агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс.км². Нас. больш як 35 млн.чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб. — в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ АБСЕРВАТО́РЫІ,
навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.
Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж.астр. збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г. Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРЫ́Ў,
стварэнне брэшы ў абарончых палосах (рубяжах, пазіцыях), занятых войскамі праціўніка.
Неабходнасць П. ўзнікла ў пач. 20 ст. ў сувязі з узнікненнем суцэльных франтоў на тэатрах ваен. дзеянняў: Шырока выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну (напр., Брусілаўскі П. у час правядзення Паўднёва-Заходняга фронту наступлення 1916), у больш буйных маштабах — у 2-ю сусв. вайну, калі войскі прарывалі абарону праціўніка ў некалькіх месцах, развівалі наступленне рухомымі карпусамі і арміямі, акружалі і знішчалі вялікія групоўкі ворага (гл.Беларуская аперацыя 1944, Вісла-Одэрская аперацыя 1945 і інш.). П. ажыццяўлялі таксама войскі, што абаранялі блакіраваныя гарады ці парты (гл.Ленінградская бітва 1941—44), акружаныя партыз. злучэнні (напр., Полацка-Лепельская бітва 1944).
Для сучасных армій пры П. характэрны: хуткасць і рашучасць дзеянняў, выкарыстанне авіяцыі, ракетных войск і артылерыі, усіх відаў зброі і баявой тэхнікі. У канцы 20 ст. большасць войнаў, лакальных канфліктаў і аперацый (напр., «Бура ў пустыні», гл.Кувейцкі крызіс 1990—91), пачыналіся з П. і ліквідацыі сіл і сродкаў ППА праціўніка, дэзарганізацыі яго сістэм кіравання, стварэння спрыяльных умоў для сваіх авіяц. сіл, якія выконвалі асн. задачу па знішчэнні найб. важных ваен., адм. і гасп. аб’ектаў, груповак войск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ МО́РА,
унутрымацерыковае мора Паўн. Ледавітага ак., на ПнЗ Еўрапейскай ч. Расіі. Глыбока ўдаецца ў сушу паміж п-вамі Кольскі і Канін. На Пн злучаецца з Баранцавым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 90 тыс.км². Найб.глыб. 350 м у зах. частцы, усх. больш мелкаводная (30—120 м); сярэдняя глыб. 60 м. Размешчана ў зоне шэльфа. Рэльеф дна няроўны, шмат упадзін і жалабоў, якія чаргуюцца з мелямі і банкамі. Залівы (губы): Кандалакшскі, Анежскі, Дзвінскі, Мязенскі. Вялікія а-вы: Салавецкія, Маржавец, Мудзьюгскі. Берагі моцна парэзаныя, паўн.-зах. высокія і скалістыя, паўд.-ўсх. спадзістыя і нізкія. Упадаюць рэкі: Паўн. Дзвіна, Анега, Мязень, Паной і інш.
Клімат пераходны ад марскога палярнага да кантынентальнага ўмеранага. Т-ра вады на паверхні ад 6 да 15 °C, зімой ніжэй за 1 °C. Салёнасць ад 24‰ на Пд да 34,5‰ на Пн. З ліст. да мая ўкрыта дрэйфуючым (у бухтах суцэльным) лёдам. Існуе пастаянны водаабмен Белага мора з Баранцавым м. Прылівы правільныя паўсутачныя да 10 м (Мязенская губа). Рыбалоўства (селядзец, навага, сітавыя), промысел цюленяў. Беламорска-Балтыйскі канал дае выхад у азёры і рэкі бас. Балтыйскага м. і да Волга-Балтыйскага воднага шляху (да Каспійскага, Азоўскага і Чорнага мораў), суднаходства марскіх каналаў зімой падтрымліваецца ледаколамі. Гал. парты: Архангельск, Анега, Беламорск, Кем, Кандалакша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ПА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
адносна ўстойлівая сукупнасць людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю і нормамі ўзаемаадносін. Асн. функцыі групы сацыяльнай: сумеснае дасягненне агульных мэт, сацыялізацыя людзей, задавальненне іх патрэб у эмацыянальным кантакце і падтрымцы. Групы падзяляюцца на малыя і вялікія. Малая група сацыяльная (пярвічная, нефармальная, фармальная, харызматычная, рэфератная) адрозніваецца непасрэднымі кантактамі паміж яе членамі, налічвае ад 2 да 20 і болей чал. Паняцце «пярвічная група» ўведзена для абазначэння сям’і, суседскіх і сяброўскіх кампаній, забяспечвае першасную сацыялізацыю індывідаў і характарызуецца высокай ступенню эмацыянальнасці ўзаемаадносін, салідарнасцю і развітой групавой самасвядомасцю. Нефармальная група ўтвараецца на аснове міжасобасных кантактаў, узаемных сімпатый і падабенства інтарэсаў яе членаў. Фармальная фарміруецца для дасягнення пэўных мэт і адрозніваецца развітой арганізацыйнай структурай. Харызматычная займае прамежкавае становішча паміж нефармальнай і фармальнай групамі. Асаблівую ролю ў ёй адыгрывае лідэр, які мае велізарную прыцягальную сілу і абаянне. Рэферэнтная група (уяўная і рэальная) — група, каштоўнасці і нормы якой служаць эталонам. Вялікая група сацыяльная — шматлікая супольнасць людзей, якія часта не ўступаюць у непасрэдны кантакт паміж сабой, але маюць падобнае сац. становішча і аб’ектыўную агульнасць інтарэсаў — класы, сац. слаі, праф. групы, этнічныя супольнасці (нацыя, народнасць, племя), узроставыя групы (моладзь, пенсіянеры) і інш.
Літ.:
Смелзер Н. Социология: Пер. с англ.М., 1994;
Щепаньский Я. Элементарные понятия социологии: Пер.с. пол. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ ЭЛЕКТРО́ННАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
электронная вылічальная машына, якая апрацоўвае інфармацыю, выяўленую ў лічбавай (дыскрэтнай) форме. Бываюць універсальныя і спецыялізаваныя; кіравальныя, персанальныя, кантрольныя; высокапрадукцыйныя (вялікія, супер-ЭВМ), сярэднія, малыя, міні- і мікра-ЭВМ (персанальныя ці ў складзе выліч. комплексаў). Структура машыны ў значнай ступені залежыць ад яе прызначэння.
Інфармацыя (лічбы, літары, спец. сімвалы) у Л.э.в.м. выяўляецца ў двайковай сістэме лічэння (прылады ўводу-вываду выкарыстоўваюць двайкова-дзесятковую, двайкова-васьмярковую ці інш. сістэму лічэння; гл.Код). Асн. яе аперацыя — складанне, да якога зводзяцца ўсе інш.арыфм. аперацыі. Рашэнне задач выконваецца па праграмеЭВМ, зададзенай у адпаведнасці з сістэмай каманд працэсара, які непасрэдна апрацоўвае інфармацыю; работа машыны зводзіцца да паслядоўнага выканання каманд такой праграмы, якую атрымліваюць у выніку трансляцыі пэўнай зыходнай праграмы, складзенай на выбранай мове праграмавання. У працэсе развіцця Л.э.в.м. прайшлі некалькі этапаў (пакаленняў), характэрнымі прыкметамі якіх з’яўляюцца архітэктура, структура, элементная і канструктыўная база, матэматычнае забеспячэнне, метады ўзаемадзеяння карыстальніка з машынай і інш. Сфарміраваліся 2 асн. кірункі ў развіцці Л.э.в.м.: стварэнне вял. высокапрадукцыйных машын для рашэння задач, дзе патрабуюцца магутныя выліч. рэсурсы, напр. для апрацоўкі даных геафіз. разведкі карысных выкапняў, мадэліравання аэракасм. сістэм, і максімальна набліжаных да карыстальніка персанальных ЭВМ. Гл. таксама Вылічальная тэхніка, Кіравальная вылічальная машына, Праграмаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНЕ́І-ЧЭ́ЦЦІ»
(ад грэч. mēnaios месячны + стараж.-рус. чытанне),
«Штомесячныя чытанні», царкоўна-рэлігійныя зборнікі твораў павучальнага зместу. Уключалі жыціі святых, павучанні, словы, казанні, легенды, складзеныя па месяцах у адпаведнасці з днямі ўшанавання царквою памяці кожнага святога. Прызначаліся для штодзённага чытання.
Узніклі ў Візантыі ў 9 ст. На Русі вядомы з 11 ст., найб. пашыраны ў 16 ст. ў сувязі з умацаваннем ідэалаг. асноў самадзяржаўя і стварэння культу агульнарасійскіх святых. У 1530—40-я г. складзены «Вялікія Чэцці-Мінеі» ў 12 т., у якіх сабраны творы царкоўна-апавядальнай і духоўна-павучальнай л-ры Русі ад пачатку хрысціянства, уключаны шэраг помнікаў стараж.-рус. л-ры. Амаль пасля кожнага жыція або казання змешчана «слова» айцоў царквы ці твор свецкага зместу. У складзе «М.-Ч.» дайшлі спісы каштоўнейшых помнікаў стараж.-рус. л-ры.
На Беларусі вядомы «М.-Ч.» камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльская рукапісная і друкаваная «Мінея агульная», віленская рукапісная (усе 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СА,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Пліса, каля вытоку р. Мнюта, на аўтадарозе Глыбокае—Полацк. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 166 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Падсвілле. 672 ж., 297 двароў (2000).
З пісьмовых крыніц вядома з пач. 16 ст. Пазначана на карце Полацкага ваяв. (1579) С.Пахалавіцкага. У розны час маёнтак П. належаў К.Астрожскаму, М.Пётуху, Р.І.Падбіпенту, В.П.Корсаку, Дэшпатам-Зяновічам. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У канцы 18—19 ст. ў мястэчку і фальварку П. існавалі школа, уніяцкая царква. капліца, сінагога, бровар, вадзяны млын, 6 крам, 2 корчмы. У 1897 у П. 899 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—50 цэнтр Пліскага раёна. У ліп. 1941—ліп. 1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія спалілі ў П. 197 двароў, загубілі ў П. і раёне 1676 чал. З 1962 у Глыбоцкім р-не.
Працуюць ПМК-33, сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Параскеўская царква (1887). Каля вёскі паселішча эпохі неаліту, бронз. і ранняга жал. вякоў, геал. помнік прыроды Пліскія тры вялікія камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫЯ МА́СЫ,
вялікія аб’ёмы паветра ў трапасферы, сувымерныя па плошчы з часткамі мацерыкоў і акіянаў. Валодаюць пэўнымі аднароднымі ўласцівасцямі і перамяшчаюцца як цэлае ў адной з плыняў агульнай цыркуляцыі атмасферы, адасоблены ад суседніх пагранічнымі зонамі — франтамі атмасфернымі. Характэрныя ўласцівасці П.м. набываюць у месцах фарміравання з аднароднай подсцільнай паверхняй (трапічны акіян, марскія прасторы умеранага пояса, арктычныя моры, вял. раёны тайгі або пустынь і інш.) і аднародных умовах атрымання сонечнага цяпла. Пры перамяшчэнні некаторы час захоўваюць уласцівасці, атрыманыя ў месцах фарміравання, потым страчваюць іх і трансфармуюцца ў новыя П.м.
Характар трансфармацыі залежыць ад розніцы т-ры подсцільнай паверхні і т-ры ў П.м. Паводле агульнай класіфікацыі П.м. падзяляюць на цёплыя, халодныя і мясцовыя. Цёплыя рухаюцца ў больш халоднае асяроддзе, халодныя — у больш цёплае, мясц. знаходзяцца ў ачагу фарміравання. Паводле паходжання вылучаюць занальныя тыпы П.м.: арктычнае паветра, антарктычнае паветра, умераных шырот паветра (палярнае), трапічнае паветра і экватарыяльнае паветра. Кожны тып па ўласцівасцях падзяляецца на марское і кантынентальнае паветра ў залежнасці ад вобласці фарміравання або трансфармацыі. На Беларусі пераважае вільготнае марское паветра ўмераных шырот, якое фарміруецца над Атлантычным акіянам. Паступленне яго абумоўлена дзейнасцю цыклонаў на палярным фронце і арктычным фронце. Найб. халоднае арктычнае паветра прыходзіць з ПнЗ і мае ўласцівасці вільготнага марскога, радзей з ПнУ паступае кантынентальнае паветра. Трапічнае паветра абумоўлена ўплывам азорскага антыцыклону, часцей бывае на Пд рэспублікі, вельмі рэдка ў цэнтр. і паўн. раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́НКА,
1) заглыбленая ў зямлю жылая пабудова, прамавугольная або круглая ў плане, з перакрыццем з жэрдак ці бярвён, засыпаных зямлёй. Адзін з самых старажытных і пашыраных відаў уцепленага жылля, вядомы з эпохі верхняга палеаліту.
Сцены З. рабілі з бярвён або плялі з галля і абмазвалі глінай. Унутры звычайна знаходзілася агнішча, уздоўж сцен — нары. У эпоху неаліту З. былі невялікіх памераў, у эпоху бронзы — вялікія з некалькімі памяшканнямі і агнішчам. У неаліце, жал. веку, раннім сярэдневякоўі (6—9 ст.) і ў эпоху Кіеўскай Русі на землях славян, у т. л. ў Беларусі, вядомы таксама паўзямлянкі — З. з драўляным зрубам, большая ч. якога ўзвышалася над зямлёй (гл.Жыллё). Як жылыя пабудовы З. і паўзямлянкі зберагліся ў комі, удмуртаў і інш. да 17—18 ст., у ітэльменаў і ніўхаў да 19 ст., у каракаў, кетаў, селькупаў да 20 ст., у паўночна-амер. індзейцаў (напр., навахаў) і эскімосаў да нашых дзён.
2) З. вайсковая — дрэваземляное збудаванне для размяшчэння асабовага складу войск і штабоў у палявых умовах. Будуюцца адна- або двухсхільнымі з перакрыццем з жэрдак (накату з бярвён), глінянай праслойкі і грунтавой абсыпкі, з выхаднымі тамбурамі ў тарцах. Маюць печ для абагрэву і абсталяванне для адпачынку. У Вял.Айч. вайну сав. войскі і партызаны выкарыстоўвалі З. з драўляным зрубам і перакрыццем з бярвён у 2—3 накаты. Карысталася З. і насельніцтва вёсак, спаленых акупантамі.