ЛЕГАТО́ВІЧ (Ігнат Сямёнавіч) (10.8.1796, в. Малая Капліца Гродзенскага р-на — 10.10.1867),
бел. і польскі паэт, педагог. Скончыў дамініканскую школу ў Гродне, Віленскі ун-т (1817). У 1817—39 выкладаў лац. мову і л-ру ў Мінскай гімназіі, у 1839—46 інспектар пав. вучылішчаў у Лепелі, Полацку, Вількаміры. Страціўшы зрок, пакінуў службу і пасяліўся ў Мінску. Вядомы яго адзіны бел. верш антыпрыгонніцкага зместу «Скажы, вяльможны пане...», за надрукаванне якога віленскі альманах «Bojan» («Баян», 1838) быў канфіскаваны. Аўтар навук. працы «Даследаванне пра лісты» (1817), кніг на польскай мове «Эпіграмы» (Вільня, 1848), дыдактычных двухрадковых максімаў «Апафтэгмы» (Вільня, 1854), павучальных кніг для дзяцей і юнацтва. Вядомы і як бібліёграф, выдавец гіст.-літ.помнікаў, перакладчык, збіральнік афарызмаў. Меў багаты кнігазбор з унікальнымі выданнямі. Сябраваў з В.Дуніным-Марцінкевічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАЯ МО́ВА,
мова, якая выйшла з ужытку і вядомая толькі па пісьмовых помніках ці запісах, што дайшлі з часу, калі яна была жывой. Часта захоўваецца ў жывым ужыванні ў якасці мовы культу (копцкая мова як мова богаслужэння ў хрысціян-егіпцян, лацінская мова ў каталіцкай царкве, царкоўнаславянская мова ў праваслаўнай царкве, класічная тыбецкая мова ў ламаісцкай царкве ў манг. народнасцей). Больш рэдкім з’яўляецца адначасовае выкарыстанне М.м. ў якасці саслоўнай (каставай жрэцкай, што звязана з яе культавай роляй) і літаратурнай, напр., санскрыт у стараж. і сярэдневяковай Індыі. М.м. можа выкарыстоўвацца ў навуцы (лац. мова). Лексіка М.м. характарызуецца колькаснай абмежаванасцю, лексемамі, значэнне якіх застаецца невядомым, і лексемамі, якія трапляюцца ў тэкстах толькі адзін раз. У выключных сац. умовах магчыма пераўтварэнне М.м. культу ў размоўную (напр., іўрыт). Многія з М.м. сталі набыткам навукі ў выніку дэшыфроўкі іх пісьмовых помнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАЛО́ЎНЫ ПАШТА́МТ.
Пабудаваны ў 1949—53 у Мінску (арх. У.Кароль). Складаецца з 2 злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага 4-павярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі праспекта Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасада (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вял. аперацыйная зала. Гал. фасад будынка, арыентаваны на праспект Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вял. карынфскага ордэра, масіўныя формы цэнтр. аркі ўвахода з апорамі, якія значна выступаюць за межы плана і высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манум. характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў архітэктуры Беларусі (1980, В.Позняк). Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў архітэктуры Беларусі 1940—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАЗЕ́МНЫЯ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫІ,
высокаарганізаваныя формы жыцця (аб’яднанні разумных істот), якія могуць існаваць ці, магчыма, існавалі ў Сусвеце па-за межамі Зямлі.
Здаўна лічылася, што існуюць планеты, населеныя разумнымі істотамі. Развіццё навукі, палёты міжпланетных касм. апаратаў паказалі, што планеты Сонечнай сістэмы не маюць прыкмет жыццядзейнасці. Імавернасць існавання П.ц. на планетных сістэмах інш. зорак пакуль што не можа быць ацэнена верагодна. У 1960-х г. заснавана міжнар. праграма SETI (Search for ExtraTerrestrial Intelligence — пошук пазаземных цывілізацый), якая дапускае магчымасць рэалізацыі ўмоў жыцця, падобных да зямных (умераныя т-ра і вільготнасць, пастаянная яркасць Сонца і інш.), у інш. месцах Галактыкі. Спробы пошуку іншапланетных цывілізацый не далі канкрэтных вынікаў. Іншы шлях пошуку П.ц. — вывучэнне міфалогіі народаў Зямлі і гіст.помнікаў, якія маглі б сведчыць пра наведванне Зямлі іншапланецянамі. Аднак бясспрэчных доказаў кантакту з прадстаўнікамі П.ц. на Зямлі не знойдзена.
тэрыторыя, якая непасрэдна прылягае да помнікаў гісторыі, археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры і прызначана для захавання і выяўлення іх гісторыка-мастацкіх вартасцяў і мэтазгоднага выкарыстання.
Мяжу ахоўнай зоны вызначаюць, зыходзячы з патрэб забеспячэння найлепшага рэжыму зберажэння і выкарыстання каштоўнасці, найб. поўнага выяўлення яе вартасцяў і ўмоў агляду, з яе тыпу, сістэмы планіроўкі, даступнасці для навук. даследаванняў і наведванняў. Распрацоўваюць ахоўныя зоны на падставе вывучэння літ. і архіўных крыніц, натурных даследаванняў. З устанаўленнем ахоўнай зоны робяць пад’езды і пешаходныя падыходы да каштоўнасці, відавыя пляцоўкі, тэрыторыю азеляняюць і добраўпарадкоўваюць. У межах ахоўных зон горада новае буд-ва дапускаецца пры ўмове яго кампазіцыйнага падпарадкавання гіст. аб’ектам.
Найважнейшыя ахоўныя зоны на Беларусі: тэрыторыі Верхняга і Ніжняга замкаў у Полацку, Замкавая гара ў Гродне, гіст. цэнтр Мінска, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
культурна-асветная арганізацыя ў Вільні ў 1908—15. Створана былымі членамі Віленскага мастацкага гуртка. Мела на мэце аб’яднанне мастакоў незалежна ад нацыянальнасці, развіццё і прапаганду мастацтва ў Віленскай губ., падтрымку мастакоў і маст. устаноў, захаванне стараж.помнікаў мастацтва. Старшыня — кіраўнік горада М.Венслаўскі, віцэ-старшыня І.Рыбакоў. Сярод членаў т-ва — мастак і кампазітар М.Чурлёніс. Т-ва арганізоўвала штотыднёвыя сходы, на якіх ладзіліся гутаркі па розных пытаннях маст. жыцця. У 1909—15 т-ва арганізавала 7 «Вясновых выстаў», у якіх удзельнічалі мясц. мастакі і мастакі з Пецярбурга і Варшавы. Па ініцыятыве т-ва ў Вільні адбыліся выстаўкі «Мастацтва ў жыцці дзяцей» (1909), «Імпрэсіяністы» (снеж. 1909—студз. 1910). З лютага 1913 пры т-ве адкрыта маст. школа, якую ўзначаліў Рыбакоў.
Літ.:
Устав Виленского художественного общества. Вильна, 1908;
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ,
стараж. прадметы, збудаванні, пахаванні, што захаваліся на зямной паверхні, пад зямлёй або пад вадой і з’яўляюцца аб’ектам археал. даследаванняў. Да археалагічных помнікаў адносяцца: выкапнёвыя прылады працы, зброя, упрыгожанні, паселішчы (стаянкі, селішчы, гарадзішчы), рэшткі жытлаў, гідратэхн. збудаванняў, майстэрні, горныя выпрацоўкі, пячоры, стараж. ўмацаваныя лініі (абарончыя валы, равы), дарогі, пабудовы на па́лях, малюнкі і надпісы, высечаныя на асобных камянях і скалах, стараж.арх. помнікі, пахаванні, надмагільныя і культавыя збудаванні (каменныя бабы, следавікі, ідалы, свяцілішчы і інш.). Археалагічныя помнікі — рэчавыя гіст. крыніцы, па якіх можна аднавіць мінулае чалавечага грамадства. На Беларусі выяўлена каля 900 стаянак каменнага і бронзавага вякоў, каля 1500 гарадзішчаў і селішчаў ранняга жал. веку і інш.
Да арт.Археалагічныя помнікі. Умацаванае паселішча бронзавага веку Дун Энгус. Астравы Аран, графства Голуэй, Ірландыя.Да арт.Археалагічныя помнікі. Гарадзішча Індура ў Гродзенскім р-не.Да арт.Археалагічныя помнікі. Курганы каля в. Высачаны Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЯШЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (21.8.1874, г. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.1.1938),
гісторык царк. права, візанцініст, палеограф. Чл.-кар.АНСССР (1925), Берлінскай, Мюнхенскай, Страсбургскай АН Скончыў Пецярбургскі ун-т (1897). З 1905 прыват-дацэнт, з 1909 праф. Пецярбургскага ун-та. Рэдактар «Помнікаў старажытнарускага кананічнага права» (ч. 1, 2-е выд., 1908; ч. 2, вып. 1, 1920), «Агляду прац па славяназнаўстве, 1908—1913» (1909—18), які можна лічыць бібліяграфіяй па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве і л-ры Беларусі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Візантыі» (вып. 1—4, 1912—15). У гады сав. улады праф. Ленінградскага ун-та і гал. бібліятэкар аддзела рукапісаў Публічнай б-кі. Неаднаразова рэпрэсіраваны па абвінавачаннях у шпіянажы і контррэв. дзейнасці. У 1929 засуджаны на З гады турмы, у 1931 — на 5 гадоў лагераў. У 1933 вызвалены. 27.11.1937 арыштаваны і расстраляны разам з двума сынамі і братам. Рэабілітаваны ў 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,
палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял.Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс.чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усе нас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.
Літ.:
Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;
Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛА́ГІН (Анатоль Мікалаевіч) (н. 23.1.1947, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец, гісторык архітэктуры. Канд. мастацтвазнаўства (1986). Скончыў БПІ (1960). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Працы па гісторыі і тэорыі архітэктуры і мастацтва Беларусі: «Архітэктура і мастацтва ракако на Беларусі» (1989), «Адраджэнне готыкі» (1993). Адзін з аўтараў «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 2—3, 1988—89), кн. «Страчаная спадчына» (1998).
Тв.:
Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Помнікі Слоніма. Мн., 1983 (разам з В.Б.Караткевіч);
Дзержинщина: Прошлое и настоящее. Мн., 1986 (разам з А.І.Валахановічам);
Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991. Элітная архітэктура барока Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998;
Ambony rokokowe w kościołach na Białorusi // Biuletyn historii sztuki. 1988. № 1—2.