ЖАЛЕЗНАВО́ДСК,

горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, на паўд. схілах г. Жалезная, на выш. 600—630 м, за 5 км ад чыг. ст. Бештау. Засн. ў 1842, горад з 1917. 29,4 тыс. ж. (1992). Пяцігорскі НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі. Арх. помнікі: Астроўскія ванны (канец 19 ст.), дача бухарскага эміра і Пушкінская галерэя (пач. 20 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой, цёплым летам. Аснова курортных рэсурсаў — мінер. воды, радовішчы якіх эксплуатуюцца з 19 ст. (больш за 20 крыніц рознай ступені тэрмальнасці, у т. л. радонавыя), сульфідныя глеевыя гразі Тамбуканскага воз. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, падстраўнікавай залозы, печані, жоўцевых шляхоў, нырак, мочавывадной сістэмы. Працуе каля 20 санаторыяў. Ва ўсх. ч. курортнай зоны парк (1825), ніжнія і верхнія тэрасы якога звязаны каскаднай лесвіцай, упрыгожанай фантанамі і вадаёмамі (1932—37).

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)