КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ ПАВЕ́ТРАНЫЯ МА́СЫ,

паветраныя масы, якія фарміруюцца над мацерыком пад уздзеяннем подсцільнай паверхні сушы. Характарызуюцца паніжанай вільготнасцю, пераважна слабымі вятрамі, ясным надвор’ем з нізкімі т-рамі зімою (да -35, -40 °C) і цёплымі летам (да 30, 35 °C). Летам яны цяплейшыя, зімою халаднейшыя за марскія. З аддаленасцю ад мора кантынентальнасць павялічваецца.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАМБІ́КСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне ў Мазамбікскім праліве, у зах. ч. Індыйскага ак.; галіна Паўд. Пасатнага цячэння. Накіравана на Пд, уздоўж берагоў Афрыкі, дзе пераходзіць у цячэнне Ігольнага Мыса. Скорасць да 2,8 км/гадз (у перыяд з ліст. да крас.). Сярэдняя т-ра вады на паверхні за год да 25 °C.

т. 9, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛУ́КСКАЕ МО́РА,

міжастраўное мора Ціхага ак., у Малайскім архіпелагу. Знаходзіцца паміж а-вамі Мінданао, Сангіхе, Сулавесі, Сула, Малукскімі і Талаўд. Пл. 274 тыс. км². Найб. глыб. 4970 м. Т-ра вады на паверхні 27—28 °C. Салёнасць 34%. Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 2,2 м). Гал. порт Давао на в-ве Мінданао.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, напрамак распаўсюджвання якой аднолькавы ва ўсіх пунктах прасторы. Фазавыя паверхні П.х. — плоскасці. Рэальныя хвалі можна набліжана лічыць П.х. ў абмежаванай вобласці прасторы, напр., на дастаткова вял. адлегласці ад кропкавай крыніцы хваль. Хвалі, засяроджаныя ў якой-н. вобласці, напр., у хваляводзе, таксама могуць набліжана супадаць з «участкам» П.х.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАВАРО́Т ВАДЫ́ на Зямлі, бесперапынны замкнёны працэс цыркуляцыі вады ў атмасферы, гідрасферы і зямной кары; частка кругавароту рэчываў на Зямлі. Разам з цеплаабаротам і агульнай цыркуляцыяй атмасферы — адзін з асн. кліматаўтваральных фактараў. Адбываецца пад уплывам сонечнай радыяцыі і дзеяннем сілы цяжару. Складваецца з выпарэння вады з паверхні водных аб’ектаў, глебы, расліннага покрыва, пераносу яе паветр. плынямі з месца выпарэння, кандэнсацыі пары і выпадзення атм. ападкаў, перамяшчэння вады па схілах і рэчышчах часовых вадацёкаў (паверхневы сцёк), а пасля інфільтрацыі — у тоўшчы глеб і грунтоў (падземны сцёк). Асн. маса вады выпараецца з паверхні Сусв. акіяна і на яго ж выпадае, а частка пераносіцца паветр. плынямі на сушу. К.в. бывае малы (толькі над акіянамі — акіянічны ці толькі над мацерыком — мацерыковы) і вялікі (уключае акіян і сушу). Колькаснае выяўленне К.в. — водны баланс Зямлі. Некаторыя элементы К.в. могуць мяняцца пад уплывам дзейнасці чалавека. Напр., утварэнне вадасховішчаў і арашэнне павялічвае выпарэнне, асушэнне балот і азёр памяншае яго, адбор падземных вод на водакарыстанне павялічвае паверхневы сцёк і гэтым паскарае К.в.; забруджванне атмасферы паскарае раставанне снегу вясной, наяўнасць ядраў кандэнсацыі садзейнічае выпадзенню ападкаў, каналізацыя рэк паскарае сцёк. Аказваюць уплыў штучнае папаўненне запасаў падземных вод, эрозія глеб і проціэразійныя мерапрыемствы, інтэнсіфікацыя с.-г. дзейнасці і інш.

Тэр. Беларусі ахоплена працэсамі вялікага К.в., якія ўвасабляюцца ў выпарэнні вады ў трапічных і субтрапічных шыротах Атлантычнага ак., зах. пераносе вільгаці на мацярык, кандэнсацыі і выпадзенні ападкаў і наступных этапах цыклічнага руху вады. Адначасова адбываюцца працэсы малога К.в. — частку ападкаў складае вільгаць, перанесеная з акіяна і тая, што ўжо выпадала ў Зах. Еўропе. Магчымы працэсы ўнутрырэгіянальнага выпарэння ападкаў на З Беларусі, пераносу іх у выглядзе вадзяной пары і выпадзення на У рэспублікі. На тэр. Беларусі выпадае прыкладна 146 км³ ападкаў, каля 112 км³ выпараецца, 34 км³ прыпадае на рачны сцёк.

Схема кругавароту вады на Зямлі: 1 — выпарэнне з паверхні акіяна; 2 — выпадзенне ападкаў на паверхню акіяна; 3 — выпадзенне ападкаў на паверхню сушы; 4 — выпарэнне з паверхні сушы; 5 — паверхневы і падземны сцёк у рэкі; 6 — рачны сцёк у акіян; 7 — падземны сцёк у акіян або бяссцёкавую вобласць.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУРТЭХНІ́ЧНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па наданні ворывапрыдатнага стану паверхні с.-г. угоддзяў. Уключаюць расчыстку зямель ад дрэвава-хмызняковай расліннасці, выдаленне пнёў, ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны, знішчэнне купін, выдаленне імховага пачасся, камянёў з паверхні і ворнага гарызонту, планіроўку паверхні, першасную апрацоўку глебы. Выконваюцца на асушальных тарфяна-балотных, забалочаных і залішне ўвільготненых мінер. глебах, а таксама на цалінных, абложных, зарослых хмызняком, засмечаных камянямі, драбнаконтурных землях.

Пры расчыстцы зямель звальваюць дрэвы бульдозерамі або дрэваваламі; зразаюць дрэвава-хмызняковую расліннасць кустарэзамі ці бульдозерамі; карчуюць дрэвы, пні і хмызняк карчавальнікамі. экскаватарамі, трактарамі з тросамі і інш. карчавальнымі машынамі; зграбаюць дрэвава-хмызняковую масу спец. граблямі, падборшчыкамі, валкавальнікамі, пагрузчыкамі ў валы і кучы і знішчаюць іх; фрэзеруюць дрэвава-хмызняковую расліннасць (дыяметрам да 12 см) машынамі глыбокага фрэзеравання з наступным заворваннем рэшткаў драўніны; заворваюць хмызняк балотнымі плугамі; апрацоўваюць расліннасць арбарыцыдамі і выдаляюць драўніну пасля дастатковага згнівання. Ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны робяць узорваннем на глыбіню да 50 см балотнымі плугамі або карчавальнікамі з наступным збіраннем і знішчэннем выдаленай драўніны; знішчэнне купін — фрэзераваннем, прыкочваннем гладкімі або нажавымі каткамі, зразаннем; выдаленне імховага пачасся — заворваннем або мех. разрыхленнем і зграбаннем у валы і кучы, а таксама абпальваннем; выдаленне камянёўкаменяўборачнымі машынамі або карчавальнікамі-пагрузчыкамі; планіроўку паверхніпланіроўшчыкамі, грэйдэрамі, бульдозерамі і інш.; першасную апрацоўку глебы (для разбурэння драўніны і стварэння ворнага гарызонту) — узворваннем, дыскаваннем, фрэзераваннем. Пасля К.р. вядуць работы па акультурванні глебы (вапнаванне, унясенне ўгнаенняў, паглыбленне ворнага слоя і г.д.).

П.​М.​Багаслаўчык.

Да арт. Культуртэхнічныя работы. Машыны для першаснай апрацоўкі глебы: а — навясны хмызнякова-балотны плуг для ўзорвання балот і сухадольных зямель (1 — чаранковы нож, 2 — корпус з адвалам і лемяшом, 3 — механізм рэгулёўкі); б — машына для глыбокага суцэльнага фрэзеравання зямель, якія зараслі хмызняком (1 — адвал, 2 — апорны каток, 3 — пліта для здрабнення драўніны, 4 — фрэза, 5 — ушчыльніковы каток). Некаторыя аперацыі па расчыстцы тэрыторыі і першаснай апрацоўцы глебы: 1—2 — валка дрэў; 3 — карчаванне хмызняку карчавальнікам; 4 — культурнае ўзорванне, 5 — раздзелка пласта (дыскаванне) цяжкай дыскавай бараной; 6 — апрацоўка цяжкай зубавай бараной з вычэсваннем каранёў і пнёў; 7 — фрэзераванне балотнай фрэзай.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙДАРА́ЦКАЯ ГУБА́,

заліў у паўд. частцы Карскага м., каля зах. берагоў п-ва Ямал. Даўж. каля 180 км, шыр. каля ўвахода 78 км, глыб. да 20 м. Т-ра вады на паверхні летам 5—6 °C. У асобныя гады запоўнена льдамі і цяжкапраходная для суднаў у летнія месяцы. Зімой замярзае. Упадаюць рэкі Байдарата і Юрыбей.

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНСАМЕ́Р,

прылада для вымярэння радыяцыйнага балансу. Найб. пашыраны балансамер тэрмаэлектрычны, прыёмная частка якога — 2 тонкія медныя пласцінкі; зачэрненая паверхня адной павернута ўгару і ўспрымае радыяцыю ад Сонца і атмасферы, паверхня другой павернута для Зямлі і адзначае выпрамяненне зямной паверхні і адбітую радыяцыю. Тэрмаэлементы фіксуюць розніцу т-р паміж пласцінкамі, што дае магчымасць вызначаць радыяцыйны баланс.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ВОСЬ,

1) напрамак у аптычна анізатропных крышталях, уздоўж якога святло праходзіць без падвойнага праменепераламлення.

2) Прамая, на якой размешчаны цэнтры ўсіх пераламляльных і адбівальных паверхняў, што ўтвараюць аптычную сістэму (лінзавую, люстраную або люстрана-лінзавую).

3) Вось сіметрыі пераламляльных паверхняў лінзы або адбівальнай паверхні люстэрка; праходзіць праз цэнтры крывізны паверхняў перпендыкулярна да іх.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,

размеркаванне ціску паветра ў атмасферы Зямлі. Характарызуецца ізабарнымі паверхнямі (умоўныя паверхні з аднолькавым ціскам). Складаецца з барычных сістэм — рухомых абласцей паніжанага і павышанага ціску з замкнёнымі (цыклон, антыцыклон) і незамкнёнымі (лагчына, грэбень, седлавіна) ізабарамі. Неаднароднасць ціску ў барычным полі абумоўлівае сістэму паветр. плыняў, размеркаванне т-ры, воблачнасці, ападкаў і інш. метэарал. Элементаў.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)