ДЫСТРАФІ́Я (ад дыс... + грэч. trophē харчаванне),

якасныя змены хім. саставу, фіз.-хім. якасцей, структуры і функцыі тканак, звязаныя з парушэннем абмену рэчываў; працэс, у выніку якога развіваюцца многія захворванні. Бывае ад непаўнацэннага ці незбалансаванага харчавання, уздзеяння мех. і фіз. фактараў, інфекцыі, інвазіі, інтаксікацыі, парушэння крова- і лімфазвароту, пашкоджання залоз унутр. сакрэцыі і нерв. сістэмы, генет. паталогіі і інш.

Паводле механізма развіцця Д. вылучаюць дэкампазіцыю (хім. перабудова цытаплазмы), інфільтрацыю (празмернае намнажэнне ў тканках розных рэчываў), трансфармацыю (ператварэнне рэчываў, напр. бялкоў у вугляводы, тлушчы і інш.) і скажоны сінтэз. Выяўляецца зменамі колеру, велічыні, формы, кансістэнцыі і малюнка органаў. Адрозніваюць Д. бялковыя, тлушчавыя, вугляводныя і мінеральныя. Д. — працэс абарачальны, але можа прывесці да некрозу.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАЗВАРО́Т,

цыркуляцыя крыві ў чалавека і жывёл, што забяспечвае абмен рэчываў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем. Апісаны англ. фізіёлагам У.​Гарвеем (1628). Асн. функцыі сістэмы К.: транспарт рэчываў, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці (антыцелы, гармоны, вада, пажыўныя рэчывы, кісларод і інш.); адвядзенне метабалітаў (канчатковыя прадукты абмену, вуглякіслы газ, таксіны); гумаральная (праз вадкасць) сувязь органаў і тканак; абмен цяпла; адаптацыя арганізма да змены ўнутр. і знешняга асяроддзя; падтрыманне гамеастазу. Адрозніваюць вялікае (кантакт з органамі і тканкамі) і малое (лёгачнае, кантакт з навакольным асяроддзем) колы К. Забяспечвае працэсы жыццядзейнасці на 3 узроўнях: цыркуляцыя крыві ў сістэме (арганізм); органны К. (кровазабеспячэнне органаў і тканак); мікрацыркуляцыя — транскапілярны абмен (забеспячэнне метабалічнай функцыі сасудаў). Рэгуляцыя К. — нерв. і гумаральная.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЫФІКА́ЦЫІ ў біялогіі,

змена прыкмет арганізма (яго фенатыпу), што ўзнікае пад уплывам навакольнага асяроддзя і не звязана са зменай генатыпу. Фактары М. — асвятленне, вільготнасць, т-ра і інш. Напр., пігментацыя скуры ў чалавека (загар) пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў, форма лісця ў стрэлкаліста (надводнае — стрэлападобнае, што плавае — шырокае, падводнае — стужкападобнае). Узнікаюць М. ў межах нормы рэакцыі арганізма на змену асяроддзя і абмежаваны спадчыннымі задаткамі. Звычайна не перадаюцца наступным пакаленням, з’яўляюцца адаптыўнай рэакцыяй (павялічваюць прыстасаванасць да ўмоў існавання). Адрозніваюць М. ўзроставыя, сезонныя і экалагічныя. Асн. ўласцівасць — масавасць (аднолькавыя фактары выклікаюць амаль аднолькавыя змены ў генатыпічна падобных асобін). Выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы і заатэхніцы для павелічэння прадукцыйнасці раслін і жывёл. Прыватны выпадак М. — марфозы і фенакопіі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РНСТА ТЭАРЭ́МА,

адно з асн. палажэнняў тэрмадынамікі, якое вызначае характар змены энтрапіі тэрмадынамічнай сістэмы пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Паводле Н.т. прырашчэнне энтрапіі ΔS пры любых абарачальных ізатэрмічных працэсах, што адбываюцца паміж раўнаважнымі станамі пры т-ры, якая набліжаецца да абсалютнага нуля, імкнецца да нуля: lim T0 ΔS = 0 . Устаноўлена В.Нернстам (1906). Вядзе да шэрагу важных тэрмадынамічных вынікаў (напр., недасягальнасць абсалютнага нуля, імкненне цеплаёмістасці і каэфіцыентаў цеплавога расшырэння цвёрдага цела да нуля пры T → 0), таму ў больш агульным сэнсе яе наз. трэцім законам тэрмадынамікі. Мае важнае значэнне ў крыягеннай тэхніцы для дасягнення звышнізкіх т-р і ў фіз. хіміі для разліку хім. раўнавагі.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ ГІДРАГЕАЛО́ГІЯ,

адзін з прыкладных раздзелаў гідрагеалогіі, што вывучае заканамернасці фарміравання падземных вод на тэрыторыях, дзе праводзіцца меліярацыя зямель. Метады М.г. грунтуюцца на гідрагеал. і інж.-геал. даследаваннях на мясцовасці, складанні гідрагеал. карт і геафільтрацыйных схем, правядзенні гідрагеал. раянавання. Па выніках даследаванняў даецца гідрагеалагічнае абгрунтаванне таго ці інш. тэхн. спосабу меліярацыі, у т. л. разлік гарыз. і верт. дрэнажу, складаюцца прагнозы змены гідрагеал. умоў пад уплывам праектуемых мерапрыемстваў, распрацоўваюцца рэкамендацыі па эксплуатацыі меліярац. сістэм і ахове водных рэсурсаў. На Беларусі праблемы М.г. вывучаюць у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел. політэхн. акадэміі, Бел. н.-д, геолага-разведачным ін-це, Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі.

В.​І.​Пашкевіч.

т. 10, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,

1) вучэнне, паводле якога развіццё грамадства зводзіцца да канкурэнцыі расавых тыпаў; адна з антыгуманных біялагізатарскіх канцэпцый у антрапалогіі. Створана ў канцы 19 ст. франц. вучоным Ж.В. дэ Лапужам і ням. О.​Аманам, якія спрабавалі даказаць, што псіхічныя асаблівасці брахікефалаў (кароткагаловых) больш нізкія ў параўнанні з доліхакефаламі (доўгагаловымі). Прадстаўнікі антрапасацыялогіі лічаць, што вышэйшыя псіхічныя якасці ўласцівыя толькі т.зв. арыйскаму — доўгагаловаму светлавалосаму тыпу, пашыранаму ў Паўн. і Цэнтр. Еўропе. Адкрыты Ч.​Дарвінам прынцып барацьбы за існаванне паміж біял. відамі яны пераносілі на гісторыю чалавецтва, якую разглядалі як барацьбу асобных рас. Сцвярджэнне, што гісторыя чалавецтва падпарадкоўваецца не сацыяльным, а біял. законам, паўтарае і амер. вучоны, стваральнік сацыябіялогіі Э.​Уілсан, які лічыць, што гуманітарныя і сац. навукі можна разглядаць як спецыялізаваныя раздзелы біялогіі.

2) Адзін з кірункаў у сацыялогіі. Узнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове тэорыі аб арыйцах як вышэйшай расе. Найб. развіццё атрымала ў Германіі. Новыя сацыялагічныя факты разглядае з пункту погляду антрапал. вучэння пра чалавека, яго цялесную арганізацыю і абумоўленыя антрапаметрыяй псіхічны стан, пачуцці, мысленне, волю, памяць, іх змены пад уздзеяннем культуры, індустр. тэхналогіі і ўласнай культуратворнай дзейнасці чалавека. Агульнатэарэт. пачатак антрапасацыялогіі — гэта фіксацыя адрознення чалавека ад жывёл. Неразвітасць у чалавека прыродных сродкаў самазабеспячэння стала ў прадстаўнікоў антрапасацыялогіі вядучым метадалаг. прынцыпам аналізу грамадскага жыцця. Сваю «недастатковасць» чалавек кампенсуе культурай, а адсутнасць прыроджаных генет. праграм паводзін папаўняе праграмамі сац. наследавання. Культура, паводле антрапасацыялогіі, гэта біялагічна неабходны працэс ператварэння знешняй прыроды ў жыццёвае асяроддзе. «Акультураная» прырода ўключае прылады працы, тэхніку, тэхналогію, сродкі камунікацыі і «сац. парадкі» (грамадскія ін-ты). Праблемамі антрапасацыялогіі з’яўляюцца таксама антрапал. змены сучаснага чалавека, што прынеслі з сабой тэхнізацыя, індустр. грамадства, навук.-тэхн. прагрэс.

Л.​І.​Цягака, С.​А.​Шавель.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ АДНО́СІНЫ,

сукупнасць эканамічных, палітычных, прававых, ваенных, дыпламатычных, інфармацыйных і інш. сувязей і ўзаемаадносін паміж народамі, дзяржавамі і саюзамі дзяржаў, а таксама міжнар. арганізацыямі, аб’яднаннямі і рухамі, якія выступаюць на міжнар. арэне. Фарміраванне і развіццё іх адбывалася ў старажытнасці на падставе кантактаў паміж плямёнамі і народамі і пад уплывам аб’ектыўных жыццёвых патрэбнасцей (сумеснае пакланенне агульным багам, барацьба з варожымі нашэсцямі, абарона правоў уласных грамадзян і іншаземцаў і г.д.). Вял. якасныя змены ў М.а. прыпадалі на пераломныя перыяды ў гісторыі (змены цывілізацый, рэвалюцыі, культ. ўздымы і інш.). Рэвалюцыі ў якасці ідэалаў М.а. паміж дзяржавамі дэкларавалі свабоду, роўнасць незалежна ад формы праўлення, правы народаў на самаст. паліт. і культ. развіццё, гуманіст. адзінства права і маралі, што не выключала ў далейшым барацьбу розных краін за падзел свету на сферы ўплыву. У 20 ст. М.а. развіваліся пад уплывам аб’ектыўных фактараў і падзей (1-я і 2-я сусв. войны, уздым нац.-вызв. руху, абмежаванне ўзбраенняў), а таксама працэсаў разрадкі міжнар. напружанасці і сцвярджэння прынцыпу мірнага суіснавання, умацавання калектыўнай бяспекі і міру. Распад СССР, а таксама сацыяльна-паліт. пераарыентацыя былых сацыяліст. краін Еўропы выклікалі змяненне раскладу міжнар. сіл і іх балансу. Напярэдадні 21 ст. М.а. захоўваюць тэндэнцыю ў кірунку паступовага дэмакр. і гуманіст. развіцця і ахопліваюць праблемы міжнар. і рэгіянальнай бяспекі, супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, навукі і тэхнікі, аховы навакольнага асяроддзя, узаемадзеяння ў культ. і гуманіт. галінах. Рэспубліка Беларусь у сваіх адносінах з інш. краінамі і народамі свету зыходзіць з агульнапрынятых прынцыпаў і норм міжнар. права; яна мае дыпламат. адносіны з 124 краінамі, з’яўляецца членам 49 міжнар. міжурадавых арг-цый, выступае за ўмацаванне ролі ААН і АБСЕ у справе забеспячэння міжнар. бяспекі і стабільнасці.

В.​Л.​Боўш.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТРАНСФАРМА́ЦЫЯ (ад бія... + трансфармацыя),

1) у генетыцы — змена спадчынных уласцівасцяў бактэрыяльнай клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генет. матэрыялам у пракарыётаў (арганізмы з клеткамі без ядраў). Шырока выкарыстоўваецца для ўвядзення чужароднай ДНК і ў клеткі эўкарыётаў (арганізмы з ядзернымі клеткамі).

2) У фізіялогіі раслін — пераўтварэнне энергіі сонечнай радыяцыі, якая ўлоўліваецца зялёнымі раслінамі, у інш. віды (хім., мех. і інш.), пры гэтым частка энергіі страчваецца ў выглядзе цяпла.

3) У біяхіміі — біяхім. пераўтварэнне ядаў, што праніклі ў арганізм, у менш таксічныя рэчывы (абясшкоджванне, ці дэтаксікацыя) або больш таксічныя злучэнні, чым зыходнае рэчыва.

4) Антрапагеннае змяненне згуртавання (звычайна раслін), якое вядзе да ўзнаўленчай сукцэсіі (змены біяцэнозаў), напр., у выніку вытоптвання наземнага расліннага покрыва, высякання лясоў і інш.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́ЧНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ,

сукупнасць жывых арганізмаў розных відаў, якія жывуць сумесна ў межах прыроднай прасторы або тэрыторыі (біятопу) і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой (напр., фітапланктон вадаёма, глебавыя жывёлы ўчастка лесу і інш.); частка экасістэмы. Часам біятычнае згуртаванне — сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл, мікраарганізмаў; сінонім біяцэнозу). Адрозніваюць біятычнае згуртаванне раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). Сістэма арганізацыі жывой матэрыі з некаторымі асаблівымі ўласцівасцямі, якіх не маюць яе кампаненты (асобіны і папуляцыі), функцыянуе як адзінае цэлае дзякуючы ўзаемазвязаным метабалічным пераўтварэнням. У залежнасці ад змены фактараў навакольнага асяроддзя біятычныя згуртаванні паступова пераходзяць адно ў адно. Ад біятычнага згуртавання залежыць функцыянаванне арганізма. Мае розныя памеры (напр., біёты дрэвавага ствала і вял. лесу або акіяна). Біятычныя згуртаванні першы вывучаў амер. вучоны В.​Шэлфард (1913). Гл. таксама Біём.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЭХНІ́Я (ад бія... + грэч. technē мастацтва, майстэрства, уменне),

раздзел паляўніцтвазнаўства, які вывучае і распрацоўвае шляхі і метады актыўнага захавання, павелічэння колькасці, паляпшэння прадукц. якасцяў і рацыянальнага выкарыстання карысных дзікіх жывёл у прыродных умовах. Прынцыпы біятэхніі выкарыстоўваюцца таксама ў рыбнай гаспадарцы (аквакультура). Практычныя метады і мерапрыемствы біятэхніі спрыяюць накіраванаму ўздзеянню на прыродныя біял. сістэмы (папуляцыі жывёл і біяцэнозы) шляхам змены фактараў навакольнага асяроддзя (кармавых, ахоўных, гнездавых умоў месцажыхарства), павелічэнню выхаду таварнай прадукцыі з адзінкі плошчы, захаванню паляўнічых угоддзяў, упарадкаванню, пераўтварэнню і стварэнню новых паляўнічых угоддзяў, зберажэнню паляўнічых аб’ектаў, падкормцы, акліматызацыі і рассяленню, селекцыі і паляпшэнню якасці, барацьбе са шкоднымі відамі, прафілактыцы і лячэнню. Праводзіцца ў нац. парках, запаведніках, заказніках і паляўнічых гаспадарках. Тэрмін увёў рус. вучоны П.​А.​Мантэйфель (1929).

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)