СЕМАШКЕ́ВІЧ (Рыгор Міхайлавіч) (12.9.1945, в. Дамашы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 11.6.1982),
бел. паэт і літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1970). Скончыў БДУ (1966). Настаўнічаў. З 1970 выкладаў бел. л-ру ў БДУ. Друкаваўся з 1961. Яго вершам (зб-кі «Леснічоўка», 1968; «Субота», 1973) уласцівы прастата, шчырасць, псіхалагізм, багацце рытмікі, філасафічнасць. Нарыс «Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (1968) пра бел. выдаўца і мовазнаўца, манаграфія «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.)» (1971) напісаны на багатым дакумент. матэрыяле, жывой мовай, з увагай да грамадз., маральна-этычных, псіхал. матываў дзейнасці пісьменнікаў і дзеячаў нац.-вызв. руху. Сатыр. аповесць «Бацька ў калаўроце» (1976) прасякнута гумарам, дасціпнай выдумкай, гратэскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МАНАЎ (Мікалай Канстанцінавіч) (4.12.1901, г. Самара, Расія —20.4.1973),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1950). Герой Сац. Працы (1971). Вучыўся ў Петраградскай АМ (1919—22). P 1924 (з перапынкам) акцёр Ленінградскага т-ра драмы імя А.Пушкіна. Мастацтва С. адметнае высокай. героіка-рамантычнай адухоўленасцю: Механошаў («Канец Крыварыльска» Б.Рамашова), Вяршынін («Браняпоезд 14-69» У.Іванава), Хлебнікаў («Персанальная справа» А.Штэйна). Сярод роляў класічнага рэпертуару: Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Сальеры («Моцарт і Сальеры» Пушкіна), Матыяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана) і інш. P 1924 здымаўся ў кіно: «Чапаеў» (1934), «Пётр I» (1937—39), «Сталінградская бітва» (1949), «Авадзень» (1955) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1950. Дзярж. прэміі Расіі 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧА́ТКА, пячаць,
рэч з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-н. дакументу верагоднасць і юрыд. сілу. Вывучае П. сфрагістыка.
П. вядомы з 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі і Рыме П. рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, як узоры мастацтва іх вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама П.-пярсцёнкамі. З канца 4 ст. ў Рыме былі віслыя П. — булы (адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў), у канцы 10 ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найб. колькасць віслых П. знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых П. для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на р.
Буг (цяпер у Падляскім ваяв., Польшча). Знойдзены полацкія П. кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.), Ефрасінні Полацкай і яе маці Софіі. епіскапаў Дыянісія і Міны (12 ст.). П. з выявамі расквітнеўшага крыжа і св. Глеба належала менскаму кн. Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена П. кіеўскага мітрапаліта Кірылы (13 ст.). У 1-й пал. 14 ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы 14—15 ст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя П. Паводле тыпаў П. 14—15 ст. былі княжацкія. епіскапскія, гарадскія, баярскія і інш. У Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. ужываліся асабістыя П.-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў 14—17 ст. многія бел. гарады мелі П. з выявамі гербаў. Стараж. адбіткі П. падзяляюцца на металічныя (10—15 ст.), васковыя (14—17 ст.), сургучныя (з канца 17 ст.), куродымныя (18—19 ст.). У канцы 19 ст. ўзніклі каўчукавыя штэмпелі і спец. масціка, каб рабіць адбітак на паперы.
У Рэспубліцы Беларусь П. гербавыя і простыя. На гербавай назва дзярж. арг-цыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява Герба дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь. На простых П. няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арг-цыі, недзярж. прадпрыемствы і асобы (напр., урачы). Адзін з відаў простай П. — вуглавы і інш. штампы.
Літ.:
Янин В.Л. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. Т. 1—3. М., 1970—98 (т. 3 разам з П.Р.Гайдуковым);
Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;
Трофимов А.И. Об атрибуции брестской печати XI в. // Гербовед. 1997. № 3.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Пячатка. Віслыя свінцовыя двухбаковыя пячаткі: 1 — полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.); 2 — кіеўскай вял. княгіні Алісавы з Пінска (11 ст.); 3 — полацкай княгіні Софіі (12 ст.); 4 — Ефрасінні Полацкай (12 ст.); 5 — пячатка з Ваўкавыска; 6 — полацкага епіскапа Дыянісія (12 ст.); 7 —полацкага епіскапа Міны (12 ст.); 8 — пячатка з Ваўкавыска з выяваю св. Сімяона; 9 — пячатка з Полацка з выявамі Божай Маці і архангела Міхаіла (канец 12 — пач. 13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭМІ́ДА,
у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г. Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.П.Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.Бакачыо, Г.Гейнэ і інш.
Да арт.Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА, Белорусское общество,
групоўка інтэлігенцыі, чыноўнікаў, прадстаўнікоў заможнай часткі бел. сялян, якія арыентаваліся на саюз з царскім урадам. Існавала ў 1908 — 1-й пал. 1910-х г. Узнікла ў Вільні на аснове т-ва «Селянін» («Крестьянин»). Дзейнасць т-ва ўзначальвала праўленне (10 чал.). Старшыні Л.М.Саланевіч, з жн. 1911 П.В.Каранкевіч. Друкаваныя органы — газ. «Белорусская жизнь», «Северо-Западная жизнь», «Белорусский вестник». Т-ва стаяла на пазіцыях заходнерусізму, атрымлівала субсідыі ад урада, падтрымлівала сувязі з правымі дэпутатамі 3-й Дзярж. думы. Спрабавала дыскрэдытаваць бел.нац.-вызв. рух, выклікаць рэпрэсіі супраць газ. «Наша ніва». Падтрымлівала сталыпінскую агр. рэформу. Сумесна з дэпутатамі Думы склікала з’езд прадстаўнікоў вёскі Паўн.-Зах. краю (канец 1908 — пач. 1909). Да пачатку 1-й сусв. вайны сышло з паліт. арэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛКІ́ ПРАКА́ТНЫЯ,
рабочы орган пракатнага стана, які забяспечвае асноўную аперацыю пракаткі — абцісканне загатоўкі для надання ёй патрэбных памераў і формы.
Ліставыя валкі пракатныя (наз. таксама гладкімі) выкарыстоўваюцца для пракаткі лістоў, палос і стужак, сартавыя — для пракаткі фасоннага (сартавога) металу круглага і квадратнага сячэння, рэек, двухтаўровых бэлек і інш. Бываюць чыгунныя і стальныя (асабліва зносаўстойлівыя робяць з керамічных цвёрдых сплаваў); суцэльналітыя і зборныя. Трываласць і зносаўстойлівасць валкоў пракатных павышаюць легіраваннем, тэрмічнай апрацоўкай, наплаўкай цвёрдых і звышцвёрдых сплаваў і інш. Стальныя валкі пракатныя выкарыстоўваюцца на блюмінгах, слябінгах, абціскных клецях сартавых станаў і на станах халоднай пракаткі.
Валкі пракатныя: а — схемы валкоў блюмінга (1), сартавога (2) і лістапракатнага (3) станаў; б, в — валкі ліставыя і сартавыя (1 — прывадны канец, 2 — шыйкі, 3 — бочка, 4 — выраб: ліставы і двухтаўровы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс.чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал.гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІХРАВЫ́ РУХ,
рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.
Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, які наз. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЯ́ (Анатоль Дзмітрыевіч) (2.2.1900, г. Сімферопаль, Украіна — 25.6.1982),
рускі кінааператар, тэарэтык кіно. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Праф. (1939). Д-р мастацтвазнаўства (1966). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі (1926). Адзін з заснавальнікаў сав. аператарскай школы. У творчай садружнасці з рэжысёрам У.Пудоўкіным зняў фільмы: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1929), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947), «Жукоўскі» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; апошнія 3 фільмы разам з аператарам Т.Лобавай). Творчасць Галаўні блізкая да традыцый рус.рэаліст. жывапісу з улікам спецыфікі кіно. Смела выкарыстоўваў дынамічныя магчымасці камеры і асвятлення.
Тв.:
Съёмка цветного кинофильма. М., 1952;
Мастерство кинооператора. М., 1965;
Творчество оператора фильма. М., 1978.
Літ.:
Громов Е.С. Кинооператор Анатолий Головня. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),
французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.
Ж.Гужон. «Фантан нявінных» у Парыжы (з арх. П.Леско). 1547—49.