прыродныя і штучныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце будынкаў і збудаванняў. Да будаўнічых матэрыялаў належаць прыродныя каменныя, лясныя, керамічныя, арган. і мінер. вяжучыя, метал., кампазіцыйныя, цепла- і гідраізаляцыйныя, дахавыя, лакафарбавыя і інш. матэрыялы.
Прыродныя каменныя матэрыялы (бутавы камень, жвір, друз, пясок, гліна і інш.) выкарыстоўваюцца для буд-ва фундаментаў, сцен, дарожнага адзення, падпорных сценак, а таксама для вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу, розных кангламератаў. Лясныя будаўнічыя матэрыялы (бярвёны, брусы, дошкі, вырабы з драўніны) ідуць на буд-ва дахаў, падлог, столяў, аконных і дзвярных блокаў і інш. (гл.Драўнінныя матэрыялы). Керамічныя матэрыялы (цэгла, цагляныя камяні і інш.) прызначаны для буд-ва сцен, вырабы з керамікі — для стварэння сан.-тэхн., дрэнажавальных, электраахоўных і інш. сістэм (гл.Будаўнічая кераміка). Пашыраны ў буд-ве вяжучыя матэрыялы — арган. (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты і інш.) і мінер. (цэмент, вапна, гіпс). Злучэннем мінер. запаўняльнікаў і вяжучых рэчываў атрымліваюць бетоны (цэментна-, асфальта-, жалеза- і палімербетоны) і будаўнічыя растворы (цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя, асфальтавыя і іх спалучэнні). Шырока выкарыстоўваюць будаўнічыя канструкцыі са сталі, алюмініевых сплаваў, кампазіцыйных, металапалімерных і інш. матэрыялаў. Цеплаізаляцыйныя матэрыялы атрымліваюць спяканнем шклянога парашку (шклавата, пенашкло і інш.) або змешваннем розных матэрыялаў; яны маюць нізкую цеплаправоднасць. Гідраізаляцыйныя матэрыялы (гідраізол, металаізол, бітумамінер. тканіны і інш.) маюць павышаную водаўстойлівасць і выкарыстоўваюцца для аховы буд. канструкцый ад вільгаці. Дахавыя матэрыялы (руберойд, пергамін, толь, шклоруберойд і інш.) атмасфера- і водаўстойлівыя. Лакафарбавыя матэрыялы (лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі) — вадкія, паста- ці парашкападобныя саставы. Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
І.І.Леановіч.
Будаўнічыя машыны: а — на базе аднавосевага цягача; б — на базе двухвосевага цягача; 1 — пнеўмашынны каток; 2 — цэментавоз; 3 — грэйдэр-элеватар; 4 — аднакаўшовы пагрузчык; 5 — карчавальнік; 6 — плужны снегаачышчальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЧАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
металічныя матэрыялы, паверхня якіх не паддаецца хім. разбурэнню пад уздзеяннем паветра або інш. акісляльнага газавага асяроддзя пры высокіх т-рах; неметал. матэрыялы (напр., бетон), што не паддаюцца хім. і мех. разбурэнню пры высокіх т-рах. Гарачаўстойлівасць металаў і сплаваў вызначаецца ўласцівасцямі акаліны, якая перашкаджае дыфузіі газаў у глыб металу і развіццю газавай карозіі металаў.
Гарачаўстойлівая сталь слаба акісляецца пры т-ры больш за 550 °C, што абумоўлена шчыльнай і тонкай плёнкай легіравальных элементаў. Мех. ўласцівасці яе паляпшаюць тэрмаапрацоўкай. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці труб, цеплаабменнікаў, дэталей кацельных установак, турбін і інш.Гарачаўстойлівыя сплавы характарызуюцца значным супраціўленнем газавай карозіі металаў пры высокай т-ры (800—1200 °C). Звычайна маюць нікелевую, жалезную або жалеза-нікелевую аснову, а таксама хром, крэмній, алюміній, якія ўтвараюць на паверхні ахоўныя аксідныя плёнкі. Іх гарачаўстойлівасць павышаюць тэрмічнай апрацоўкай, алітаваннем, храміраваннем, нанясеннем розных пакрыццяў. Ідуць на выраб камер згарання, жаравых труб, сапловых лапатак газавых турбін, фарсажных камер і інш.Гарачаўстойлівы бетон захоўвае фіз.-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні т-р да 1770 °C і вышэй. Вяжучымі для яго з’яўляюцца гліназёмісты цэмент, вадкае шкло, партланд-цэмент і інш., запаўняльнікамі — тугаплаўкія і вогнетрывалыя горныя пароды, бой вогнетрывалых вырабаў і інш. Ідзе на будаўніцтва цеплавых агрэгатаў, фундаментаў прамысл. печаў і інш.Гарачаўстойлівы чыгун мае ўстойлівасць супраць інтэнсіўнага акіслення і павелічэння памераў у розных газавых асяроддзях пры павышаных т-рах. Ахоўныя вокісныя плёнкі на ім утвараюцца легіраваннем алюмініем, хромам і крэмніем. Ідзе на выраб дэталей пячнога абсталявання, карпусоў гарэлак і інш.
Г.Г.Паніч.
Канструкцыя з гарачаўстойлівых матэрыялаў (тунэльная печ з гарачаўстойлівага жалезабетону); 1 — панэль скляпення; 2 — сценавая панэль; 3 — цеплаізаляцыя; 4 — фундаментны блок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ВАДэлектрычны,
металічны праваднікэл. току з аднаго (аднажыльны) або некалькіх (мнагажыльны) дратоў. Бываюць неізаляваныя (для паветраных ліній электраперадачы, кантактавых сетакэл. транспарту, антэнных прыстасаванняў) і ізаляваныя (абмотачныя, установачныя, мантажныя, эл. шнуры). Вырабляюцца пераважна з металаў высокай электраправоднасці. Ёсць таксама мікраправады (эмаліраваныя, дыям. да 0,05 мм, для абмотак мікрамашын, шпуль вымяральных і рэгуляваных прылад) і эмаль-правады (пераважна абмотачныя круглага ці прамавугольнага сячэння да 30 мм2 з эл. ізаляцыяй у выглядзе тонкай плёнкі з эмалевага лаку або смалы).
Правады ЛЭП пераважна шматдротавыя сталеалюмініевыя (на адно- ці шматдротавы стальны асяродак навіты слаі алюмініевага дроту), сячэннем да 800 мм2. Падвешваюцца на апорах з дапамогай ізалятараў электрычных і спец. арматуры. Для асаблівых умоў выкарыстоўваюць П. спец. канструкцый (полыя, з антыкаразійнымі запаўняльнікамі і інш.). У кантактавай сетцы ўжываюць медныя ці бронзавыя правады круглага і фасоннага сячэння. Абмотачныя П. — з медзі або алюмінію, круглага ці прамавугольнага сячэння, з эмалевай, шкловалакністай, папяровай і інш. ізаляцый. Ідуць на абмоткі эл. машын, апаратаў, трансфарматараў і інш. Установачныя П. — медныя і алюмініевыя, пераважна круглага сячэння да 500 мм2, з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, для мантажу эл. абсталявання, скрытай і адкрытай праводкі ў жылых і вытв. будынках. П. мантажны — адна і шматдротавы з меднымі токаправоднымі жыламі, з полівінілхларыднай і поліэтыленавай ізаляцыяй, сячэннем да 6 мм2. Выкарыстоўваецца для фіксаванага і гнуткага мантажу электра- і радыёапаратуры, прылад на пультах і шчытах кіравання. Эл. шнуры — з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, 2—3-жыльныя (жылы сячэннем да 1 мм2 з тонкага меднага дроту) для далучэння бытавых электрапрылад і радыёапаратуры. Набываюць пашырэнне звышправодныя П. пераважна са сплаваў ніобію з цырконіем і тытанам у абалонцы з вадкім геліем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКА-ТЭХНІ́ЧНЫНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску (існаваў да 1938). У 1945 у АНБССР створаны фізіка-тэхн. сектар, які ў 1947 рэарганізаваны ў Фізіка-тэхн. ін-т. З 1970 працавала Магілёўскае аддзяленне ін-та (з 1992 самаст.Інстытут тэхналогіі металаўНац.АН Беларусі). У складзе ін-та (1998): эксперым. аддзел з доследнай вытв-сцю, 21 навук. лабараторыя. Аспірантура з 1950 па 6 спецыяльнасцях.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка трываласці і пластычнасці; узаемадзеянне лазернага і плазменнага выпрамянення з рэчывам; лазерныя, электраэразійныя і пучковыя (вакуумныя, іонаплазменныя) тэхналогіі; кампазіцыйныя матэрыялы; малаадходныя тэхналогіі і абсталяванне для машынабудавання і электронікі; камп’ютэрная мультыплікацыя. Распрацаваны: метады фотапластычнасці і муаравых палос; навук. асновы цеплавой тэорыі ліцейных працэсаў, тэрмадынамікі абарачальных і неабарачальных працэсаў; тэорыя, агульная структура і класіфікацыя працэсаў формаўтварэння; тэорыі асобных тэхнал. працэсаў апрацоўкі металаў, асновы тэхнал. працэсаў сінтэзу высакаякасных дыэлектрыкаў рознай таўшчыні і метадаў іх кантролю. Устаноўлены шэраг заканамернасцей пластычнага формаўтварэння; даследаваны фазавыя і структурныя пераўтварэнні, фізіка-мех. ўласцівасці сталей і сплаваў, абгрунтаваны крытэрыі выбару рэжымаў правядзення базавых працэсаў інтэгральных тэхналогій; створаны шэраг новых, у т. л. кампазіцыйных, матэрыялаў. Распрацаваны і асвоены прам-сцю: аўтаматызаваныя комплексы папярочна-клінавой пракаткі; аўтаматызаваныя камп’ютэрныя лазерныя комплексы для тэрмічнай апрацоўкі, рэзкі і зваркі матэрыялаў; тэхналогіі і абсталяванне для імпульснай і магнітна-абразіўнай апрацоўкі, нанясення каразійнаўстойлівых, гарачатрывалых і дэкар. пакрыццяў, вырабу інструменту рознага прызначэння; бранявыя матэрыялы для асабістай засцярогі і аховы спецтэхнікі, бязнікелевыя высокатрывалыя чыгуны, літыя эўтэктычныя і валакністыя кампазіцыйныя, антыфрыкцыйныя алюміній-графітавыя матэрыялы. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 10 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працавалі акад.АНБССР М.С.Акулаў, Г.А.Анісовіч, Ц.Л.Бурстын, К.В.Гораў, С.І.Губкін, А.І.Кайгарадаў, Я.Р.Канавалаў, В.П.Севярдэнка, А.Н.Сеўчанка, М.М.Сірата, Б.І.Сцяпанаў, В.М.Чачын, чл.-кар. М.М.Бадзяка, А.В.І.Вейнік, М.У.Румак; працуюць акад.Нац.АН Беларусі С.А.Астапчык (дырэктар з 1983), А.В.Сцепаненка, П.І.Яшчарыцын. чл.-кар. А.І.Гардзіенка, Л.І.Гурскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ,
працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб.эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л.бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.
Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш.сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш. Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.
Д.М.Кукуй.
Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.Да арт.Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна каляровай металургіі, якая ўключае прадпрыемствы па здабычы алюмініевай сыравіны і вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду), металічнага алюмінію, крэмнію, алюмініева-крэмніевых сплаваў (сілуніту), фторыстых соляў і інш. (больш за 200 відаў прадукцыі). Па аб’ёме вытв-сці і выкарыстанні алюміній у сусв. эканоміцы займае 1-е месца сярод каляровых металаў. Алюмініевая сыравіна — баксіты, нефелін-апатытавыя і алунітавыя руды, нефелінавыя канцэнтраты і інш. (гл.Алюмініевыя руды). Адна з найб. энергаёмістых галін металургіі (на вытв-сць 1 тметал. алюмінію патрэбна каля 18 тыс.кВт∙гадз электраэнергіі), таму яе размяшчэнне залежыць ад наяўнасці крыніц таннай электраэнергіі.
Узнікла ў 1886, калі быў адкрыты спосаб атрымання алюмінію электролізам гліназёму (ЗША, Францыя). Хуткае развіццё алюмініевай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. звязана з вынаходствам гідрахім. спосабу вытв-сці гліназёму з баксітаў і вял. попытам на алюміній, асабліва ў сувязі з ростам авіяцыі. У б.СССР алюмініевая прамысловасць створана ў 1932—33 на энергет. базе першых буйных гідраэлектрастанцый (Волхаўскі і Дняпроўскі алюм. з-ды; пазней пабудаваны буйныя прадпрыемствы на Урале і ў Сібіры). Хуткі рост алюмініевай прамысловасці выклікаў павелічэнне здабычы баксітаў у свеце. Пасля 2-й сусв. вайны знойдзены багатыя радовішчы баксітаў у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, пазней — у Аўстраліі. Сусв. здабыча баксітаў 92,5 млн.т (1984), найб. — у Аўстраліі і Гвінеі (49% сусв. рэсурсаў), на Ямайцы. Буйнейшыя вытворцы гліназёму — Аўстралія, ЗША Ямайка. Асн. імпарцёры баксітаў і гліназёму — ЗША, Канада, Японія, Нарвегія. Вытв-сць першаснага алюмінію (ступень ачысткі 99,7%) у свеце пастаянна расце, складае каля 16 млн.т (1984), сканцэнтравана ў ЗША, краінах б.СССР, Канадзе і інш. Акрамя першаснага вырабляюць значную колькасць алюмінію высокай ачысткі. Буйныя экспарцёры алюмінію — Канада, Нарвегія, імпарцёры — Японія, ЗША, ФРГ. Вытв-сцю алюмінію займаюцца больш за 80 кампаній (1982), 6 з іх вядучыя транснацыянальныя («Алкэн алюмініум», «Алюмінум компані оф Амерыка», «Рэйналдс металс», «Кайзер алюмінум энд кемікал», «Пешынэ», «Свіс алюмініум»), якія кантралююць 60% здабычы баксітаў, 65% вытв-сці гліназёму, 55% вытв-сці алюмінію.
Сучасная алюмініевая прамысловасць выкарыстоўвае новыя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі нефелін-апатытавых рудаў і нефелінавых канцэнтратаў на гліназём, содапрадукты, цэмент і інш., вядзе пошук новых эканам. тэхналогій атрымання алюмінію з небаксітавых відаў сыравіны. Буйныя запасы такой сыравіны ў ЗША (160 млрд.т), Нарвегіі, Іране, Іспаніі, ФРГ. На Беларусі — багатае радовішча небаксітавай сыравіны — даўсаніту (Заазерскае, паблізу Мазыра) і каалінітавыя гліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́РКА,
нераздымнае злучэнне дэталей машын, канструкцый і збудаванняў пры іх награванні або пластычным дэфармаванні, у выніку якіх у месцы злучэння ўстанаўліваюцца трывалыя міжатамныя сувязі. Вызначаецца прадукцыйнасцю, універсальнасцю і эканамічнасцю. Пашырана ў прам. вытв-сці і буд-ве (гл.Зварныя канструкцыі). Найб. значэнне мае З. металаў і сплаваў; зварваюць таксама пластмасу, шкло, кераміку і інш.
Адрозніваюць З. плаўленнем і З. ціскам (пластычным дэфармаваннем). Да З. плаўленнем адносяцца: адзін з відаў высокачастотнай зваркі, газавая зварка, дугавая зварка, у т. л.газаэлектрычная зварка і падводная (гл.Падводная зварка і рэзка), лазерная зварка, плазменная зварка, электрашлакавая зварка, электронна-прамянёвая зварка і інш. Да З. ціскам адносяцца: адзін з відаў ВЧ-зваркі, кантактавая зварка, зварка выбухам, зварка трэннем, ультрагукавая зварка, халодная зварка, дыфузійная зварка і інш. У залежнасці ад віду зварачнага абсталявання адрозніваюць ручную, механізаваную і аўтам.
З.; ад спосабу аховы зварнога шва ад шкоднага ўздзеяння паветра — З. ў ахоўных газах, у вакууме, пад флюсам, з аховай шлакам; ад тыпу электродаў — З. плаўкімі і няплаўкімі (вугальнымі, вальфрамавымі і інш.) электродамі. Да зварачных адносяць таксама працэсы пайкі, наплаўкі і інш. Найпрасцейшыя віды З. (кавальская зварка, ліцейная) узніклі з пачаткам вытв-сці і апрацоўкі металаў. Найб. пашыраныя віды электразваркі (дугавая, кантактавая) створаны ў 19 ст. ў выніку прац В.У.Пятрова, М.М.Бенардоса, М.Г.Славянава і інш. Першую гарэлку зварачную (ацэтыленакіслародную) сканструяваў франц.інж. Э.Фушэ (1903). Праблемы З. вывучаюцца ў Ін-це электразваркі АН Украіны і інш. Важныя даследаванні ў галіне З. правялі Я.А.Патон, Б.Я.Патон, Г.А.Нікалаеў, М.М.Рыкалін, К.К.Хрэнаў і інш.
Літ.:
Сварка в СССР. Т. 1—2. М., 1981;
Руге Ю. Техника сварки: Справ. Пер. с нем. Ч. 1—2. М., 1984;
Гурд Л.М. Основы технологии сварки: Пер. с англ.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў цэнтр.ч. Украіны, у міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Утворана 10.1.1939. Пл. 24,6 тыс.км². Нас. 1224,8 тыс.чал. (1996), гарадскога 59%. Цэнтр — г.Кіраваград. Найб. гарады: Александрыя, Светлаводск, Знаменка.
Прырода. К.в. займае паўд.ч. Прыдняпроўскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. — 269 м. Паверхня хвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: буры вугаль, нікелевыя і жал. руды, торф, графіт, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (граніт, лабрадарыт, кварцыт, мергель). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 420—470 мм за год. Гал. рэкі: Дняпро (з прытокам Інгулец) і Паўд. Буг (з прытокамі Інгул і Сінюха). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ чаргуюцца з участкамі шэрых і цёмна-шэрых ападзоленых лясных глеб. Стэпы ўзараныя. Пад лесам (дуб, граб, ясень, клён) і хмызнякамі каля 150 тыс.га.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, паліўная, харчовая. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці с.-г. агрэгатаў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, дызельных рухавікоў, радыёпрылад, пішучых машынак. Каляровая металургія прадстаўлена Пабугскім нікелевым з-дам і Светлаводскімі з-дамі чыстых металаў і цвёрдых сплаваў. Здабыча і брыкетаванне бурага вугалю (Дняпроўскі вугальны басейн). На яго базе працуе хім.прам-сць (з-д горнага воску). Здабываюць жал. руду, графіт, граніт, лабрадарыт. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай ГЭС, шэрагу ЦЭС і невял. ГЭС. Развіта харч.прам-сць, пераважна цукровая. Ёсць прадпрыемствы маслатлушчавай, мясной, малочнай, сыраварнай, мукамольнай, кандытарскай, спіртавой прам-сці. Шэраг камбікормавых з-даў, Лёгкая прам-сць (швейная, трыкат., абутковая, гарбарная). Прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (у т. л. мэблевай). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (з-ды шчэбеневы, цагельны, жалезабетонных вырабаў). Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2050 тыс.га, у т. л. пасяўная пл. займае каля 1700 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, ячмень), тэхн. культуры (цукр. буракі, сланечнік, соя, каляндра), бульбу, агародніну. Масівы арашальных зямель. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і авечкагадоўля. Пчалярства. Сажалкавая рыбагадоўля. Гал. чыгункі: Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Кіеў—Мікалаеў; аўтадарогі: Кіеў—Адэса, Кіраваград—Мікалаеў, Кіеў—Днепрапятроўск, Харкаў—Адэса. Суднаходства па р. Дняпро. Аэрапорт у г. Кіраваград.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
навука аб прынцыпах і метадах вывучэння саставу рэчываў. Уключае тэарэт. асновы хім. аналізу, метады вызначэння кампанентаў у рэчывах ці матэрыялах, сістэм. аналіз канкрэтных аб’ектаў. Тэарэт. асновы аналітычнай хіміі — метралогія хім. Аналізу (апрацоўка вынікаў); вучэнне аб адборы і падрыхтоўцы аналітычных проб, складанні схемы і выбары метадаў, прынцыпах і шляхах аўтаматызацыі аналізу. Аналітычная хімія звязана з дасягненнямі фізікі, матэматыкі, біялогіі, розных галін тэхнікі. Асаблівасць аналітычнай хіміі — вывучэнне індывід. спецыфічных уласцівасцяў і характарыстык аб’ектаў. У залежнасці ад мэты аналізу адрозніваюць якасны аналіз і колькасны аналіз; у залежнасці ад кампанентаў, якія неабходна выявіць — ізатопны аналіз, элементны аналіз, структурна-групавы (у т. л.функцыянальны аналіз), малекулярны і фазавы аналіз; у залежнасці ад прыроды рэчыва — аналіз арган. і неарган. рэчываў. Вызначэнне рэчыва ці кампанента праводзяць хімічнымі (гравіметрычны аналіз, цітрыметрычны аналіз), фізіка-хімічнымі (электрахім., фотаметрычны аналіз, кінетычныя метады аналізу), фізічнымі (спектральныя, ядзерна-фіз. і інш.) і біял. метадамі аналізу. Практычна ўсе метады аналітычнай хіміі заснаваны на залежнасці ўласцівасцяў аб’ектаў, якія можна мераць (маса, аб’ём, святлопаглынанне, эл. ток і інш.), ад іх саставу.
Заснавальнікам аналітычнай хіміі як навукі лічыцца Р.Бойль, які ўвёў паняцце «хімічны аналіз». Класічная аналітычная хімія (17—18 ст.) выкарыстоўвала пераважна гравіметрычны і цітрыметрычны метады аналізу. Да 1-й пал. 19 ст. адкрыты многія хім. элементы, выдзелены састаўныя часткі некаторых прыродных рэчываў, устаноўлены пастаянства саставу закон, кратных адносін закон, масы захавання закон. Распрацаваны сістэматычны аналіз (ням. хімікі Г.Розе, К.Фрэзеніус і рус. хімік М.А.Мяншуткін), створаны цітрыметрычны аналіз арган. злучэнняў (ням. хімік Ю.Лібіх). У канцы 19 ст. складалася тэорыя аналітычнай хіміі, заснаваная на вучэнні аб хім. раўнавазе ў растворах з удзелам іонаў (у асн. В.Оствальд). У 20 ст. з’явіліся метады мікрааналізу арган. злучэнняў (аўстр. хімік Ф.Прэгль), паляраграфіі (чэшскі хімік Я.Гейраўскі), рус. біяхімікам М.С.Цветам адкрыты метад храматаграфіі (1903) і створаны яго варыянты. Развіццё сучаснай аналітычнай хіміі звязана са з’яўленнем мноства фізіка-хім. і фіз. метадаў аналізу (мас-спектраметрычны, рэнтгенаўскі, ядзерна-фізічныя). Прапанаваны плазмавыя крыніцы току для атамна-эмісійнага аналізу, распрацаваны метады фотаметрычнага аналізу, атамна-адсарбцыйнай спектраскапіі. У сувязі з неабходнасцю аналізу ядз., паўправадніковых і інш. матэрыялаў высокай чысціні створаны радыеактывацыйны аналіз, хіміка-спектральны, іскравая мас-спектраметрыя, вольтамперметрыя — метады, што дазваляюць вызначыць дамешкі ў чыстых рэчывах з канцэнтрацыяй да 10−7—10−8%. Распрацаваны метады неперарыўнага і дыстанцыйнага аналізу. Перавага аддаецца метадам неразбуральнага кантролю, лакальнага аналізу (рэнтгенаспектральны мікрааналіз, мас-спектраметрыя другасных іонаў і інш.). Лакальным аналізам карыстаюцца пры аналізе паверхневых слаёў цвёрдых матэрыялаў ці ўключэнняў горных парод.
Сучасная аналітычная хімія карыстаецца аўтам. ці аўтаматызаванымі варыянтамі вызначэння рэчываў. Метады аналітычнай хіміі дазваляюць кантраляваць тэхнал. працэсы і якасць прадукцыі ў многіх галінах вытв-сці, праводзіць пошук і разведку карысных выкапняў. Аналітычная хімія садзейнічала развіццю ат. энергетыкі, электронікі, акіяналогіі, біялогіі, медыцыны, крыміналістыкі, археалогіі, касм. даследаванняў. На Беларусі сістэм. даследаванні па аналітычнай хіміі пачаліся ў 1935 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фіз., хім. і геал. профілю АН, у ВНУ і ведамасных н.-д. установах. Распрацаваны шэраг храматаграфічных метадаў, выдзялення з сумесяў і вызначэння іонаў, комплексаў металаў, алкалоідаў і інш. рэчываў (пад кіраўніцтвам Р.Л.Старобінца); хім. метадаў вызначэння металаў (В.Р.Скараход); даследаваны ўплыў экстракцыйных працэсаў розных тыпаў на функцыянаванне вадкасных і плёначных іонаселектыўных электродаў на аснове вышэйшых чацвярцічных амоніевых соляў (Я.М.Рахманько) і сульфакіслот (У.У.Ягораў). Распрацаваны і ўкаранёны: аніён- і катыёнселектыўныя электроды; нітратамер і іонамер; методыкі вызначэння нітратаў, свінцу, кадмію, вісмуту, ртуці, цынку, алкалоідаў, алкілсульфатаў і інш., газахраматаграфічнага вызначэння фенолаў, пестыцыдаў у вадзе, прадуктах харчавання; экстракцыйна-спектральныя і храматаграфічныя метады аналізу с.-г. аб’ектаў; метады аналізу паўправадніковых матэрыялаў, сплаваў, плёнак, ферытаў.
Літ.:
Золотов Ю.А. Аналитическая химия: Проблемы и достижения. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.
Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.
Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл.Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.П.Берг, А.М.Ляс і інш.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст.артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн. ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац.АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел.політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.
Д.М.Кукуй, У.М.Сацута.
Да арт.Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.