РЭЛЬЕ́Ф у мастацтве,
двухмерная скульпт. выява на плоскасці; від скульптуры. Спецыфічная асаблівасць Р. — непарыўная сувязь з плоскасцю, якая з’яўляецца фіз. асновай і фонам выявы. Разгортванне кампазіцыі на плоскасці дае магчымасць перспектыўнай пабудовы прасторавых планаў і стварэння ілюзіі акругласці аб’ёмаў, тонкая мадэліроўка форм — адлюстроўваць складаныя шматфігурныя сцэны, арх. і пейзажныя матывы (т.зв. жывапісны Р.). Пры гэтым прасторавыя суадносіны могуць перадавацца ўмоўна, скарочана, а формы адпаведна станавіцца больш плоскімі. Паводле адносін да плоскасці вылучаюць пукаты Р. (барэльеф, гарэльеф) і паглыблены Р. — контррэльеф («негатыў» барэльефа) і кайланагліф (спалучае паглыблены контур і пукатую мадэліроўку выявы). Уключаецца ў кампазіцыі арх. аздаблення і скульпт. помнікаў, бывае самаст. творам. Шырока выкарыстоўваецца ў гліптыцы, медальерным мастацтве, мемарыяльных дошках, пячатках, плакетках.
т. 14, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)