САЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. societas грамадства + ...метрыя),
эмпірычны кірунак у сацыялогіі і сац. псіхалогіі, які вывучае эмацыянальныя міжасобасныя адносіны ў малых сац. групах; сукупнасць метадаў даследавання малых сац. груп. Тэрмін «С.» ўзнік у канцы 19 ст. ў сувязі са спробамі матэм. вымярэння сац. уплываў паміж людзьмі. Тэарэт. абгрунтаванне С. як метаду пазнання і вымярэння сац. з’яў прапанаваў амер.сац. псіхолаг і псіхіятр Я.Л.Марэна. С. даследуе структуру і дынаміку нефармальных адносін паміж індывідамі ў малых сац. групах, фармулюе заканамернасці эмацыянальных адносін у групах і экстрапалюе вывады на грамадства ўвогуле. Метады С. дазваляюць апісаць абагульненую карціну сімпатый і антыпатый у групе (сацыяграма), вызначыць нефармальных лідэраў і «адрынутых», самаацэнку стану асобы ў групе і інш. Атрыманыя шляхам матэм. разлікаў сацыяметрычныя каэфіцыенты адлюстроўваюць ступень згуртаванасці і ўзаемадзеяння індывідаў у групе.
Літ.:
Морено Дж.Л. Социометрия: Эксперимент. метод и наука об обществе: Пер. с англ.М., 1958;
Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах. Мн., 1976;
Антипина Г.С. Теоретико-методологические проблемы исследования малых социальных групп. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІ́ЗМ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны) у філасофіі, кірунак, згодна з якім агульнае аб’ектыўна існуе, прэваліруе над адзінкавым, канкрэтным і не залежыць ад яго. У адрозненне ад стыхійнага (першаснага) Р., заснаванага на паўсядзённым вопыце чалавека, як перакананне, што рэальнасць пазнаецца шляхам непасрэднага ўспрыняцця, філас. Р. грунтуецца на прызнанні магчымасці апасродкаванага пазнання рэальнасці, яе незалежнасці ад свядомасці індывіда, яго вопыту і ўспрыняцця. Вытокі Р. ў вучэнні Платона аб універсаліях, якія арганізуюць быццё і ствараюць незалежны ад рэчаў ідэальны свет. У адрозненне ад Платона Арыстоцель лічыў, што агульнае існуе ў непарыўнай сувязі з адзінкавым і з’яўляецца яго формай. Вучэнні Платона і Арыстоцеля паслужылі асновай для схаластычнага Р., які вырашаў пытанне аб рэальным існаванні агульных паняццяў (універсалій) і іх анталагічным статусе. Насуперак наміналізму, які прызнаваў рэальнасць толькі рэчаў, Р. абвяшчаў рэальнае і незалежнае ад свядомасці існаванне універсалій. У схаластычным Р. вылучаюць гранічны Р. (засн. на вучэнні Платона) і памяркоўны (на вучэнні Арыстоцеля). Прадстаўнікі гранічнага Р. сцвярджалі, што «ідэі» (думкі Творцы) з’яўляюцца правобразамі рэчаў і як першасныя субстанцыі існуюць у якасці іх сутнасці (Аўгусцін, Іаан Скот Эрыўгена, Гільём з Шампо, Ансельм Кентэрберыйскі, Адэлард Байкі). Больш устойлівым і прымальным для царквы стаў памяркоўны Р., які сінтэзаваў ідэі Арыстоцеля, Авіцэны і хрысц. тэалогіі (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Ф.Суарэс). Паводле Фамы Аквінскага, універсаліі існуюць траяка: як «ідэі» рэчаў, іх правобразы ў божым розуме, як сутнасць рэчаў і як абстрактныя паняцці ў чалавечым розуме. З канца 19 ст. ідэі сярэдневяковага памяркоўнага Р. адрадзіліся ў філасофіі неатамізму і атрымалі далейшае развіццё ў школах «Асацыяцыя рэалістычнай філасофіі» (Дж.Уайлд, М.Чапмен, Р.Паркер і інш.) і «Метафізічнае таварыства» (П.Вейс, Ч.Хартшарн, У.Шэлдан і інш.). З 20 ст. Р. развіваецца як сукупнасць гнасеалагічных вучэнняў і школ, агульная рыса якіх — прызнанне рэальнасці аб’екта пазнання і яго незалежнасці ад свядомасці і пазнавальных актаў (гл.Крытычны рэалізм і Неарэалізм у філасофіі). Сацыяльны Р. — агульнатэарэт. і метадалагічная канцэпцыя, паводле якой сапраўднымі носьбітамі сац. рэальнасці з’яўляюцца звышіндывід, цэласнасці: грамадства, дзяржава, народ, сям’я, а не індывіды (А.Конт, Г.Спенсер, Л.Гумплавіч, М.М.Кавалеўскі, Э.Дзюркгейм). Навуковы Р. — кірунак у сучаснай філасофіі, які грунтуецца на прызнанні аб’ектыўнай рэальнасці і магчымасці яе пазнання ў працэсе эвалюцыі навук. тэорый (Х.Патнэм, У.Селарс, Г.Р.Харэ).
Р. у літаратуры, праўдзівае, канкрэтна-гіст.маст. выяўленне тыповых вобразаў, характараў і сюжэтаў у тыповых сац. абставінах. Першай гіст. формай Р. як рацыянальна абгрунтаванага маст. метаду была л-раАдраджэння. Рэнесансавы Р. з яго маштабнасцю вобразаў, ідэалам свабоднай і духоўна багатай асобы, сцвярджэннем новага гуманіст. погляду на прызначэнне чалавека акрэсліўся ў творчасці Дж.Бакачыо, Ф.Рабле, М.Сервантэса, У.Шэкспіра. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. сфарміраваўся асветніцкі Р. (Д.Дэфо, Г.Філдынг, Д.Дзідро, Г.Лесінг і інш.), арыентаваны на развіццё навук. светапогляду, сац., этычнае і эстэт. выхаванне чалавека-грамадзяніна. Вядучымі кірункамі 2-й пал. 19—20 ст. быў агульны для еўрап. культуры крытычны рэалізм і неарэалізм, а ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі — сацыялістычны рэалізм. З найб. паўнатой рэалістычны метад выявіўся ў сацыяльна арыентаванай л-ры (проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка), неадназначна — у лірыцы.
Гісторыя бел. л-ры засведчыла тэндэнцыі да адлюстравання жыццёвых рэалій у свецкай і агіяграфічнай л-ры сярэдневяковай эпохі. Пачынальнікі гуманіст. рацыяналізму і рэнесансавага Р. на Беларусі — асветнікі і першадрукары Ф.Скарына, В.Цяпінскі, С.Будны, новалац. паэты Мікола Гусоўскі, Я.Вісліцкі, асветнік і пісьменнік Сімяон Полацкі. У палемічнай літаратуры канца 16—17 ст. рэалістычная плынь выявілася як сінтэз красамоўства з рацыяналізмам, лагічнай доказнасці і аргументацыі пісьменніцкай пазіцыі канкрэтнымі фактамі (творчасць І.Пацея, М.Сматрыцкага, І.Руцкага і інш.). Сац. аспекты маст. крытыкі ўзмацніліся ў асветніцкай і рамантычнай л-ры 18—1-й пал. 19 ст., ананімнай паэзіі і публіцыстыцы, у фальклоры травестацыя як метад адлюстравання, крытыка капіталізму). Фальклорны Р., засн. на зніжэнні афіц. і павелічэнні нар. каштоўнасцей, выявіўся ва ўзорах ананімнай паэзіі стылю травесці («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), Арыентацыя на крытычны Р. і асветніцкі рамантызм, прыкметная ў творчасці В.Каратынскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, яскрава выявілася ў паэзіі і публіцыстыцы Ф.Багушэвіча. Сац.-выкрывальніцкія і гратэскавыя формы крытыкі жыцця ў Рас. імперыі характэрны для паэзіі, прозы і публіцыстыкі Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна, публіцыстыкі бел. газет і часопісаў («Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Маладая Беларусь»). Асаблівасць Р. ў бел. л-ры — адзінства з нац.-дэмакратычнай філасофіяй, з прагрэс. неарамантызмам і сімвалізмам, адкрытасць для ўспрымання і нац. адаптацыі дасягненняў агульнаслав. (найперш. рус., укр., польскай) і еўрап.літ. культуры. Ідэі і прынцыпы Р. абгрунтоўваў і прагрэс. рускамоўны друк на Беларусі (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер», «Полесье»). У бел. л-ры 1920—90-х г. выявіліся 3 плыні: афіц.сацыяліст. Р., узвышэнскі «аквітызм» (гл.«Узвышша») як наватарская форма нац.-маст. адраджэння, вяртанне да крытычнага Р. ў спалучэнні з мадэрнісцкімі і постмадэрнісцкімі навацыямі.
Р. у выяўленчым мастацтве. У шырокім сэнсе — уласцівасць мастацтва выяўл. сродкамі адлюстроўваць рэчаіснасць шляхам узнаўлення форм, у якіх аб’ект існуе ў рэальнасці. У такім кантэксце да Р. адносяць маст. творчасць ад першабытнасці да нашых дзён, у аснове якой натуралістычны падыход да перадачы прадметнага асяроддзя, які, у адрозненне ад уласна натуралізму, існуе ў адзінстве з маст. абагульненнем і індывідуалізацыяй вобраза. У вузкім сэнсе — кірунак у мастацтве, гістарычна-тыпалагічная форма маст. свядомасці, уласцівая 19 ст., характэрнай прыкметай якога з’яўляецца адлюстраванне паўсядзённага жыцця, пазбаўленае прыдуманых мастаком сюжэтных калізій і канцэптуальных ідэй. Маст. асаблівасці Р. праявіліся ў 17—18 ст. у творчасці мастакоў Галандыі, Ж.Гудона (Францыя), У.Хогарта (Вялікабрытанія), Д.Хадавецкага (Германія) і інш. Тэрмін «Р» уведзены ў 1836 франц. крытыкам Г.Плашанам. У самаст.кірунак склаўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі ў творчасці Г.Курбэ, які ў «Маніфесце рэалізму» (1855) сфармуляваў паняцце «Р.» як праграмную апазіцыю акад. мастацтву і яго нарматыўнай эстэтыцы. Прынцыпы Р. найб. паслядоўна развіваліся ў творчасці А.Дам’е, а таксама Ж.Ф.Міле, П.Пюві дэ Шавана, Ж.Б.С. Шардэна і інш. У рас. мастацтвазнаўстве храналагічныя межы Р. былі пашыраны да пач. 20 ст. і ўключалі найперш творчасць перасоўнікаў. У 1934 М.Горкі ўвёў паняцце крытычны рэалізм, які фактычна ідэнтычны ўласна Р. Прынцыпы Р. ў трансфармаваным выглядзе былі пакладзены ў аснову метаду сацыялістычнага рэалізму. На Беларусі ў самаст.маст.кірунак не сфарміраваўся. У наш час вызначэнне «Р.» (мастак-рэаліст) часта ўжываецца як сінонім фігуратыўнага мастацтва ў процівагу абстрактнаму мастацтву.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Мастацтва. 2000. № 7—12;
Жураўлёў В.П., Тычына М.А. Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ням. Wiener Klassik),
кірунак у еўрапейскай музычнай культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прадстаўнікі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, творчасць якіх звязана з Венай. Маст. прынцыпы Венскай класічнай школы ўласцівыя музыцы 1780—1810-х г. Дзейнасць кампазітараў школы падрыхтавана маст. вопытам іх папярэднікаў і сучаснікаў, уключаючы італьян. і франц. оперу і інстр. культуру, дасягненні ням. музыкі (Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах і яго сыны, мангеймская школа). Для прадстаўнікоў школы характэрныя універсальнасць маст. мыслення, лагічнасць, дакладнасць маст. Формы. Дынамічнае разуменне імі жыццёвых працэсаў найб. поўна выявілася ў санатнай форме і абумовіла сімфанізм многіх іх твораў. З сімфанізмам у шырокім сэнсе слова звязаны росквіт вядучых інстр. жанраў эпохі — сімфоніі, санаты, канцэрта і камернага ансамбля, канчатковае фарміраванне 4-часткавага санатна-сімф. цыкла (гл.Цыклічныя формы). Дасягненні кампазітараў Венскай класічнай школы ў галіне аркестравай і камерна-інстр. музыкі, у жанрах оперы, месы, араторыі з’яўляюцца вяршынямі сусв.муз. мастацтва. Яны зрабілі велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв. музыкі.
Літ.:
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г.Т. 2. 2 изд. М., 1982;
Rosen Ch. The classical style: Haydn, Mozart, Beethoven, New York, [1972].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ТЭХНІ́ЧНАЙ АКУ́СТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1994 на базе Віцебскага аддзялення Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (існавала з 1975). У складзе ін-та 6 лабараторый. Аспірантура з 1995 па апрацоўцы металаў ціскам і фізіцы цвёрдага цела.
Асн. кірунакнавук. даследаванняў — вывучэнне ўздзеяння канцэнтраваных патокаў энергіі (у т. л. ультрагуку, лазернага выпрамянення, ВЧ- і ЗВЧ-палёў) на кандэнсаваныя асяроддзі. У ін-це распрацаваны тэарэт. асновы для стварэння тэхналогіі сінтэзу функцыянальна-градыентных і інтэлектуальных матэрыялаў у ультрагукавым полі (у т. л. кампазіцыйных матэрыялаў з эфектам памяці формы і псеўдапругкасці, матэрыялаў для медыцыны, радыётэхнікі, атамнай энергетыкі); на базе распрацаванай мадэлі кінетыкі цвердафазнай рэакцыі сінтэзу керамічных матэрыялаў у ВЧ- і ЗВЧ-палях, сінтэзаваны шэраг пераўскітных матэрыялаў, якія не сінтэзуюцца па традыцыйнай тэрмічнай тэхналогіі; даследавана кінетыка спякання парашкоў адна-, двух- і трохкампанентных сістэм рознага саставу пад уздзеяннем, лазернага выпрамянення; распрацавана тэхналогія селектыўнага лазернага спякання для стварэння вырабаў складанай прасторавай формы; даследаваны фіз. асновы ўзаемадзеяння патокаў атамаў, малекул і іонаў з паверхняй цвёрдых цел для стварэння метадамі іонна-плазменных тэхналогій дэкаратыўна-ахоўных пакрыццяў з вугляроду, палімераў, гідраксілфасфатаў металаў. У ін-це працуе акад.Нац.АН Беларусі У.У.Клубовіч (дырэктар з 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
фанетычнае літарна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на карэйскай мове. З першых стагоддзяў н.э. да канца 19 ст.асн.афіц. пісьмом было кітайскае пісьмо. Стварэнне К.п. датуецца 1444 і прыпісваецца правіцелю Седжону і групе прыдворных вучоных. Эдыктам Седжона «Хунмін чаным» («Настаўленне народу аб правільным вымаўленні», 1446) быў уведзены кар. алфавіт з 28 літар для уніфікацыі чытання кіт. іерогліфаў і запісу кар. мовы. З 2-й пал. 15 ст. ўзнікла змешанае (кіт.-кар.) пісьмо (знамянальныя словы пісаліся іерогліфамі, службовыя словы і грамат. паказальнікі — кар. літарамі). З 1949 у КНДР ужываецца толькі К.п., у Паўд. Карэі — змешанае. У сучасным кар. алфавіце 40 графем (24 простыя і 16 складаных). Літары камбінуюцца ў графічныя склады (лігатуры) у выглядзе квадратаў. Мінім. склад — «нямая» літара ў выглядзе кружка і літара для галоснай. Кірунак радка зверху ўніз і справа налева (кіт. тып), пашыраны і запіс тэксту злева направа і зверху ўніз (еўрап. тып). Асн. прынцып арфаграфіі (пасля рэформы 1933) — этымолага-марфал., у Паўд. Карэі з 1989 тэндэнцыя да фанет. напісання.
Літ.:
Хунмин чоным («Наставление народу о правильном произношении»). М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў этнаграфіі,
кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.Ратцэль, Б.Анкерман, Ф.Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.Коперс, В.Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл.Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.Менгін. Сав. этнолагі (М.Левін, С.Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЭНД-АРТ (англ. land art мастацтва зямлі),
мастацтва трансфармацыі прыродных аб’ектаў; кірунак сучаснага мастацтва. Як від татальнага мастацтва імкнецца праз пераўтварэнне наблізіць рэальны ландшафт да жывапіснага пейзажу, да аднаўлення страчанай сувязі чалавека з прыродай. Узнік у 1960-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на экалагічныя праблемы і камерцыялізацыю мастацтва. Першапачаткова творы Л.а. ствараліся на т.зв. ускраінных прасторах (пустыні, астравы, аддаленыя ад жылых месцаў вадаёмы і інш.). Заснавальнікі кірунку (Д.Опенгайм, Р.Лонг, В. дэ Марыя, Р.Смітсан, М.Хейзер) ажыццяўлялі буйнамаштабныя праекты на вял. прыроднай прасторы: капалі равы, рабілі насыпы, праводзілі на зямлі барозны, лініі вапнай або камянямі і інш. Іх формы часта нагадвалі знакі культур стараж. плямён, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Пазней месцамі правядзення падобных акцый сталі пераважна лясныя гушчары, паляны, узбярэжжы рэк і азёр, дзе ствараліся інсталяцыі з прыродных матэрыялаў (ствалы дрэў, лісце, галіны, камяні, дзірван і інш.). У задуму твора ўключаюцца яго змены пад уздзеяннем атмасферных з’яў, росту раслін і інш. прыродныя працэсы. Твор звычайна ахоплівае вял. плошчу і цалкам бачны толькі з вял. вышыні. Найб. вядомы ўзор Л.а. — «Спіральная дамба» Смітсана ў Вял. Салёным воз. ў ЗША (1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХІ́ЗМ, эмпірыякрытыцызм,
суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пач. 20 ст.Асн. прадстаўнікі Э.Мах і Р.Авенарыус. У філасофска-тэарэтычным плане да М. прымыкалі А.Пуанкарэ, В.Оствальд і інш. М. звязаны з крызісам «першага» пазітывізму, які не здолеў адэкватна адрэагаваць на адкрыцці ў галіне навукі і на дынамічны сац. працэс на рубяжы вякоў. Мах і Авенарыус зрабілі спробу «ачысціць» прыродазнаўства ад метафіз. (філас.) пытанняў, распрацаваць уласную строгую прыродазнаўчанавук. метадалогію і псіхалогію пазнання. У гэтым плане М. прапанаваў праграму «ачышчэння вопыту», канцэпцыі «нейтральных элементаў вопыту», «эканоміі мыслення» («найменшай траты сіл») і чыста апісальнай навукі. У выніку змест чалавечай свядомасці адрываўся ад аб’ектыўнай рэчаіснасці і ператварыўся ў «чысты вопыт», нейтральныя элементы якога здольны выступаць як аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя з’явы. Прынцып «эканоміі мыслення» выцякае з натуральнай біял. патрэбы арганізма ў самазахаванні. У навуцы з гэтым прынцыпам арганічна звязана палажэнне аб «апісанні», якое як і мысленне, павінна быць эканомным; неабходна максімальна скараціць тлумачальную частку навукі. Пры гэтым, аднак, М. не ўлічыў істотнага — адэкватнасці адлюстравання вучоным у сваёй свядомасці зместу даследуемага аб’екта. У пач. 1920-х г. М. распаўся, на змену яму прыйшоў неапазітывізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,
літаратурны кірунак 1840-х г. у Расіі; пачатак рус.крытычнага рэалізму. Тэрмін «Н.ш.» ўпершыню ўжыты Ф.Булгарыным у зняважлівай характарыстыцы творчасці маладых паслядоўнікаў М.Гогаля, палемічна пераасэнсаваны В.Бялінскім як «натуральнае», праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці (арт. «Погляд на рускую літаратуру 1846 г.», «Погляд на рускую літаратуру 1847 г.», «Адказ «Москвитянину», 1847). Ідэйна-маст. прынцыпы: дэмакратызацыя л-ры, пашырэнне яе жыццёвага дыяпазону, выкрыццё грамадскай несправядлівасці, цікавасць да жыцця простых людзей, прызнанне сур’ёзнасці будзённых калізій і інш. Да Н.ш. належалі А.Герцэн, Дз.Грыгаровіч, У.Даль, Ф.Дастаеўскі, А.Дружынін, М.Някрасаў, М.Салтыкоў-Шчадрын, І.Тургенеў і інш. Яны друкаваліся ў час. «Отечественные записки», «Современник», зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2, 1845) і «Пецярбургскім зборніку» (1846), якія сталі праграмнымі. Н.ш. не абмяжоўвалася канкрэтнымі жанрамі, хоць на пачатку пераважаў фізіялагічны нарыс, пазней — аповесць, раман. Паўплывала на выяўленчае (П.Фядотаў, А.Агін) і музычнае (А.Даргамыжскі, М.Мусаргскі) рус. мастацтва. Традыцыі Н.ш. прасочваюцца ў бел. рэалістычнай л-ры 19 ст. (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына і інш.).
Літ.:
Жук А.А. Сатира натуральной школы. Саратов, 1979;
Кулешов В.И. Натуральная школа в русской литературе XIX в. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́БАЛЬ (Леанід Давыдавіч) (н. 28.5.1924, в. Мікалаева Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. археолаг. Д-ргіст.н. (1978), праф. (1990). Скончыў ін-т фізічнай культуры (1950), БДУ (1951). У 1950—55 працаваў ва ўстановах нар. асветы. З 1958 супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі; з 1970 заг. сектара, з 1980 заг. аддзела археалогіі, у 1986—91 — археалогіі першабытнага грамадства. З 1991 вядучы навук. супрацоўнік, з 1997 гал. хавальнік фондаў Музея гісторыі Нац.АН Беларусі. Чл.Міжнар. уніі слав. археалогіі, Польскага археал.т-ва. Асн.кірунакнавук. дзейнасці — вывучэнне гісторыі стараж. славян ў Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Тв.:
Славянские древности Белоруссии: (ранний этап зарубинецкой культуры). Мн., 1971;
Славянские древности Белоруссии: (могильники раннего этапа зарубинецкой культуры). Мн., 1973;
Славянские древности Белоруссии: (свод археологических памятников раннего этапа зарубинецкой культуры — с середины III в. до н.э. по начало II в. н.э.). Мн., 1974;
Древности Белоруссии в музеях Польши. Мн., 1979;
Археологические памятники Белоруссии. Железный век. Мн., 1983;
Новые данные о древнем Менеске (Минске) // Древности славян и Руси. М., 1988;
Индоевропейские черты в древностях археологических культур железного веха Белоруссии: (К проблеме этногенеза славян) // VI Междунар. конгр. славянской археологии. М., 1990.