ЗА́МАРАЗКІ,

часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн. — пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЙСКА-БУРЭІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна на Д. Усходзе, у міжрэччы рэк Зея і Бурэя, у Амурскай вобл. Расіі. Выш. 200—300 м. Складзена з рыхлых пясчана-гліністых адкладаў. У бас. р. Бурэя радовішчы вугалю (Бурэінскі вугальны басейн). Глебы лугавыя чарназёмападобныя, бура-таежныя і балотныя. Лясы на Пн мяшаныя (даурская лістоўніца, мангольскі дуб), на Пд дубовыя з амурскай ліпай сярод участкаў лугавых стэпаў («амурскія прэрыі»), б.ч. узараных. Асн. збожжавы раён Амурскай вобл. (пшаніца).

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЮВІЯ́ЛЬНЫ ГАРЫЗО́НТ,

глебавы гарызонт, у якім намнажаюцца рэчывы, вынесеныя з вышэйляжачых (элювіяльных) гарызонтаў глебы. І.г. падзяляюцца паводле характару акумуляваных рэчываў (гумус, мул, карбанаты, гіпс і інш.), напр. гумусава-ілювіяльны, ілювіяльна-карбанатны і інш. Найб. выразны ў дзярнова-падзолістых глебах, залягае на глыб. ад 0,3 да 1,4 м. Жалезістыя злучэнні надаюць І.г. чырвона-бурую і жоўта-бурую афарбоўку (вокіснае жалеза) пры асушэнні і зеленавата-галубую ’(закіснае жалеза) у анаэробных умовах.

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎХУ́ТА (Генадзь Адамавіч) (3.10.1940, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 7.5.1998),

бел. вучоны ў галіне ядз. тэхнікі і тэхналогіі. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1965). З 1965 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі. Навук. даследаванні па тэхналогіі перапрацоўкі ядз. паліва і адходаў дэзактывацыі, распрацоўцы методык вызначэння ізатопаў стронцыю-90 і трансуранавых элементаў у біял. аб’ектах, вывучэнні трансфармацыі радыенуклідаў у мінералах глебы і магчымасцей іх фіксацыі.

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КРАШ (Мікалай Патапавіч) (н. 15.5.1928, в. Закальное Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г. н. (1987). Скончыў БСГА (1958). У 1958—94 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па павышэнні ўрадлівасці глебы, тэхналогіі вырошчвання збожжавых культур.

Тв.:

Научные основы применения удобрений в Западном регионе СССР. Мн., 1981 (у сааўт.);

Применение удобрений в интенсивном земледелии: (Справ. пособие). Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ННА,

1) застылы сок некаторых раслін (ясеня маннага, грабеншчыка і інш.), што выцякае з ранак на кары.

2) Некалькі відаў вандроўных лішайнікаў сям. леканоравых (засушлівыя вобласці ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы). Маюць выгляд камячкоў дыям. да 4 см гліністага ці папяліста-шэрага колеру, якія да глебы не прымацоўваюцца. Лёгка пераносяцца ветрам на вял. адлегласці. Ядомыя (магчыма, адсюль і легенда пра М., якая «падае з неба»).

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖГО́РНАЯ ЎПА́ДЗІНА,

міжгорная катлавіна, тэктанічная дэпрэсія ў гарах, з усіх або амаль з усіх бакоў абкружаная высокімі хрыбтамі. Цягнецца звычайна на дзесяткі, часам сотні кіламетраў пры шырыні ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. Фарміруецца пры інтэнсіўных гораўтваральных рухах у межах прылеглых хрыбтоў на адносна кансалідаванай складкавай аснове, звычайна адпавядае міжгорным прагінам. Наяўнасць вялізных выраўнаваных паверхняў, дастатковае ўвільгатненне, урадлівыя глебы спрыялі развіццю земляробства, фарміраванню ва ўпадзінах ачагоў цывілізацыі (напр., Ферганская даліна).

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯГА́ННЕ РАСЛІ́Н,

страта сцёбламі або ўсёй травяністай раслінай нармальнага прамастойнага становішча. Бывае сцябловае (недахоп святла ў загушчаных пасевах, павышанае азотнае жыўленне, пераўвільгатненне глебы, грыбковыя хваробы, наяўнасць пустазелля) і каранёвае (недастатковае развіццё каранёвай сістэмы і слабае счапленне яе з глебай). Для прадухілення П.р. выкарыстоўваюць спец. агратэхн. прыёмы: аптымальныя нормы сяўбы, прадухіленне празмернага азотнага жыўлення, падкормка фосфарна-калійнымі і мікраўгнаеннямі, апрацоўка інгібітарамі росту, укараненне ўстойлівых да палягання сартоў.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЛІ́Т ( франц. perlite ад perle жэмчуг),

кіслае водазамяшчальнае вулканічнае шкло з канцэнтрычнай сферычнай паасобнасцю, па якой яно расколваецца на шарыкі, якія маюць злёгку ірызуючую паверхню (нагадваюць жамчужыны). Колер светла-шэры з адценнямі. Шчыльн. 2,3—2,4 г/см³, порыстасць 1,8—70%. Раздроблены П. пры награванні да 1000—1200 °C успучваецца і павялічваецца ў аб’ёме ў 10—20 разоў. Цепла- і гукаізалятар, напаўняльнік бетону (гл. Перлітабетон), у сельскай гаспадарцы паляпшае структуру глебы.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЦЫ́,

прыродныя месцы, дзе на паверхню глебы выходзяць пласты грунту ці крыніцы, багатыя солямі натрыю; таксама штучныя прыстасаванні для мінер. падкормкі дзікіх жывёл. Патрэба ў мінер. рэчывах павялічваецца ў жывёл у перыяд гону, цяжарнасці, лактацыі, лінькі, росту рагоў і інш., напр., для лася сутачная патрэба ў солі — 7 г. Штучныя С. размяшчаюць на вял. адлегласцях, каб не ствараць вял. канцэнтрацыі жывёл у адных угоддзях. Каля С. праводзяць назіранні за жывёламі.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)