АРХІТЭКТО́НІКА

(ад грэч. architektonikē будаўнічае мастацтва),

мастацкае выяўленне заканамернасцяў будовы, уласцівых канструкцыйнай сістэме будынка, круглай скульптуры, аб’ёмным творам дэкар. мастацтва; у шырокім сэнсе — будова маст. твора (карціны, сімфоніі, кінафільма, рамана і г.д.), якая абумоўлівае суадносіны яго гал. і другарадных элементаў.

У архітэктуры выяўляецца ў суразмернасці, супадпарадкаванасці, прапарцыянальнасці, маштабнасці, рытмічнасці ўсіх элементаў будынкаў і збудаванняў. Садзейнічае цэласнаму эстэт. ўспрыманню арх. твора, у якім арганічна спалучаюцца яго лагічная функцыян.-канструкцыйная аснова, кампазіцыя, дэкор і інш. Кожны арх. стыль надае своеасаблівасць архітэктоніцы пэўнай эпохі. У ант. архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма найб. дасканалая і гарманічная была архітэктоніка класічнага арх. ордэра, заснаванага на маст. перапрацоўцы стоечна-бэлечнай сістэмы. У готыцы і ў эпоху Адраджэння маст. выразнасць будынкаў грунтавалася на архітэктоніцы арачных канструкцый. У архітэктуры барока архітэктоніка найчасцей грунтавалася на апасродкаваным выяўленні з дапамогай ордэрных элементаў дэкору дынамікі канструкцый. У эпоху класіцызму архітэктоніка базіравалася на выразных гарманічных прапорцыях, сіметрыі, ураўнаважанасці аб’ёмаў, выкарыстанні класічных ордэрных кампазіцый. Дасканаласць архітэктонікі нар. драўлянага дойлідства ў непарушным адзінстве шматвяковага развіцця яе арх. формы і функцыян.-канструкцыйнага зместу.

У літаратуры — агульная будова літ. твора, якая выяўляецца ў спалучэнні яго частак і элементаў, у сродках гарманічнага афармлення і структурнай арганізацыі твора як адзінага маст. цэлага. Своеасаблівасць архітэктонікі залежыць ад ідэйнай задумы твора, жанравых законаў, індывід. аўтарскага стылю. Падзел твора на часткі і раздзелы мае творчы, змястоўны характар, а паслядоўнасць іх чаргавання, узаемасувязі вызначаюцца яго ўнутр. будовай — кампазіцыяй. Некаторыя вял. эпічныя творы складаюцца з «кніг» («Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака — з 2, «Мінскі напрамак» І.Мележа — з 3). Твор з некалькіх самастойных кніг, аб’яднаных сюжэтнай пераемнасцю, набывае форму дылогіі, трылогіі і г.д. У паэзіі архітэктоніка выяўляецца ў сістэме строф, якія ў буйным творы злучаюцца ў раздзелы ці часткі. Цвёрдая страфа (санет, трыялет, рандо і інш.) складае закончаны твор. У драматургіі змест падзяляецца на дзеі (акты), апошнія — на карціны (з’явы).

А.М.Кулагін, А.М.Пяткевіч.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)