы важныя вынікі па люмінесцэнцыі бялкоў і яе выкарыстанні ў навук. даследаваннях і практыцы (І.​Дз.​Валатоўскі, С.​В.​Конеў, У.​М.​Мажуль, Л.​Р.​Пікулік, К.​І.​Слабажаніна, Я.​А.​Чарніцкі). Работы па інфрачырвонай спектраскапіі цэлюлозы, пачатыя ў канцы 1950-х І.​М.​Ярмоленкам, перараслі ў інтэнсіўныя даследаванні вагальных спектраў вугляводаў (мона-, ды- і поліцукрыдаў) з мэтай устанаўлення структуры і ўласцівасцей рэчываў гэтага класа (Р.​Г.​Жбанкоў). Метадамі спектраскапіі камбінацыйнага рассеяння, у асаблівасці гіганцкага, вывучаецца будова біялагічна актыўных рэчываў, у т. л. лекавых прэпаратаў (Г.​А.​Гачко, С.​А.​Маскевіч і інш.). На аснове спектраскапічных метадаў распрацаваны фотарэфрактыўныя і вадкія крышталі (ВК) для аптычных сістэм апрацоўкі інфармацыі (А.​А.​Кавалёў, У.​А.​Піліповіч і інш.); вывучаюцца міжмалекулярныя ўзаемадзеянні ў ВК і распрацоўваюцца ВК-матэрыялы для электрааптычных устройстваў (А.​А.​Мінько і інш.). Праведзена вялікая праца па ўкараненні метадаў атамнага спектральнага аналізу ў заводскіх лабараторыях (У.​С.​Буракоў, А.​А.​Янкоўскі). Вынікі даследаванняў па спектраскапіі і люмінесцэнцыі значна ўплываюць на развіццё хіміі, геахіміі, біяхіміі, экалогіі, распрацоўку вытворчых тэхналагічных працэсаў. Для правядзення даследаванняў і аналізаў метадамі спектраскапіі і люмінесцэнцыі створаны цэнтры калектыўнага карыстання высакаякасным абсталяваннем: Аддзел аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Цэнтр крыягенных даследаванняў у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Аддзел фізіка-хімічных метадаў даследаванняў у Ін-це фізіка-арганічнай хіміі Нац. АН Беларусі. З 1964 выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии». Дасягненні бел. вучоных у галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі адзначаны Ленінскай прэміяй (М.​А.​Барысевіч, В.​У.​Грузінскі, В.​А.​Таўкачоў), 2 Дзяржаўнымі прэміямі СССР (А.​А.​Кавалёў, У.​А.​Піліповіч, К.​М.​Салаўёў), 4 Дзярж. прэміямі Беларусі (М.​А.​Барысевіч, А.​П.​Блахін, Б.​А.​Бушук, І.​Дз.​Валатоўскі, Я.​С.​Варапай, В.​А.​Гайсёнак, І.​М.​Гуліс, Г.​П.​Гурыновіч, С.​В.​Конеў, У.​М.​Мажуль, У.​А.​Павядайла, Л.​Р.​Пікулік, А.​М.​Рубінаў, К.​М.​Салаўёў, К.​І.​Слабажаніна, В.​А.​Таўкачоў, У.​І.​Томін, Я.​А.​Чарніцкі).

Літ.:

Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;

Бураков В.С., Янковский А.А. Практическое руководство по спектральному анализу. Мн., 1960;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;

Степанов Б.И., Грибковский В.П. Введение в теорию люминесценции Мн., 1963;

Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры целлюлозы и ее производных. Мн., 1964;

Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;

Гуринович Г.П., Севченко А.Н., Соловьев К.Н. Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений. Мн., 1968;

Грибковский В.П. Теория поглощения и испускания света в полупроводниках. Мн., 1975;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Володько Л.В., Комяк А.И., Умрейко Д.С. Ураниловые соединения. Т. 1. Мн., 1981;

Гайсенок В.А., Саржевский А.М. Анизотропия поглощения и люминесценции многоатомных молекул. Мн., 1986;

Кузьмицкий В.А., Соловьев К.Н., Цвирко М.П. Спектроскопия и квантовая химия порфиринов // Порфирины: спектроскопия, электрохимия, применение. М., 1987;

Воропай Е.С., Торпачев П.А. Техника фотометрии высокого амплитудного разрешения Мн., 1988;

Панов В.П., Жбанков Р.Г. Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988;

Черницкий Е.А., Слобожанина Е.И. Спектральный люминесцентный анализ в медицине. Мн., 1989;

Сытько В.В., Умрейко Д.С. Фотоника соединений шестивалентного урана. Гомель, 2000;

Спектроскопия и люминесценция // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

П.​А.​Апанасевіч, К.​М.​Салаўёў, В.​А.​Таўкачоў.

Лаўрэаты Ленінскай прэміі 1980 (злева направа): В.​А.​Таўкачоў, М.​А.​Барысевіч, В.​У.​Грузінскі.

т. 18, кн. 2, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКІЯ ДЫВАНЫ́»,

акцыянернае т-ва ў Віцебску. Дзейнічае з 1947 як дывановы камбінат (створаны на базе Віцебскай лёнапрадзільнай фабрыкі «Дзвіна»). У 1970 у склад камбіната ўвайшла Віцебская ф-ка нятканых матэрыялаў (створана ў 1947 як лёнапрадзільна-шпагатная ф-ка). У 1978 пушчана ф-ка прашыўных дывановых вырабаў. З 1980 дывановае вытв. аб’яднанне, з 1994 сучасная назва. Уключае ф-кі: ткацка-аддзелачную, прашыўных дывановых вырабаў, нятканых матэрыялаў. Асн. прадукцыя (1997): дываны і дывановыя вырабы (жакардавыя і аксмінстэрскія паўшарсцяныя), дарожкі ворсавыя машыннай выпрацоўкі паўшарсцяныя і з хім. валокнаў, прашыўныя (тафтынгавыя) дывановыя пакрыцці, швейны і мэблевы вацін, байка для абутку.

Развіццё тканых маст.-прамысл. вырабаў «Віцебскіх дываноў» адбывалася ў рэчышчы агульных тэндэнцый усх. і еўрап. дывана з выкарыстаннем традыцый бел. дыванаткацтва. Гісторыя стварэння дываноў звязана са станаўленнем на Беларусі ворсавага дывана машыннай вытв-сці. У канцы 1940-х—1950-я г. для набіўных стужкавых жакардавых дываноў мастакі Т.​Гусева, М.​Дзёмін, З.​Луданэ, Г.​Саленікава, В.​Сенькіна, І.​Шурупаў выкарыстоўвалі кампазіцыйныя схемы класічнага ўсх. дывана, з выразна акрэсленым цэнтрам і шлякам. У іх пераважалі матывы традыц. бел. арнаменту са строгай монакампазіцыяй і буйнымі геаметрызаванымі формамі (ромб, крыж), выкарыстоўвалася і арнаментыка інш. народаў свету (дываны «Беларускі», «Слуцкі», «Фестывальны»). У 1960—70-я г. сталі больш пашыранымі аксмінстэрскія дываны, якія побач з прутковым жакардам складалі аснову асартыменту; змяніліся суадносіны іх асн. элементаў, часцей выкарыстоўваліся рапортныя кампазіцыі з эклектычным спалучэннем формаў, іх каларыстычная гама стала больш светлая. З 2-й пал. 1970-х г. асвойваецца вытв-сць тафтынгавых пакрыццяў з рэльефным і друкаваным малюнкам. Мастакі Я.​Папова, У.​Федаровіч, В.​Шастоўскі шукаюць новыя маст. вырашэнні, шляк замяняецца бардзюрам, больш цэльным становіцца каларыт («Акцэнт», «Раслінны», «Рубін»). Цэнтр. месца ў кампазіцыях дываноў канца 1980-х г. адведзена асацыятыўным вобразам (мастакі Г.​Бычкоўская, М.​Кабанова, А.​Свірыдзенка, Л.​Цыбульская), складаны арнамент (пераважаюць раслінныя формы ці геам. абстракцыі) набыў жывапіснасць, падкрэслена гарманічным і вытанчаным стаў каларыт («Калейдаскоп», «Лотас», «Рытм»). Віцебскія дываны экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Алжыры, Англіі, Бразіліі, Галандыі, Індыі, Турцыі, Францыі і інш.

Л.​А.​Федарук Л.​А.​Федарчук, М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Віцебскія дываны. Л.​Цыбульская. Жакардавы дыван. 1993.
Да арт. Віцебскія дываны. Я.​Папова. Жакардавы дыван. 1995.
Да арт. Віцебскія дываны. М.​Кабанова. Аксмінстэрскі дыван. 1992.
Да арт. Віцебскія дываны. У.​Федаровіч. Аксмінстэрскі дыван. 1995.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)