МЕТАЛАФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі цвёрдага цела, які вывучае структуру і ўласцівасці металаў і сплаваў; тэарэт. аснова металазнаўства. Вывучае механізм і кінетыку структурных і фазавых пераўтварэнняў пад уплывам мех., магн., тэрмічных, хім. і інш. уздзеянняў.
Асн. раздзелы М.: мікраскапічная тэорыя металаў (вывучае ўласцівасці на аснове асаблівасцей атамна-крышт. будовы); тэорыя дэфектаў і іх уплыў на ўласцівасці металаў (гл. Дэфекты металаў) тэорыя фаз (вывучае фазавую раўнавагу, пераўтварэнні, гетэрафазныя метал. матэрыялы — сплавы, цвёрдыя растворы; гл. Фаза ў тэрмадынаміцы). Задача М. — стварэнне матэрыялаў з зададзенымі фіз.-мех. ўласцівасцямі на аснове фундаментальных сувязей састаў — структура — уласцівасці метал. матэрыялаў.
На Беларусі даследаванні па праблемах М. праводзяцца з 1960-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, БДУ, БПА.
Літ.:
Уманский Я.С., Скаков Ю.А. Физика металлов: Атом, строение металлов и сплавов. М., 1978;
Физическое металловедение. Т. 1—3. М., 1987.
А.Г.Анісовіч.
т. 10, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)