АГАРЫКА́ЛЬНЫЯ,

пласціністыя (Agaricales), парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў. Аб’ядноўвае 12 сям., каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тыс. відаў. Найбольшыя сям.: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя, якія вылучаюць у самаст. парадак (Boletales); сярод найб. вядомых сям.: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), ружовапласціннікавыя (Rhodophyllaceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae). Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шанцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя. Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш. агарыкальных. Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік, падасінавік, падбярозавік, маслякі, зялёнка, падзялёнка, шампіньён, рыжык, вешанка звычайная, грузд, сыраежкі і інш.; ёсць ядавітыя: мухаморы чырвоны, жоўта-зялёны, парфіравы, пантэрны, бледная паганка і інш. віды, апенька несапраўдная серна-жоўтая, пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы земляная, надарваная і Келе, страфарыя Горнемана, лускаўніцы і інш.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 260—271;

Сержанина Г.Н. Шляпочные грибы Белоруссии. Мн., 1984. С. 233—351.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікі рэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.

Н.​А.​Юргенсан.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.

Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7∙10​3 кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2 — кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5∙10​3 кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у т. л. фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25∙10​3 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83∙10​3 кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.

Літ.:

Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБ (польск. herb ад ням. Erbe спадчына), сімвалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы, роду, горада, дзяржавы. Узніклі ў канцы 11—12 ст. ў час крыжовых паходаў. Крыніцамі гербавых эмблем найчасцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасці. Ранні герб меў выгляд шчыта з выявай (гал. атрыбут), потым у яго ўвайшлі шлем, клейнод (фігура на шлеме), намёт (напачатку — намочаная тканіна, якой закрывалі шлем ад сонца), карона. У познім сярэдневякоўі ў гербе з’явіліся неабавязковыя элементы — шчытатрымальнікі, стужкі з дэвізам, ордэны. Гербавыя выявы падзяляюцца на фігуры геральдычныя (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Гербавыя шчыты маюць розную форму і паходжанне, назвы іх тыпаў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найб. распаўсюджанне. У гербе змяшчаюць кароны: княжацкія, графскія, шляхецкія і інш. Колеры ствараюць фарбамі (чырвоная, блакітная, зялёная, пурпуровая, чорная) і металамі (золата — жоўты, серабро — белы), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). Існуюць сістэмы перадачы колераў і футра штрыхоўкай пры чорна-белым адлюстраванні герба. У гербе бел. шляхты пераважаюць блакітныя і чырв. фарбы. У ВКЛ гербы з’явіліся ў 2-й пал. 14 ст., найб. старажытны вядомы на пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літ.-бел. летапісаў згадвае герб «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня». У сярэдневякоўі герб быў знакам шляхціца і яго ўлады на пэўнай тэрыторыі. Калі гэта ўлада трымалася працяглы час, герб замацоўваўся ў якасці зямельнага або дзяржаўнага і выконваў сваю функцыю нават пры ўладзе інш. феадала. Пазней узніклі гербы каталіцкіх ордэнаў і гарадоў. Герб вывучае геральдыка, зборы гербаў называюцца гербоўнікамі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Элементы герба. Кароны: 1 — імператарская расійская; 2 — каралеўская; 3 — княжацкая; 4 — графская; 5 — баронская французская; 6 — шляхецкая; 7 — гарадская расійская. Шчыты: 8, 9 — нарманскія (фігуры — слуп, пас); 10 — французскі (фігура — спалучэнне слупа і паса); 11 — іспанскі (фігура — перавязь); 12 — італьянскі (фігура —кроква); 13 — нямецкі (фігура — падножжа); 14 — дамскі (фігура — вяршыня). Асноўныя гербавыя колеры: 15 — чырвоны; 16 — блакітны; 17 — зялёны; 18 — пурпурны; 19 — чорны; 20 — сярэбраны; 21 — залаты.
Герб «Налэнч» графаў Рачынскіх, яго элементы: 1 — клейнод; 2 — кароны; 3 — шлем (прылбіца); 4 — намёт; 5 — шчыт; 6 — шчытатрымальнікі; 7 — стужка з дэвізам.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ МЕХАНІЗА́ТАР СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным інжынерам і тэхнікам калгасаў, саўгасаў, машынарамонтных майстэрняў, н.-д. устаноў і інш. с.-г. прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, якія працавалі ў сельскай гаспадарцы па спецыяльнасці не менш за 10 гадоў і мелі вял. заслугі ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 28.3.1961, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. Існавала да 23.11.1988.

Заслужаныя механізатары сельскай гаспадаркі Беларускай ССР

1962. М.​К.​Бандарук, М.​А.​Бруханскі, У.​П.​Кот, У.​А.​Купцоў, Ц.​Ц.​Радчанка, Л.​М.​Рай, Н.​А.​Цэд.

1963. Л.​І.​Балабановіч, В.​Д.​Белянкоў, А.​М.​Булыгін, І.​Р.​Грыневіч, А.​І.​Даронька, Я.​М.​Дварэцкі, Г.​Д.​Каліва, А.​А.​Паўлоўскі, М.​В.​Рудэнка, І.​М.​Сярэдзіч, А.​А.​Худзякоў.

1966. В.​В.​Аніскін, І.​П.​Еўтухоў, А.​П.​Ліпніцкі, С.​М.​Малашэнка.

1967. С.​А.​Байгот, У.​Я.​Дзятлаў.

1968. Я.​Р.​Арановіч, В.​М.​Белілавец, Ф.​А.​Брыкет, Н.​А.​Булавацкая, А.​С.​Валатоўскі, Л.​В.​Васільеў, А.​В.​Верабей, Я.​К.​Дубоўскі, Г.​П.​Жолудзеў, Ф.​І.​Іваноў, А.​Ц.​Івашчанка, В.​Г.​Капуста, Т.​С.​Кобрусеў, Г.​М.​Козел, Р.​М.​Лазар, В.​Н.​Мазурка, А.​Р.​Макаганюк, А.​Ф.​Малочка, Р.​В.​Мацвееў, І.​С.​Мінц, М.​В.​Назарэнка, У.​М.​Пятух, Г.​І.​Рабушка, І.​Дз.​Разумаў, В.​М.​Рацкевіч, І.​І.​Салей, І.​А.​Сплендэр. П.​В.​Старавойтаў, А.​А.​Сушкевіч, У.​М.​Сцежкін, І.​С.​Шкурапацкі, Р.​С.​Шпак, С.​А.​Якерсон, І.​І.​Яўціхіеў.

1969. К.​М.​Дубоўскі.

1970. М.​Р.​Рашацян, І.​А.​Чыкілеўскі.

1978. Я.​І.​Галухін, М.​А.​Караткевіч, К.​І.​Пракаповіч, В.​І.​Савіцкі, С.​Я.​Трафімаў, Я.​К.​Шацкі.

1980. В.​А.​Гідрановіч, У.​С.​Здараўцоў, М.​А.​Зялёны, М.​Дз.​Казакоў, Ф.​У.​Малахаў, М.​С.​Паходаў, А.​Л.​Стрыжычэнка, А.​А.​Шлапакоў.

1985. У.​П.​Ганчарык.

т. 6, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МЕТРАПАЛІТЭ́Н Буд-ва пачата 3.5.1977 са ст. «Парк Чэлюскінцаў». У 1984 уведзены ў эксплуатацыю ўчастак 1-й лініі ад ст. «Інстытут культуры» да ст. «Маскоўская»

(даўж. 8,94 км, 8 станцый) уздоўж праспекта Ф.​Скарыны. У 1986 гэты ўчастак падоўжаны на 1,71 км да ст. «Усход». У перспектыве 1-я лінія (даўж. 20,8 км) звяжа жылыя раёны Уручча і Паўд. Захад. У 1990 пушчаны ўчастак 2-й лініі ад ст. «Фрунзенская» да ст. «Трактарны завод» (даўж. 7,18 км, 6 станцый). У 1995 на гэтай лініі здадзены ў эксплуатацыю станцыі «Маладзёжная» і «Пушкінская» (даўж. ўчастка 2,8 км),

у 1997 — «Партызанская» і «Аўтазаводская» (даўж. 3,6 км). З завяршэннем буд-ва 2-я лінія (даўж. 20 км) злучыць жылыя раёны Кунцаўшчына і Заводскі. 3-ю лінію (даўж. 17 км) намечана пракласці ад перакрыжавання Слуцкай шашы з вул. Каржанеўскага праз Прывакзальную пл. да жылога раёна Зялёны Луг. Агульная працягласць трох ліній М.м. складзе 59 км. На іх будзе размешчана 45 станцый з 3 перасадачнымі вузламі. У перспектыве плануецца буд-ва 4-й лініі М.м. (даўж. 16 км, 11 станцый), якая злучыць праз цэнтр жылыя масівы Чыжоўка, Серабранка і Навінкі, а праз перасадачныя вузлы забяспечыць сувязь з інш. жылымі раёнамі і прамысл. зонамі горада. Агульная працягласць 4 ліній складзе 75 км.

Станцыі М.м. — арыгінальныя творы архітэктуры. Выкарыстанне сучасных буд. канструкцый дало магчымасць стварыць адзіную прастору станцый. У іх ідэйна-маст. абліччы ўвасоблена грамадскае, вытв. і культ. жыццё Беларусі, яе гераічнае мінулае і сучаснасць. У афармленні М.м. важную ролю адыгрываюць сінтэз мастацтваў, колер і фактура аддзелачных матэрыялаў (мармур, граніт, металы, дрэва, кераміка і інш.), формы калон, дэталі свяцільняў, сродкі манум.-дэкар. і выяўл. мастацтва. Сярод стваральнікаў станцый арх. Ю.​Градаў, Я.​Леановіч, Л.​Левін, Л.​Пагарэлаў, М.​Пірагоў, мастакі В.​Даўгала, Г.​Жарын, Ю.​Івахнішын, У.​Стальмашонак, Л.​Хобатаў і інш.

В.​Ф.​Валошын, В.​А.​Ярмоленка.

Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Аўтазаводская».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Інстытут культуры».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Партызанская».

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ВА, глазура,

шклопадобнае пакрыццё таўшчынёй 0,15—0,3 мм, замацаванае на кераміцы абпальваннем. Робіць кераміку воданепранікальнай, надае ёй новыя дэкар. ўласцівасці, узбагачае колер. Для прыгатавання П. выкарыстоўваюць кварцавы пясок, борную к-ту, мел, гліну, аксіды свінцу, барыю, стронцыю і інш. Гатуецца 2 спосабамі: памолам кампанентаў з вадой у шаравым млыне і сплаўленнем (фрытаваннем) зыходных матэрыялаў у вогнеўстойлівым тыглі; грануляцыяй расплаву ў халоднай вадзе і памолам фрыты ў шаравым млыне. Наносіцца на сырыя або абпаленыя вырабы акунаннем, паліваннем, распыленнем, а таксама пэндзлем. Бывае празрыстая і непразрыстая (глухая), бясколерная і каляровая, падцёкавая, крышталічная, матавая, кракле, «змяіная скура» (зборка П.), «карункі» (успучванне П.), П. аднаўляльнага агню (на аснове солей цяжкіх металаў) і інш. Паводле т-ры спякання П. падзяляюць на тугаплаўкія (1250—1400 °C для фарфору і легкаплаўкія (900—1150 °C) для фаянсу, маёлікі і інш. Празрыстую П. выкарыстоўваюць для выяўлення падпаліўнага малюнка ангобам і керамічнымі фарбамі, непразрыстую белую ці каляровую (эмаль) часам размалёўваюць люстрам.

Вынайдзена ў Стараж. Егіпце, адкуль перайшла ў Вавілонію, Асірыю, Персію. Вядома ў мастацтве стараж. Грэцыі, Рыма, Кітая, у 10—13 ст. пашырылася ў ісламскіх краінах. У Еўропе існавалі празрыстая свінцовая і глухая алавяная П. Белая матавая П. вынайдзена ў 1438 у Італіі. У Расіі рабілі зялёную П. («мурава»), шматколерная П. выкарыстоўвалася з 16—17 ст.

На Беларусі вядома з 12 ст. ў арх.-дэкар. і быт. кераміцы: каляровай глухой П. пакрывалі пліткі дэкаратыўныя для абліцоўкі сцен і падлог храмаў у Полацку, Тураве, Пінску і інш. З 15 ст. для пакрыцця сталовага посуду і кафлі ўжываліся легкаплаўкія свінцовыя П. (Віцебск, Магілёў, Мінск, Ліда). Пераважалі зялёны, карычневы, светла-карычневы колеры. З 2-й пал. 16 ст. пашырылася тэхніка пакрыцця каляровымі эмалямі («цанінная» кераміка), з пач. 18 ст. — размалёўка па эмалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. бел. ганчары-саматужнікі выкарыстоўвалі легкаплаўкія бясколерныя празрыстыя свінцовыя П. Вырабляюць на Мінскім фарфоравым з-дзе, прадпрыемствах буд. матэрыялаў.

Літ.:

Миклашевский А.И. Технология художественной керамики. Л., 1971.

М.​Р.​Казарог, У.​В.​Угрыновіч.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭН (Dresden),

горад на У Германіі, на р. Эльба. Адм. ц. зямлі Саксонія. 519,9 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 600 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл., навук. і культ. цэнтр. Прам-сць: эл.-тэхн. (трансфарматары, халадзільнікі, цеплатэхн. і вакуумнае абсталяванне), радыёэлектронная (асабліва паўправаднікі), прылада-буд., аптычная (вытв-сць кіна- і фотаоптыкі), паліграф., трыкат., швейная, абутковая, мэблевая, харчасмакавая (у т. л. тытунёвая, піваварная, шакаладная і інш.), дакладнае машынабудаванне (рэнтгенаўскія апараты, кіна- і фотаапаратура), вытв-сць станкоў, рачных суднаў, хім.-фармацэўтычных прэпаратаў. Традыцыйная вытв-сць фарфоравых і шкляных вырабаў. Тэхн. ун-т. Цэнтр ядз. даследаванняў.

Першапачаткова вёска палабскіх славян (наз. Дрэздзаны). Горад засн. ў 1216 у ходзе герм. каланізацыі, з 1403 меў гар. правы. З 1485 рэзідэнцыя герцагаў альберцінскай лініі саксонскага княжацкага роду Ветынаў. Месца заключэння Дрэздэнскага міру 1745. Акупіраваны прускімі войскамі (1756—59) і значна разбураны ў Сямігадовую вайну 1756—63. З 1806 сталіца Саксоніі. У перыяд напалеонаўскіх войнаў каля горада адбылася Дрэздэнская бітва 1813. Значныя сац. хваляванні ў час рэвалюцый 1830, 1848—49 і рэв. крызісу 1923 у Германіі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны бамбардзіроўкамі англа-амер. ВПС. З мая 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. У 1949—90 у складзе Герм. Дэмакр. Рэспублікі, з 1990 — аб’яднанай ФРГ.

Аблічча Д. вызначаюць паркі (палацава-паркавы ансамбль Пільніц, 1720—24; арх. М.​Д.​Пёпельман) і масты цераз Эльбу, што злучаюць Стары горад з Новым, забудаваным пераважна ў 19—20 ст. У Старым горадзе захавалася адносна правільная сярэдневяковая сетка вуліц з цэнтр. пл. Постплац. Замак (засн. каля 1200, пабудаваны ў 15—19 ст.) разам з прылеглай сярэдневяковай і барочнай забудовай стварае ядро «Фронту Эльбы» (тэрасу Бруля). Сярод інш. славутасцей барочны палацавы ансамбль Цвінгер (1711—22, арх. Пёпельман), царква Гофкірхе (1738—56, арх. Г.​К’яверы), будынак Дрэздэнскай карціннай галерэі і інш. Амаль цалкам адноўлены пасля 2-й сусв. вайны. Музеі: Дрэздэнская карцінная галерэя, гіст. музей, Збор фарфору «Зялёны звод» (калекцыя саксонскіх ювелірных вырабаў), Музей нар. мастацтва і інш.

Дрэздэн. Панарама горада.
Да арт. Дрэздэн. Б.​Белота. Плошча Новага рынку ў Дрэздэне. 1749—51.

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ФАР, скрыня,

драўляная ёмістасць для захоўвання тканін, адзення, бялізны і каштоўнасцей; від мэблі. У К. збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі яго ў дом маладога. У сярэдневякоўі вядомы і як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці метал. скрыні з плоскім ці пукатым векам, часта па-мастацку акаванай, з унутр. замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр’ерах — вял., драўляныя, з акоўкай па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У бел. сял. інтэр’еры пашыраны з 19 ст., замяніў кублы. Выраб К. часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з хваёвых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы — унутр. замок ці зашчапку для вісячага. Часта К. аздаблялі маст. акоўкай у выглядзе жал. ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Акоўку мацавалі на кантах, пярэдняй сценцы і веку (давыд-гарадоцкія куфры). Пад уплывам зах.-еўрап. барочных форм К. набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкар. размалёўцы, пераважна фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны. З пач. 20 ст. ў многіх рэгіёнах пашыраны К. з маст. размалёўкай расл. характару. На Зах. Палессі перавагу аддавалі сакавітым малюнкам у выглядзе букетаў і гірляндаў кветак, якія кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках, утвораных палосамі акоўкі ці фляндроўкі. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. Багаццем кампазіцыі, гармоніяй і сакавітасцю каларыстыкі вызначаюцца агоўскія куфры. На Гродзеншчыне і З Віцебшчыны пераважала «цацкаванне» — нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню К. з дапамогай штампікаў з бульбы ці рэпы. Дробныя геам. і расл. матывы (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колераў наносілі ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне. На У Беларусі на вішнёвым фоне малявалі прамую ці косую сетку з чорных палос, часам аздаблялі прадрапваннем у выглядзе геам. і расл. арнаменту (Чачэрскія куфры). У сучасным вясковым побыце К. страціў былую ролю. З 1950-х г. вытв-сць К. амаль спынілася. Паводле матываў дэкору традыц. К. размалёўваюць маленькія сувенірныя куфэркі (Брэсцкая ф-ка сувеніраў, Жлобінская ф-ка інкрустацыі і інш.).

Я.​М.​Сахута, А.​Ю.​Лозка.

Куфар з вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.
Куфар з Лідскага раёна Гродзенскай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,

мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.

На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродзенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел. дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел. політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.​Афанасьева, І.​Рудэнка, А.​Сычова, В.​Шальнікоўская, І.​Шпіт, Б.​Юрцін і інш).

Літ.:

Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;

Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;

Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.

А.​В.​Сычова.

Да арт. Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.
Да арт. Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.
Ландшафтная архітэктура.

т. 9, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)