ГЕКО́НАВЫЯ,

учэпістапальцыя (Gekkonidae), сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. У сусв. фауне каля 80 родаў, больш як 900 відаў. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з эацэну. Жывуць пераважна ў трапічных, субтрапічных, часткова ўмераных зонах. Большасць трымаецца на дрэвах, скалах, абрывах і інш.; селяцца ў дамах; пустынныя віды звычайна рыюць норкі. Змрокавыя і начныя жывёлы. Найб. вядомыя прадстаўнікі родаў геконы, гекончыкі і эўблефары, якія жывуць пераважна ў Закаўказзі і Крыме, у пустынях і паўпустынях Казахстана, Сярэдняй Азіі.

Даўж. 3,5—35 см. Афарбоўка шэрая або карычневая, сярод трапічных відаў — яркаафарбаваныя. Вочы вялікія, звычайна без павек, з верт. зрэнкай. Пальцы растапыраныя, знізу ўкрытыя рагавымі пласцінкамі, якія дазваляюць перамяшчацца па верт. паверхнях. Хвост ломкі, але хутка аднаўляецца (рэгенеруе). Кормяцца насякомымі, павукападобнымі, мнаганожкамі і інш. Многія выдаюць ціхія гукі. Амаль усе — яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)