лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.
Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАО́СКАЯ МО́ВА,
адна з тайскіх моў (паўд.-зах. падгрупа). Мова лао, дзярж. мова Лаоса. Пашырана таксама на ПнУ Тайланда. Некалькі дзесяткаў блізкіх дыялектаў і гаворак. У Лаосе гаворкі і дыялекты складаюць 3 групы: цэнтр., паўн., паўднёвую. У аснове літ. мовы в’енцьянскі дыялект.
Л.м. — танальная (5—7 тонаў у розных дыялектах), у аснове — монасілабічная (спрадвечная лексіка аднаскладовая). Ізаляваная мова, грамат. катэгорыі выражаюцца пераважна аналітычна, парадак слоў фіксаваны. Асн.ч. лексікі агульная з тайскімі мовамі, шмат запазычанняў з палі і санскрыту. Найб. раннія помнікі 15 ст. (пераважна эпіграфічныя). 2 асн. віды пісьменнасці: цывільнае пісьмо «туа лао» (асн.сродак фіксавання мовы) і «туа тхам» (духоўнае пісьмо для запісу рэліг. тэкстаў); абодва паўд.-інд. паходжання (гл.Індыйскае пісьмо). Найб. раннія з вядомых літ. помнікаў — «Прынц Хунг» (15—16 ст.).
Літ.:
Морев Л.Н., Москалев А.А., Плам Ю.Я. Лаосский язык. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦКІ СУД,
суд у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст., які ствараўся канфедэрацыямі замест дзярж. судоў як сродак у барацьбе з паліт. праціўнікамі. На Беларусі К.с. былі створаны Таргавіцкай канфедэрацыяй. Дзейнічалі ў Браславе, Віцебску, Ваўкавыску, Лідзе, Мінску, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слоніме, Слуцку і інш. Разглядалі справы аб крымінальных злачынствах супраць дзяржавы і дзеяннях асоб супраць канфедэрацыі, а таксама справы аб даўгах, зборах дзярж. чыншу. Суддзі (консулы) выбіраліся канфедэратамі, старшынёй суда, як правіла, быў маршалак канфедэрацыі ў адпаведным павеце. К.с. прымалі да разгляду справы ў тым выпадку, калі хоць бы адным з бакоў выступаў шляхціц. Працэдура суда была аналагічная працэдуры земскага суда. Прыгаворы (выракі) прымаліся тайным галасаваннем. Апеляцыі маглі падавацца ў суд Ген. канфедэрацыі. К.с. меў права ажыццяўляць прыгавор з дапамогай войска. Скасаваны разам з Ген. канфедэрацыяй Гродзенскім сеймам 15.9.1793.
расійскі педагог, анатам і ўрач, адзін з заснавальнікаў школьнай гігіены і ўрачэбнапед. кантролю ў фіз. выхаванні. Д-р медыцыны (1865), хірургіі (1868). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1861). Працаваў ва ун-тах Пецярбурга, Казані, у Гал. упраўленні ваенна-навуч. устаноў. Выступаў за развіццё нар. адукацыі, у т. л. жаночай. У 1896 стварыў Курсы выхавальніц і кіраўніц фіз. выхавання, на базе якіх у 1919 адкрыты Дзярж.ін-тфіз. адукацыі імя Л. (Ін-тфіз. культуры імя Л.). Гал. прынцып адукац. тэорыі Л. — адзінства фіз. і разумовага развіцця чалавека. Сістэму накіраваных практыкаванняў разглядаў як сродакфіз., разумовага, маральнага і эстэт. выхавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ННЫ ЗАГАРАДЖА́ЛЬНІК,
1) баявы карабель, прызначаны для пастаноўкі мінных загарод. Падзяляюцца на надводныя і падводныя. Надводныя бываюць марскія, рачныя, спец. пабудовы і пераабсталяваныя з караблёў, трансп. і дапаможных суднаў. Водазмяшчэнне да 3200 т, скорасць да 20 вузлоў (37 км/гадз). Узбраенне — марскія (рачныя) міны, для самаабароны — зенітна-артыл. зброя. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.
На Беларусі ў 1940—41 у складзе Пінскай ваеннай флатыліі быў рачны М.з. «Піна» (б. колавы буксірны параход), які ў пач.Вял.Айч. вайны ўдзельнічаў у баях на Дняпроўска-Бугскім канале і Прыпяці. Патануў 28.8.1941.
2) Сродакінж. ўзбраення для хуткай мех. устаноўкі мін у грунт.
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен до наших дней. СПб., 1994;
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕ́ЖНЫ КРЭДЫ́Т,
крэдыт на аплату разліковых дакументаў пры наяўнасці ў плацельшчыкаў (пакупнікоў) часовых фін. цяжкасцей, што ўзнікаюць у сувязі з несупадзеннем тэрмінаў паступлення сродкаў і плацяжоў або па інш. прычынах. Выдаецца з пазыковых рахункаў, на якіх банк улічвае прадастаўленне і вяртанне крэдыту на аплату прадукцыі, аказанне паслуг і выкананне работ, на пагашэнне дэбетавага сальда па заліку ўзаемных патрабаванняў (яно ўзнікае, калі сума плацяжоў большая за суму паступленняў сродкаў, і паказваецца ў актыве бухгалтарскага балансу), дакументаў па пераразмеркаванні абаротных і інш. сродкаў, на выплату заработнай платы. Разліковымі дакументамі з’яўляюцца аформленыя ў пісьмовым выглядзе запатрабаванні або даручэнні прадпрыемстваў, аб’яднанняў, арг-цый і ўстаноў на пералічэнне грашовых сродкаў у безнаяўным парадку за адпушчаныя (адгружаныя) таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы і паслугі. Асн. з іх: плацежныя запатрабаванні, плацежныя даручэнні і разліковыя чэкі (гл.Плацежны сродак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНАЯ КІСЛАТА́, ортаборная кіслата,
слабая неарганічная кіслата (H3BO3). Бясколерныя крышталі, шчыльн. 1480 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, лепш у гарачай (пры 0 °C у 100 г вады раствараецца 2,6 г борнай кіслаты, пры 100 °C — 39,7 г).
У прыродзе існуе як мінерал сасалін, а таксама ў тэрмальных водах і прыродных расолах, з якіх яе атрымліваюць. Вышэй за 70 °C борная кіслата страчвае ваду і ператвараецца ў метаборную кіслату (HBO2), пры награванні да 160 °C — у аксід бору. У водных растворах існуюць паліборныя кіслоты (nB2O3∙mH2O), у свабодным стане выдзелены толькі іх солі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, эмаляў, цэментаў, флюсаў, мыйных і касметычных сродкаў, як антысептычны, дэзінфекцыйны і кансервавальны сродак, інгібітар карозіі, рэагент у фатаграфіі, мікраўгнаенне. ГДК у сцёкавых водах сан.-быт. прызначэння 0,5 мг/л. Мазі, пасты, прысыпкі з борнай кіслатой і борны спірт (раствор борнай кіслаты ў спірце) выкарыстоўваюць як лек. сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЦІКІ, аканіт (Aconitum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на зарослых хмызняком і вольхай шэрай схілах рачных берагоў вельмі рэдка трапляюцца боцікі шарсцістагубыя (A. lasiostomum) і боцікі паўночныя, або высокія (A. septentrionale); занесены ў Чырв. кнігу. У бат. садах, парках і на кветніках вырошчваюцца 6 інтрадукаваных відаў — боцікі Вільсана (A. wilsonii), боцікі павойныя (A. volubile), боцікі пірамідальныя (A. pyramidalis), боцікі Фішэра (A. ficheri), боцікі фіялетавыя (A. napellus), боцікі Штэрка (A. stoerkianum).
Шматгадовыя травяністыя караняклубневыя або карэнішчавыя расліны. Сцябло простае або галінастае, прамастойнае ці зрэдку павойнае, выш. 100—250 см. Лісце чаргаванае, далонепадобнарассечанае, на чаранках. Кветкі жоўтыя, сінія, фіялетавыя, рэдка белыя, буйныя, няправільныя (верхні пялёстак накшталт шлема), у гронках. Плод — пераважна апушаная шматлістоўка. Лек. (гарачкапаніжальны і болепатольны сродак), дэкар. і ядавітыя (маюць алкалоіды аканіцін, псеўдааканіцін, зангарын) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАЎКА́РЫЯ (Araucaria),
род голанасенных раслін сям. араўкарыевых. Каля 18 відаў. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, на астравах Ціхага ак.Найб. вядомыя араўкарыя высокая, чылійская і бразільская (культывуюцца як дэкар. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і Крыма). На Беларусі араўкарыю высокую вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Хвойныя, пераважна двухдомныя дрэвы, звычайна з плоскай парасонападобнай кронай, выш. да 60—75 м і дыям. ствала да 2,5 м. Галінкі кальчакаватыя, гарызантальна распасцёртыя. Кара тоўстая, баразнаватая, смалістая. Лісце размешчана спіральна, плоскае, скурыстае, ад ланцэта- да шырокаяйцападобнага, часам іголкападобнае, даўж. 4—10 см. Мікрастробілы («мужчынскія шышкі») цыліндрычныя, буйныя — даўж. да 20—25 см і дыям. да 4—5 см. Жаночыя шышкі авальныя, дыям. 7—35 см. Насенне арэхападобнае, з крыльчатай лускавінкай, у некаторых відаў ядомае. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, на выраб мэблі, муз. інструментаў, паперы і інш., смала — як лекавы сродак.
Араўкарыя даўгалістая: галінка з мікрастробілам (мужчынская шышка) і жаночая шышка (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕАТО́РЫКА (ад лац. alea ігральныя косці; выпадковасць),
метад муз. кампазіцыі, які прадугледжвае мабільнасць (незамацаванасць) муз. тканіны ці формы. Узнікла ў 1950-я г., найб. характэрная для прадстаўнікоў авангардызму (Дж.Кейджу, К.Штокгаўзену і інш.). Заснавана на прынцыпе выпадковасці і імправізацыйнасці ў будове муз. твора. Адрозніваюць абсалютную алеаторыку (ахоплівае муз. твор у цэлым) і адносную (увядзенне фрагмента алеаторыкі ў інш. акружэнне; больш пашырана). Як сродак драматургічнага кантрасту, муз. вобразнасці і экспрэсіі алеаторыка сустракаецца ў творах А.Шнітке, Р.Шчадрына, Э.Дзянісава, Ф.Сланімскага, у бел. кампазітараў С.Картэса, Дз.Смольскага, В.Войціка, А.Мдывані, В.Капыцько і інш. Графічны запіс алеаторных твораў (побач з агульнапрынятай натацыяй ужываюцца спец. знакі) пакідае шмат момантаў на меркаванне музыканта, у выніку выканальніцкія версіі істотна адрозніваюцца паміж сабой.
Літ.:
Денисов Э. Современная музыка и проблемы эволюции композиторской техники. М., 1986. С. 112—136.